Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы аб святасці кансэкраваных асобаў

1 лютага 2012 г., Нарач

Кансэкраваныя асобы, будзьце абвяшчальнікамі новай евангелізацыі

Дарагія браты і сёстры, кансэкраваныя асобы і члены Інстытутаў Апостальскага жыцця!

1. Паводле добрай традыцыі, заснаванай благаслаўлёным Янам Паўлам II, 2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця, якое адыгрывае вялікую ролю ў яго жыцці.

У гэты дзень Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Паслухмяныя закону Майсея, Марыя і Юзаф на саракавы дзень пасля нараджэння Езуса прыносяць Яго ў Ерузалемскую святыню, каб ахвяраваць Богу. Іх сустракае старац Сімяон і прарочыца Ганна. Натхнёны Святым Духам Сімяон распазнае ў немаўляці Збаўцу і праслаўляе Бога за тое, што ягоныя вочы ўбачылі таго, які ёсць збаўленнем свету.

2. Дарагія кансэкраваныя асобы, святары і законніцы!
    
У добра вядомы вам і Богу дзень вы, пачуўшы голас клічучага Пана, адказалі Яму «так». Гэтым самым вы ахвяравалі сябе Богу, каб праз вас, вашае жыццё паводле евангельскіх парадаў, малітву і служэнне людзі маглі ўбачыць збаўленне. На самой справе гэта не што іншае, як вялікая Божая ласка — быць выбраным Богам і быць пакліканым, каб Яму служыць паводле харызмы заснавальніка той ці іншай манаскай супольнасці, служыць у якасці святара, брата ці сястры. Гэта азначае абвяшчаць слова Божае, асвячаць народ Божы і, служачы ў любові, ім кіраваць, катэхізаваць, займацца дабрачыннасцю і г.д. Сфера служэння кансэкраваных асобаў пашыраецца з кожным днём.

Галоўным заданнем Касцёла ў наш час, калі ўвесь свет, здаецца, падняўся супраць Бога і Божага закону, з’яўляецца новае абвяшчэнне Евангелля, новая евангелізацыя. Гэтай тэме прысвечана сёлетняя пастырская праграма Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Таму нашае разважанне прысвецім менавіта ўдзелу кансэкраваных асобаў у новай евангелізацыі.

3. Разважаючы над тэкстамі навучання Касцёла аб кансэкраваным жыцці, асабліва Дэкрэтам Другога Ватыканскага Сабору пра аднаўленне кансэкраванага жыцця «Perfectae caritatis» і паслясінадальнай Апостальскай Адгартацыі «Vita consecrata» аб кансэкраваным жыцці, а таксама выступленнямі апошніх Пантыфікаў, відавочна, што кансэкраваныя асобы могуць і павінны адыграць фундаментальную ролю ў рэалізацыі праграмы новай евангелізацыі. Яны пакліканы такім чынам весці супольнае жыццё паводле евангельскіх парадаў беднасці, чысціні і паслухмянасці, каб імкнуцца да святасці, што таксама з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла. У гэтых вядомых здаўна евангельскіх парадах выражаецца заўсёды жывая навізна і радыкалізм наследавання Хрыста.

4. З аднаго боку, шлюбы беднасці, чысціні і паслухмянасці выражаюць дабравольны выбар вечнага прысвячэння Богу, з іншага — яны, дзякуючы супольнай форме жыцця, становяцца шляхам распаўсюджвання Евангелля. Такім чынам, кансэкраванае жыццё становіцца інструментам новай евангелізацыі. Казаў пра гэта і благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі «Vita consеcrata»: «Брацкае жыццё адыгрывае асноўную ролю на духоўным шляху прысвечаных Богу людзей як у іх пастаянным абнаўленні, так і ў ажыццяўленні іх місіі ў свеце. …Перадусім я заклікаю мужчын і жанчын з манаскіх супольнасцяў і членаў Інстытутаў апостальскага жыцця шчодра сведчыць узаемную любоў, выказваючы яе спосабамі, сугучнымі прыродзе кожнага з іх, каб кожная абшчына раскрылася як прамяністая адзнака новага Ерузалема, як „скінія Бога з людзьмі“ (Ап 21, 3). Увесь Касцёл у значнай меры спадзяецца на сведчанне супольнасцяў, поўных „радасці і Духа Святога“ (Дз 13, 52). Ён жадае яўляць свету прыклад абшчын, у якіх увага адно да аднаго дапамагае пераадолець адзіноту, узаемныя зносіны падахвочваюць пачуццё салідарнай адказнасці, прабачэнне лечыць раны, умацоўвае ў кожным прыхільнасць да зносін. У такога роду супольнасці сама прырода харызмы выяўляе дзейсную евангельскую энергію, падтрымлівае вернасць і накіроўвае апостальскую працу ўсіх да адзінай місіі. Для таго, каб раскрыць сённяшняму чалавецтву сваё сапраўднае аблічча, Касцёл мае патрэбу ў падобных брацкіх супольнасцях, якія сваім асабістым існаваннем робяць уклад у новую евангелізацыю, бо канкрэтным чынам яўляюць плён „новай запаведзі“» (Vita consecrata 45).

