Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы з нагоды 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

12 красавіка 2016 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

1. “Ты Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Мой Касцёл, і брамы пякельныя яго не перамогуць”. З гэтымі словамі Хрыстус звярнуўся да апостала Пятра. Яны з’яўляюцца фундаментальнымі ў эклезіялогіі і таксама выдатна ўпісваюцца ў гісторыю хрысціянства і Каталіцкага Касцёла на нашых землях. Яны нагадваюць пра тое, што Касцёл, нягледзячы на пераслед веры, розныя цяжкасці і крызісы, застанецца, бо Касцёл – гэта Хрыстус, які жыве ў часе і прасторы.

2. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца ўся гісторыя хрысціянства. Першыя тры стагоддзі яно пераследавалася вельмі жорстка, але не знікла, бо веру людзей умацоўваў Святы Дух. Два тысячагоддзі хрысціянства – гэта часы росквіту і ганенняў, таксама і на нашых землях.

Хрысціянства прыйшло на нашы землі напрыканцы X стагоддзя. Праз хрысціянскую культуру Беларусь увайшла ў еўрапейскую цывілізацыю. Разам з усходнім хрысціянствам развівалася і заходняе. На самым пачатку XI стагоддзя ў Тураве ўзнікла лацінская дыяцэзія. Напрыканцы XII cт. было заснавана Ліёнскае (Рыжскае) біскупства, якое мела вялікі ўплыў на беларускія і літоўскія землі, так што ўзнікла Навагрудская кафедра. Напрыканцы XIV cт. была заснавана Віленская дыяцэзія, якая ахоплівала вялікую частку Беларусі. У 1773 г. царыца Кацярына ІІ без згоды Апостальскага Пасаду заснавала Беларускую дыяцэзію, якая была прызнана Папам праз дзесяць гадоў, калі была заснавана Магілёўская архідыяцэзія. У 1798 г. была заснавана Мінская дыяцэзія.

3. Аднак пасля другога раздзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. пачаўся жорсткі пераслед каталіцызму. У 1869 г. была ліквідавана Мінская дыяцэзія, яе тэрыторыя далучана да Віленскай, а ў 1883 г. – да Магілёўскай дыяцэзіі.

Пасля Талерацыйнага дэкрэту цара Мікалая II у 1905 г. распачалося ажыўленне Каталіцкага Касцёла. У 1917 г. была адроджана Мінская дыяцэзія. Аднак пераслед, які пачаўся ў савецкія часы, прывёў да таго, што на пачатку 30-х гадоў ХХ ст. Касцёл застаўся без іерархіі.

4. Людзі, аднак, трывалі ў веры, верылі ў словы Езуса Хрыста, якія Ён сказаў апосталу Пятру, што Касцёл не загіне. Верылі таксама і ў фацімскае прароцтва аб духоўным адраджэнні нашых земляў. І так сталася.

У 1989 г. святы Ян Павел II прызначыў Апостальскага адміністратара для Беларусі. Праз два гады, у фацімскі дзень 13 красавіка 1991 г., ён жа адрадзіў касцёльныя структуры ў Беларусі. Была заснавана Мінска-Магілёўская мітраполія, у якую ўвайшлі тры дыяцэзіі: Мінска-Магілёўская, Гродзенская і Пінская. У 1999 г. з Мінска-Магілёўскай была вылучана Віцебская дыяцэзія.

5. Дваццаць пяць гадоў, якія прайшлі ад гэтага дня, – гэта час адраджэння Касцёла пасля трох пакаленняў ганенняў і яго станаўлення. Сёння мы дзякуем Богу, біскупам, найперш кардыналу Казіміру Свёнтку, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам за ахвярную працу ў гэтым працэсе.

Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якіх служаць восем біскупаў. Тут працуе каля пяцісот святароў. Колькасць вернікаў – каля паўтара мільёна, парафій – каля пяцісот.

Дзейнічаюць дзве духоўныя семінарыі, якія падрыхтавалі каля 250 святароў. На жаль, колькасць семінарыстаў не павялічваецца, але памяншаецца. Добра развіта дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas”, выдавецтвы, асабліва “Pro Christo”, электронныя медыя, з якіх трэба вылучыць партал Сatholic.by, паволі развіваюцца спецыялізаваныя душпастырствы сям’і, моладзі, душаў чысцовых і г.д. Паспяхова развіваюцца міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны і адносіны з дзяржавай.

6. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія займае важнае месца ў жыцці Касцёла ў Беларусі. Два яе цэнтры, Мінск і Магілёў, у гісторыі Касцёла на нашай зямлі адыгралі ключавую ролю, як гэта адзначалася вышэй. І сёння яны адыгрываюць стратэгічную ролю ў жыцці грамадства і Касцёла. Мінск – гэта сталіца. Магілёў – буйны гаспадарчы, навуковы і культурны цэнтр, які патрабуе асаблівай духоўнай увагі з мэтай яго духоўнага адраджэння пасля атэістычнага спусташэння.
 
Святкаванне сярэбранага юбілею адраджэння касцёльных структур Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – гэта нагода падзякаваць Богу, перапрасіць Яго за не да канца выкарыстаныя магчымасці і зазірнуць наперад. Многае дасягнута, але яшчэ больш працы перад намі.

7. Касцёл не з гэтага свету, але ён у ім і ён дапамагае ў духоўнай фармацыі грамадства. Мы дзякуем ініцыятарам акцыі няспыннай малітвы за Беларусь і яе ўдзельнікам. Хрыстус выразна кажа, што без Яго мы нічога не ўчынім. Таму няхай ніколі нашых вуснаў не пакідае малітва за Касцёл і за нашу Бацькаўшчыну.

8. Касцёл у Беларусі і Касцёл Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пачынаюць пісаць новую старонку сваёй гісторыі.

Прадстаўніцтам св. Міхала Арханёла, нябеснага апекуна Касцёла ў Беларусі, і Маці Божай Будслаўскай, апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, благаславі, Божа, яго, благаславі нашу Радзіму, каб была моцнай Богам і на евангельскіх каштоўнасцях будавала будучыню. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі