Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце акадэмічнага года | Друк |
Мінская архікатэдра, 16 верасня 2010 г.

Дарагія студэнты і прысутныя вернікі!

Вось пакаленне тых, хто шукае аблічча Бога (пар. Пс 24 (23)).

Гэтыя словы рэфрэну рэспансарыйнага псальма вельмі добра перадаюць атмасферу сённяшняга набажэнства, калі мы молімся ў інтэнцыі студэнтаў, якія распачынаюць новы акадэмічны год.

Гледзячы на вас, якія захацелі прыняць удзел у гэтай святой Імшы, так і хочацца паўтарыць гэтыя словы і назваць вас пакаленнем тых, хто пазнае таямніцы навукі і грызе яе граніт (як казалі 40 гадоў таму, у мой час студэнцтва) і ў той жа час шукае аблічча Бога. Не ведаю, можа і цяпер кажуць таксама. Так ці інакш, калі сучасны свет усё часцей сваю надзею пакладае толькі ў дасягненнях навукі і верыць, што з яе дапамогай можна вырашыць усе сучасныя праблемы, вы, верачы ў дапамогу навукі (і так павінна быць) адначасова шукаеце аблічча Бога, у якім — канчатковая надзея. Бо, на самой справе, чым з’яўляецца вывучэнне розных навук ва ўніверсітэтах, як не пазнаннем гісторыі чалавека і свету, у якой Бог аб’яўляе самога сябе і сваю таямніцу збаўлення?

Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй, сусвет і ўсё, што жыве ў ім (пар. Пс 24 (23), 1). Гэтыя словы Святога Пісання нагадваюць, што веруючаму чалавеку належыць усё тое, што паходзіць ад Божай мудрасці.

Евангелле, якое мы пачулі падчас гэтай літургіі, вядзе нас да двух узроўняў мудрасці. Першы — гэта здольнасць распазнаваць аблічча зямлі і неба (пар. Лк 12, 56) — у законах прыроды і прыродных з’явах пазнаваць сувязь паміж іх прычынай і вынікам, а гэта азначае — Бога.

Другі — гэта ўменне распазнаваць знакі часу, у якім здзяйсняецца гісторыя збаўлення чалавека, таго часу, у якім дзейнічае Бог і чакае супрацоўніцтва з чалавекам. І тут трэба нагадаць, што Езус, які прыйшоў да сваіх, не быў імі прыняты. Яны не ўмелі прачытаць знакаў часу.

Словы Езуса «крывадушныя» (Лк 12, 56), якімі ён акрэсліў сучасных Яму людзей, нагадваюць пра тое, што людзі не толькі не хочуць распазнаваць таго, што слушна, але нават не імкнуцца яго прыняць.

Праблема паўтараецца і ў наш час. Сучасны чалавек, з аднаго боку, умее вельмі добра аналізаваць і прачытваць з’явы часу. З іншага ж, а менавіта, духоўнага погляду, ён ухіляецца ад такіх праблем, як сэнс жыцця і смерці, дабро і зло, вечнае прадвызначэнне чалавека і г.д. Гэта знак фальшывай мудрасці, якая ганарыцца сапраўды добрымі ведамі ў галіне прыродных і гуманітарных навук і ў той жа час бароніцца перад захапленнем рэлігійнымі і маральнымі справамі.

Лякарствам ад крывадушнасці з’яўляецца пастаянная канфрантацыя ведаў і жыцця, Божай праўды і становішча да яе чалавека. Кажучы іншымі словамі — гэта канфрантацыя паміж разумнай верай і жыццём.

Таму студэнты, як будучыя спецыялісты, кіраўнікі прадпрыемстваў і дзяржаўных установаў, закліканы да пастаяннага адкрыцця і інтэрпрэтацыі знакаў часу адносна галоўнага знаку Божага аб’яўлення — Езуса Хрыста. Гэта ўчыніць вашы ўніверсітэты асяроддзямі і лабараторыямі сапраўднай хрысціянскай мудрасці, дзе кожны асабіста ўключыцца ў выпрацоўку сапраўднага сінтэзу веры і жыцця, ведаў і іх практычнага прымянення, каб вера і навука сталі тымі крыламі, на якіх чалавек уздымаецца да пазнання праўды. Амэн.

Адноўлена 17.09.2010 11:40
 
© 2003-2024 Catholic.by