Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана | Друк |

Адэльск, 6 студзеня 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія адэльчане, мае землякі!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш папулярных святаў, вядомых нам як Тры Каралі. На самой справе гэта ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, бо нованароджаны Збаўца свету ў асобах трох каралёў аб’явіўся язычнікам. Гэтае свята таксама нагадвае пра ўніверсальнасць збаўлення, да якога пакліканы не толькі Выбраны народ, але і ўсе людзі.

Урачыстасць Аб’яўлення Пана звязана з рознымі народнымі звычаямі, прадстаўленнямі, забавамі і, канешне, з калядаваннем. У гэтае свята Касцёл традыцыйна асвячае крэйду, якой мы пазначаем дзверы нашых памяшканняў. Звычайна мы пішам тры літары “К+М+Б”, якія традыцыйна азначаюць імёны трох каралёў: Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. Аднак калі іх напісаць у лацінскай транскрыпцыі: “C+M+B”, то атрымаем скарот вельмі сэнсоўнага сказа: “Christus mansionem benedicat” – “Хрыстус благаславіць памяшканне”.

2. Урачыстасць Аб’яўлення Пана мае вельмі вялікі духоўны сэнс. У першым чытанні прарок Ісая заклікае ўстаць і свяціцца, бо ўзышло святло. Гэтыя словы прарока Ісаі адносяцца да Нараджэння Хрыста, той гістарычнай падзеі, якая стала пачаткам новай эры, у якой Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, каб яе змяніць і ўчыніць новай.

Урачыстасць Аб’яўлення Пана захапляючая, бо нагадваве нам аб новым спосабе ўваходу Бога ў гісторыю як паасобных людзей, так і чалавецтва. Тры каралі, а на самой справе тры мудрацы ці астраномы з Усходу, убачылі на небе новую зорку, якая прывяла іх у Бэтлеем да нованароджанага Збаўцы. Гэтая ж самая зорка крыху раней прывяла туды пастухоў, якім анёл абвясціў аб Нараджэнні Збаўцы.

Тут неабходна падкрэсліць, што тры каралі былі здольнымі прачытаць натуральныя знакі, каб па іх адчытаць спаўненне Божага аб’яўлення.

3. Адзін місіянер распавядае пра сваё служэнне ў Гватэмале ў Паўднёвай Амерыцы і ў Судане ў Афрыцы. Там ён вельмі любіў назіраць за ўсеяным зоркамі небам. Хтосьці скажа, што не трэба ехаць у Паўднёвую Амерыку ці Афрыку, каб дзівіцца прыгажосці ўсеянага зоркамі неба. Гэта праўда. Аднак іншая праўда ў тым, што ў паўднёвай гэмісферы неба значна больш цёмнае, і таму зоркі свецяць ярчэй.

Так ці інакш, гэты місіянер вельмі прыгожа распавядае пра свой досвед. У мясцовасці, дзе ён жыў, электрычнае асвятленне вуліц уключалі рэдка, што было яшчэ адным аргументам бачыць прыгажосць зорнага неба.

Маючы на ўвазе сённяшняе Евангелле, якое нагадвае пра тое, што зорка прывяла трох каралёў у Бэтлеем, гэты місіянер прыйшоў да вельмі важнай высновы. Для трох каралёў неба было як быццам кніга, якую яны выдатна чыталі і рабілі адпаведныя высновы з яе.

Далей гэты місіянер кажа, што паўднёваамерыканскія і суданскія фермеры таксама ўмеюць вельмі добра чытаць знакі на небе. Па размяшчэнні зорак і святлу луны яны ведаюць, калі трэба сеяць і збіраць ураджай. Агранамія там яшчэ не вельмі развіта, але яе недахоп яны кампенсуюць ведамі аб залежнасці палявых прац ад знакаў на небе.

4. Напэўна, і ў нашай краіне ў былыя часы людзі, чытаючы кнігу прыроды, таксама маглі сказаць, якое будзе надвор’е і ці прыйшоў час сеяць. Сучасны чалавек жыве ў больш індустрыяльным свеце і не звяртае ўвагі на тую інфармацыю, якую дае нам прырода, і не выкарыстоўвае яе пры прыняцці важных рашэнняў.

Усім вядома, што Пінскія балоты – гэта лёгкія Еўропы. Аднак калі па загадзе партыі іх асушалі, каб мець больш пладародную зямлю, то на гэта не звярталі ўвагі. І што цяпер маем? Калі стаіць засуха, то пры моцным ветры там здараюцца чорныя пясчаныя буры. Замест таго, каб быць лёгкімі Еўропы, былыя ўжо балоты сталі палескай Сахарай.

