Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на адкрыццё новага навучальнага года ў пінскай духоўнай семінарыі

1 кастрычніка 2012 г.

Вашы Эксцэленцыі, Ваша Магніфіцэнцыя рэктар, паважаныя выкладчыкі, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, браты і сёстры!

1. Чарговы, ужо дванаццаты раз Божы Провід дазваляе нам распачаць новы навучальны год у пінскай Alma Mater. Гэтая падзея з’яўляецца вельмі важнай як з пункту гледжання існавання самой семінарыі, так і падрыхтоўкі новых слуг алтара. Мінулыя гады існавання гэтай касцёльнай інстытуцыі паказалі яе жыццядзейнасць. Працягваецца падрыхтоўка новых святароў, а выпускнікі семінарыі паспяхова працуюць у розных парафіях Беларусі. У гэтым годзе Бог благаславіў яе новымі пакліканнямі, што само сабой ставіць перад ёю новыя заданні — каб семінарыя на берагах Піны стала дынамічна дзейнічаючай кузняй духоўных кадраў у адпаведнасці з устаноўленымі Касцёлам нормамі і выклікамі нашага часу.

2. Кожны новы перыяд жыцця нясе новыя планы, надзеі і перспектывы. Так ёсць з новым каляндарным годам. Так ёсць і з новым навучальным годам у семінарыі, які з’яўляецца выклікам як для семінарыстаў, так і для выкладчыкаў.

Семінарыя — гэта не звычайная вышэйшая навучальная ўстанова. Тут не вучаць быць спецыялістамі ў адной ці іншай галіне гаспадаркі. Тут нават не гаворыцца, што той ці іншы семінарыст вучыцца на ксяндза.

Семінарыст праходзіць святарскую фармацыю. Фарматарамі ж з’яўляюцца ўсе выкладчыкі, а не толькі рэктар, духоўны айцец і прэфект. Імі з’яўляюцца ўсе, хто тым ці іншым чынам задзейнічаны ў семінарыі.

Будучы фарматарамі, выкладчыкі таксама павінны з дня на дзень павышаць сваю кваліфікацыю. Гэта патрабаванне нашага часу. Сучасны свет развіваецца вельмі хутка, і трэба добра пастарацца, каб паспяваць за яго развіццём. Усім нам добра вядома лацінская прыказка: «Qui non progredit — regredit» («Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе»). Калі спецыялісты розных галін гаспадаркі з году на год павышаюць сваю кваліфікацыю, то падобнае павінны чыніць і святары, асабліва выкладчыкі семінарыі.

Адзін студэнт вечарамі, калі ішоў дадому з заняткаў ва ўніверсітэце, бачыў праз акно вельмі вядомага і заслужанага прафесара, аўтара многіх навуковых прац, які сядзеў над кнігамі і нешта вывучаў. Аднойчы студэнт яго спытаў: «Ці так вядомаму прафесару яшчэ трэба вучыцца?» На што прафесар адказаў: «Я не хачу карміць маіх студэнтаў падагрэтым навуковым абедам, але хачу кожны дзень падаваць ім свежую ежу».

У сувязі з гэтым заклікаю выкладчыкаў няспынна павышаць сваю кваліфікацыю, выкарыстоўваць самыя новыя тэалагічныя, духоўныя і пастырскія дасягненні, пісаць і публікаваць новыя артыкулы. Касцёл у Беларусі хоча мець семінарыю з добра падрыхтаванымі кадрамі. Гэта патрабаванне нашага часу, і нам неабходна яго выканаць.

3. Мэта семінарыі — гэта падрыхтоўка новых святароў. Для гэтага семінарыя заснаваная і для гэтага яна існуе. Таму ў дзейнасці семінарыі святарская фармацыя павінна займаць галоўнае месца. І тут існуюць свае правілы, спраўджаныя шматвяковай практыкай і зацверджаныя Касцёлам.

Напэўна, маладому чалавеку, які прыйшоў у семінарыю з сучаснага свету, які імкнецца да абсалютнай свабоды, нялёгка прыняць гэтыя нормы і іх захоўваць. Аднак іх неабходна з любоўю прыняць. На іх выхаваліся цэлыя пакаленні святароў, выхаваліся так, што ў цяжкія часы ганенняў захавалі хрысціянскую і святарскую годнасць.

Калі хаджу па калідорах пінскай Alma Mater, то думаю, што ў яе сценах святарскую фармацыю праходзілі будучыя мучанікі і сведкі веры, адным з якіх быў кардынал Казімір Свёнтэк.

Дзякуй Богу, сёння мы цешымся свабодай веравызнання і не трэба праліваць кроў за веру. Аднак нашы часы таксама патрабуюць не меншых высілкаў у абвяшчэнні Евангелля і абароне веры. Пад уплывам секулярызму ў многіх людзей згасла вера. Некаторыя ад яе адышлі зусім і жывуць так, як быццам Бога зусім няма. Сярод вернікаў нямала такіх, якія практыкуюць выбарачнасць Евангелля. Адны яго палажэнні прымаюць, а іншыя — не. Прыхільнікі лібералізму хочуць змены Евангелля і паслаблення маральных прынцыпаў. Яшчэ іншыя сцвярджаюць, што з’яўляюцца веруючымі, аднак у жыцці паводзяць сябе як язычнікі.

Гэта ўсё новыя выклікі для Касцёла, і на іх у першую чаргу павінен адказаць святар. Для гэтага фармацыя да святарства павінна быць вельмі добрай. Таму, дарагія семінарысты, дзякуючы Богу за дар паклікання, неабходна ўчыніць усё, каб яго захаваць і развіваць, каб выкарыстаць час фармацыі да святарства.

Праз 10 дзён распачнецца Год веры, заданнем якога ёсць аднавіць згаслую веру сучаснага чалавека. Дапамагчы чалавеку ў выкананні гэтага задання павінен святар. Таму ён сам павінен найперш быць чалавекам глыбокай і моцнай веры. А да гэтага трэба рыхтавацца ў семінарыі. Брамы веры адчыненыя для кожнага чалавека, — кажа папа Бэнэдыкт XVI. Кожны дзень уваходзьце ў іх, каб ваша вера, дарагія семінарысты, узрастала.

4. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус — кармэлітанку, рэліквіі якой у наступным годзе будуць пілігрымаваць па нашых парафіях. Яна была простай законніцай, аднак адзначалася глыбокай верай і малілася ў інтэнцыі місій, за што і была прызначана іх апякункай.

Касцёл па сваёй прыродзе місійны, і ў місіі выражаецца яго дынамізм. Місіі патрэбны не толькі сярод язычнікаў, але таксама і сярод ахрышчаных, але адышоўшых ад веры.

Няхай жа новы навучальны год, які распачынаецца ў пінскай духоўнай семінарыі, стане часам новага навуковага і духоўнага росту яе выкладчыкаў і семінарыстаў, няхай стане часам падрыхтоўкі для будучых святароў быць сапраўднымі місіянерамі ў сучасным свеце, каб як мага больш людзей пазналі слова Божае, прыйшлі да веры і ўмацавалі яе. Амэн.

Адноўлена 01.10.2012 11:55
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі