Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на V Звычайную нядзелю, Год С

Мінскі архікатэдральны касцёл, 7 лютага 2016 г.

Магу ўсё ў Езусе Хрысце

Глыбокапаважаныя браты i сёстры!

1. Цэнтральнай тэмай усіх сённяшніх чытанняў з’яўляецца тэма цудоўнага Божага паклікання і станоўчага адказу на яе. Паводле сённяшняга Божага слова, пакліканне складаецца з трох ступеняў: аб’яўленне Бога пакліканай асобе, распазнанне і прызнанне ёй нягоднасці быць пакліканай, запэўненне Бога ў пакліканні і заклік прыняць удзел у Ягонай місіі.

Сённяшнія чытанні вучаць нас аб тым, што Бог мае свае крытэрыі, паводле якіх выбірае прарокаў ці апосталаў. Прадстаўляючы гісторыю паклікання Ісаі, Паўла і Пятра, Святое Пісанне таксама заклікае нас звярнуць увагу на наша пакліканне і навяртанне.

Бог выбірае прарока Iсаю, апосталаў Пятра i Паўла да спецыяльнай мiсii. Але ўсе трое ў сваей пакоры адмаўляюцца, кажучы, што не годныя для выканання гэтага Божага задання. Аднак Бог не паддаецца i ўсім траім дае тое, чаго iм не хапала, а менавiта ласку адвагi iсцi за Ягоным голасам. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што дзякуючы хросту ўсе мы пакліканы да служэння Богу.

2. Першае чытанне прадстаўляе Iсаю, якi у святынi спазнаае прысутнасць Бога. Ён Яго баiцца, бо, як сам кажа, яго вусны нячыстыя i таму не могуць абвяшчаць Божую праўду. Бог не пакiдае яго аднаго з яго сумневамі. Анёл распаленым вуглём ачышчае яго вусны. Гэта так моцна ўплывае на Iсаю, што на словы Бога: “Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля Мяне?” – ён усклiкае: “Вось я, пашлi мяне”.

Цудоўным чынам Саўл, ганiцель Касцёла, сустракае Хрыста па дарозе ў Дамаск. У вынiку гэтай нечаканай для Саўла сустрэчы Божая ласка чынiць з яго Паўла – апостала народаў. Ён прызнае, што не годны быць апосталам Хрыста, але iм становiцца дзякуючы Божай ласцы.

I, нарэшце, Пётр – просты галiлейскi рыбак Сымон. Ён меў цудоўны ўлоў рыбы пасля таго, як на прапанову Езуса закiнуў сеткi на глыбокiм месцы возера, хаця не верыў, што такое магчыма, бо лавiў усю ноч i нiчога не злавiў.

Але цуд стаўся. Пётр падае на каленi перад Езусам i кажа: “Адыйдзi ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны”. Аднак Езус з любоўю яму адказвае: “Не бойся, адгэтуль будзеш лавiць людзей”. Гэтыя словы былi такімі моцнымi i пераконваючымi, што ён пакінуў усё i пайшоў за Езусам, каб стаць не толькi Ягоным апосталам, але і быць першым сярод іх. Менавіта яму Езус даверыў ключы ад неба, i потым мучанiцкай смерцю ён пацвердзiў вернасць паклiканню.

3. Божае пакліканне з аднаго боку – гэта вялікі дар і ласка, aле з іншага яно не заўсёды сустракаецца з разуменнем і прыхільнасцю людзей.

Адзін з найбольш вядомых пратэстанцкіх прапаведнікаў нашага часу Біллі Грэм на пачатку свайго служэння прыбыў у маленькі гарадок, каб там абвяшчаць Евангелле. Жадаючы адправіць ліст, ён спытаў хлопчыка, дзе знаходзіцца паштовае аддзяленне. Калі хлопчык сказаў яму, Грэм падзякаваў і дадаў: “Калі вечарам прыйдзеш у царкву, то пачуеш, як трапіць у рай”. На што хлопчык яму адказаў: “Я не ўпэўнены” “Чаму?” – спытаў яго Біллі Грэм. “Таму што, калі вы нават не ведаеце дарогу да паштамта, то як вы можаце паказаць мне дарогу ў неба?” Такі лёс пакліканага. Калі габрэі не ўспрымалі Езуса і нават Яго пераследавалі, то няма чаго дзівіцца, што свет не заўсёды адэкватна ўспрымае святара і Божае слова, якое ён абвяшчае. Трэба памятаць, што ён пакліканы абвяшчаць не сябе, не сваё вучэнне, але Езуса.    

4. Кожная з сустрэч гэтых розных людзей – Ісаі, Пятра і Паўла – з Богам была выключнай, бо кардынальна змянiла iх жыццё. Iсая будзе мужна абвяшчаць Божае слова ў сваiм асяроддзi, не зважаючы на тое, прымуць яго людзi цi не. Пётр i Павел стануць “лаўцамi людскiх душ” да канца сваiх дзён, аж да мучанiцкай смерці.

Як шмат разоў Езус iм казаў: “Адплывiце на глыбiню!” Як часта яны адчувалi сябе бяспечна не на беразе возера, але на глыбокай вадзе, бо там разам з iмi быў Езус! Яны даверыліся Езусу, і Ён ім дапамагаў ва ўсіх абставінах іх жыцця.

5. Я не здольны, не ведаю, як, баюся i г.д. Як часта мы можам сустрэць людзей, якiя баяцца адказнасцi! А як шмат сярод нас людзей, якiя вядуць двайное жыццё, кажуць, што вераць у Бога, а на самой справе такiмi не з’яўляюцца.

Што Касцёл можа iм прапанаваць? У святле вучэння Хрыста неабходна сказаць, што прыйшоў час перастаць думаць, што мы самі можам усё, i даверыцца Богу, якi дапаможа выканаць давераную нам мiсiю. Бог адорыць нас ласкай вяртання да нармальнага хрысцiянскага жыцця, да якога нас паклiкаў, i мы будзем здольныя выйсцi з залежнасцi i пакiнуць сiтуацыю, якая разбурае нашае жыццё.

У першым чытаннi мы чулi, як анёл узяў з агню распалены вугаль i iм ачысцiў вусны Iсаi. Цяжка нават уявiць, як было балюча яму. Таксама нялёгка дазволiць Богу кантраляваць наша жыццё. Але гэта благаслаўлёны цяжар.

6. Заклiк Езуса заўсёды звязаны з адплыццём на глыбiню. На мелкаводдзі рыбак не зловiць рыбы. Менавiта таму рыбацкiя караблi не ловяць рыбу каля берага, але плывуць на глыбiню. Падобна i сеткi нашага духоўнага жыцця будуць поўнымi Божай ласкi толькi тады, калi мы адмовiмся ад нашага камфортнага жыцця на беразе i выплывем на яго глыбiню.

Добрым прыкладам можа быць рашэнне Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла аб сустрэчы ў наступную пятніцу, 12 лютага, у Гаване. Нягледзячы на існуючыя праблемы ва ўзаемаадносінах, яны, заклапочаныя маральным становішчам сучаснага свету, выходзяць адзін аднаму насустрач, каб сумесна іх вырашаць.

Даверымся міласэрнаму Богу. Ён, як і ў выпадку з Iсаяй, ачышчае нас, даруе нам нашы грахi i недасканаласцi, якiя ўтрымлiваюць нас на беразе, падбадзёрвае i кiруе на глыбiню, каб мы маглі спазнаць дастатак Божай ласкі. Таму нам, як Пятру, не трэба баяцца пачуць словы Езуса: “Не бойся”. Няхай жа наша падарожжа з Езусам на глыбiню вядзе нас да такой дасканаласцi, што мы разам са святым апосталам Паўлам зможам казаць: “Дзякуючы Божай ласцы я з’яўляюся тым, кiм з’яўляюся, і ў Езусе Хрысце магу ўсё”. Амэн.         

Адноўлена 07.02.2016 16:16
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі