Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы асвячэння вуглавога каменя касцёла св. Антонія ў Магілёве | Друк |

17 чэрвеня 2012 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. З вялікай радасцю прыняў запрашэнне айцоў кларэтынцаў асвяціць вуглавы камень касцёла св. Антонія, які будуецца ў Магілёве. Гэта знак таго, што ў старажытным горадзе над Дняпром паволі з’яўляецца яшчэ адно месца спаткання чалавека з Богам. Будуецца новы касцёл, адначасова пры гэтым будуецца і жывы Касцёл як народ Божы, якім вы з’яўляецеся. Пацвярджэннем гэтага ёсць таксама сакрамэнт канфірмацыі, які цэлебруецца падчас гэтай св. Імшы.  

2. У сённяшнім Евангеллі Езус праз метафару аб сейбіце і зерні прадстаўляе сваім слухачам канцэпцыю будавання Божага Валадарства. Чалавек сее зерне, але не ведае, як яно ўзыходзіць і расце. Гэта таямніца зямлі, што з маленькага насення, якім з’яўляецца гарчычнае зерне, вырастае вялікае дрэва.

У гэтай метафары Езус робіць адрозненне паміж малым пачаткам і вялікім заканчэннем — з малога насення вырастае вялікі ўраджай.

Падобна ёсць і ў жыцці чалавека. Малыя акты вядуць да вялікіх вынікаў. Нездарма кажуць, што замест таго, каб праклінаць цемру, лепш запаліць свячу. Акты любові да бліжняга, прабачэнне і бескарысная дапамога могуць учыніць вельмі шмат, калі не адразу, то на працягу часу.

3. «Думай глабальна — дзейнічай лакальна» — гэта вельмі мудры дэвіз эколагаў. Вядома, што на экалагічную сітуацыю ў свеце ўплывае сітуацыя ў кожным канкрэтным месцы. Гэта азначае, што чалавек перад сабой заўсёды павінен мець вялікую карціну, але ў той жа час маленькімі крокамі ісці ў правільным напрамку.

Калі гэтае экалагічнае правіла вельмі актуальнае ў наш час, то адносна духоўнага жыцця яно вядома яшчэ з часоў Хрыста, з Яго навучання аб Божым Валадарстве. Яно прадстаўлена ў сённяшнім Евангеллі, з якога вынікае, што будаванне Божага Валадарства не падобна да распаўсюджвання вялікай імперыі, але падобна да малога зерня, якое сейбіт кідае ў зямлю.

Дзе сучасны чалавек можа яго знайсці? У падвержанай працэсам глабалізацыі сучаснай эканоміцы, палітыцы, культуры? Не! Яго можна знайсці ў простых рэчах. Яно як маленькі расток. Але з часам гэтае Валадарства расце і распаўсюджваецца.  

4. Аднак на самой справе не так лёгка ажыццявіць тое, аб чым мы думаем, ці тое, што мы плануем. Бог кліча нас да любові бліжняга і прабачэння, але ў жыцці ўсё зусім не так.

Для ажыццяўлення ідэі распаўсюджвання Валадарства Божага неабходна звярнуць увагу на тры наступныя аспекты нашай актыўнасці.

Па-першае, будаванне Валадарства Божага — гэта не што іншае, як прынясенне Божай любові бліжэй да кожнага стварэння. І тут неабходна памятаць аб галоўным прынцыпе: калі мы не можам выказацца любоўю ў малых рэчах, то не зможам зрабіць гэтага і ў вялікіх.

Па-другое, кожны з нас, як частка нашай хрысціянскай супольнасці, нашай парафіі, пакліканы будаваць Божае Валадарства, бо мы ўсе належым да Касцёла як Містычнага Цела Хрыста. Мы павінны быць уключаны ва ўсе малыя рэчы будавання Божага Валадарства, ведаючы аб тым, што мы як браты і сёстры пакліканы працаваць разам, дапамагаць адзін аднаму, заахвочваць адзін аднаго.

Па-трэцяе, будуючы Валадарства Божае, мы павінны памятаць аб тым, што пакліканы жыць вераю, дзейнічаць любоўю і жыць надзеяй.

5. Некалькі гадоў таму ў Магілёве была зарэгістравана парафія Св. Антонія. З чаго тады распачыналі? Не было касцёла і пляца пад яго будаўніцтва. Але былі людзі, была глыбокая вера, што калі гэта справа Божая, то Ён і дапаможа. Людзі з любоўю адносіліся да распачатай працы, бо хацелі мець касцёл. Яны жылі надзеяй, што калі Бог з намі, то хто супраць нас.

Ва ўсім гэтым трэба падзякаваць і айцам кларэтынцам за іх клопат аб будаванні як матэрыяльнай святыні з цэглы, так і духоўнай — з сэрцаў людзей. З часам з’явілася капліца. Сёння асвячаецца вуглавы камень, што нагадвае пра ажыццяўленне будаўніцтва матэрыяльнай святыні з мэтай у яе сценах будаваць Божае Валадарства.

6. Вялікае значэнне ў сённяшняй урачыстасці асвячэння вуглавога каменя мае цэлебрацыя сакрамэнту канфірмацыі як сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Валадарства Божае — гэта Валадарства, збудаванае на моцным падмурку, якім ёсць Хрыстус, і з моцнага матэрыялу, якім з’яўляюцца сапраўдныя вернікі. Хрыстус не пакінуў нас адных, але ў сваім Касцёле пакінуў Божае слова і ўстанавіў сакрамэнты. Адным з іх з’яўляецца сакрамэнт канфірмацыі, у якім мы атрымліваем дары Святога Духа і новае жыццё ў Ім, каб супрацьстаяць выклікам часу, бараніць веру і яе распаўсюджваць.

Дух Святы змяніў апосталаў, з баязлівых учыніў іх адважнымі прапаведнікамі ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста. Спасланне Духа Святога на апосталаў распачало працэс аднаўлення аблічча зямлі. Кожны час патрабуе новага аднаўлення, бо кожны час мае свае праблемы і выклікі. Тым, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі, неабходна стаць апосталамі нашага часу, каб праз іх, іхнюю веру і хрысціянскае сведчанне, а таксама надзею змяніць свет на лепшы.

7. Напрыканцы святой Імшы адбудзецца ўшанаванне рэліквій св. Антонія — апекуна гэтай парафіі. Святы Антоній жыў восем стагоддзяў таму, аднак яго прыклад з’яўляецца актуальным і сёння. Ён праславіўся як прапаведнік Евангелля і цудатворац. Божае слова, якое ён абвяшчаў, было такім актуальным і моцным, што нават самыя зацвярдзелыя грэшнікі навярталіся. Абвяшчаючы Евангелле, ён паволі будаваў Божае Валадарства на зямлі. Гэтая будоўля была настолькі моцнай, што трывае і да сённяшняга дня. Нездарма ён з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых.

Святы Антоній таксама з’яўляецца апекуном у пошуку згубленых рэчаў. Заўсёды шкада згубленай рэчы, але больш сур’ёзнай справай з’яўляецца праблема згубленай веры. Сучасны чалавек перажывае крызіс веры. І таму патрэбна новая евангелізацыя, новае абвяшчэнне Евангелля ўжо даўно евангелізаваным народам.

Дарагія браты і сёстры! Поўныя моцы Духа Святога, беручы прыклад са св. Антонія, з надзеяй на паспяховае будаўніцтва новага касцёла ідзіце ў гэтае жыццё і праз вернасць у малых справах будуйце вялікае Валадарства Божае. Амэн.

Адноўлена 14.06.2012 14:54
 
© 2003-2024 Catholic.by