Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на асвячэнне капліцы Маці Божай Ларэтанскай у Палацы Радзівілаў | Друк |

9 лютага 2013 г., Нясвіж

Марыя, апякуйся намі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Евангелле, якое мы толькі што пачулі, распавядае нам пра сцэну Звеставання, калі арханёл Габрыэль у Назарэце абвясціў Марыі Божую волю, што яна выбрана стаць Маці Збаўцы. Марыя з пакорай прымае гэты выбар, дзякуючы чаму Сын Божы прыходзіць у гэты свет, каб яго збавіць.

Домік з Назарэта, у якім адбылася сцэна Звеставання, — гэта адна з найбольш каштоўных святых рэліквій хрысціянства. Паводле легенды, у 1291 г. ён быў перанесены анёламі на тэрыторыю сучаснай Харватыі. Потым грэчаская сям’я Дэ Анджэліс (De Angelis) перавязла яго ў г. Ларэта ў Італіі. Такім чынам гэты домік з Назарэта быў захаваны ад знішчэння.

Благаслаўлёны папа Ян Павел II казаў, што святы домік у Ларэта, як першы марыйны санктуарый міжнароднага значэння, на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца сапраўдным марыйным сэрцам хрысціянства. Вялікая колькасць пілігрымаў кожны дзень ідзе туды, каб дакрануцца да сцен, якія былі сведкамі Звеставання як пачатку практычнага ажыццяўлення Божага плану збаўлення, і там памаліцца.

2. Хаця арыгінальны святы домік з Назарэта знаходзіцца ў Італіі ў г. Ларэта, тым не менш у Беларусі ў Нясвіжы мы маем свой святы ларэтанскі домік. Ім з’яўляецца прысвечаная Маці Божай Ларэтанскай капліца Радзівілаўскага палаца.

330 гадоў таму, пасля славутай бітвы пад Венай у 1683 г., дзякуючы якой было абаронена хрысціянства ў Еўропе, у руінах спаленага туркамі палаца быў знойдзены невялікі абраз копіі фігуры Маці Божай Ларэтанскай, якая знаходзіцца ў Ларэта. Потым гэты абраз быў перададзены роду Радзівілаў і ўсталяваны ў замкавай капліцы ў Нясвіжы, якая 255 гадоў таму, у 1758 г., была асвячона Жамойцкім біскупам Антоніем Дамінікам Тышкевічам.

Падчас сваёй шматвекавой гісторыі як сам палац, так і капліца перажылі шмат, не адзін раз разбураліся і зноў адраджаліся да новага жыцця, як фенікс з попелу.

3. Сёння мы перажываем знакавую падзею — асвячэнне гістарычнай капліцы Маці Божай Ларэтанскай у Палацы Радзівілаў у Нясвіжы. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ніхто з нас не мог бы нават марыць аб тым, што такое магчыма. Пасля Другой сусветнай вайны гістарычны замак магутнага роду Радзівілаў быў ператвораны ў санаторый, а ў капліцы размяшчаліся лячэбныя памяшканні (палаты, працэдурныя пакоі і кабінеты ўрачоў). Ніхто не кажа, што нам не патрэбны санаторыі і працэдурныя кабінеты. Але першаснае прызначэнне замка і капліцы было іншым.

Дзякуй Богу, сёння ўсё вяртаецца на кругі свая. Дзякуючы намаганням дзяржавы замак адноўлены і тысячы людзей прыходзяць сюды, каб палюбавацца яго прыгажосцю. Гістарычная спадчына ўратавана. Уратавана таксама і замкавая капліца, а сённяшняе яе асвячэнне — гэта як быццам новае нараджэнне.

4. Вялікі хрысціянскі мысліцель Фёдар Дастаеўскі казаў, што прыгажосць уратуе свет. У першую чаргу ён меў на ўвазе духоўную прыгажосць. У Нясвіжскім замку мы акурат і маем магчымасць дакрануцца да гэтай прыгажосці і яе перажываць. У вельмі прыгожым замку знаходзіцца вельмі прыгожая капліца, у якой чалавек будзе мець магчымасць упрыгожыць сваю душу праз малітву і Божую ласку, тым больш што яна носіць тытул Маці Божай Ларэтанскай.

Марыю мы называем «Tоta pulchra» — «Уся прыгожая». Яе прыгажосць — не толькі вонкавая, але найперш духоўная. Яна, як без першароднага граху зачатая, не спляміла свайго жыцця ніводным грахом і заўсёды выконвала Божую волю.

Гэты прыклад Марыі мае вельмі вялікае значэнне ў наш час, калі чалавек губляе свае адносіны з Богам. На жаль, сучасны хрысціянін часта забываецца, што ён павінен жыць паводле навучання Езуса Хрыста.

5. Кожны касцёл і капліца — гэта месца спаткання чалавека з Богам. Гэтае спатканне адбываецца ў Святым Пісанні, якое там чытаецца і тлумачыцца; у сакрамэнтах, якія там цэлебруюцца; у іншай касцёльнай дзейнасці. Хаця капліца і знаходзіцца на тэрыторыі музея, аднак у ёй час ад часу будуць праводзіцца набажэнствы, аб чым сведчыць і сённяшняя падзея. Турысты, якія будуць наведваць замак, таксама змогуць тут памаліцца. Такім чынам, капліца і далей будзе ўносіць свой уклад у духоўнае адраджэнне людзей.

6. Нябесная апякунка капліцы —Маці Божая Ларэтанская —з’яўляецца таксама апякункай авіяцыі. Жыццё сучаснага чалавека пазначана нябачнымі дасюль касмічнымі тэмпамі жыцця, у якім Бог і расстаўленыя Ім маральныя знакі становяцца ўсё больш і больш незаўважальнымі, што вядзе да духоўнай катастрофы. Таму нам патрэбна нябесная апека. Мы яе маем у Маці Божай Ларэтанскай. Маем усе, бо Марыю праслаўляюць усе хрысціяне. Таму, калі будзем наведваць гэты замак, наведаем таксама і гэтую капліцу, звернемся да Марыі, бо яна, як наша духоўная Маці, не пакіне нас адных, уратуе ад духоўнай турбулентнасці сучаснасці і прывядзе да свайго Сына Езуса Хрыста — адзінага Збаўцы свету.

Удзячныя Богу, роду Радзівілаў, які пакінуў нашчадкам гэты цудоўны архітэктурна-духоўны помнік, усім, хто ажыццявіў рэстаўрацыю замка і капліцы, а таксама тым, хто зрабіў магчымым сённяшняе набажэнства, звяртаемся да Цябе, Марыя, ахіні нас сваёй мацярынскай апекай, каб мы заўсёды паводле Твайго прыкладу згаджаліся з Божай воляй, якая ёсць гарантыяй шчасця тут, на зямлі, і ў вечнасці. Амэн.

Адноўлена 07.02.2013 14:14
 
© 2003-2020 Catholic.by