Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Iмшы ў межах пастырскай сустрэчы

17 верасня 2015 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы!

1. Сёння Каталiцкi Касцёл успамiнае св. Робэрта Бэлярмiна, якi жыў у XVI-XVIІ стагоддзi i быў адным з найбольш вядомых касцёльных iнтэлектуалаў свайго часу, асаблiва адзначаўся абаронай каталiцкай веры ў часы буйной рэфармацыi. Мiж iншым, ён заснаваў Духоўную семiнарыю ў Рыме.

Святы Апостал Павел у сённяшнiм першым чытаннi, узятым з Першага паслання да Цiмафея, вельмi добра прадстаўляе фiгуру пастыра i яго заданнi. Нагадваючы аб неабходнасцi абвяшчаць пасланне Хрыста, апостал язычнiкаў разважае пра Касцёл i квалiфiкацыю яго лiдараў. Ён павучае маладога Цiмафея, каб адважна выконваў даверанае яму Богам заданне.

Евангелле паказвае, як Езус можа быць суровым з ганарлiвымi i адначасова мiласэрным з тымi, хто шкадуе за свае грахi i чынiць добрыя ўчынкi. Яно прадстаўляе вельмi прыгожую парабалу аб прабачэннi, аб чым чалавек у наш час забываецца. Езус прабачае грэшнай жанчыне, якая шкадуе за свае грахi, але адначасова дае надзею ганарлiвым, бо i яны могуць навярнуцца i стаць на шлях жыцця ў Божай ласцы. Гэтым самым Езус нагадвае аб першынстве любовi. Божая любоў нас збавiла i мы, святары i кансэкраваныя асобы павiнны яе абвяшчаць людзям, ставiць яе ў цэнтры нашага жыцця.

2. Мы не iдзём у госцi, калi нас нiхто не запрашае. Езус быў запрошаны ў госцi адным фарысеем. Аднак у дом фарысея прыйшла грэшная жанчына, якую нiхто не запрашаў. Яна прыйшла, каб шкадаваць за свае грахi i служыць Езусу. Яна выканала тое, чаго не выканаў гаспадар. Паводле габрэйскай традыцыi ён павiнен быў даць госцю вады, каб той абмыў свае ногi i рукi.

Вядома, што ў гарачым клiмаце Палесціны шмат пылу i перад пасiлкам неабходна абмыць рукi, каб адчуваць сябе канфортна. Гаспадар гэтага не ўчынiў, за што Езус яго дакарае. Грэшная ж жанчына сваiмi слязьмі абмыла ногi Езуса i памазала іх пахучымi алеямi. Гэта быў знак яе вялiкай любовi i адначасова жалю за свае грахi. Езус годна ацанiў гэты жэст жанчыны. Яна адчувала прабачаючую любоў Бога i такiм чынам адудзячыла Езусу.

3. Паслуга жанчыны з’яўляецца вобразам нашага жыцця як тых, якiя следуюць за Езусам i Яго абвяшчаюць iншым. Падобна як гэтая грэшная жанчына, таксама i мы атрымалi шмат ласкаў ад Бога. За гэтыя дары мы павiнны адудзячыць Яму падобнай любоўю. Евангелле натхняе нас служыць Богу так, як Ён служыць нам. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у энцыклiцы Deus caritas est  вучыць, што апагеем любовi Бога да чалавека была дабравольная смерць Езуса на крыжы i мы павiнны адудзячыць Богу такой жа любоўю.

Грэшная жанчына з сённяшняга Евангелля паказвае нам, як трэба прыняць Божую ласку i як адудзячыць Богу за яе. Яна была незапрошаным госцем у доме фарысея, але дзякуючы любовi да Хрыста стала ўдзельнiкам гэтага прыёму.

Як шмат людзей адчуваюць сябе пакiнутымi, баяцца наблiзiцца да эўхарыстычнага стала Пана i гадамi адчуваюць голад Божай ласкi. Нашым заданнем ёсць дапамагчы iм перамагчы самiх сябе i збурыць бар’еры, якiя аддзяляюць iх ад Бога.

4. Святы Бэлярмiн прысвяцiў сваё жыццё абароне каталiцкай веры. Сёння мы ўсе паклiканы баранiць яе ад эрозii секулярызму i маральнага рэлятывiзму. Мы добра ведаем, як шмат крызiсаў перажывае сучасны свет i асаблiва сям’я.

Праз два тыднi пачнецца чарговы Сiнод Бiскупаў на тэму мiсii сям’i ў Касцёле i свеце. Не сакрэт, што ў Касцёле ёсць шмат меркаванняў на тэму сям’i. Сярод iх тыя, якiя моцна стаяць на прынцыпах Евангелля i традыцыйнага вучэння аб сям’i. Але ёсць i тыя, якiя жадаюць аддзялiць дактрыну ад практыкi.

На маю думку, гэта згубны шлях, якi будзе весцi да пратэстантызму i не вырашыць праблемы, як яна не вырашана ў пратэстанцкiх супольнасцях. Мы добра ведаем, што кожная машына павiнна працаваць паводле канкрэтных прынцыпаў. Напрыклад, дызельны матор не будзе працаваць на бензiне. Таксама i чалавек павiнен жыць не толькi паводле бiялагiчных прынцыпаў, але i паводле духоўных, бо iнакш настане катастрофа. Нездарма прэфект Кангрэгацыi Веравучэння кардынал Герхард Мюлер перасцерагае перад тым, што мы знаходзiмся на парозе новай схiзмы.

Пяць стагоддзяў таму св. Робэрт Бэлярмiн мужна супрацiўляўся схiзме. Сёння Касцёл патрабуе пастыраў фармату гэтага святога, каб мужна абвяшчаць не толькi Слова Божае, але і закладзеныя ў iм маральныя прынцыпы.

Няхай жа наша служэнне людзям будзе служэннем мiласэрнасцi з захаваннем Божага права. Бо калi мы будзем толькi нагадваць аб мiласэрнасцi, не зважаючы на захаванне Божага закону, то будзем падобныя да тых, хто перавязвае рану бiнтом, не паклаўшы на яе адпаведныя лекі, што можа прывесцi да пагаршэння хваробы.  

Папа Францiшак кажа, што Касцёл павiнен быць палявым шпiталем. Мы паклiканы быць лекарамi ў гэтым шпiталi. Няхай дзякуючы нашаму служэнню ў iм раны духоўна хворых людзей будуць не толькi перавязаны бiнтом, але і памазаны лекамі Божай мiласэрнасцi, якая вылечыць чалавека, як вылечыла грэшную жанчыну, i заахвоцяць за любоў Бога адудзячыць любоўю да Яго i блiжнiх. Амэн.

Адноўлена 17.09.2015 12:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі