Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас дыяканскага і святарскага пасвячэння

26 лістапада 2011 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Ідзіце і прыносьце плён

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паслаў, каб вы ішлі і прыносілі плён і каб ваш плён трываў»

Дарагія браты і сёстры!

1. Гэтыя словы Евангелля, з якімі Хрыстус звярнуўся да сваіх вучняў, маюць фундаментальнае значэнне як у самой справе паклікання да святарства, так і святарскага служэння.

Яны вельмі добра адпавядаюць словам, якімі благаслаўлёны Ян Павел II акрэсліў святарства, аб тым, што гэта дар і таямніца. Таямніца, бо пакліканне да святарства — гэта не наша заслуга. Выбірае сам Бог. Чалавек толькі адказвае на гэты выбар: так ці не. Гэта азначае — згаджаецца з Божай воляй ці не. Дар, бо святарства — гэта сапраўды Божы дар як пакліканаму, які дзейнічае моцаю Хрыста, так і хрысціянскай супольнасці, да якой ён пасланы.

2. Паводле навучання Каталіцкага Касцёла, дыяканат з’яўляецца першай з трох ступеняў сакрамэнту святарства, якімі ёсць сам дыяканат, прэзбітэрат і біскупства. Падчас удзялення пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату біскуп ускладае свае рукі на галаву кандыдата і прамаўляе адпаведную малітву. Аднак у выпадку дыяканату чыніць гэта не для святарства, але для служэння. Дыякан не пакліканы, каб замяняць святара, але каб яму дапамагаць. Таму ён не выконвае такіх выключна святарскіх функцый, як цэлебрацыя Эўхарыстыі, адпушчэнне грахоў і намашчэнне хворых, але, умацаваны сакрамэнтальнай ласкай, мае заданне служыць Касцёлу ў паслузе літургіі, слова і любові.

3. Паразважаем, да якой годнасці пакліканы дыякан і святар.

Хаця дыяканат не належыць да прэзбітэрату, аднак ён з’яўляецца рашучым крокам да яго прыняцця. Паводле Кананічнгага Права дыяканскія пасвячэнні ўводзяць у духоўны стан, што звязана з абавязкам цэлебрацыі Літургіі гадзінаў. Дыякан таксама дае абяцанні паслухмянасці свайму ардынарыю і жыцця ў цэлібаце.

Ён можа выконваць вельмі важныя функцыі ў Касцёле. Заданнем дыякана ў літургічных цэлебрацыях перадусім з’яўляецца дапамога таму, хто іх узначальвае. Падчас цэлебрацыі святой Імшы — гэта служэнне каля алтара.

Найперш, дыякан з’яўляецца найбліжэйшым памочнікам святара пры цэлебрацыі Эўхарыстыі. Яго абавязкам ёсць абвяшчаць Божае слова падчас літургіі і з дазволу галоўнага цэлебранта прамаўляць гамілію. Ён можа ўдзяляць вернікам святую Камунію і заносіць хворым віятык. Ён таксама з’яўляецца ардынарным служыцелем сакрамэнту хросту. Можа праводзіць розныя набажэнствы, благаслаўляць Найсвяцейшым Сакрамэнтам, узначальваць пахаванні, благаслаўляць дэвацыяналіі, цэлебраваць сакрамэнталіі, акрамя тых, якія зарэзерваваны святару, як, напр., асвячэнне келіха ці патэны, і г. д. З дазволу адпаведнай касцёльнай улады дыякан таксама можа ўдзяляць сакрамэнт шлюбу.

Слова «дыякан» паходзіць ад грэчаскага «дыяканія», што азначае служэнне. Менавіта для служэння апосталы паставілі першых сем дыяканаў. Таму дыякан павінен памятаць аб служэнні міласэрнасці ў адносінах да патрабуючых, асабліва павінен гэта чыніць у святле навучання папы Бэнэдыкта XVI у энцыкліцы «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў»).

Служэнне міласэрнасці павінна мець таксама і евангелізацыйны характар, бо міласэрная любоў з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных шляхоў абвяшчэння Евангелля і яго сведчання.

4. Касцёл вельмі ясна акрэслівае абавязкі святара. Галоўным з іх з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова, якое вядзе да веры, як навучае апостал Павел. А без веры няма збаўлення.

Праблема веры з’яўляецца адной з найбольш важных у жыцці сучаснага свету. Падвержаны выклікам секулярызму сучасны чалавек губляе веру і часта жыве так, як быццам Бога зусім няма, або, у лепшым выпадку, спіхвае Яго на перыферыю жыцця. Ён не ведае і не вельмі імкнецца ведаць, адкуль прыйшоў і куды ідзе і найчасцей жыве толькі сённяшнім днём. Усё часцей і часцей у сучасным свеце валадарыць слоган «life is now» — «жыццё толькі цяпер». Усё гэта вядзе да жыцця паводле старой лацінскай прыказкі «carpe diem» — выкарыстоўвай час, бо заўтра будзе позна. Гэта азначае, што сучасны чалавек імкнецца жыць у сваё задавальненне, жыць так, як хочацца, і без усялякіх маральных абавязкаў.

Такі шлях вядзе ў нікуды і не вырашае праблем. Таму справа новага абвяшчэння Евангелля набірае ўсё большае значэнне, і нездарма наступны Сінод Біскупаў будзе прысвечаны новай евангелізацыі.

Наступным абавязкам прэзбітэра з’яўляецца асвячэнне народу Божага. Гэтую паслугу ён здзяйсняе праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, найперш Эўхарыстыі. Збаўчая Божая ласка прыходзіць да чалавека праз сакрамэнты, і святар з’яўляецца іх распарадчыкам, аднак ён павінен гэта чыніць не так, як яму хочацца, але паводле волі Хрыста і згодна з зацверджаным Касцёлам парадкам. Аб гэтым трэба памятаць усім — і новым слугам алтара, і тым, у якіх за плячыма шмат гадоў святарскага служэння. Літургія — гэта вяршыня дзейнасці Касцёла, і такой яна павінна быць. Вернікі маюць на гэта права.

Трэцім заданнем святара з’яўляецца кіраваць даручаным яго пастырскай апецы Божым народам і такім чынам будаваць хрысціянскую супольнасць. Пры гэтым трэба памятаць, што гэтае заданне павінна выконвацца ў духу любові і служэння, беручы прыклад з Хрыста, які пра сябе казаў, што не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб самому служыць.

Практыка паказвае, што адказнае выконванне святарскіх абавязкаў здольнае ўчыніць сапраўдны цуд нават там, дзе сонца атэізму стварыла духоўную пустыню, каб яе ператварыць у аазіс духоўнага жыцця.

5. Глыбокапаважаныя пасвячаемыя ў дыякана і прэзбітэра, перад абліччам цяжкасцяў, вынікаючых з выклікаў секулярызму, маральнага рэлятывізму і лібералізму, не губляйце духу і заўсёды чэрпайце сілы з малітвы, каб прыняць кожнага, хто будзе стукаць у дзверы вашых сэрцаў, і адарыць яго патрэбнай для збаўлення Божай ласкай.  

Няхай дыякан так выконвае сваё служэнне, каб яно было працягам часу фармацыі да прыняцця прэзбітэрату і каб атрымаць яго ў той час, які вызначыць Божы Провід.

Святар няхай годна і адказна служыць людзям, каб прынесці сторазовы плён і каб гэты плён трываў і выяўляўся ў моцнай веры і хрысціянскім сведчанні народу Божага. Амэн.

Адноўлена 25.11.2011 14:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі