Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў межах аплаткавай сустрэчы з дзецьмі

26 снежня 2015 г., Мінск, парафія Св. Яна Хрысціцеля

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія дзеці!

1. Мы перажываем радасныя свята Божага Нараджэння, якога асабліва чакалі дзеці. Яслі з Немаўляткам Езусам, ёлка, святочныя набажэнствы, вясёлыя калядкі, дзяленне аплаткай і, канешне, – падарункі. Усё гэта робіць гэтае свята непаўторным і нават містычным.

Ужо чарговы раз традыцыйна мы збіраемся ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля на аплатковую сустрэчу з дзецьмі. Я дзякую пробашчу парафіі і яго супрацоўнікам, якія нас запрашаюць сюды. Пасля Імшы ў салезіянскім цэнтры адбудзецца вясёлая святочная праграма і дзяленне аплаткай. Напэўна, нас чакае не адзін сюрпрыз, як гэта бывала заўсёды.

2. Калі мы параўнаем учарашняе набажэнства ў першы дзень святаў Божага Нараджэння з сённяшнім, у яго другі дзень, то, напэўна, убачым вялікую розніцу. Калі ўчора літургічныя адзенні святара былі белымі ці залатымі, то сёння яны чырвоныя. Трэба адзначыць, што колер літургічных адзенняў мае сімвалічнае значэнне. Белы ці залаты нагадвае пра тое, што Касцёл адзначае прысвечанае Езусу, Марыі, Юзафу ці іншаму святому-немучаніку свята, а чырвоны – калі ўспамінае мучаніка.

Учора мы радаваліся з нараджэння Збаўцы, сёння ўспамінаем мучаніцтва першага мучаніка святога Стэфана, дыякана. Вось чаму мы бачым вялікі кантраст паміж першым і другім днём святаў Божага Нараджэння. Устанаўліваючы ў такім парадку набажэнствы, Касцёл вучыць нас фундаментальнай праўдзе аб тым, што мы не можам быць абыякавымі адносна Езуса Хрыста. Неабходна зрабіць выбар.

Са Святога Пісання мы ведаем, што не ўсе ўзрадаваліся нараджэнню Езуса. Таму, выбіраючы дарогу Евангелля, мы таксама павінны лічыцца з неразуменнем і непрыняццем тых, якія, як цар Ірад, бачаць у Сыне Божым пагрозу сабе. Сапраўды, як кажа святы Ян евангеліст, Слова прыйшло да сваіх, але свае Яго не прынялі.

3. Поўны Святога Духа, дыякан Стэфан з такой моцай абвяшчаў праўду пра Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага, што нават вучоныя і фарысеі не маглі яго слухаць. Менавіта таму яны выкінулі яго з горада і забілі камянямі. Стэфан, аднак, меў мацнейшы за камень аргумент: ён прабачыў сваім забойцам і маліўся Богу, каб не залічыў ім гэтага граху.

Прабачэнне – гэта апошняе слова, якое вымавіў святы Стэфан на зямлі. Яно супадае з апошнімі словамі Хрыста на крыжы, калі Ён таксама прасіў свайго Нябеснага Айца, каб дараваў правіны тым, хто Яго ўкрыжаваў. Падобна таму, як Хрыстус перамог, таксама перамог і святы Стэфан, а не тыя, хто кідаў у яго камянямі.

Такіх людзей заўсёды патрабаваў свет і патрабуе сёння, бо неабходна ведаць Божую праўду, ёю жыць, яе абвяшчаць і бараніць, а таксама любіць тых, хто нас не любіць, а можа, нават ненавідзіць.

4. Таму постаць святога Стэфана вельмі добра ўпісваецца ў праграму Года Божай Міласэрнасці, які пачаўся нядаўна. Папа Францішак заклікае нас не да асуджэння, але да прабачэння. Прыклад прабачэння нам даў Езус і святы сённяшняга дня мучанік дыякан Стэфан.

Прабачэнне з’яўляецца вельмі важнай справай у жыцці хрысціяніна. Напэўна, нялёгка прабачыць таму, хто нам учыніў нешта нядобрае. Мы ўсе аб гэтым вельмі добра ведаем. Асабліва добра аб гэтым ведаюць дзеці. Як цяжка прабачыць, калі сябар ці сяброўка смяюцца з нас, калі абгаворваюць, калі гавораць пра нас няпраўду, калі без нашага дазволу штосьці ў нас возьмуць і г.д. Тады мы злуемся на іх, можа, жадаем ім зла, а можа, нават кідаемся на іх з кулакамі. Такія сцэны можна ўбачыць у нашых дварах, на спартыўных пляцоўках, у школах і г.д.

Яны не ўпрыгожваюць нашага жыцця. Ніхто не кажа, што прабачыць – гэта лёгка. Аднак, як вучыць святы Ян Павел II, прабачэнне з’яўляецца не слабасцю, але вялікай сілай. Тут неабходна перамагчы не суперніка, але самога сябе, што вельмі цяжка.

5. Дарагія дзеці!

Езус прыйшоў у гэты свет, бо палюбіў нас і нават за нас і наша збаўленне аддаў сваё жыццё на дрэве крыжа. Мы сёння спяшаемся да ялінкі і сузіраем Немаўлятка Езуса, які нарадзіўся ў халодным хляве, хаця быў Богам. Яму было холадна і няўтульна, але Ён не скардзіўся, бо палюбіў нас. Таксама і вы павінны любіць адзін аднаго, вашых бацькоў, дзядулю і бабулю, братоў і сясцёр, сяброў і сябровак, любіць кожнага чалавека.

Я ўпэўнены, што вы добра ведаеце гісторыю нараджэння Езуса ў бэтлеемскай стайні сярод хатніх жывёлаў. Так адбылося таму, што ў гатэлі ў Бэтлееме не было месца для Марыі і Юзафа, якія прыйшлі ў гэты горад на перапіс насельніцтва.

Напэўна, у вашых парафіях вы будзеце прымаць удзел у тэатралізаваных прадстаўленнях пра Божае Нараджэнне, у так званых ясельках. Дык вось, аднойчы дзеці рыхтавалі такое прадстаўленне. Адзін з хлопчыкаў атрымаў ролю гаспадара гатэля. Ён павінен быў сказаць толькі два словы: “Няма месца”, - вывучыў іх на памяць вельмі добра і мог паўтарыць у любую хвіліну.

У вызначаны дзень пачалося прадстаўленне. У гатэль прыходзяць Марыя з Юзафам і просяць пусціць іх пераначаваць. Хлопчык, які павінен быў сказаць: “Няма месца”, так усхваляваўся, што забыўся. Ён пачынаў некалькі разоў, але нічога не выходзіла. Каб уратаваць сітуацыю, Марыя з Юзафам пачалі выходзіць. Тады хлопчык удагонку ім закрычаў: “Вяртайцеся, у гатэлі шмат свабодных месцаў”. Ён аказаўся міласэрным і любячым хлопчыкам.

Таму, дарагія дзеці, па прыкладу святога Стэфана і гэтага хлопчыка любіце бліжніх і прабачайце ўсім, а Езус будзе ў вашых сэрцах, Ён будзе вам благаслаўляць і зробіць шчаслівымі. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі