Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах малітоўнага чування моладзі | Друк |

2 красавіка 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Гэтае салодкае слова «свабода»


Шаноўная моладзь, дарагія браты і сёстры!

1. Сёння, 2 красавіка, спаўняецца 6 год са смерці Вялікага Папы Яна Паўла II, які будзе беатыфікаваны 1 мая. Менавіта ён заснаваў традыцыю Сусветных дзён моладзі, якая працягваецца. Упершыню моладзь Беларусі і краін былога Савецкага Саюза прыняла ўдзел у такім форуме ў 1991 г. у Чэнстахове ў Польшчы. Дэвізам той гістарычнай сустрэчы былі словы з паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў: «Вы прынялі Духа ўсынаўлення» (пар. Рым 8,15). Гэтымі словамі папа Вайтыла хацеў падкрэсліць, што сапраўдная свабода — гэта жыццё ў Духу Божым.

Мінула 20 гадоў з той вялікай падзеі ў жыцці маладых людзей усяго свету, таксама і Беларусі. Многія з іх сёння — гэта вашы мамы і таты, і яны, напэўна, з удзячнасцю Богу і радасцю ўспамінаюць тыя благаслаўлёныя хвіліны, якія іх вялі да свабоды ў Духу Божым.

Таму зразумела, што сённяшняе наша велікапоснае чуванне моладзі прысвечана свабодзе. Яго дэвіз — гэта словы св. апостала Паўла да Галатаў: «Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстус» (пар. Гал 5, 1).

Адыходзячы да дому Нябеснага Айца, папа Ян Павел II звярнуўся да сабранай на плошчы Св. Пятра моладзі са словамі: «Я вас шукаў, і вы прыйшлі». Папа нас шукаў і мы прыйшлі сёння, каб разважаць на тэму свабоды ў Хрысце.

2. Калі малады чалавек дасягае 16–18 гадоў і сваім знешнім выглядам усё больш і больш нагадвае дарослага, то ў яго адначасова ўзнікае жаданне пашырэння сферы свабоды дзеяння. Купіць піва ці схадзіць на фільм для дарослых ужо не з’яўляецца праблемай. Таксама прагулка пад ручку юнака з дзяўчынай па вуліцы не выклікае асаблівай увагі ў прахожых.

Ад такой нечаканай свабоды ў маладых людзей нярэдка кружыцца галава, і яны імкнуцца карыстацца з яе як мага больш. Але менавіта тады, як маланка з яснага неба, на іх спадае шэраг заўваг: «не дазволена», «забаронена», «яшчэ раз так зробіш, я табе пакажу» і г.д. Найперш бацькі, затым настаўнікі ў школе, святары ў касцёле і нават суседзі ці дворнікі маюць шмат заўваг адносна паводзінаў сучаснай моладзі.

Адзін малады чалавек так выказаўся пра рэакцыю старэйшых: «Яны дзейнічаюць, як снайперы, якія заўсёды трапляюць у тое, што найбольш прыемна і захапляе. Вазьму ў рукі кілішак з віном, адразу стрэл: „няможна, ты што, хочаш стаць алкаголікам?“ Пасля рамантычнай сустрэчы з дзяўчынай вяртаюся позна дахаты, дзе мяне ўжо чакае сямейны трыбунал у складзе бацькі як старшыні, маці як пракурора, і бабулі ў якасці публічнага абвініцеля. Такі суд імгненна выдае сваё рашэнне, якога нельга аправергнуць нават у Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу». 3. Маладыя спрабуюць вырашыць узнікшую праблему рознымі спосабамі. Адны выкарыстоўваюць метад: Богу свечку, а д’яблу агарак. Іншыя пакорна ківаюць галавой, а потым робяць сваё. Некаторыя проста стараюцца не быць там, дзе могуць пачуць забарону. Нарэшце, ёсць і такія, якія пытаюцца: а чаму забаронена? Чаму нельга курыць, піць алкаголь, займацца сексам перад шлюбам? Чаму?

4. На гэтыя і падобныя пытнані пастараемся адказаць сёння. Напэўна, некаторыя з вас бралі ўдзел у падобных дэбатах. Напрыклад: «Табе нельга глядзець такіх тэлевізійных фільмаў», — кажа дзед унуку. «А чаму?» — «Бо ў тваім узросце я іх не глядзеў». — «Але ж дзядуля, у тыя часы ў цябе не было яшчэ тэлевізара», — адказвае ўнук.

