Гамілія арцыбіскупа Вільнюскага Гінтараса Грушаса на Імшы для пілігрымаў у Будславе | Друк |

1 ліпеня 2016 г.

Дарагая моладзь, пілігрымы, якія прыйшлі да Божай Маці з розных куткоў Беларусі, — сардэчна вітаю вас.

У гэты Год Міласэрнасці я прыехаў з горада Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, да Будслаўскай Мадонны, Апякункі Беларусі, каб далучыцца да вас у малітвах удзячнасці за многія ласкі, якія мы атрымалі ад Яе, і ў малітвах просьбаў аб нашых асабістых патрэбах, патрэбах Касцёла і ўсяго свету. Гэтыя два цудатворныя абразы Маці Божай з’яўляюцца двума сведчаннямі таго, як Багародзіца заўжды імкнецца апекавацца намі, пакуль не споўняцца абяцанні, якія Яе Сын даў нам. Яна не толькі Маці Бога, Яна — Маці Касцёла, Яна — нашая Маці. І як нашая Маці, Яна вучыць нас і фармуе на правільным жыццёвым шляху, Яна чувае над намі і заступаецца за нас, Яна дае нам усё неабходнае, каб дасягнуць поспеху ў жыцці.

Кожнае дзіця з першых сваіх дзён вучыцца, паўтараючы за бацькамі. Гэтак мы вучымся гаварыць і ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі. Аднак часам нават імкнучыся да дабра, мы робім памылкі.

Вось гісторыя маладога мужыны Боба, які меў добрае пачуццё гумару і яшчэ — лысіну. Аднойчы ўвечары Боб з жонкаю вырашылі павячэраць у рэстаране. Яны нанялі няньку, каб тая паапекавалася іх малымі дзецьмі. Калі бацькі сышлі, нянька натрапіла на нейкую цікавую перадачу па тэлебачанні і не вельмі ўважліва сачыла за дзецьмі. Маленькі Пітэр знайшоў бацькоўскую электрабрытву і выгаліў шырокую дарожку, сапраўдную ўзлётна-пасадачную паласу акурат пасярэдзіне ўласнай галавы. Прыйшоўды дадому, Боб разгневаўся. Ён закрычаў: «Пітэр! Я казаў табе ніколі не гуляць з маёю электрабрытваю! Я цябе так адлупцую, што ніколі не забудзешся!» Ён ужо збіраўся ўзяцца за пакаранне, але Пітэр глянуў на яго знізу ўверх і сказаў: «Пачакай, паглядзі на сястру!» Боб распавядаў, што яны з жонкаю былі ў жаху, калі зайшлі ў іншы пакой і ўбачылі сваю чатырохгадовую дачку з цалкам паголенаю галавою. Яна была падобная да нованароджанага зайчаняткі, якое яшчэ не абрасло поўсцю. Вось цяпер Боб быў проста ў шаленстве. Ён схапіў Пітэра і закрычаў: «Ну зараз ты ў мяне атрымаеш!» Ён ужо замахнуўся, каб ударыць малога, але Пітэр паглядзеў на яго поўнымі слёз вачыма і сказаў: «Татачка! МЫ Ж ПРОСТА ВЕЛЬМІ ХАЦЕЛІ БЫЦЬ ДА ЦЯБЕ ПАДОБНЫМІ!» Гэтак адзін маленькі хлопчык пазбег лупцоўкі, а замест яе атрымаў моцныя абдымкі і словы айцоўскага павучэння.

Богаўцелаўленне павінна быць для нас не толькі метадам, які выбраў Бог, каб выбавіць нас, але і жывым прыкладам шляху, якім мы павінны ісці, каб змагчы стаць святымі і атрымаць збаўленне. Бог аддае нам сябе як узор таго, як павінен жыць чалавек, Ён настойліва запрашае нас паўтараць за Ім, чыніць па Яго прыкладзе. Евангеллі даюць не толькі спажыву для нашага інтэлекту, але і канкрэтныя прыклады таго, як трэба жыць.

Каб быць міласэрнымі, як Айцец, адпаведна з дэвізам гэтага Юбілейнага Года, мы можам зрабіць першы крок, вучачыся быць міласэрнымі, як Маці, паўтараючы Яе ўчынкі і Яе лад жыцця. Праз Марыю Бог даў нам Ружанец як спосаб часта і глыбока сузіраць зямное жыццё Езуса і Марыі, каб, разважаючы над іх учынкамі і спосабам мыслення, мы перанялі іх і практыкавалі ва ўласным штодзённым жыцці. Такім чынам, мы бачым, як гэтыя два інструменты, Евангелле і Ружанец, павінны быць выкарыстаныя разам і разам павінны весці нас да святасці.

У таямніцах Ружанца Марыя дапамагае нам убачыць Яе адносіны з Богам — Айцом, Сынам і Духам Святым — каб, сузіраючы гэтыя адносіны і разважаючы над імі, мы маглі як мага лепш здзяйсняць іх у сваім жыцці.

