Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў ІІ Нядзелю пасля Божага Нараджэння | Друк |
2 студзеня 2011 г., мінская архікатэдра

1. Вітаю ўсіх у 1-ю нядзелю Новага года — найбольш вядомага ва ўсім свеце свята, бо ўсе, незалежна ад рэлігіі ці нацыянальнасці, яго святкуюць. Святкуюць і часам нават робяць новыя пастанаўленні. Спадзяюся, што і мы як вернікі таксама іх зрабілі.

Пастанаўленні вельмі патрэбныя, калі мы імкнёмся змяніць наша жыццё, бо мы не з’яўляемся дасканалымі. Дасканалы толькі Бог. Напэўна, кожны з нас мае да самога сябе прэтэнзіі, што не заўсёды быў такім, якім павінен быў быць. Гэта не што іншае, як голас сумлення. Тады мы выказваем свой жаль за грахі і за ўсё нядобрае ў жыцці.

Аднак, з іншага боку, жыццё хутка змяняецца, і мы стараемся прыстасавацца да яго вымаганняў. Тады ў мітусні заняткаў і вырашэння жыццёвых праблем наш жаль хутка знікае.

Адзін амерыканец нават выдумаў спосаб, як дапамагчы людзям пазбавіцца ад смутку і жалю. Напярэдадні Новага года ён паклікаў да сябе людзей для разважання над сваім жыццём. Потым казаў ім запісваць свае перажыванні і жаль на кавалку паперы. Далей даваў ім запалак і казаў падпаліць паперу. Такім чынам, паводле яго думкі, увесь жаль знікаў разам з дымам. Вядома, што гэта не што іншае, як ашукванне людзей.

2. Як вернікі, мы не можам дзейнічаць такім чынам, тым больш, што Святое Пісанне не вядзе нас у нашу ўжо пражытую гісторыю, але заклікае да новага жыцця. Яно канцэнтруецца не на нашых перажываннях, а на нашых магчымасцях. Святы апостал Павел у Пасланні да Філіпійцаў заклікае забыцца пра тое, што было, і імкнуцца ўперад.

Калі мы былі ў цырку, то, напэўна, бачылі, як велізарны і вельмі моцны слон, прывязаны да маленькага калочка, выконвае розныя трукі. Здаецца, што ён лёгка мог бы вырваць гэты калок і збегчы. Аднак слон гэтага не робіць. Чаму? Калі ён быў яшчэ зусім малы, яго прывязвалі да моцнага слупа. Слон рваўся на свабоду, аднак не мог вырвацца. Ён прывык, што заўсёды будзе прывязаны, і таму, калі стаў дарослым, нават не спрабуе вырывацца і толькі пакорна выконвае волю дрэсіроўшчыка.

Нашым дрэсіроўшчыкам, калі так можна выказацца, з’яўляецца жыццё, якое ў наш час усё больш і больш адыходзіць ад Бога. Мы прывыкаем жыць так, як быццам Бога зусім няма, і таму вельмі часта жывём так, як нам падабаецца, не беручы пад увагу маральныя нормы. Паўсюдна прыняты стыль жыцця кіруе нашым жыццём, і мы паддаёмся яму. Грахоўная або індыферэнтная рака жыцця нясе нас, і мы не здольныя выйсці з яе.      

3. Сённяшняе Евангелле — гэта не што іншае, як паўтарэнне Евангелля з дня Божага Нараджэння, у якім св. апостал Ян заклікае выйсці з цемры граху да жыцця ў святле Божым. Гэтым святлом з’яўляецца Езус Хрыстус і Яго Евангелле.

Са штодзённага жыцця мы ведаем, што там, куды не даходзіць святло сонца, дрэвы і расліны растуць вельмі слаба і не прыносяць плёну. Так і з чалавекам: калі ён не знаходзіцца ў святле Божай ласкі, то яго ўчынкі не прыносяць адпаведнага выніку, нават калі інтэнцыі і былі добрымі.

Таму найбольш важнай пастановай на пачатку Новага года павінна быць пастанова жыць у святле праўды Божай.

4. Што гэта азначае? Найперш, распачынаць і завяршаць дзень малітвай, раніцай ахвяруючы ўсе свае справы Богу, а вечарам дзякуючы за ўсё добрае, што адбылося, і перапрашаючы за ўсё дрэннае. Кожную нядзелю і свята прымаць удзел у святой Імшы. Часта спавядацца і прыступаць да св. Камуніі. Клапаціцца аб належным выхаванні моладзі, звяртаючы вялікую ўвагу на яго духоўны аспект. Рабіць учынкі міласэрнасці. Духоўна ўдасканальвацца, найперш праз чытанне Святога Пісання. Бараніць хрысціянскія каштоўнасці. Сваім жыццёвым прыкладам у нашым секулярызаваным свеце, які адмаўляецца ад маральных каштоўнасцяў, быць жывымі старонкамі Евангелля і тым самым абвяшчаць яго ўсім людзям.  

Cвяты Томас Мор у сваёй кнізе «Разважанні» апісвае наступную гісторыю. Адзін пілігрым убачыў людзей, якія працавалі на даху будынка. Тады ён спытаўся ў чалавека, які знаходзіўся каля будынка, ці ён часам не манах, бо той быў вельмі падобны на законніка. «Так, я манах», — адказаў гэты чалавек. «А хто гэтыя людзі, што працуюць на даху?» — спытаўся пілігрым. — «Мае манахі, а я з’яўляюся абатам гэтага кляштара».

«О, вельмі добра бачыць, як кляштар расце ўверх», — кажа пілігрым. —«Не, яны яго паніжаюць», — адказаў абат. — «Чаму?» — «Каб бачыць усход сонца».

5. Дарагія браты і сёстры!

Распачынаючы Новы год і робячы пастанаўленні на новы этап нашага жыцця, услухоўваючыся ў голас апостала язычнікаў св. Паўла, пакінем мінулае і будзем імкнуцца ўперад, забудземся пра старога грэшнага чалавека, які жыў у нас, і апранемся ў новае адзенне Божай ласкі. Знімем з нашых вачэй усё тое, што захіляе нам святло ніколі не заходзячага сонца — Езуса Хрыста, каб усе Яго дні былі пражыты ў Яго святле. Няхай гэта будзе нашай пастановай на Новы год, каб, стаўшы новым, аздобленым Божай ласкай чалавекам і жывучы ў святле Евангелля, мы будавалі Валадарства Божае на гэтай зямлі і дасягнулі ў ім удзелу ў вечнасці.    Амэн.

Адноўлена 29.12.2010 17:59
 
© 2003-2024 Catholic.by