Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўрачыстасць святога Юзафа ў Валожыне

19 сакавіка 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з вельмi папулярных святаў – урачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, апекуна Езуса. Карыстаючыся нагодай, віншую ўсіх сённяшніх імяніннікаў Юзафаў і Юзафін, а таксама ўсіх вернікаў валожынскай парафіі Св. Юзафа, і жадаю ім заступніцтва нябеснага апекуна.

Адкуль мы ведаем аб святым Юзафе? Найбольш звестак пра яго даюць нам Евангеллі паводле св. апостала Мацвея і св. евангеліста Лукі, а таксама гісторыя Касцёла. З гэтых крыніц мы даведваемся, што святы Юзаф жыў у Назарэце, быў сталяром, абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі і апекуном Езуса.

2. Пасля заручын з Марыяй ён даведаўся, што Яна знаходзіцца ў благаслаўлёным стане. Таму, не жадаючы публічнага скандалу, вырашыў Яе ціха пакінуць. Аднак гэтаму яго плану перашкодзіў Бог, які паслаў яму ў сне свайго анёла. Божы пасланец пасвяціў Юзафа ў таямніцу Богаўцелаўлення, сказаў яму не баяцца ўзяць у свой дом Марыю, якая зачала ад Святога Духа і з якой народзіцца доўгачаканы Месія. Юзаф паслухаў анёла і ўзяў Марыю ў свой дом, як сваю жонку (пар. Мц 1, 18-21. 24).

Гэта ўсё нагадвае аб тым, што Юзаф быў выбраны Богам, каб адыграць вялікую ролю ў гісторыі збаўлення.

Святое Пісанне таксама акрэслівае святога Юзафа як “мужа справядлівага” (пар. Мц 1, 19), гэта азначае чалавека, які жыў паводле Божага права. Базуючыся на праўдзе аб дзявоцтве Марыі, трэба зрабіць выснову, што адносіны паміж ім і Ёю былі цнатлівымі.

3. Як вучыць нас Святое Пісанне, Юзаф, таксама як і кожны з нас, перажываў цяжкія хвіліны ў сваім жыцці. Калі ён разам з Марыяй пайшоў у Бэтлеем на перапіс насельніцтва, то прыйшоў Ёй час нарадзіць. Ён шукаў месца, дзе яна магла б нарадзіць, але, як кажа Евангелле, яго не знайшлося ў заездзе. Менавіта па гэтай прычыне Марыя нарадзіла Збаўцу свету ў простай стайні (пар. Лк  2, 1-7).

Калі цар Ірад даведаўся аб тым, што нарадзіўся Кароль свету, то загадаў забіць усіх малых дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Такім чынам ён хацеў пазбавіцца Езуса, бо ў Ім бачыў свайго канкурэнта, як Караля Юдэйскага. Ізноў Юзафу ва сне аб’явіўся анёл і сказаў уцякаць у Егіпет і заставацца там так доўга, пакуль будзе жыць Ірад. Юзаф паслухаў анёла. Уцякаючы ў Егіпет, ён паспрыяў захаванню жыцця Езуса, і паслядоўна да ажыццяўлення справы збаўлення свету (пар. Мц 2, 13-23).

Калі Юзаф з Марыяй пайшоў у Ерузалемскую святыню, каб паводле закону Майсея ахвяраваць Немаўля Езуса Богу, то старац Сімяон, прадстаўляючы Яго як збаўленне свету і хвалу ізраільскага народу, адначасова сказаў Марыі, што Яе сэрца праб’е меч. Гэта, напэўна, засмуціла таксама і Юзафа (пар. Лк 2, 22-35).

Апошні ўспамін аб святым Юзафе ў Бібліі адносіцца да адведзін Ерузалемскай святыні. Калі Езусу было 12 гадоў, Святая Сям’я здзейсніла штогадовую пілігрымку ў Святы Горад. Езус застаўся ў святыні. Зразумела, што Юзаф і Марыя Яго шукалі. Мы толькі можам сабе ўявіць, што яны тады перажывалі. Гэта быў цяжкі крыж, які яны павінны былі несці, і Юзаф тады павінен быў духоўна падтрымліваць Марыю (пар. Лк 2, 41-50).

4. Ва ўсходняй літургіі св. Юзафа пачалі ўспамінаць у IV стагоддзі, а ў заходняй – у VIII. У 1621 г. Папа Грыгорый XV пашырыў гэты ўспамін на ўвесь Касцёл. Папа Бэнэдыкт XIII у 1726 г. уключыў святога Юзафа ў Літанію да Усіх святых. І нарэшце благаслаўлёны Папа Пій IX у 1847 г. абвясціў святога Юзафа апекуном Касцёла. З гэтага ўсяго бачна, што культ святога Юзафа мае багатую гісторыю і дынамічна развіваўся ад пачатку хрысціянства.

Каталіцкі Касцёл прадстаўляе святога Юзафа прыкладам такіх цнотаў, як паслухмянасць Богу, вера, працавітасць, мужнасць, справядлівасць, чысціня, чыстая любоў, пакора, беднасць, цішыня, самакантроль і г.д. Святы Юзаф таксама з’яўляецца ўзорам мужнасці і бацькоўства.

Як асоба біблійная, святы Юзаф з’яўляецца кульмінацыяй Старога Запавету. Ён паслухмяны Божай волі. Як галава Святой Сям’і, ён быў адораны Богам выключнай ласкай і даверам, якія праявіліся ў тым, што Бог даверыў яго апецы Марыю і Езуса. Таму Каталіцкі Касцёл лічыць яго выключнай постаццю, вартай глыбокай пашаны і прыкладу. Святы Юзаф таксама лічыцца ўтаймавальнікам злых духаў.

5. Сённяшнія біблійныя чытанні нагадваюць нам аб тым, што святы Юзаф паходзіў з каралеўскага роду. Ён быў нашчадкам караля Давіда. Святы Юзаф нарадзіўся ў часы, калі габрэі не мелі караля, таму Юзафа можна лічыць некаранаваным каралём.

Узяўшы Марыю сабе за жонку і стаўшы апекуном Езуса, святы Юзаф як быццам адмовіўся ад свайго каралеўскага сану на карысць Езуса. Дзякуючы яму, будучы Валадаром Божага Валадарства, Езус легальна стаў сапраўдным Валадаром гэтага свету.

Калі мы кажам пра Божае Валадарства, то трэба памятаць аб тым, што гаворка ідзе пра два розныя Валадарствы. Найперш – Біблія выразна вучыць, што Бог з’яўляецца Валадаром свету. Так, у кнізе Самуэля Бог скардзіцца на тое, што Выбраны народ адрокся ад Яго як Валадара (пар. 1 Сам 8. 7). Аднак у часы Старога Запавету Бог выбіраў людзей, якія ад Яго імя кіравалі Божым Валадарствам на зямлі. І дзякуючы святому Юзафу гэты тып валадарства быў перададзены Езусу Хрысту.

6. Мы ведаем, што з-за граху нашых першых бацькоў духоўнае валадарства перайло ў рукі злога духа, які стаў князем гэтага свету. Аднак дзякуючы пасхальнай таямніцы Езус адрадзіў духоўнае валадарства Бога. Ён выразна кажа, што князь гэтага свету выкінуты вонкі (пар. Ян 12, 31).

Дзякуючы апецы святога Юзафа, Езус змог выканаць сваю місію збаўлення чалавека і адраджэння Божага Валадарства на зямлі.

7. Напэўна, сёння мы задаём сабе пытанне: а чаму Бог выбраў святога Юзафа, а не кагосьці іншага? Божыя планы не нашы планы, і мы не заўсёды разумеем іх да канца. Але адно ясна – што дзякуючы святому Юзафу здзейснілася збаўленне чалавека і было адроджана Божае Валадарства на зямлі.

Таксама Бог выбраў кожнага з нас для канкрэтнай місіі. І мы павінны браць прыклад са святога Юзафа, каб яе выканаць, каб дзякуючы нам Бог мог ажыццяўляць свой план. А для гэтага неабходна быць падобнымі да нашага святога апекуна – Юзафа. Найперш трэба быць “людзьмі справядлівымі”, гэта азначае тымі, якія жывуць згодна з Божай воляй.

Святы Юзэфе, наш апякун, паглядзі на сабраны тут верны народ. Ён застаўся верным Богу ў цяжкія часы ганенняў на веру. Выпрасі ў Бога ласку, каб ён заставаўся такім у наш цяжкі час адыходу ад Бога і маральных каштоўнасцяў. Амэн.

Адноўлена 19.03.2016 12:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі