Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на ўрачыстасць Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені

16 верасня 2012 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння ў чэрвеньскай парафіі галоўнае свята — тытулa касцёла Узвышэння Святога Крыжа. У хрысціянстве крыж з’яўляецца інструментам нашага збаўлення, бо дзякуючы крыжовай смерці і ўваскрасенню Хрыста мы былі збаўлены. Сёння ў нашых вушах павінны гучаць словы песні з Вялікай пятніцы: «Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збавіцель свету, пойдзем паклонімся Яму».

2. Святое Пісанне вучыць нас, што разам з Езусам былі ўкрыжаваны два разбойнікі, адзін з якіх у апошнюю хвіліну навярнуўся, за што Хрыстус паабяцаў яму неба. Доўгі час не было вядома, дзе знаходзіцца крыж, на якім Хрыстус быў укрыжаваны. І толькі пасля Міланскага Эдыкту з 313 г. аб свабодзе хрысціянства, маці Канстанціна Вялікага святая Гелена распачала пошук гэтай самай каштоўнай рэліквіі хрысціянства. Каля Ерузалема на Галгоце яна знайшла тры крыжы. Невядома было, які сапраўдны. Тады, паслухаўшы параду ерузалемскага біскупа Макарыя, да знойдзеных крыжоў прынеслі паміраючую жанчыну. Калі яна дакранулася да апошняга, трэцяга, то выздаравела. Гэта быў знак таго, які крыж сапраўды з’яўляецца крыжом Хрыста. На памяць аб гэтай падзеі існуе свята Узвышэння Святога Крыжа, якое адзначаецца як у заходнім, так і ва ўсходнім хрысціянстве.

3. Першае сённяшняе чытанне — гэта гісторыя чалавечай нявернасці адносна Бога. Падчас пераходу з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную яўрэі часта бунтавалі і дакаралі Майсея, чаму ён вывеў іх у пустыню, дзе няма хлеба, мяса, вады. А вось у няволі ў іх было дастаткова ўсяго гэтага.

Гэта тыповая гісторыя чалавека, калі ён згаджаецца жыць у няволі, каб толькі мець у дастатку хлеба. Тут гаворка ідзе не толькі аб фізічнай няволі, але і аб грахоўнай. Бо нярэдка бывае, што, прабываючы ў граху, чалавек матэрыяльна жыве лепш, чым той, хто без граху. Гэта бачна асабліва ў наш час, калі грэх становіцца шляхам да добрага заробку.

Але вернемся да яўрэяў у пустыні. Яны не толькі дакаралі Майсея, але нават пакланяліся залатому цяльцу, гэта азначае ўчыненым чалавечай рукой бажкам. Гэтым самым блюзнерылі ў адносінах да Бога. І таму Бог пасылаў на іх розныя кары. Першае чытанне распавядае аб адной з іх — вельмі небяспечнай. Бог паслаў ядавітых змеяў, якія кусалі людзей, і тыя паміралі. Мы добра ведаем, якія небяспечныя ядавітыя змеі і як цяжка вылечыцца ад іх укусаў.

Тады яўрэі звярнуліся да Майсея, каб ратаваў іх. Вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог яшчэ раз паказаў, што любіць Выбраны Народ, нягледзячы на яго нявернасць. Ён сказаў Майсею зрабіць меднага змея і падняць уверх на жэрдзі; калі ўкушаны змяёй чалавек паглядзіць на яго, то яго жыццё будзе выратавана. Так і сталася.

4. Гэты біблейскі аповед камусьці можа прыпамінаць заходнеамерыканскі баявік, калі падобны да каўбоя лекар прыязджае ў горад і пачынае гандляваць сродкамі ад змяіных укусаў. Іншаму гэта можа здацца прымітыўным забабонам або нейкай магіяй.

Аднак на самой справе ў гэтай гісторыі знаходзіцца вечная мудрасць. Каб вылечыцца ад хваробы, трэба ведаць яе прычыну. У нашым выпадку — гэта злы дух, д’ябал. Майсей падняў меднага змея над зямлёй паводле Божага загаду. Ён падняў выяву злога духа, якім ёсць змяя, як следства незадаволенасці людзей маннай, якую Бог ім паслаў у пустыні. І гледзячы на выяву змея — жывога напаміну граху, — людзі знаходзілі аздараўленне.

Нездарма сімвалам медыцыны з’яўляецца абвіты змяёй посах Эскулапа — міфалагічнага бога лекараў — і келіх са змяёй.

5. Першае чытанне свята Узвышэння Святога Крыжа вельмі добра адпавядае думцы сённяшняга Евангелля, дзе Езус кажа: «Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае».

Натуральна, што Езус не з’яўляецца дэманам, але Збаўцам. Аднак Яго ўкрыжаванне дазваляе нам стаць тварам у твар з нашымі недахопамі, незадавальненнямі і грахамі. Як змеі і іх смяротныя ўкусы былі наступствам грахоў яўрэяў, так і цярпенні і смерць Хрыста на крыжы з’яўляюцца наступствам нашых грахоў. Паміраючы на дрэве крыжа Езус — гэта жывы вобраз болю, цярпенняў і смерці, якія нясе з сабой грэх, калі мы няверныя закону любові, закону Бога, які нас палюбіў так моцна, што для нашага збаўлення ахвяраваў свайго Сына.

6. Крыж Хрыста мае шмат значэнняў. Ён азначае чалавечую негуманнасць і гуманнасць Бога. Ён сімвалізуе значэнне і каштоўнасць цярпення. Ён адлюстроўвае Божую міласэрнасць і прабачэнне. Ён адкрывае моц ахвярнай любові і перамогу жыцця над смерцю. Менавіта яна з’яўляецца лекам, які Ён прапануе нам. Гэта адпушчэнне грахоў і жыццё вечнае.

7. З якім дэманам нам неабходна змагацца сёння, каб быць вылечанымі Богам? Найперш гэта грэх адступлення ад веры і нарастаючая дэхрысціянізацыія свету, бо так шмат людзей жывуць так, як быццам Бога зусім няма, блюзнераць з Яго, адмаўляюцца прызнаць Хрыста Збаўцам і нават кажуць, што Ён не патрэбны.

Падобнае чынілі і яўрэі на пустыні. Іх спаткала кара, якой сталі ядавітыя змеі. Шмат людзей тады загінула. Сёння яд практычнага атэізму і лібералізму таксама духоўна нішчыць людзей. Сучасны д’ябал-змей балюча кусае іх.

Дзе шукаць паратунку? Касцёл паказвае на крыж. Евангелле заклікае нас «падняць крыж уверх», каб яго гаючае святло магло асвяціць нашу патрэбу ў Божай міласэрнасці, якую ён ахвяруе і дае моц і адвагу назваць злога духа па імені і з ім змагацца.

Няхай жа асвячэнне падчас гэтай святой Імшы крыжа і абраза св. Андрэя Баболі, які ішоў па жыцці з крыжом, напамінаюць нам аб непераходнай яго моцы.

Нашы продкі баранілі крыж як знак нашай веры. Застанемся і мы вернымі яму, каб у ім бачыць адзіную надзею. Амэн.

Адноўлена 14.09.2012 14:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі