Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас адвэнтавага чування моладзі | Друк |

8 снежня 2012 г., Магілёў

Пане, веру ў Цябе

«Вялікія рэчы ўчыніў Пан для нас» (Пс 126 (125), 3)     

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Гэтыя словы рэспансарыйнага псальму вельмі добра перадаюць атмасферу Адвэнту, калі мы чакаем свята Божага Нараджэння і калі адвэнтавы прарок св. Ян Хрысціцель заклікае нас падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Уцелаўленне Сына Божага — гэта цуд, які паэты называюць пацалункам Бога з зямлёй, цуд, у якім праявілася бязмежная Божая міласэрнасць, якая потым для нашага збаўлення ў самай радыкальнай форме рэалізавалася на дрэве крыжа.

Евангеллі часта распавядаюць аб цудах, якія ўчыніў Хрыстус і якія з’яўляюцца знакамі Божай міласэрнасці. Езус чыніў цуды, каб дапамагчы чалавеку і каб пацвердзіць сваю боскасць. Характэрным у гэтым сэнсе з’яўляецца цуд аздараўлення сляпога (пар. Мк 10, 46–52). Ведаем, які няшчасны сляпы чалавек. Калі мы бачым на вуліцы чалавека ў чорных акулярах, якога вядзе нехта іншы, то ведаем, што гэта сляпы. Ён сапраўды няшчасны, бо не бачыць сваіх блізкіх, сяброў, прыгажосці прыроды і г.д.  

І вось такі чалавек, пачуўшы, што набліжаецца Езус, пачаў Яго прасіць, каб ён ізноў змог бачыць. У гэтай просьбе была выказана надзвычайная вера ў тое, што Езус можа вылечыць. І так сталася. Езус вяртае зрок сляпому, кажучы: «Вера твая вылечыла цябе» (Мк 10, 52). Езус не аднойчы перад тым, як учыніць цуд, патрабаваў веры і пацвярджаў, што вера аздаравіла чалавека.

У сучасным свеце існуюць не толькі фізічна сляпыя, але і духоўна сляпыя людзі. Яны маюць выдатны фізічны зрок, але вачыма душы не бачаць нічога. Гэта не што іншае, як духоўная слепата, якая выражаецца ў крызісе веры ў Бога.

2. Пытанне пра Бога тым ці іншым чынам паўстае ў жыцці кожнага чалавека, бо гэтае пытанне на самой справе з’яўляецца пытаннем аб сэнсе жыцця чалавека. У сучасным свеце мы спатыкаемся з базавым пытаннем чалавечага існавання ў кантэксце небывалага развіцца навукі і тэхналогій. З аднаго боку, такі прагрэс з’яўляецца вельмі добрым, і вельмі часта нам здаецца, што ўсё ідзе цудоўна і чалавек сапраўды валодае светам.

Аднак з іншага боку — такая сітуацыя выклікае шмат пытанняў і ставіць праблему Бога ў цэнтры жыцця чалавека. Чаму валоданне матэрыяльным светам не задавальняе нас? Чаму не сцеражэ нас ад смерці і іншых няшчасцяў? Чаго мы на самой справе шукаем у нашай надзвычайнай зямной актыўнасці?    

Развіццё сучаснага свету і яго праблемы паказваюць, што новыя дасягненні не толькі нясуць чалавеку дапамогу, але і нараджаюць новыя праблемы, якія пагражаюць яму і яго існаванню. Сучасны свет, які не жыве ў адпаведнасці з маральнымі нормамі, паказаў сваю няздольнасць кантраляваць забруджванне паветра і змену клімату, распаўсюджванне зброі і выклікі тэрарызму, нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё, ужыванне наркотыкаў і дэмаграфічны крызіс і г.д. Ураган «Сэндзі», які прайшоў нядаўна над Амерыкай, паказаў, што нават найбагацейшая краіна свету не змагла супрацьстаяць прыродзе. Тыя самыя медыцынскія тэхналогіі, які дазваляюць лячыць чалавека, у той жа час могуць яго забіваць. Аддаляючыся ад Бога, чалавек забываецца, што тое, што апраўдана з навуковага ці тэхнічнага пункту гледжання, не заўсёды апраўдана з этычнага.

Нягледзячы на некаторыя праявы надзеі, як, напрыклад, салідарнасць з пацярпелымі ад землятрусу, цунамі ці ўрагану, сучасны чалавек, аднак, вельмі часта знаходзіцца ў сумненнях. Мас-медыя проста бамбардзіруюць нас аповедамі аб карупцыі, жорсткасці, несправядлівасці. Сям’я страчвае сваю Богам устаноўленую ідэнтычнасць. У высокаразвітых краінах пануе дэмаграфічны крызіс. Усё больш распаўсюджваецца наркаманія, якая нішчыць людзей у росквіце іх сіл.

Гэтыя і іншыя анамаліі сучаснасці паказваюць, што чалавек сам сябе загнаў у тупік і не ведае, як адтуль выбрацца.

3. Такая сітуацыя змушае чалавека шукаць чагосьці іншага і большага, чым штодзённы хлеб і задавальненні. Ці свет новай эпохі, свет космасу, надзвычайных дасягненняў навукі і тэхнікі, не з’яўляецца адначасова светам, які енчыць і пакутуе, з надзеяй чакаючы аб’яўлення сыноў Божых? — пытаецца благаслаўлёны Ян Павел II (пар. RH 8).

Таму пытанне «Кім ёсць чалавек?» заўсёды з’яўляецца актуальным. Мы бачым вялікі матэрыяльны прагрэс у жыцці чалавецтва, што не азначае, што беднасць пераможана. Аднак у той жа час застаецца пытанне аб марнасці чалавечага жыцця (пар. RH 8). Гэтая заўвага Вялікага Папы Яна Паўла II вядзе нас да пытання пра нас саміх; пытання, якога многія людзі ў сучасным свеце, які выключае існаванне Бога, стараюцца не ўздымаць. Яны лічаць, што Бог не мае нічога супольнага з жыццём чалавека.

4. Гісторыя чалавецтва ведае нямала прыкладаў падобнага разумення і адначасова навяртання да Бога, нават не ў вельмі аддаленныя ад нас часы.

Мы ведаем, кім была св. Эдыта Штайн: па нараджэнні габрэйка, па веравызнанні — каталічка, па стылі жыцця — святая. І вось ва ўзросце 14 гадоў дзяўчына, якая адзначалася незвычайным розумам, пастанаўляе больш не верыць у Бога і не маліцца, бо для яе Бог проста не існаваў. Пасля кароткага перыяду, калі яна працавала медыцынскай сястрой падчас Першай сусветнай вайны, яна пачынае вывучаць філасофію — дысцыпліну, якая задае фундаментальныя пытанні аб прыродзе існуючай рэальнасці свету і чалавечай экзістэнцыі. Вядомыя нямецкія філосафы адразу звярнулі на яе ўвагу. Яна ж са свайго боку прагнула стаць выкладчыкам філасофіі. Аднак, будучы жанчынай і габрэйкай і жывучы ў нацысцкай Германіі, добра разумела, што ніколі не ажыццявіць сваю мару.

Вывучаючы філасофію, яна спаткала жанчыну, муж якой памёр. Атэістка Эдыта Штайн, шукаючы праўду аб свеце і чалавеку, была вельмі ўражана духоўнай моцай гэтай жанчыны, моцай крыжа, які яна нясла. Гэта быў час, калі яе нявер’е трэснула і Хрыстус у Яго крыжовай таямніцы пачаў ззяць у яе душы. Некалькі гадоў пазней катастрофа яе нявер’я была пацверджана чытаннем біяграфіі св. Тэрэзы Авільскай. Яна, будучы габрэйкай, прымае хрост і працягвае вывучаць філасофію з мэтай служыць Богу. Потым уступае ў ордэн сясцёр кармэлітанак і абірае сабе імя Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа. За вернасць Хрысту яна была арыштавана і трапіла ў Асвенцымскі канцлагер, дзе загінула мучаніцкай смерцю ў 1942 г. Яе сведчанне было настолькі вялікім, што папа Ян Павел II падчас яе беатыфікацыі ў 1987 г. сказаў, што мы схіляем галовы перад сведчаннем і смерцю Эдыты Штайн, якая з’яднала ў сабе драматычны сінтэз дваццатага стагоддзя. Гэта быў сінтэз гісторыі, поўнай ранаў, і адначасова поўнай праўды аб чалавеку (пар. www. http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1987/documents/hf_jp-ii_hom_19870501_messa-stadio-koln_it.html).

Такім чынам няверуючая Эдыта Штайн спаткала Хрыста, стала сведкай Яго прысутнасці ў свеце і сведкай чалавечай годнасці.

5. Сучасны свет з яго ідэяй самадастатковасці дабравольна забываецца пра Бога і страчвае сэнс Яго неабходнасці. На жаль, такая сітуацыя заўважальная нават і ў тых, хто называе сябе веруючым, і таму яна больш небяспечная, чым яўны атэізм, які, напрыклад, часова прысутнічаў у жыцці св. Эдыты Штайн. Яна шукала праўду і знайшла яе ў Богу. Забыццё ж пра Бога не дапускае адказу на пытанне аб Ім.
 
У такой сітуацыі Бог становіцца чужым і нават небяспечным для сучаснага секулярызаванага чалавека, і таму ён выказвае сваю няўпэўненасць у тым, ці клапоціцца Бог аб ім, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI у пасланні на канферэнцыю, прысвечаную праблеме Бога ў наш час (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/pont-messages/2009/ documents/hf_ben-xvi_mes_20091207_dio-oggi_it.html). Мы адмаўляемся ад ідэі пра любячага і шчодрага Бога, бо баімся пазнаць саміх сябе і свет, як створаных кімсьці вышэйшым і мацнейшым за нас.

У амерыканскай камедыі «Чалавек ва ўзросце 2013 гадоў» адзін акцёр пытаецца ў іншага, вельмі старога і пабожнага, ці той заўсёды быў веруючым. На што атрымлівае адказ: «Не, у нашай вёсцы быў чалавек, у якога мы верылі і нават маліліся яму». — «Чаму вы маліліся яму?» — «Таму, што ён быў вельмі вялікі і надзвычай моцны, так, што мог пераламаць чалавека на дзве часткі, і прасілі яго не чыніць з намі так». — «Дык калі ж ты стаў веруючым?» — «Аднойчы была вялікая бура з маланкай, якая трапіла ў гэтага чалавека і забіла яго. Тады мы зразумелі, што ёсць нехта мацнейшы за яго, а менавіта Бог».

Гісторыя чалавецтва не аднойчы пацвердзіла гэтую праўду, пра якую сучасны чалавек забываецца. Гэтым самым ён ізноў наступае на тыя ж граблі, а яны б’юць яго вельмі моцна ў лоб.

Благаслаўлёны Ян Павел II кажа, што сучасны самадастатковы свет адмаўляецца ад Бога на карысць дэмі-гуру сучасных тэхналогій. Такі свет лічыць, што зробіць чалавека шчаслівым (пар. ППН, с. 84). Аднак гэтага чамусьці няма.

Выключаючы Бога са свету, чалавек выключае магчымасць таго, што свет можа мець іншае значэнне, чым мы яму надаем. Страчванне сэнсу Бога вядзе да неадпаведнага Божаму плану выкарыстання прыроды і іншага чалавека. Паступаючы так, чалавек знаходзіцца ў небяспецы самому быць выкарыстаным і залежным, што чыніць яго рабом, у першую чаргу нявольнікам рэчы. Мы хочам мець як мага больш і больш. А гэта ўжо залежнасць. Чыста матэрыялістычная цывілізацыя вядзе чалавека да рабства, — кажа Ян Павел II (пар. RH 16).

6. У такой сітуацыі, рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння, мы павінны спытаць сябе: «А як з нашай верай?» У што мы верым? У матэрыяльны свет ці ў Бога, без якога страчваем сэнс свайго існавання? Мы ўсё часцей заўважаем, што ідэалогія смерці Бога вядзе да ідэалогіі духоўнай смерці чалавека (пар. DV 38). У той жа час Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення. Праз сваё Нараджэнне Ён змяніў свет. Святло Яго Евангелля заззяла ў цемры духоўнай ночы. Яго ўбачылі пастушкі і магі з Усходу. Убачылі мільярды людзей за апошнія дваццаць стагоддзяў. Убачыла і пакінуўшая Бога Эдыта Штайн, каб сваёй крывёю пацвердзіць веру ў Яго.

Сёння ў нашай краіне ніхто не забараняе верыць і публічна вызнаваць сваю веру. Аднак цунамі секулярызму яе нішчыць, таксама і ў нас. У сучасным свеце ўсё часцей відавочна практыка сумневу адносна веры. Гэта не што іншае, як ціхая і адначасова вельмі небяспечная зброя. Сёння хрысціянства ізноў перажывае пераслед — легальным дэмакратычным спосабам. Таму нам, найперш у нас саміх, неабходна шукаць духоўную моц, каб захаваць хрысціянскія каштоўнасці і імі жыць, каб свет не прайграў сам з сабой, са сваімі скажэннямі i заганамі. Таму нам неабходна адказаць на пытанне: «З кім мы сёння? З Богам ці з секулярным светам?»

7. Дарагая моладзь, Бог чакае ад вас адказу. У Год веры, мэтай якога, паводле словаў адвэнтавага евангеліста св. Яна Хрысціцеля, з’яўляецца выпростванне шляхоў да Бога (пар. Мк 1, 3), адкажам Яму: «Пане, я веру ў Цябе», — а Ён учыніць цуд нашага духоўнага аздараўлення і выведзе з духоўнай цемры, каб мы самі і наша краіна былі шчаслівымі. Амэн.    

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Энцыкліка «Redemptor hominis» (RH).
2. Ян Павел II. Энцыкліка «Dominum et vivificantem» (DV).
3. Иоанн Павел II. Переступить порог надежды. Москва, 1995 (ППН).
4. Ян Павел II. Гамілія падчас беатыфікацыі Эдыты Штайн: http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/homilies/1987/documents/hf_jp-ii_hom_19870501_messa-stadio-koln_it.html
5. Benedetto XVI. Messaggio al Cardinale Angelo Bagnasco in occaasione del Convegno “Dio oggi: con lui o senza di lui cambia tutto”, 7 dicembre 2009: www. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/messages/pont-messages/2009/ documents/hf_ben-xvi_mes_20091207_dio-oggi_it.html

Адноўлена 09.12.2012 10:41
 
© 2003-2024 Catholic.by