У Казахстане ў 50-х гадах мінулага стагоддзя таксама па загадзе партыі ў пагоні за ўраджаем узаралі цаліну. Але не прынялі да ўвагі тое, што ў стэпе пастаянна дзьмуць ветры, якія з часам вывеялі ўвесь чарназём, што прывяло да абяднення гэтых земляў. А дастаткова было толькі аднаго: трэба было пасадзіць лясныя палосы, якія ўстрымлівалі б вецер, каб прадухіліць буры.

5. Сучасны чалавек у пагоні за прыбыткам заігрывае з прыродай і не чытае яе знакаў, што вядзе да экалагічнай катастрофы. Але ёсць яшчэ і  праблема экалогіі душы. Чалавек не чытае знакаў часу. Мы не бачым знакаў, аб якіх нагадвае ў сённяшнім першым чытанні прарок Ісая. Настаў новы час, час, асветлены ніколі не заходзячым сонцам, імя якому Езус Хрыстус. Мы не бачым Яго і жывём у цемры.

Гісторыя трох каралёў нагадвае нам пра тое, што Бог змяніў звычайны бег гісторыі. Тры вучоныя і багатыя чалавекі пераадолелі далёкі і небяспечны шлях, каб толькі паклаціцца Дзіцяці, якое нарадзілася ў беднай сям’і, на якую ніхто не звяртаў увагі і падобных якой было мноства. Падобна ім бедныя пастухі таксама дасягнулі такой жа годнасці. А ў той жа час Ірад, які, як трэба было б спадзявацца, павінен быў быць першым у бэтлеемскім гроце, застаўся ў цемры.

6. Гісторыя трох каралёў нагадвае нам аб тым, што мы, людзі ўжо XXI стагоддзя, наогул з добрай адукацыяй, тым не менш павінны яшчэ многаму вучыцца. Перадусім мы павінны навучыцца чытаць знакі часу, якія нам паказваюць дарогу да нашага Бэтлеема, дзе і сёння прыходзіць да нас Збаўца. У падзеях гісторыі, як на небасхіле, мы павінны бачыць новыя зоркі, якія нас вядуць да Хрыста.

Няхай жа сённяшняе свята ўспрымаецца намі як не толькі вядомае прыгожымі традыцыямі, але і стане прадусім святам закліку прачнуцца і следаваць за Бэтлеемскай зоркай, якая свеціць у цемры секулярнага свету, каб адшукаць дарогу да Збаўцы.
 
7. З Божай ласкі тры дні таму я адзначыў 70-годдзе. Сёння ў сваёй роднай парафіі гэтай святой Імшой дзякую Богу за сем дзесяцігоддзяў жыцця, падчас якога Божы Провід дазволіў мне выконваць святарскія і біскупскія абавязкі ў Літве, Беларусі, Расіі і ізноў у Беларусі.

Для гэтага не дастаткова было скончыць семінарыю. Неабходна мець моцныя хрысціянскія карані, а таксама неабходна простая чалавечая і хрысціянская фармацыя, што і атрымаў тут, у Адэльску. Сёння дзякую бацькам за перададзены мне Божы дар жыцця і за хрысціянскае выхаванне ў тыя цяжкія часы атэізму. Дзякую трагічна памерлай сястры за яе прыклад захавання веры і клопату аб каталіцкім выхаванні сваіх дзяцей, за дапамогу мне і малітву ў маёй інтэнцыі. Дзякую тым, хто пазітыўна ўплываў на маю фармацыю – святарам, кансэкраваным асобам, выкладчыкам і г.д.

Асабліва хачу падзякаваць адэльскай парафіі. Яна заўсёды была і застаецца для мяне той Бэтлеемскай зоркай, якая вяла і працягвае весці да Езуса.

Дарагія землякі, цаніце моцна гэты дар быць адэльчанінам і будзьце годнымі нашчадкамі сваіх продкаў, якія не прамянялі веры на матэрыяльныя каштоўнасці ці на лепшую пасаду, але засталіся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. І няхай Бэтлеемская зорка нашай парафіі нам усім заўсёды свеціць і вядзе да Хрыста. Амэн.

Адноўлена 06.01.2016 21:49
 
© 2003-2024 Catholic.by