5. Нам нельга забывацца аб тым, што на працягу стагоддзяў многія манаскія супольнасці прысвяцілі сваю дзейнасць менавіта абвяшчэнню Евангелля. Так было ў мінулыя часы і ёсць цяпер у нашай краіне, за што выказваю ім шчырую падзяку.

Для многіх кансэкраваных асобаў місійны шлях стаў пакліканнем, якім павінны пайсці іншыя, і прынёс вялікі плён у жыцці Касцёла. Мільёны мужчын і жанчын пакінулі свае краіны, сем’і, сяброў, каб толькі стаць місіянерамі сярод народаў, якія не ведалі Імя Езуса. Так ёсць і цяпер, калі перад выклікамі часу многія сталі і становяцца новымі евангелізатарамі, прыладай аднаўлення жыцця ў веры.

6. У апошні час пад дзеяннем Святога Духа з’явіліся новыя супольнасці кансэкраванага жыцця з мэтай адказаць на зменлівыя патрэбы часу. Яны не з’яўляюцца альтэрнатыўнымі для ранейшых, але адказваюць на выклікі нашага часу, які патрабуе знакаў святасці. Як да традыцыйных, так і да новых супольнасцяў можна аднесці словы благаслаўлёнага Яна Паўла II: «Каб паспяхова адказаць на небяспечныя выклікі, якія сучасная гісторыя ставіць новай евангелізацыі, неабходна, перадусім, пастаянна адкрытае на заклік Слова Адкрыцця і знакі часу кансэкраванае жыццё. Памяць аб вялікіх прапаведніках-евангелізатарах, мужчынах і жанчынах, якія найперш самі былі глыбока евангелізаванымі, сведчыць аб тым, што для спаткання тварам у твар з сучасным светам неабходны людзі, якія з любоўю прысвяцілі сябе Пану і Яго Евангеллю. …Новая евангелізацыя, таксама як і евангелізацыя ўсіх часоў, будзе эфектыўнай, калі зможа абвяшчаць на дахах аб тым, што перажыла ў глыбокай блізкасці з Панам. Яна патрабуе моцных, натхнёных парывам святых асобаў. Новая евангелізацыя патрабуе ад прысвечаных Богу мужчын і жанчын поўнага ўсведамлення сэнсу выклікаў нашага часу. Гэтыя выклікі павінны падвяргацца сумеснаму вывучэнню і распазнаванню ў тым, што адносіцца да абнаўлення місіі. Смеласць у абвяшчэнні Езуса Хрыста павінна ісці поруч з даверам да Провіду, які дзейнічае ў свеце і які „размяшчае ўсё, нават чалавечыя адрозненні, для дабра Касцёла“. Важнымі элементамі, якія дазваляюць інстытутам кансэкраванага жыцця паспяхова ўдзельнічаць у новай евангелізацыі, з’яўляюцца вернасць асноватворнай харызме, зносіны з усімі, хто ў Касцёле звязаны з той самай справай, асабліва з біскупамі, і супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі. Усё гэта патрабуе ўніклівага распазнання тых заклікаў, якія Святы Дух накіроўвае кожнаму інстытуту, як у тых сферах, дзе не прадбачны значны і неадкладны прагрэс, так і ў іншых сферах, дзе можна чакаць радуючага адраджэння. У кожным месцы і пры кожных абставінах прысвечаныя Богу асобы павінны быць дбайнымі абвяшчальнікамі Езуса Хрыста, гатовымі адказаць з евангельскай мудрасцю на пытанні, пастаўленыя сёння трывогамі чалавечага сэрца і яго неадкладнымі патрэбамі» (Vita consecrata 81).

7. Дарагія кансэкраваныя асобы і члены Інстытутаў Апостальскага жыцця!

Сучасны чалавек перажывае крызіс веры. Каб адказаць на яго, Каталіцкі Касцёл у Беларусі 2012 пастырскі год прысвяціў новай евангелізацыі як уводзінам у Год веры, які ў паўсюдным Касцёле распачнецца 11 кастрычніка гг., у 50-ю гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору. З усёй моцай сваёй энергіі і харызмамі актыўна ўключыцеся ў яго. Нам не дазволена не выкарыстаць гэты час ласкі, каб аднавіць і ўмацаваць веру на нашай зямлі.

Удзячны за вашае ахвярнае служэнне, давяраю ўсіх вас апецы Марыі, якая ахвяравала свайго Сына Богу, і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога, каб вы былі святлом для асвячэння сучаснага секулярызаванага свету і славай нашага народа. Амэн.

Адноўлена 01.02.2012 11:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі