Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Мінскі архікатэдральны касцёл, 8 снежня 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Святы Айцец благаслаўлёны Пій IX 8 снежня 1854 г. аб’явіў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі як праўду нашай веры. Пры гэтым ён падкрэсліў, што моцаю будучых заслуг Езуса Хрыста Марыя ад свайго зачацця была свабодна ад першароднага граху. Такое рашэнне Папы ішло ў разрэз з культурай сярэдзіны XIX стагоддзя. Ідэя, што чалавецтва ў самым пачатку свайго існавання перажыло катастрофу, у выніку якой засталося па-за сферай святасці і было накіравана на самазнішчэнне, выглядала супярэчнай агульным тэндэнцыям таго часу.

У сярэдзіне XIX стагоддзя філосафы гаварылі аб нязменнасці прагрэсу чалавецтва аж да дасягнення поўнай дасканаласці без Бога. Літаратура таго часу ўсхваляла натуральнае дабро, сілу і крэатыўнасць чалавечай энергіі. Дарвін прадставіў нічым не пацверджаную тэорыю эвалюцыі аб паступовым удасканаленні форм жыцця на зямлі.

У такім кантэксце ідэя першароднага граху ўспрымалася як перажытак сярэднявечча. На гэтыя і падобныя выклікі таго часу Касцёл адказаў прыняццем дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, паводле якога толькі адна асоба была без першароднага граху – Марыя.

2. У наш час, напэўна, лягчэй прыняць праўду аб першародным граху, які дэфармаваў чалавечую прыроду і ўчыніў яе падданай граху. Нягледзячы на сапраўды ашаламляльныя дасягненні ў галіне навукі і тэхналогіі, чалавецтва, як здаецца, імкнецца да самазнішчэння. Эканамічны крызіс, праблемы экалогіі і тэрарызму, адыход ад веры, неўмеркаванае імкненне да багацця і задавальненняў, жыццё без акрэсленай мэты, асабліва ў моладзі, крызіс сям’і і многае іншае з’яўляюцца найлепшым пацвярджэннем гэтага.

Праўда аб Беззаганным Зачацці Марыі вучыць нас аб універсальнасці як першароднага граху, так і збаўлення. Першародны грэх, ад якога было захавана Марыя, з’яўляецца тым самым грахом, ад якога мы былі збаўлены ў сакрамэнце хросту. Божая ласка, якую Яна спазнала, з’яўляецца той самай ласкай, якую мы атрымліваем у сакрамэнце хросту. Таму ўрок сённяшняга свята заключаецца ў тым, што мы маем патрэбу ў Беззаганна Зачатай Марыі ў нашым жыцці, каб памятаць, кім ёсць Хрыстус і кім мы з’яўляемся.

3. А мы з’яўляемся грэшнікамі і маем патрэбу ў навяртанні. Нездарма першымі словамі, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў, былі наступныя: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Гэта не што іншае, як праграма жыцця кожнага чалавека. Праз навяртанне чалавек атрымлівае страчаную Божую ласку. Гэта не што іншае, як дар бязмежнай Божай міласэрнасці.  

Божая міласэрнасць з’яўляецца самай галоўнай прыкметай Бога. Бог стварыў чалавека з-за любові да яго самога. Калі чалавек не паслухаў свайго Створцу і супрацьпаставіўся яму, то Бог, справядліва караючы яго, адначасова паабяцаў паслаць Збаўцу. На працягу доўгага часу першага гістарычнага Адвэнту Ён пасылаў каралёў і прарокаў, каб кіравалі Выбраным народам і вялі яго шляхам Божага закону. А калі прыйшла паўната часу, Ён паслаў свайго Сына, які крыжовай смерцю і ўваскрасеннем збавіў чалавека і адкрыў зачыненыя з часоў Адама і Евы брамы неба. Нявінны збавіў вінаватага. Гэта не што іншае, як кульмінацыйны пункт любові Бога да чалавека.

У рэалізацыі Божага плану збаўлення ключавая роля належыць Марыі, бо справу збаўлення чалавека Бог абумовіў згодай чалавека. І Марыя не падвяла Бога. Такім чынам бязмежная Божая міласэрнасць змагла рэалізавацца дзякуючы Марыі.

4. Таму невыпадкова Святы Айцец Францішак менавіта сённяшні дзень ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі выбраў для распачацця Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці. Папа называе Марыю Каўчэгам Запавету паміж Богам і людзьмі і Маці міласэрнасці. Сёння Касцёл таксама адзначае 50-годдзе завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, які для нашага часу з’яўляецца сапраўдным знакам Божай міласэрнасці.

Галоўная мэта Юбілейнага Года – спатканне чалавека з Міласэрным Богам i спазнанне Яго бязмежнай любові. Ён пакліканы спрыяць умацаванню веры людзей i іх хрысціянскага сведчання.

Тэмай гэтага года Святы Айцец абраў словы “Міласэрныя, як Айцец”. Мы добра ведаем евангельскі аповед пра марнатраўнага сына, які прагуляў атрыманую ад бацькі маёмасць і застаўся ні з чым. Аднак ён знайшоў у сабе сілы сказаць: “Устану і пайду да майго айца”. Бацька яго сустрэў з любоўю і дараваў яму правіны. Ён радаваўся, што яго сын, які духоўна памёр, ізноў ажыў.

Таксама наш нябесны Айцец радуецца з кожнага навяртання. Ён нікога не адвяргае, але цярпліва чакае, калі вернемся да Яго. Мы часта не ведаем, як звярнуцца да Бога. Некаторыя кажуць: я так шмат награшыў, што Бог мне не даруе. Гэта не так. Неабходна толькі даверыцца Богу, кінуцца ў абдымкі міласэрнага Езуса. А калі мы не адважваемся гэтага ўчыніць, то звернемся да Марыі. Яна – найкарацейшы шлях да Яе Сына і нашага Збаўцы, міласэрнага Езуса.

5. Міласэрнасць застаецца вялікай Божай таямніцай. Будучы знакам Яго ўсемагутнасці, яна ўсё яшчэ з’яўляецца вялікім скандалам у чалавечым асяроддзі, бо мы не ўмеем прабачаць і дараваць правіны іншым, жадаем, каб вінаватыя перад намі нас першымі перапрасілі.

Сёння Касцёл распачынае Год Міласэрнесці, які павінен стаць годам спачування, прабачэння і навяртання. У гэты час знакам, па якім іншыя будуць нас распазнаваць, павінна стаць любоў, якая не стамляецца прабачэннем. Гэты час павінен змяніць нас, бо вакол сябе мы бачым так шмат людзей, якім вінаваты міласэрнасці. Выкарыстаем яго належным чынам, каб узаемная любоў і згода запанавалі ў нашым асяроддзі.

Дзякуючы Богу за дар Юбілейнага Года, які распачынаецца, даверым яго Марыі – нашай духоўнай Маці і Маці Міласэрнасці: вядзі нас да свайго Сына, не дазволь нікому загінуць, дапамажы адпаведным чынам выкарыстаць гэты час ласкі, каб вярнуцца да Бога, умацаваць нашу веру, надзею і любоў з мэтай будаваць новае, напоўненае Божай ласкай і чынамі міласэрнасці, жыццё на гэтай зямлі і ісці шляхам, які вядзе да вечнага жыцця. Амэн.

Адноўлена 08.12.2015 17:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі