Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ў Вялікую пятніцу 2012 г. | Друк |

Суперажываць Крыж Хрыста

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае Вялікую пятніцу, падчас якой мы ўспамінаем цярпенні і крыжовую смерць Езуса Хрыста. Мы ўспамінаем тую падзею, дзеля якой Сын Божы стаў чалавекам, каб збавіць нас праз крыжовую смерць.

Аднак самога ўспаміну збаўчай смерці Езуса Хрыста мала. Сёння нам неабходна стаць духоўнымі ўдзельнікамі той трагедыі, якая разыгралася на Галгоце больш за 2000 гадоў таму і якая ператварылася ў трыумф Хрыста.

2. У цэнтры сённяшняга набажэнства мукі Пана знаходзіцца крыж.

Менавіта крыж у часы Езуса Хрыста адгукаўся моцным болем у сэрцах людзей. Гэта была прылада, якую рымляне выкарыстоўвалі для кантролю над народам. Паводле рымскага звычаю кару ўкрыжавання папярэджвала бічаванне. Пасля гэтага асуджаны на крыжовую смерць сам павінен быў несці крыж на месца ўкрыжавання. Падчас гэтага шляху з яго насміхаліся і яго зневажалі іншыя людзі.

На месцы пакарання з асуджанага зрывалі адзенне, рукі і ногі прыбівалі цвікамі да крыжа, а над галавой размяшчалі таблічку з іменем пакаранага і яго віной.

Цырымоніі ўкрыжавання праводзіліся вельмі часта, і для рымскіх жаўнераў гэта была штодзённая праца. Месцы пакарання выглядалі як лес крыжоў, дзе віселі целы ўкрыжаваных, якія разрывалі дзікія птушкі.

Нярэдка здаралася сітуацыя, калі асуджаны на крыжовую смерць не паміраў адразу, а мучыўся доўга, нават некалькі дзён. У такіх выпадках, каб скараціць час цярпенняў, укрыжаванаму ламалі ногі, што дазваляла зняць цела ўкрыжаванага з крыжа ў той жа дзень.

Паводле Евангелля Езусу не ламалі ног. Гэта азначае, што Ён сапраўды памёр на крыжы.

3. Ад часоў Езуса Хрыста крыж, які быў знакам жудаснага пакарання, стаўся знакам перамогі і новай надзеі. У гэтым сэнсе можна нават казаць, што Езус з’яўляецца адказным за нясенне смяротнага пакарання на крыжы, бо ў IV стагоддзі імператар Канстанцін Вялікі, ушаноўваючы збаўчую смерць Хрыста на крыжы, забараніў крыжовае пакаранне.

Хаця ўкрыжаванне адменена, аднак гісторыя аб ім памятае. Памятае перадусім з-за таго, што гэта была не толькі частка гісторыі чалавецтва, але таму, што на крыжы было здзейснена нашае збаўленне.

4. Сёння, калі мы ў цэнтры нашага набажэнства ставім крыж, нам неабходна засяродзіць нашу ўвагу менавіта на ім як знаку нашага збаўлення і нашай надзеі.

«Мяне пераследавалі і вас будуць пераследаваць», — кажа Хрыстус. Крыж і цярпенні заўсёды спадарожнічалі і спадарожнічаюць чалавеку. Нездарма ў Святым Пісанні гаворыцца, што жыццё чалавека — гэта даліна слёз. Чалавек нараджаецца з плачам. Усё яго жыццё напоўнена рознымі праблемамі і клопатамі. Ён памірае таксама ў цярпеннях.

Лацінская прыказка кажа: «Orbis volvitur, sed Crux stat» («Зямля круціцца, але крыж застаецца»). Гэта азначае, што, нягледзячы на тое, што змяняецца свет і паляпшаецца якасць жыцця, тым не менш цярпенні застаюцца.

5. Езус кажа: «Калі хтосьці хоча быць Маім вучнем, павінен узяць свой крыж і несці яго». Гэта азначае, што нялёгка быць сапраўдным хрысціянінам, бо ў жыцці мы павінны несці наш крыж.

Але які крыж? Вядома, што разам з Езусам былі ўкрыжаваны яшчэ два чалавекі. Таму лагічна, што паўстае пытанне: які крыж мы павінны несці? Той, што справа ці злева, або той, што ў цэнтры?

Давайце на момант узгадаем евангельскую сцэну ўкрыжавання.

Першы крыж — гэта крыж закаранелага грэшніка, які не хацеў пакаяцца і нават абражаў справядлівага Езуса.

Другі крыж — гэта крыж пакаяння, бо злачынец зразумеў сваю віну і папрасіў у Езуса прабачэння. На гэта Езус яму адказаў: «Сёння ж будзеш са Мною ў раі». Гэтыя словы Хрыста вельмі важныя. Яны кажуць, што шлях да збаўлення вядзе праз пакаянне.

І, нарэшце, трэці крыж — гэта крыж Езуса, які з’яўляецца крыжом збаўлення. Гэты трэці крыж быў адзіны і непаўторны і такім застанецца назаўсёды. Яго нёс Езус, і ён стаўся крыжам збаўлення. Гэта крыж, на якім, як навучае папа Бэнэдыкт XVI, праявіўся апагей любові Бога да чалавека. На гэтую любоў мы павінны адказаць падобнай любоўю.

6. Кожны з нас з’яўляецца грэшнікам і кожны нясе свой крыж. Мы часта ўсведамляем, што чынім зло, аднак, не зважаючы на гэта, працягваем яго чыніць. У такім выпадку мы нясём першы крыж закаранелага злачынца, які не жадае пакаяння. Такі крыж не з’яўляецца крыжам, які дае надзею.

Завяршаецца Вялікі пост — час ласкі і навяртання. Многія з нас падчас яго зразумелі, што трэба несці іншы крыж — крыж пакаяння, і прыступілі да сакрамэнту споведзі. Такі крыж з’яўляецца суперажываннем крыжа Езуса Хрыста і знакам новай надзеі.

Сёння, калі мы будзем падыходзіць да крыжа, каб у цішыні сэрца яго адараваць, спытаемся ў сябе: які крыж мы нясём? Закаранелага грэшніка ці пакаяння, дзякуючы якому мы ўключаемся ў збаўчы крыж Езуса Хрыста? Ад гэтага будзе залежаць нашае жыццё на зямлі і вечнасць. Прыйшоў час, каб стаць пад крыжам у духу пакаяння і вырваць з Найсвяцейшага Цела Езуса цвікі нашых грахоў.

7. Калі да Хрыста крыж быў знакам смерці, то пасля ён стаўся знакам жыцця. Але каб ён сапраўды быў такім для нас, неабходна ўзнесці яго ў сваёй душы. Недастаткова ставіць яго толькі на скрыжаваннях вуліц, вешаць на сценах нашых памяшканняў, насіць на шыі, апраўляць у золата і дарагія камяні. Неабходна ўвесці закон крыжа ў нашае жыццё, неабходна кіравацца яго мудрасцю, неабходна дазволіць любові крыжа  дзейнічаць у нашых сэрцах і валодаць намі, бо крыж яднае нас з Богам і бліжнім і з’яўляецца крыніцай новага жыцця ў Божай ласцы.

8. Пане Езу Хрыстэ! Ці Ты павінен быў так шмат цярпець і памерці такой ганебнай смерцю, каб выслужыць мне збаўленне? Ці я сапраўды для Цябе значу больш, чым Тваё жыццё? Мусіць, так, бо Ты аддаў на крыжы сваё жыццё за мяне.

Сёння, калі стану пад крыжам, каб яго адараваць, дапамажы мне зразумець Тваю бязмежную любоў, дапамажы стаць добрым лотрам — як гаворыцца ў народзе, каб я зразумеў свой грэх, у ім каяўся і даверыўся Тваёй міласэрнасці. Дапамажы мне, Пане, прыняць крыж майго жыцця з такой любоўю, з якой Ты яго прыняў. Навучы абняць яго са словамі святога апостала Андрэя: «Вітай, крыж, адзіная мая надзея!» Не дазволь ніколі ад яго адмовіцца. Дай ласку разам з Табою яго несці, каб праз яго я прыйшоў да выпраўлення свайго жыцця тут, на зямлі, і да славы жыцця ў Валадарстве Божым. Амэн.

Адноўлена 07.04.2012 18:35
 
© 2003-2024 Catholic.by