Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў гадавіну біскупскай сакры | Друк |

25 ліпеня 2010 г., Мінск

архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Стукайце, і вам будзе адчынена

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1.    Гэтыя словы сённяшняга Евангелля не пакідаюць чалавека без надзеі і заахвочваюць пакладаць яе ў Богу. Езус нагадвае пра тое, што калі нехта чагосьці настойліва дабіваецца, то ён таго і дасягне. Без станоўча акрэсленай мэты і імкнення да яе чалавек у жыцці нічога не дасягне. Галоўнай жа мэтай жыцця чалавека з’яўляецца дасягнуць шчаслівай вечнасці, да якой нас вядзе Касцёл. І таму нам трэба настойліва дабівацца гэтага, настойліва імкнуцца да дасягнення гэтай мэты, настойліва стукаць у дзверы Валадарства Божага.

2.    Што азначае стукаць у дзверы ў евангельскім сэнсе? Мы не ведаем, як выглядаюць дзверы Божага Валадарства і фізічна не можам стаяць перад імі. Але мы павінны ведаць, што такім стуканнем у дзверы Пана найперш з’яўляецца малітва. У народзе кажуць, што малітва прабівае нябёсы. Бог выслухоўвае малітву чалавека і выслухоўвае цэлыя народы. Каля 20 гадоў таму на Філіпінах была пагроза грамадзянскай вайны, і арцыбіскуп Манілы кардынал Джэймс Сін наказаў ва ўсіх сем’ях маліцца Ружанец у інтэнцыі міру. Такім чынам ён як быццам апаясаў Філіпіны малітвай Ружанца. І Бог уратаваў гэты край ад грамадзянскай вайны.

3.    Падчас пераследу веры ў нашай краіне вернікі таксама пакладалі сваю надзею ў малітве. Не было дастаткова касцёлаў, святароў, кансэкраваных асобаў, рэлігійнай літаратуры, мас-медыя і г.д., аднак вернікі трывалі ў малітве. Яны добра памяталі цуд у Кане Галілейскай, калі Езус перамяніў ваду ў віно. Таму яны, давяраючы заступніцтву Марыі, маліліся: «Пане Езу, мы не маем касцёлаў, не маем святароў, не маем законнікаў і законніц, не маем свабоды веравызнання. Учыні цуд, бо мы хочам Бога і хочам заставацца вернымі Яму». І Бог цудоўным чынам выслухаў іх малітвы. Сацыяльна-палітычныя перамены канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прынеслі якасныя змены ў сферы веравызнання.

4.    21 год таму, 25 ліпеня 1989 г., Слуга Божы Ян Павел II прызначыў першага пасля многіх дзесяцігоддзяў біскупа ў Беларусі. Здзейснілася мара святароў, якія чакалі і не маглі дачакацца, калі нарэшце на Беларусі будзе свая іерархія. Здзейснілася мара і вернікаў, якія, можа, ніколі ў сваім жыцці не бачылі біскупа. Для іх біскуп быў нейкай нерэальнай марай.

Памятаю, калі ў 1988 г. Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп наведаў Беларусь, то на Савецкай плошчы ў Гродне перад Фарным касцёлам яго некалькі гадзін чакалі каля 30 тысяч чалавек. Адзін мой знаёмы спытаўся ўстарога чалавека, які знаходзіўся побач: ці не цяжка так доўга чакаць? А той адказаў, што апошні раз бачыў біскупа яшчэ перад II Сусветнай вайной, і таму для яго вялікім шчасцем з’яўляецца нават цэлы дзень чакаць. «Для мяне біскуп — гэта знак Касцёла», — сказаў той чалавек.

5.    Такім чынам, гэты просты чалавек выказаў вельмі важную праўду, якую яшчэ св. Ігнацы Антыяхійскі выразіў словамі: «Ubi episcopus — ibi Eccsia», што азначае: «Дзе біскуп — там і Касцёл».

Хрыстус заснаваў Касцёл як сакрамэнт паўсюднага збаўлення. У Касцёле Ён устанавіў іерархію, каб ад Яго імя здзяйснялася справа збаўлення чалавека. Апосталы, паслухмяныя наказу Хрыста абвяшчаць Евангелле, пайшлі да розных народаў. Яны абвяшчалі Божае слова і з тых, хто прымаў сакрамэнт хросту, стваралі хрысціянскія супольнасці, засноўвалі мясцовы лакальны Касцёл. Першым такі Касцёл у Антыёхіі заснаваў св. Пётр Апостал. Менавіта ў Антыёхіі паслядоўнікаў Хрыста ўпершыню сталі называць хрысціянамі.

Калі паглядзім на прыклад Апостала народаў св. Паўла, то ўбачым, як многа мясцовых Касцёлаў ён заснаваў.

Вядомы Святым Духам і для выканання місіі Прымата ў Хрыстовым Касцёле, апостал Пётр ідзе да сталіцы Рымскай імперыі. Там ён засноўвае хрысціянскую супольнасць. Да яго далучаецца св. апостал Павел. Яны ўдваіх, як крывавыя падмуркі Касцёла, там, у Рыме, аддаюць сваё жыццё за Хрыста і Касцёл.

Гісторыя заснавання ўсіх мясцовых Касцёлаў ці дыяцэзій звязана з тым ці іншым біскупам. Так было на пачатку хрысціянства. Так ёсць і ў наш час. Калі Святы Айцец засноўвае новую дыяцэзію, то адразу прызначае ў ёй біскупа. Калі, як у выпадку многіх краін былога Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусі, пасля многіх дзесяцігоддзяў пераследу з’явілася магчымасць адраджэння мясцовага Касцёла, то Папа прызначаў біскупа. Нездарма ў Каталіцкім Касцёле дыяцэзія называецца дыяцэзіяй біскупа ардынарыя. Біскуп часта ўжывае выраз «мая дыяцэзія». Такім чынам, мясцовы Касцёл атаясамліваецца з біскупам.

6.    25 ліпеня 1989 г. я ўпершыню пераступіў парог нашай мінскай катэдры. Тады тут была спартыўная зала. Дзяжурная нават не хацела мяне пусціць, даволі сурова сказала: «Сюда нельзя!» Аднак потым дазволіла. Я ўвайшоў у падзелены на тры паверхі касцёл, заглянуў у залу і ўбачыў спартсменаў, якія трэніраваліся. Ціха памаліўся, ведаючы, што гэта мая катэдра, хоць ніхто не ведаў і не мог нават дапусціць у думках, што тут зноў будзе дом малітвы. Я тады маліўся: «Божа, учыні цуд, каб гэты святы будынак стаў духоўнай спартыўнай залай, каб тут вернікі трэніравалі свой дух, каб сустракаліся з Богам». І сапраўды, Божае Нараджэнне 1990 г. мы адзначалі ўжо на трэцім паверсе катэдры. Якая гэта была радасць! Сакральны будынак, які доўгі час прафанаваўся, нанава выконвае свае функцыі! Хоць шлях да канчатковага вяртання катэдры быў яшчэ далёкі, аднак пачатак быў зроблены.

Бог шчодра благаславіў час майго паўтарагадовага біскупскага служэння ў Беларусі ў 1989-1991 гг. Тады ўдалося вярнуць каля 100 раней канфіскаваных касцёлаў, заснаваць духоўную семінарыю ў Гродне, выдаць на беларускай мове 50 тысяч асобнікаў парадку святой Імшы і 95 тысяч Катэхізісаў. Быў вялікі недахоп святароў, і яны прыехалі з дапамогай з-за мяжы.

7.    Пасля 16 з паловай гадоў служэння ў Расіі, дзе трэба было падымаць Касцёл з сапраўдных руінаў, я ізноў з радасцю вярнуўся на сваю Радзіму, каб працягнуць справу адраджэння Касцёла. Я удзячны ўсім, хто адбудоўваў і працягвае адбудоўваць Касцёл на нашай зямлі, найперш Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, за здароўе якога мы молімся, бо ён знаходзіцца ў бальніцы.

Сёння, дзякуючы Богу за апеку і ласкі, якімі Ён адорвае мяне і наш Касцёл, разам з вамі, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, члены касцёльных рухаў і вернікі, якім усім я бязмежна ўдзячны, імкнуся далей адраджаць і умацоўваць Касцёл у нашай бацькаўшчыне, найперш сваю Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.

Прашу вас маліцца за мяне, каб мог годна і з моцай Божай выконваць свае абавязкі. Прашу таксама асабліва маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Без святароў біскуп не зможа рэалізаваць сваёй місіі. Біскуп разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і верным народам засноўвае мясцовы Касцёл. Таму, каб гэты Касцёл паспяхова развіваўся, мы ўсе павінны быць адзіным цэлым, найперш у малітве.

Няхай жа наша супольная малітва будзе нашым супольным стукам у дзверы Валадаства Божага. Няхай яна нас яднае і праб’е нябёсы ў вырашэнні праблем, якія сёння стаяць перад намі. Сярод гэтых праблем асаблівае месца займае тэндэнцыя ўвядзення прынцыпаў свецкага лібералізму ў рэлігійную практыку. Аднак трэба памятаць, што Езус сказаў: будзьце гарачымі або халоднымі. Сучасны свет патрабуе евангельскага радыкалізму, бо ніхто і нішто не можа змяніць Божага закону, які дадзены на хвалу Творцы нашага збаўлення. Божа, у 21-ю гадавіну сваёй біскупскай намінацыі, давяраючы сваё біскупскае служэнне Марыі, малю Цябе: адары мяне сваімі ласкамі і благаславі мяне, святароў, кансэкраваных асобаў, рухі і ўсіх вернікаў нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на далейшае служэнне на хвалу Богу і для збаўлення людзей!  Амэн.          

Адноўлена 26.07.2010 13:12
 
© 2003-2024 Catholic.by