Пасля гэтага імгненна распачынаецца атака на маладога чалавека, якая супярэчыць усім нормам Дэкларацыі правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у выніку чаго непаслухмянага маладога чалавека закоўваюць у кайданы розных прадпісанняў, кажучы, што іх незахаванне з’яўляецца грахом.

5. Тэма граху не вельмі папулярная сярод сучасных маладых людзей. Яны не маюць ніякай ахвоты слухаць пра грэх, перасцярогу перад ім, пакаранне за яго і пекла. Сучасная прагрэсіўная моладзь жадае жыць у духу свабоды, талерантасці і сяброўства, а не слухаць маралі пра грэх.

Асабліва непапулярная сярод моладзі праўда пра першародны грэх. Некаторыя з іх кажуць, што гэта несправядліва. Чаму нехта павінен адказваць за тое, што некалі Адам і Ева збунтаваліся супраць Бога? Іншыя дадаюць, што чалавек па сваёй прыродзе добры, таму трэба перастаць казаць пра грэх і стварыць належныя ўмовы жыцця, каб не было войнаў, нянавісці і несправядлівасці.

Іншыя кажуць, што свет створаны недасканалым і несправядлівым. Чаму лес расце многія дзесяцігодзі, а згарэць можа за дзень? Чаму кветкі трэба старанна гадаваць, а зелле расце само? Чаму немагчыма аднолькава лёгка гадаваць прыдатныя і непрыдатныя расліны?

Падобныя праблемы датычаць і маральнага жыцця. Чаму, напрыклад, добры ўчынак патрабуе шмат намаганняў, а дрэнны здзяйсняецца лёгка?

6. На гэтыя і падобныя пытанні дапамагае адказаць праўда пра першародны грэх, які нагадвае нам пра тое, што наш свет з’яўляецца дэфектным і дэфармаваным.

Каб лепш зразумець сітацыю, у якой мы знаходзімся, можна выкарыстаць параўнанне з нахіленай падлогай. Прадставім сабе жыццё ў такім памяшканні. Усе рэчы стаяць крыва, коўзаюцца, падаюць на падлогу і разбіваюцца, хадзіць па ёй нязручна.

Такім нахіленым — у дрэнны бок — ёсць сучасны свет, як нахіленая вежа ў італьянскім горадзе Піза. Практыка штодзённага жыцця сведчыць, што нашы думкі, словы і ўчынкі як быццам самачынна накіроўваюцца ў дрэнны бок. Гэта і ёсць праяўленне першароднага граху. Калі мы чытаем біяграфіі святых, то нярэдка можам сустрэцца з фактамі духоўнай цемры і барацьбы са злом. Гэта сведчыць пра тое, што яны таксама жылі на нахіленай падлозе.

Нахіленая падлога — гэта знак таго, што нехта трымае нас у сваёй няволі. Гэта злы дух — д’ябал. Нашыя першыя бацькі — Адам і Ева — паддаліся яго прапагандзе і апынуліся на нахіленай падлозе свайго жыцця.

7. Нехта можа спытаць: а пры чым тут я? Я ж не прысутнічаў пры гэтым! У мяне ёсць алібі, і я не вінаваты.

Тут трэба памятаць, што ўсё чалавецтва з’яўлецца адной сям’ёй. Бог стварыў нас свабоднымі, але адказнымі адно за аднаго. Калі ў сям’і ёсць п’яніца ці наркаман, то нявінна церпяць усе яе члены. Чалавецтва падобна да групы звязаных паміж сабой альпіністаў. Калі адзін падае ўніз, то цягне за сабой іншых. Калі ўзыходзіць уверх, то і іншым падымацца лягчэй.

На жаль, нашыя першыя бацькі ўпалі, хоць тады яшчэ і не было гравітацыі граху, і пацягнулі за сабой нас. Адам і Ева некалі прайгралі злому духу сябе і сваіх дзяцей, у тым ліку і нас. Мы можам з гэтым згаджацца ці не, але так ёсць. Д’ябал трымае нас на прывязі, і калі мы хочам ісці ўверх, то ён цягне ўніз.

Славуты амерыканскі пісьменнік Марк Твен казаў, што не мае праблемаў з тэкстамі Святога Пісання, якіх не разумее, але мае праблемы са зразумелымі. Падобна і з хрысціянствам. Хрысціянамі становімся праз сакрамэнт хросту і разумеем, што сапраўднае хрысціянства патрабуе евангельскага радыкалізму, што насамрэч нялёгка ажыццявіць. Праблема ў тым, што падуладнаму ўплыву першароднага граху чалавеку нялёгка жыць Божай праўдай, асабліва ў наш час імкнення да абсалютнай свабоды.

8. У сучасным свеце нярэдка можна пачуць, што нядобрым жывецца лепш, чым добрым і сумленным. Адказ просты: нядобрыя не з’яўляюцца праблемай для злога духа. Яны, будучы ўласнасцю д’ябла, спакойна ляжаць на маральным дне. Праблемнымі з’яўляюцца тыя, якія хочуць вырвацца з яго абдымкаў. Менавіта іх ён атакуе найбольш. Нездарма св. апостал Ян піша, што д’ябал распачаў барацьбу з тымі, хто выконвае закон Божы (пар. Адкр 12, 17). Злы дух не змагаецца з тымі, хто свядома трывае ў граху. А калі ім не перашаджае, то, мяркуючы нашымі зямнымі катэгорыямі, яны больш шчаслівыя за тых, хто захоўвае Божы закон. Злы дух, які імкнецца авалодаць светам (пар. Ян 16, 11), мае сваіх сяброў і ворагаў, адных карае, іншых узнагароджвае. Але гэта толькі тут, на зямлі…

9. Адна гісторыя распавядае пра тое, як прынц нарадзіўся гарбатым. Ён вельмі саромеўся гэтага, бо хацеў быць стройным і прыгожым. Тады ён загадаў, каб вырабілі яго фігуру з бронзы, аднак не згорбленага, а выпраставанага. Пасля на працягу доўгага часу ён станавіўся побач з фігурай і стараўся выпраставацца. І гэта яму ўдалося, хоць прыказка і кажа, што толькі магіла выпрастае гарбатага.

Імкненне да свабоды паводзінаў, не зважаючы на маральныя нормы, чыніць нас духоўна гарбатымі. Давяраючы Божай ласцы, нам не трэба баяцца гэтага. Перад намі фігура Хрыста — самага дасканалага, духоўна выпраставанага чалавека. Нам трэба як мага часцей станавіцца бліжэй да Яго, каб духоўна выпраставацца і не баяцца жыць у свабодзе дзяцей Божых.

10. Дарагая моладзь!
Імкненне да свабоды, якое зачароўвае вас, з аднаго боку з’яўляецца натуральным і зразумелым, бо чалавек створаны для свабоды. Толькі тут трэба добра памятаць аб тым, што ён створаны для свабоды дзяцей Божых, для свабоды ў Божым законе, а не для свабоды ад яго. Таму паняцце свабоды нельга пераносіць на маральныя справы і імкнуцца да маральнага рэлятывізму, калі ўсё здаецца адносным. Трэба памятаць аб тым, што ў маральным сэнсе заўсёды існуе мяжа, якую не дазволена пераступіць, бо наступіць катастрофа, сведкамі чаго мы ўсё часцей і часцей з’яўляемся.

Таму, калі маладому чалавеку і здаецца, што яго закавалі ў путы ўсіх існуючых прадпісанняў і неміласэрна асуджаюць, то неабходна ўспомніць словы Святога Пісання аб тым, што шчасце чалавека ў боязі Бога (пар. Пс 127, 1), гэта азначае ў выкананні Яго закону.

Малады сучасны чалавек! Ты шукаеш свабоды і шчасця і ў мітусні сучаснага свету з яго выклікамі часта не ведаеш, дзе і як іх знайсці. У гэтым пошуку часта трапляеш у тупік і не ведаеш, як адтуль выйсці. У гэтай складанай сітуацыі даверся Богу, май надзею ў Ягоным законе, нават супраць надзеі (пар. Рым 4, 18). Адчыні дзверы свайго сэрца Хрысту — як заклікаў на пачатку свайго Пантыфікату Ян Павел II. Ён табе дапаможа ўтрымацца на нахіленай падлозе гэтага свету, каб не ўпасці і, жывучы паводле духа Евангелля, быць свабодным і шчаслівым. Амэн.


Выкарыстаная літаратура:

1.    http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1978/
documents/hf_jp-ii_hom_19781022_inizio-pontificato_it.html.
Адноўлена 03.04.2011 01:59
 
© 2003-2019 Catholic.by