Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас велікапоснага чування моладзі | Друк |

Мінская архікатэдра, 9 сакавіка 2013 г.

Навяртайцеся і верце ў Евангелле

Глыбокапаважаная моладзь.

1. Тэма сёлетняга велікапоснага чування моладзі — «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15). Гэта першыя словы, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў. Імі ён хацеў прадставіць праграму хрысціянства, якая складаецца са сталага навяртання і веры. Нам неабходна навяртацца, бо наша чалавечая прырода скажона першародным грахом. Мы добра ведаем, што такое дабро; аднак у той жа час чынім зло, і таму нам неабходна навяртанне. Неабходна нам таксама і вера, бо без яе няма збаўлення.

Такім чынам, першыя словы Езуса: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» — гэта не што іншае, як Яго першая і заўсёды актуальная гамілія, першае казанне.

2. Праблема навяртання ў наш час з’яўляецца адной з самых актуальных і вострых. Трагедыя сучаснага чалавека ў тым, што ён страціў пачуццё граху. Гэта не што іншае, як наступства секулярызацыі сучаснага свету, адыходу ад маральных каштоўнасцяў і звяртання ўвагі толькі на матэрыяльныя. Чалавек усё больш звяртае ўвагу і ўсё больш прысвячае намаганняў здабыццю матэрыяльных каштоўнасцяў, думаючы, што яны прынясуць яму шчасце. Аднак багацце не з’яўляецца гарантыяй шчасця. Нездарма калісьці быў створаны фільм, які называўся: «Багатыя таксама плачуць». Так, яны плачуць, бо шчасце не ў багацці.

Сучасны чалавек таксама ўсё часцей прапагандуе ідэю, што калі Бог міласэрны, то Ён усё прабачыць, таму можна не звяртаць увагі на грэх. Некаторыя ж кідаюцца ў іншую крайнасць, а менавіта, што сучасны чалавек не можа зграшыць і таму яму няма чаго навяртацца.

У той жа час грэх — гэта адступленне аб дадзенага нам Божага закону, і таму ён заўсёды вядзе да зла, якога ў нашым свеце мы бачым вельмі многа. Як парушэнне правіл дарожнага руху вядзе да катастрофы, таксама і парушэнне Божага закону вядзе да духоўнай катастрофы. Грэх існуе і мы грашым, таму нам неабходна навяртацца.

3. Іншай праблемай з’яўляецца праблема веры. Сучасны чалавек жыве як быццам у духоўнай пустыні і не звяртае ўвагі на маральныя законы. Яму там добра, яго нічога не турбуе, ён не павінен захоўваць Божы закон. Але куды вядзе такі шлях? Ці ён дапамагае будаваць шчаслівае грамадства? Ці гарантуе шчаслівую будучыню? Гісторыя дае нам шмат сведчанняў таго, што дарога без Бога вядзе ў нікуды, вядзе ў тупік. Да чаго прывяла Французская рэвалюцыя, якая адмовілася ад Бога? Яна стварыла гільяціну, ад якой загінула так многа нявінных людзей.

Наступствы гэтай рэвалюцыі мы адчуваем і сёння, калі Францыя, якая ў гісторыі Касцёла называецца яго першароднай дачкой, сёння імкнецца стаць лабараторыяй секулярызму і прыняла закон аб гомасексуальных саюзах. Свецкасць, якой ганарацца многія іншыя краіны Захаду і якая супрацьстаіць Богу, на самой справе стала дэмакратычным пераследам рэлігіі. Такім чынам існуе яшчэ і духоўная гільяціна, якой з’яўляецца бязвер’е, адмова ад маральнага закону ці імкненне яго змяніць. Гэта гільяціна адсякае чалавека ад Хрыста і Яго Евангелля.

Таму сёння перад намі стаіць заданне навяртання, каб аднавіць у сабе Божы вобраз, паводле якога мы былі створаны, і заданне выйсця з духоўнай пустыні і ўмацавання веры.

4. Гэтыя задачы стаяць перад намі ў Вялікім посце, і іх нам неабходна вырашаць, калі мы хочам быць сапраўднымі хрысціянамі.

Як гэта ўчыніць? З аднаго боку Касцёл прапануе многа рэцэптаў, найперш – гэта велікапосны рэцэпт: малітва, пост і міласціна. Малітва вядзе нас да Бога і ставіць перад ім з запытаннем: якімі мы з’яўляемся, што нам неабходна паправіць у нашым жыцці. Пост — на самой справе ўстрыманасць — дапамагае гартаваць сваё цела і дух, каб не паддацца спакусам, але іх адкінуць па прыкладу Хрыста, які кажа, што не адзіным хлебам жыве чалавек. Міласціна ці ўчынкі міласэрнасці адносна цела і душы патрабуючага дапамагаюць у іх бачыць Хрыста, і служачы ім, служыць Езусу. А мы пакліканы сваім жыццём і выконваннем Божай волі служыць Яму.

5. У гэтым працэсе навяртання неабходна звярнуць увагу на наступнае. У Вялікім посце Касцёл вядзе нас да разважанняў адносна багацця і пакуты, сімвалам чаго з’яўляюцца хлеб і попел. Гэта тая альтэрнатыва, якую прапануе нам Касцёл. Што мы выбіраем? Ці людзі, асабліва маладыя, гатовыя да ахвяры, каб замест імкнення да ўзбагачэння і задавальненняў, імкнуцца да пакуты?

У сучасным свеце рэцэптам cупраць адыходу ад веры часта прапануецца заніжэнне маральных патрабаванняў. Аднак гэта памылковая дарога. Падобна таму, як спартсмен, каб стаць чэмпіёнам, павінен кожны дзень павышаць намаганні да сябе, таксама павінен паступаць і хрысціянін, каб быць дасканалым.

У Папяльцовую сераду натоўпы людзей імкнуцца пасыпаць свае галовы попелам. Аднак, гледзячы на іх штодзённае жыццё і паводзіны, узнікае пытанне: гэта рытуал ці нешта больш глыбокае? На жаль, вельмі часта толькі рытуал, хаця на самой справе Папяльцовая серада павінна ўспрымацца як пачатак навяртання. Католік у гэты дзень павінен старацца прымірыцца з Богам і Касцёлам і прыняць намер пражыць Вялікі пост у Божай ласцы. Гэта мінімум, якога трэба прытрымлівацца.

У той жа час сапраўды многа людзей у Папяльцовую сераду пасыпаюць галовы попелам, але не змяняюць свайго жыцця, бо ў іх з хрысціянствам не асацыіруюцца ніякія вымаганні. Для многіх вернікаў хрысціянства сталася «бяззубым» і нічога асаблівага не патрабуе, дастаткова казаць, што Бог добры і ўсіх любіць. Сапраўды, Бог добры і любіць усіх. Аднак Ён таксама патрабуе захавання маральных норм. Таму ў працэсе навяртання неабходна памятаць пра тое, што ў хрысціянстве важны евангельскі радыкалізм і праца чалавека над сабой, каб быць не папяровым, але сапраўдным хрысціянінам, які жыве паводле духу Евангелля.

З навяртаннем цесна звязана споведзь, і тут неабходна памятаць, што важным з’яўляецца не толькі само ачышчэнне з грахоў, але і набліжэнне да Бога. Што з таго, што нехта вычысціць сваё адзенне ад бруду, але не наведае хворага сябра?

Мы вельмі часта да споведзі падыходзім наступным чынам: я адчуваю віну, таму ў сакрамэнце пакаяння яе скідаю з сябе, і на гэтым усё завяршаецца. Такая споведзь застаецца толькі абрадам, які не набліжае да Бога. Таму кожная споведзь таксама павінна ўключаць у сябе пытанне: у чым мне неабходна паправіцца, да чаго імкнуцца, што змяніць і г.д.? Калі ідзём да споведзі, то чынім пастанаўленне, з якога пазней трэба разлічыцца. Калі так чынім, то духоўна развіваемся, што і з’яўляецца самай лепшай праверкай споведзі.

6. Навяртанне — гэта доўгі працэс, у якім неабходна адпаведная ідэя. Каб пахудзець, то не дастаткова не есці слодычаў. Неабходна яшчэ ведаць, як ажыццявіць гэтую пастанову, і мець да гэтага адпаведную матывацыю. Калі нехта мае праблему з вячэрняй малітвай, бо доўга глядзіць тэлевізар або да паўночы сядзіць за камп’ютарам, то павінен зрабіць пастанову ў канкрэтнай гадзіне выключыць тэлевізар ці камп’ютар. Не зможа, аднак, гэтага зрабіць, калі яго малітва не будзе настолькі прывабнай, каб прыцягваць. Таму неабходна знайсці адпаведныя формы і тэмы малітвы.

Таксама і з навяртаннем, матывацыяй якога ёсць аднаўленне ў сабе Божага вобразу і падабенства, што мы атрымліваем, дзякуючы бязмежнай Божай міласэрнасці. Сённяшняе Евангелле распавядае аб марнатраўным сыне, які распусціў належную яму маёмасць, але знайшоў у сабе сілы вярнуцца дамоў. Бацька прымае яго з радасцю, даруе яму яго правіны, ускладае яму на руку пярсцёнак як знак прыналежнасці да сям’і і арганізуе гучную забаву, бо яго сын, які духоўна памёр, цяпер ажыў. Таксама і ў працэсе навяртання: мы, духоўна памерлыя, ажываем, Бог змывае нашыя грахі, так што ад іх нічога не застаецца.

7. З навяртаннем самым цесным чынам звязана вера, бо навяртанне і вера — гэта непадзельныя справы, якія выплываюць з запаведзі Хрыста: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле».

Першыя хрысціянскія місіянеры прыбылі ў Грэнландыю ў першай палове XVIII стагоддзя і навучанне хрысціянскай дактрыны эскімосаў распачалі ад прадстаўлення ім прынцыпаў натуральнай рэлігіі, у першую чаргу гісторыі стварэння свету. Ім трэба было чакаць аж 17 гадоў, пакуль першы эскімос стаў хрысціянінам. Але вось аднойчы пэўны эскімос увайшоў у малітоўны дом місіянераў. У гэты момант яны чыталі аповед аб цярпеннях і смерці Езуса для збаўлення чалавека. Эскімос быў так уражаны пачутым, што адразу папрасіў аб хросце. Потым гэта ўчыніла ўся яго сям’я. Тады місіянеры зразумелі, што іх найважнейшай справай з’яўляецца абвяшчэнне Езуса Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага.

Евангелле распавядае, як Езус прыйшоў у Галілею і абвяшчаў Добрую Навіну. Ён прыйшоў абвяшчаць Евангелле ўсім людзям, добрым і злым, грэшнікам і справядлівым. Дзякуючы гэтаму абвяшчэнню людзі навярталіся, змянялі сваё жыццё і ішлі за Езусам.

У гэтым заключаецца Божая педагогіка. Калі мы чуем Добрую Навіну Езуса, то верым, што яна абвяшчаецца для кожнага з нас персанальна, і таму мы навяртаемся і ідзём за Хрыстом. Так было ва ўсёй гісторыі хрысціянства, так ёсць і сёння. За Хрыстом пайшлі і ідуць мільёны людзей, каб паверыць Яму і пазнаць мэту свайго жыцця і ведаць, як яе асягнуць. Нездарма падчас Сіноду Біскупаў аб новай евангелізацыі для перадачы веры, які адбыўся ў мінулым годзе, падкрэслівалася, што яе мэтай з’яўляецца прывесці чалавека да асабістага спаткання з Хрыстом.

Адным з найбольш вядомых прапаведнікаў нашага часу быў Біллі Грэм. Аднойчы ўжо ў пажылым узросце ён быў запрошаны на прыём у яго гонар. Пра яго многа гаварылі і яго хвалілі, як аднаго з найбольш знаных духоўных аўтарытэтаў ХХ стагоддзя.

Пасля гэтага Біллі Грэм распавёў цікавую гісторыю пра самага знатнага фізіка Альберта Эйнштэйна. Аднойчы гэты славуты фізік, аўтар тэорыі адноснасці, ехаў цягніком. Кантралёр правяраў білеты. Эйнштэйн ніяк не мог знайсці свой білет. Яго не было ў кішэнях і ў партфелі. Эйнштэйн апынуўся ў складанай сітуацыі. Але кантралёр сказаў: я цябе добра ведаю і веру, што ты купіў білет, які дзесьці загубіўся. З гэтымі словамі кантралёр пайшоў далей правяраць білеты ў іншых пасажыраў. Калі ён збіраўся выходзіць, то заўважыў, што Эйнштэйн шукае білет пад скамейкай, на якой сядзеў. Кантралёр падышоў да яго і папрасіў не клапаціцца, бо ён ведае, кім ён ёсць, і верыць яму, што ён купіў білет. Эйнштэйн кіўнуў галавой і сказаў: я таксама ведаю, кім з’яўляюся, але не ведаю, куды еду.

Закончыўшы гэты аповед, Біллі Грэм звярнуў увагу прысутных на новы касцюм, у якім ён прыйшоў на прыём. Пры гэтым ён дадаў, што купіў яго спецыяльна на гэты прыём і яшчэ на адну нагоду, а менавіта, што ў ім ён будзе пахаваны. «Калі вы пачуеце, што я памёр, то я не хачу, каб вы ўспомнілі аб гэтым касцюме, але аб тым, што сапраўды ведаю, куды я іду», — дадаў Грэм.

6. Дарагая моладзь, мы часта забываем, кім мы ёсць і куды ідзём. Заклік Езуса да навяртання і веры ў Евангелле дапамагае нам аднавіць наш статус Божых дзяцей і вярнуцца на дарогу, якой мы павінны ісці.

Можа, у мітусні сучаснага свету мы страцілі сэнс свайго быцця дзецьмі Божымі і заблыталіся на нашым жыццёвым шляху. Можа, мы згубілі жыццёвы компас і не ведаем, у якім напрамку павінны ісці. Можа, хвалі буры бязвер’я і секулярызму заліваюць лодку нашага жыцця, і яна пачынае тануць. Можа, мы страцілі надзею. Можа, нам здаецца, што ўжо ніхто нас не ўратуе. Услухаемся ў голас Хрыста: навяртайцеся і верце ў Евангелле. Услухаемся, бо гэта праграма нашага жыцця. І нават, калі мы з’яўляемся падобнымі да марнатраўнага сына, то міласэрны нябесны Айцец нас не пакіне адных з нашымі праблемамі, але прыме ў свае абдымкі, верне годнасць Яго дзіцяці і прывядзе ў радасць вечнага шчасця. Амэн.

Адноўлена 08.03.2013 21:41
 
© 2003-2024 Catholic.by