Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас аплатковай сустрэчы з супрацоўнікамі «Карытас»

13 снежня 2011 г., Ляскоўка

Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў.

Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі добра адлюстроўвае духоўную сітуацыю чалавека, які заўсёды патрабуе Божай міласэрнасці. Гэтая міласэрнасць прыходзіць таксама і праз служэнне людзей, праз дабрачыннасць, якая з’яўляецца знакам сталасці Касцёла.

Здаецца, што найбольш цяжкай праблемай для чалавека з’яўляецца тое, як пазбавіцца ад сораму. У часы Езуса Хрыста немагчыма было нават дапусціць і думку аб тым, што людзі могуць дараваць мытнікам і распусніцам. Яшчэ раней, у часы прарока Сафонія, Ізраэль знаходзіўся ў такіх жа ўмовах. Нездарма прарок кажа: «Бяда бунтарскаму і апаганенаму гораду, які чыніць насілле». Нягледзячы на гэта, прарок дае надзею, калі кажа, што народы знойдуць прытулак у Пану.

Так, сапраўды, толькі Бог можа зняць сорам і вярнуць чалавеку ягоную годнасць як створанага паводле вобразу і падабенства Божага. Такая трансфармацыя адбудзецца толькі тады, калі людзі будуць усхваляць імя Пана і Яму служыць. Менавіта таму, апамятаўшыся і паверыўшы Богу, мытнікі і распусніцы ўвойдуць у Валадарства Божае.

Аб гэтым нагадвае Езус у сённяшнім Евангеллі. Ён змагаўся з рэлігійнымі аўтарытэтамі таго часу ў імя захавання і вяртання годнасці чалавечай асобы. Для гэтага Ён прыводзіць прыклад двух сыноў. Першы заўсёды згаджаўся з воляй бацькі і яе выконваў, або здавалася, што выконвае. Другі сын быў непаслухмяны і не падумаўшы адказваў: не. Ён быў падобны да мытнікаў і распусніц, якія не зважалі на Божы закон. Аднак, як выявілася пазней, першы сын на самой справе не паслухаў бацьку, а другі — паслухаў. Таксама і мытнікі і распусніцы паслухалі Яна Хрысціцеля і паверылі яму, каб зноў знайсці сваю чалавечую годнасць.

У сувязі з гэтым трэба адзначыць, што Езус пытаецца ў нас: ці дазваляем мы людзям вярнуць іх чалавечую годнасць? А можа, працягваем успамінаць іх сорамнае мінулае? Езус, нарадзіўшыся як немаўлятка, заклікае нас бачыць у кожным чалавеку яго годнасць як Божага стварэння. Аднак гэта нялёгкая справа, бо мы можам быць асуджаны людзьмі як сябры мытнікаў і распусніц, падобна як быў асуджаны Езус. Аднак мы павінны ісці гэтым шляхам, бо гэта шлях міласэрнасці.

Езус сказаў пра сябе, што ўрач патрэбны хвораму, а не здароваму. Будучы Хрыстовымі, мы павінны стаць такімі ўрачамі. Можам імі стаць таксама і праз дабрачыннасць. Сучасны матэрыялістычны свет не вельмі прымае ідэю міласэрнасці. Часам нават лічыць яе адзнакай слабасці. Аднак у той жа час, як навучае благаслаўлёны Ян Павел II, менавіта міласэрнасць з’яўляецца сапраўдным іменем Бога. Бог — вялікі ў сваёй міласэрнасці — ніколі не пакідае чалавека аднаго і клапоціцца пра яго. Ён імкнецца вярнуць яму чалавечую годнасць, бо жадае, каб чалавек заставаўся Яго вобразам.

Аднойчы благаслаўлёная Маці Тэрэза на вуліцы Лондана сустрэла беднага чалавека, які прасіў міласціну. Яна ўзяла яго за руку і спыталася: «Як маешся, чалавек?» Бядняк заплакаў. «Чаму ты плачаш?» — спыталася Маці Тэрэза. «Упершыню нехта мяне назваў чалавекам», — адказаў ён. Як мала трэба, каб учыніць чалавека шчаслівым!

Маленькі Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, прынёс шчасце людзям, якія знаходзіліся ў палоне граху. Супрацоўнікі «Карытас», вашае служэнне бедным — гэта пакліканне, каб праз яго радасць і надзея нараджаліся ў сэрцах людзей. Няхай кожная ваша паслуга, нават самая малая, стане крыніцай радасці, вядзе да нараджэння Збаўцы ў сэрцах людзей, а праз гэта да адраджэння чалавечай годнасці.

Адноўлена 13.12.2011 11:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі