Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце XXIII мінскай пілігрымкі ў Будслаў

1 ліпеня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Марыя, вядзі нас шляхам жыццёвай пілігрымкі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія пілігрымы!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас, нашых беларускіх пілігрымаў і гасцей. Мне вельмі прыемна прывітаць пілігрымаў з Расіі. Дзякую ім за тое, што памятаюць мяне, як свайго былога пастыра, і наведваюць.

Гэтай святой Імшой мы распачынаем XXIII пілігрымку ў Будслаў з мінскай катэдры. На першы погляд, здаецца, усё па-старому. Былі аб’явы пра пілігрымку, людзі запісваліся, арганізатары паклапаціліся пра адпаведныя дазволы, месцы адпачынку і начлегу, харчаванне, духоўную апеку і г.д. Выдаецца, што ўсё ідзе па накатанаму сцэнарыю.

З аднаго боку, будслаўскія пілігрымкі сапраўды падобныя адна да адной, але з іншага ў іх шмат новага. Гэта адчуваецца асабліва ў гэтым годзе. Упершыню ў сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі мы адзначаем круглы юбілей будслаўскага санктуарыя – 400-годдзе прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай. Упершыню будслаўскія ўрачыстасці ўзначаліць папскі легат Яго Эмінэнцыя кардынал Жан-Луі Таран, што само па сабе нагадвае пра важнасць падзеі і таксама пра павагу як для Касцёла ў нашай краіне, так і да нашай бацькаўшчыны. І менавіта на гэтыя юбілейныя ўрачыстасці сёння вырушвае пілігрымка з мінскай катэдры – Маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сёлетнія юбілейныя будслаўскія ўрачыстасці праводзяцца ў Год веры. Іх тэма — “Марыя – Маці нашай веры”, што нагадвае пра нашае імкненне праз Марыю прыйсці да Езуса, каб аднавіць і ўмацаваць нашу веру.

Таму пілігрымка, якая распачынаецца, мае выключнае значэнне як у жыцці Касцёла ў Беларусі, так і ў жыцці кожнага паасобнага чалавека.

2. Слова “пілігрымка” паходзіць ад лацінскага слова “Palma” – пальмовая галіна. Менавіта з пальмовымі галінкамі жыхары Ерузалема сустракалі ўваходзячага туды Езуса Хрыста, які завяршаў сваю зямную пілігрымку. Гэта даволі сімвалічна, бо пальма – знак перамогі, а ў пілігрымцы неабходна перамагчы сябе.

Слова ”пілігрымка” найперш выкарыстоўвалася для абазначэння падарожжа ў Святую Зямлю ці іншыя, маючыя сакральнае значэнне для хрысціянскай веры, месцы з мэтай аддання ім глыбокай пашаны, малітвы ў розных інтэнцыях, перапрашэння за грахі, падзякі за атрыманыя ласкі, просьбы і інш. Звычай пілігрымак грунтуецца на імкненні вернікаў пакланіцца месцам і святыням, звязаным з Хрыстом, апосталамі, Найсвяцейшай Багародзіцай; памаліцца перад цудатворнымі абразамі, акунуцца ў святыя воды ракі Ярдан і іншыя святыя крыніцы і г.д.

Пілігрымкі, як праявы рэлігійнасці, былі вядомымі ў старажытнасці – у старыжытным Егіпце, Грэцыі і Рыме. Акрамя таго, у культурах Блізкага Усходу былі традыцыйнымі канкрэтныя дні пілігрымак, як напрыклад, у Ерузалем на габрэйскую Пасху.

Хрысціяне перанялі гэтую габрэйскую традыцыю і надалі ёй свой сэнс. На пачатку яны арганізоўвалі пілігрымкі ў Святую Зямлю, а потым у еўрапейскія святыні, з якіх найбольш вядомымі сталі грабніца святога Якуба ў Сант’яга дэ Кампастэла, грабніцы святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме і інш.

У хрысціянстве пілігрымкі распачаліся ў IV ст. у Палесціну, дзе жыў і дзейнічаў Хрыстус. У некаторых рэлігіях пілігрымкі абавязковыя, напрыклад пілігрымка, ці “хадж”, у Мекку ў традыцыйным ісламе.

3. Пілігрымка – гэта, у першую чаргу, адна з форм духоўнага дзеяння. Яе мэтай з’яўляецца злучэнне чалавека з Богам, або, як вельмі добра гэта акрэслівае Праваслаўная Царква, “стяжание Святого Духа”. Гэтыя словы азначаюць тое, што моцаю Духа Святога, на якога асаблівым чынам людзі адкрываюцца падчас пілігрымкі, мы прыпадабняемся Богу і імкнёмся стаць дасканалымі, як дасканалы ёсць наш нябесны Айцец.

У пілігрымку чалавек ідзе па прычынах духоўнага парадку. Ён свядома вырывае сябе са штодзённых заняткаў і мітусні, з бытавой руціны, з той прасторы, у якой ён звычайна жыве, і прысвячае нейкі час Богу.

Раней людзі месяцамі і нават гадамі ішлі пешшу. У наш час захаваліся пешыя пілігрымкі, хаця ўсё часцей практыкуюцца пілігрымкі самалётам, цягніком, аўтобусам, аўтамабілем і г.д. Але, нягледзячы на гэта, сутнасць пілігрымкі не змяняецца. Менавіта для “здабычы Духа” людзі ў пілігрымцы моляцца і захоўваюць пэўную культуру паводзін, каб унутрана падрыхтавацца да сустрэчы са святыняй. Падчас пілігрымкі павінна адбыцца духоўная трансфармацыя чалавека на яго шляху да Бога.

4. Дарагія пілігрымы, перад вамі 125 кіламетраў дарогі да будслаўскай святыні. Але наша жыццё – гэта таксама пілігрымка, якая вымяраецца пражытымі гадамі. Як можна заблудзіцца ў дарозе, таксама можна заблудзіцца і ў жыццёвай пілігрымцы. Каб не заблудзіцца ў дарозе, мы карыстаемся мапай, компасам, а ў наш час усё часцей GPS-ам. Бог нам таксама даў сваю мапу, компас і GPS, якія вядуць нас па духоўным падарожжы. Гэта дзесяць Божых запаведзяў, Святое Евангелле, навучанне і Традыцыя Касцёла. Яны не падвядуць і не дазволяць заблудзіцца. Яны дапамогуць так пражыць жыццё, каб потым разам са святым апосталам Паўлам сказаць: бег завяршыў, веру захаваў, і мяне чакае Божая ўзнагарода.

5. Наперадзе пілігрымкі пойдзе крыж – знак нашай веры. Нашы дзяды і прадзеды аддавалі сваё жыццё за крыж, і сёння, падчас Году веры, мы павінны ўшаноўваць крыж, бо на ім здзейснілася збаўленне свету і ён ёсць знакам нашай надзеі.

Сусветны дзень моладзі ў 1993 г. адбываўся ў ЗША ў г. Дэнвэр. Памятаю, як падчас Крыжовага шляху на стадыёне нечакана распачалася бура. Здавалася, што вельмі моцны вецер паваліць крыж. Імгненна некалькі юнакоў з трыбунаў кінуліся на поле стадыёну і моцна трымалі крыж, каб вецер яго не паваліў. Гэта было вельмі сімвалічна.

Буры секулярызму хочуць знішчыць крыж, як сімвал нашай веры. Не дазвольма гэтага ўчыніць. Марыя разам з апосталам Янам стаяла пад крыжам падчас самай вялікай буры, сапраўднага тарнада, калі на ім паміраў Збаўца свету. Марыя і цяпер стаць пад крыжам. Яна таксама стаіць і пад крыжам Беларусі. Мы павінны стаць сучаснымі апосталамі Янамі і быць разам з Ёю, каб у гэты гістарычны і адказны час нашага асабістага жыцця і жыцця нашага грамадства захаваць веру і ёю жыць.

Марыя, наша Маці Будслаўская, міласціва паглядзі на гэтых пілігрымаў, выпрасі ім у свайго Сына Езуса Хрыста ласку вытрывання як у пілігрымцы да Твайго трону ў Будславе, так і ў пілігрымцы свайго жыцця, каб не адракліся ад крыжа і, моцныя вераю, надзеяю і любоўю, з ім ішлі праз сваё жыццё. Амэн.

Адноўлена 01.07.2013 10:11
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі