Гамілія спецыяльнага папскага пасланца кардынала Юзафа Томко ў XXVIII Звычайную надзелю, Год С | Друк |
Слова Божае, якое мы толькі што пачулі, двойчы расказвае аб пракажоных. У першым чытанні гаворка ідзе пра аздараўленне Наамана — іншаземца, які не верыў у сапраўднага Бога, і атрымаў ацаленне ад праказы пасля таго, як даверыўся прароку Елісею і па яго парадзе акунуўся ў раку Ярдан. Ён навярнуўся да Бога і потым прыйшоў да Елісея, чалавека Божага, каб падзякаваць і прынесці дары. Аднак Елісей не ўзяў іх, бо аздараўленне гэтае было Божым чынам, ён жа лічыў сябе толькі пасрэднікам.

Евангелле распавядае нам і пра ацаленне, якое Езус Хрыстус учыніў для дзесяці пракажоных. Яны крычалі да Яго здалёк і прасілі злітавацца над імі. І адправіў Ён іх паказацца святарам, каб тыя пацвердзілі ацаленне і вярнулі іх да нармальнага жыцця ў грамадстве, іх, на якіх здзейсніўся цуд. Толькі адзін з дзесяці вярнуўся да Езуса, праслаўляючы і дзякуючы Богу за адноўленае здароўе. А быў ён чужынец з Самарыі — самаранін. Дзевяць жа іншых — ізраільцяне, а значыць вернікі Бога Адзінага — забылі пра свой першасны абавязак, і не знайшлося з іх нікога. Дзе ж была вера іх і ўдзячнасць?

Чужынец атрымаў поўнае аздараўленне цела і душы, а гэтыя дзевяць з выбранага народу праявілі адсутнасць удзячнасці з прычыны слабай веры сваёй.

Слова Божае прапануе сёння карысныя разважанні і аб нашым уласным жыцці.


1. Што такое праказа?

У вашай краіне і наогул у Еўропе практычна няма праказы. Гэта страшная хвароба таксама называецца «хваробай Хансэна». Яна найбольш распаўсюджана ў трапічных краінах. Заразіцца ёю можа чалавек любога ўзросту, а паразіць яна можа любое месца цела. Гэта бактэрыя, якая паражае скуру і нервовую сістэму. Хвароба характарызуецца працяглым інкубацыйным перыядам. Інфіцыраваныя ўчасткі страчваюць адчувальнасць, пачынаюць гнаіцца, а затым свярбець. У выніку запаленчых працэсаў плоць адпадае. Твар або іншыя часткі цела становяцца жахліва пачварнымі і нясуць іншым небяспеку інфіцыравання пры фізічным кантакце. Выгляд пракажоных выклікае страх. Яны не хочуць паказвацца іншым, адыходзяць як мага далей ад  грамадскіх месцаў. Ды і самі людзі іх пазбягаюць.   

Нашы місіянеры будуюць для пракажоных лепразорыі, дзе яны жывуць разам, пакуль не вылечацца або не памруць. Я наведаў адзін з такіх лепразорыяў у Афрыцы, і хачу сказаць, што быў глыбока ўражаны. Магчыма, вы памятаеце, што ў мінулым годзе быў кананізаваны апостал пракажоных, Даміян дэ Вэстэр, бельгійскі місіянер, які сам памёр ад праказы на астравах Малакаі (Гаваі).

У мінулым пракажоных выганялі з вёсак, яны былі абавязаны пазбягаць сустрэч са здаровымі людзьмі. Калі ж яны вылечваліся, то павінны былі паведамляць пра гэта ўладам, каб мець магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця ў грамадстве. Таксама і 10 пракажоных з сённяшняга Евангелля здалёк паведамлялі аб гэтым Хрыстовым вучням. Бо Езус паслаў іх да святароў, каб ацаленне было праверана і прызнана.


2. Моцны грэх, як праказа душы.

Лепра цела з’яўляецца яскравай праявай цяжкай хваробы душы, якою з’яўляецца сур’ёзны грэх. Ён прычыняе шкоду нашым душам, нават больш сур’ёзную, чым праказа — арганізму. Ён разбурае жыццё ласкі ў нашых сэрцах і з’яўляецца прычынай духоўнай смерці. Калі мы паміраем у стане цяжкага граху, то рызыкуем нашым вечным шчасцем.

Жыццё ва ўмовах цяжкага граху не толькі рызыкоўнае, але таксама тое, якое спусташае і напаўняе роспаччу. Унутры мы заўсёды чуем голас, які пастаянна абвінавачвае зло, і гэта забірае спакой сэрца. Гэта ён, голас сумлення, заклікае нас вылечваць і выпраўляць зло, спрабуе загойваць нашыя сэрцы, каб мы вярнуліся ў праўдзівы кантакт з нашым Айцом і з сям’ёй Божай, Ягоным Касцёлам. Пошук збаўлення з’яўляецца выратаваннем нашай душы, ачышчэннем яе ад ранаў, якія мы самі нанеслі сур’ёзным грахом. Наша сумленне — гэта голас Бога, які праходзіць побач нас, як Хрыстус Збавіцель праходзіў непадалёку ад дзесяці пракажоных. Ён прапануе і нам выратаванне.

Езус паслаў пракажоных да святароў. Тое ж самае Ён робіць і ў дачыненні да нас, каб мы прымірыліся з Богам. Ён даў сваім апосталам уладу і сілу лячэння душаў у імя Яго, і да сённяшняга дня працягвае даваць яе святарам на ўспамін таго, аб чым паведаміў сваім вучням пасля Уваскрасення: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны...» (Ян 20, 22).

Як жа лёгка нам сёння ацаліць духоўную праказу: дастаткова скарыстаць з паслугі святароў у святым канфесіянале! Касцёл патрабуе ад сваіх вернікаў хаця б раз у год прыступаць да споведзі, і гэта з’яўляецца мінімальным абавязкам. Не будзем забывацца, што праз Божае дараванне грахоў на споведзі душа аднаўляе сваё здароўе і сваю ўнутраную прыгажосць, чалавечае сэрца знаходзіць прымірэнне з Богам і людзьмі. Грэшнік, які пакаяўся, можа спакойна аднавіць сваё жыццё як дзіця Божае, якому Збаўца абяцаў вечнае шчасце.

Дарагія браты і сёстры, мы павінны часцей карыстацца з сакрамэнту пакаяння, які Бог даў у нашае распараджэнне. Тыя, хто мае веру, павінны мацней адчуваць, што Айцец чакае свайго блуднага сына, які трапіў у смяротныя пасткі. Тыя ж, хто мае слабую веру, паспрабуйце адчуць пяшчотныя абдымкі Айца. Мы ўсе павінны падзякаваць Богу, поўнаму міласэрнасці, які дае нам такі  просты інструмент для ацалення нашай духоўнай праказы, цяжкага граху, праз сакрамэнт пакаяння. Чаму ж мы не чуем папрок, з якім наш Збаўца звярнуўся да дзевяці няўдзячных пракажоных: «Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?» (пар. Лк 17, 18)?

Збаўца можа сказаць нам і ўсім грэшным тыя словы, якія Ён сказаў самараніну, які атрымаў аздараўленне ад праказы і навярнуўся: «Устань і ідзі, вера твая выратавала цябе» (V.19).

У заключэнне запэўніваю вас, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI ад усяго сэрца перадае вам сваё апостальскае благаслаўленне, якое я вам ад яго імя ўдзялю ў канцы гэтай Боскай літургіі. Амэн.

Кардынал Юзаф Томко

 
© 2003-2024 Catholic.by