Для прыкладу звернемся да Радасных Таямніцаў, паколькі Евангелле, якое мы толькі што пачулі, дапамагае глыбока зразумець іх. Звеставанне паказвае нам, як важна заставацца адкрытымі, каб пачуць, як Бог звяртаецца да нас у малітоўным жыцці, як важна быць гатовымі прыняць уласнае пакліканне, якое Ён вызначыў для нас, і дазволіць Духу Святому ўвайсці ў нашае жыццё і перамяніць яго. Адведзіны св. Альжбеты паказваюць нам, што мы пакліканыя несці іншым людзям Езуса, які жыве ў нас, служачы сваім жыццём адно аднаму і чынячы міласэрнасць. Нараджэнне заклікае нас уцелавіць Езуса ў свеце — менавіта гэта робіць Касцёл, і мы, як частка Касцёла, павінны далучыцца да гэтага па меры магчымасці. Ахвяраванне Пана нагадвае нам, што ўсё, чым мы ёсць і што мы маем, належыць Богу, і што нам неабходна аддаць Яму тое, чым Ён адарыў нас, на Яго хвалу. Знаходжанне Езуса ў святыні вучыць нас, што выконваць свой абавязак — значыць заўжды сутыкацца з цяжкасцямі, і, нягледзячы на гэта, мы павінны даверыцца Богу, каб Ён вёў нас на шляху абавязкаў нашага паклікання.

Далей Ружанец вядзе нас праз свае разважанні, і мы знаходзімся разам з Марыяй пад крыжам Хрыста, мы радуемся разам з Ёю Уваскрасенню і перажываем Спасланне Святога Духа. Нарэшце Яна рыхтуе нас да прабывання з Ёю і Яе Сынам у нябёсах.

Марыя, нашая Маці, не толькі дае нам прыклад, каб вучыцца, каб паўтараць за Ёю, Яна дае нам сілы для гэтага праз сваё нястомнае заступніцтва і абарону. Яна дае нам магчымасць усвядоміць, што нам патрэбная Яе падтрымка, і дае нам патрэбныя здольнасці, каб мы заклікалі Яе заступніцтва і перамагалі цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся.

На працягу стагоддзяў, з таго часу, як Марыя ўпершыню перадала ружанцовую малітву святому Дамініку, Ружанец з’яўляецца Яе найлепшым інструментам, каб змагацца з сіламі зла і абараняць сваіх дзяцей. Каб абараняць ад ерэтычных вучэнняў у Сярэднія вякі, ахоўваць Еўропу ад атакі мусульманаў у бітве пад Лепанта, калі ўсеагульная малітва Ружанца стала галоўнай зброяй, якая прынесла перамогу, каб праз свае шматлікія аб’яўленні, такія, як у Люрдзе, аздараўляць вялікае мноства сваіх дзяцей.

На пачатку мінулага стагоддзя Марыя аб’явілася ў Фаціме, настойліва просячы нас маліцца на ружанцы, каб абараніць грамадствы і народы ад надыходзячага зла, якое пагражае не толькі Касцёлу, але і існаванню многіх народаў.

Святы айцец Піо сваім жыццём і навучаннем паказаў моц ружанцовай малітвы ў змаганні са злым духам, асабліва тады, калі ён чыніць напады на жыццё асобных людзей. Айцец Піо выкарыстоўваў Ружанец як важную зброю ў духоўнай барацьбе і выратаваў шмат людзей, молячыся за іх і вучачы маліцца на ружанцы.

Нарэшце, падчас аб’яўленняў, якія ў мінулым стагоддзі адбываліся ў Вільні, Езус выкарыстаў тую самую прыладу, ружанец, каб навучыць святую Фаўстыну новай малітве, Вяночку да Божай Міласэрнасці. Гэтая малітва вядзе нас наўпрост да Хрыстовага крыжа, калі мы звяртаемся да Яго збаўчай ахвяры, і непасрэдна робіць тое, што дасягаецца Хростам, Эўхарыстыяй і Пакаяннем у сакрамэнтальнай форме. Вяночак укладае ў рукі і вусны кожнага верніка сілы, каб прасіць аб ласцы Яго Міласэрнасці. Мы разам з благаслаўлёнай Маці становімся ля падножжа крыжа і просім, каб моц смерці і ўваскрасення Езуса выратавала нас і ўвесь свет.

Адзначаючы Год Міласэрнасці і 25-ю гадавіну ўтварэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а таксама рыхтуючыся ў наступным годзе адзначыць сотую гадавіну аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай, шчыра папросім Пана Бога праз заступніцтва Будслаўскай Багародзіцы даць нам ласку наследаваць жыццё Езуса і Марыі! Усё глыбей сузіраць іх жыццё, каб стаць экспертамі ў карыстанні магутнай зброяй Ружанца, перамагаючы зло, якое імкнецца зняволіць нас грахом і адцягнуць нашую ўвагу ад Бога, і перамагаючы зло ў нашым жыцці, у нашых супольнасцях і ва ўсім свеце, каб усе народы ў паўнаце адчулі свабоду быць дзецьмі Божымі. Амэн.

Адноўлена 01.07.2016 19:00
 
© 2003-2020 Catholic.by