Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас набажэнства з удзелам паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў | Друк |

3 лістапада 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

(Быц 1, 1-2, 4а; Мк 4, 30-32).

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Каталіцкі Касцёл сёння ўзгадвае св. Губерта як апекуна паляўнічых, рыбакоў і леснікоў. Святы Губерт нарадзіўся ў VII стагоддзі ў Францыі ў шляхетнай сям’і і атрымаў вельмі добрую адукацыю. Ад маладосці быў так моцна зацікаўлены паляваннем, што яно стала яго жыццёвым захапленнем, свайго роду хобі. Ва ўзросце 14 гадоў ён уратаваў жыццё свайго бацькі падчас палявання на мядзведзяў у Пірынеях.

Пераняўшы амаральныя звычаі асяроддзя, у якім выхоўваўся і знаходзіўся, св. Губерт паводзіў сябе вельмі вольна з маральнага пункту гледжання і шмат часу прысвячаў пошукам задавальненняў і паляванню. Аднак Бог падрыхтаваў яму іншую місію. Аднойчы ў Вялікую пятніцу ён, зусім не захоўваючы павагі да дня смерці Хрыста, пайшоў на паляванне, дзе яго чакала неспадзеўка. Падчас палявання яму аб’явіўся алень з ззяючым паміж вялікіх рагоў крыжам. Паляўнічыя сабакі заціхлі і перасталі ганяць аленя. Тады Губерт пачуў словы Хрыста: «Ты вельмі шмат часу прысвячаеш справам гэтага свету. Памятай, што мэта чалавека зусім іншая».

Гэта быў пераломны момант у жыцці Губерта, які прывёў да яго духоўнай перамены. Ён накіраваўся да біскупа Маастрыхта Ламберта і пасля размовы з ім кардынальна змяніў жыццё, абраўшы духоўны стан. Правёўшы сем гадоў у пакаянні, малітве і посце, ён прыняў святарскае пасвячэнне.

Біскуп таксама параіў яму здзейсніць пілігрымку ў Рым. Калі св. Губерт знаходзіўся на прадмесці Рыма, біскуп Ламберт быў забіты. Папа Рымскі Ян II уначы падчас сну меў аб’яўленне, што біскупам Маастрыхта трэба прызначыць пілігрыма, які на наступны дзень першы ўкленчыць перад грабніцай св. Апостала Пятра. Гэтым пілігрымам быў св. Губерт, і менавіта ён быў прызначаны біскупам Маастрыхта.

З вялікай руплівасцю ён распачаў сваю апостальскую працу. Абвяшчаў Евангелле сярод вернікаў і язычнікаў. Вылучаўся глыбокай малітвай, захаваннем посту і дабрачыннасцю. З часам ён перанёс біскупскую катэдру з Маастрыхта да Льежа. Памёр у першай палове VIII стагоддзя. Яго ўспамін адзначаецца 3 лістапада. Касцёл прызнае св. Губерта апекуном паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў.

2. Сённяшняе першае чытанне ўзята з кнігі Быцця, якая распавядае пра стварэнне свету, у тым ліку птушак, жывёлаў, рыб і чалавека. Стварыўшы свет, Бог даў чалавеку наказ панаваць над зямлёю і ўсімі тварэннямі.

Створаны Богам свет быў вельмі добрым, і гэтае дабро чалавек павінен захаваць. Пануючы над усім Божым тварэннем, чалавек таксама павінен мудра карыстацца з дароў прыроды і яе багацця. Гэта дадзены Богам кожнаму з нас час, які трэба выкарыстаць так, каб заслужыць вечнае жыццё. І гэта ніколі не позна, хаця многія кажуць, што ўжо запозна, што нішто не зменіць іх жыцця і г.д. Прыклад св. Губерта паказвае, што гэта не так, што Бог цудоўным чынам можа змяніць лёс чалавека, толькі трэба Яго паслухаць.

Да вечнага жыцця пакліканы ўсе, у тым ліку і паляўнічыя, аб якіх нярэдка можна пачуць шмат меркаванняў, часамі смешных, а часамі нават крыўдных. Іх падазраюць у імкненні да абагачэння, забойства безабаронных жывёлаў і г.д. Але калі добра падумаць, то на самой справе як паляванне, так і рыбалоўства — гэта найперш адпачынак і хобі падзівіцца прыгажосцю прыроды, яе сцерагчы і мудра выкарыстоўваць. Нярэдка здараецца, што паляўнічыя могуць цэлую ноч хадзіць і нічога не ўпаляваць. Рыбаловы — цэлы дзень лавіць рыбу і прыйсці дамоў ні з чым. Аднак праз некалькі дзён ізноў паўтараецца тое ж самае. Нярэдка ў такіх выпадках паляўнічыя або рыбаловы могуць адзін аднаму жартаўліва сказаць: «Мела маці двух сыноў — адзін быў мудры, а другі стаў паляўнічым».

3. Евангелле, якое мы пачулі, вучыць нас аб тым, што Божае Валадарства падобна да маленькага гарчычнага зярнятка, з якога вырастае вялікае дрэва, на якім могуць гняздзіцца нябесныя птушкі. Гэта азначае, што з малой справы можа вырасці вялікая, а малая падзея можа перарадзіцца ў вялікую.

Сёння ў мінскай катэдры сабраліся людзі, якія маюць супольнае жыццёвае захапленне, якім ёсць паляўніцтва з мэтай збірання дараў прыроды без знішчэння яе натуральных рэсурсаў. Гэта як быццам першае малае зярнятка супольнай малітоўнай сустрэчы паляўнічых. Давяраючы ўсіх паляўнічых іх боскаму апекуну св. Губерту, выказваю надзею, што з гэтай сустрэчы, як з малога зярнятка, вырасце традыцыя падобных малітоўных сустрэч, каб жыццёвае захапленне палявання выкарыстоўвалася паводле Божага плану і для духоўнага ўдасканалення.

У гэты дзень, калі ўпершыню паляўнічыя, рыбаловы і леснікі па-божаму адзначаюць сваё свята, складаю вам найлепшыя зычэнні і жадаю апекі св. Губерта. Няхай яго заступніцтва вядзе вас да сустрэчы з Богам і бароніць ад усялякага зла. Амэн.    

Адноўлена 03.11.2012 13:42
 
© 2003-2024 Catholic.by