Слова біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі чацвер 2017 | Друк |

У Вялікі чацвер нашы сэрцы схіляюцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і сакрамэнтам cвятарствам. Мы задумваемся над любоўю Хрыста да чалавека.

Задумваемся над любоўю, якая засталася ў Эўхарыстыі пад постацямі хлеба і віна. Мы ўзіраемся ў Хрыста, які засядае з апосталамі на Апошняй Вячэры. Пераносімся ў думках і сэрцах у той Вячэрнік. Уяўляем сабе, як Езус з апосталамі пры стале знаходзіцца ў атмасферы задумы і засяроджанасці. Апосталы бачаць нешта незвычайнае, узнёслае, хоць, напэўна, яшчэ шмат чаго не разумеюць.

Хрыстус бярэ хлеб і кажа: “Гэта ёсць Цела Маё”. Пасля бярэ келіх з віном і кажа: «Гэта Мая Кроў». У гэты момант адбываецца першая кансэкрацыя, якую здзяйсняе сам Хрыстус. На Яго словы хлеб становіцца Яго Целам, а віно — Яго Крывёю. Адбываецца першая святая Імша. Езус адкрывае тое, што адбудзецца праз момант: Яго Мука і Смерць. Тут пад постаццю хлеба і віна адбываецца першае праліццё Крыві, якая выліваецца з Цела. Ужо тут Ён ахвяруецца Айцу за нашы грахі. Вось яна — таямніца Вячэрніка.

Хрыстус жадае, каб хрысціяне ўсіх вякоў мелі доступ да ласк, якія выплываюць з Яго Крыжа. Падзеі Вячэрніка сцісла лучацца з падзеямі Крыжа. Таму ўстанаўліваецца чарговы сакрамэнт — святарства. Езус робіць апосталаў і іх паслядоўнікаў святарамі, а больш дакладна — пагружае іх у Сваё святарства.

Святы Ян Павел ІІ у Пасланні да святароў на Вялікі чацвер у 1980 г. напісаў: «Святар здзяйсняе Найсвяцейшую Ахвяру in persona Christi — гэта значыць больш чым “у імя” або “замест” Хрыста. “Іn persona” азначае своеасаблівае і сакрамэнтальнае атаясамленне з Сапраўдным і Вечным Святаром, які Адзіны — праўдзівы і паўнапраўны здзяйсняльнік сваёй Ахвяры».

Таму св. Імша па сутнасці — гэта ахвяра Хрыста. Святы Кіпрыян кажа: «Мука Хрыста Пана — гэта тая самая Ахвяра, якую мы ахвяруем».

У гэты дзень мы разважаем над значэннем сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. Можам задумацца над словамі маці св. Яна Боско. Гэтая простая сялянка сказала калісьці свайму сыну ў дзень яго першай св. Імшы: «Стаць святаром — гэта значыць пачаць пакутаваць». Наколькі глыбокая гэтая думка. Бо сапраўды святара чакае служэнне, прысвячэнне, вернасць Богу і Касцёлу. Усё гэта часта лучыцца з цярпеннямі. Пра гэта ведае кожная добрая маці і кожны святар. Няма плёну без ахвяры. Моц любові вымяраецца веліччу ахвяры. Вернасць патрабуе прысвячэння.

Святы Пій Х казаў святарам прыгожыя словы: «Мы рэалізуем святарскае пакліканне не ад нашага імя, але ад імя Езуса Хрыста. (…) Па гэтай прычыне Езус запісаў нас у шэраг сяброў, а не слугаў: “Ужо не называю вас слугамі (…), але Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што пачуў Я ад Айца, адкрыў вам і ўстанавіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плён”. Таму мы павінны прадстаўляць асобу Хрыста і выконваць Яго заданне (…). Як Яго пасланцы, мы павінны карміць веру людзей Яго вучэннем, Яго законам, перадусім самі іх захоўваючы. Як удзельнікі Яго ўлады ў вызваленні людзей з путаў граху, мы павінны моцна старацца, каб самім не запутацца. Але найбольш, як распарадчыкі Яго найсвяцейшай Ахвяры, няспынна абнаўляльнай для жыцця свету, мы павінны адзначацца тым настроем душы, з якім Ён на алтары крыжа ахвяраваўся Богу як беззаганная Ахвяра» (Exhortatio ad clerum catholicum).

Таму святар — для алтара, а алтар — для кансэкрацыі рэальна выражанай Ахвяру. Гэта важнейшае за працу з групамі, моладдзю або іншыя душпастырскія акцыі. Святар для здзяйснення Ахвяры. Калі б былі адкінуты словы кансэкрацыі, св. Імша перастала б быць бяскроўнай Ахвярай Крыжа і стала б звычайнай супольнай малітвай. Святарства тады страціла б сваю галоўную мэту.

Сённяшні дзень з’яўляецца добрай нагодай, каб мы, святары, перапрасілі за нашы чалавечыя слабасці. Можа, часам не хапае айцоўскага падыходу, можа, здараюцца грахі пыхі, занядбання ў кіраванні аўчарняй. Сёння добры момант, каб прасіць аб нястомнай малітве. Бо святы святар — гэта шматлікія збаўленыя душы. Таму неабходна даручаць Богу ў малітве святароў сваёй парафіі, тых, якія служылі і служаць праз здзяйсненне сакрамэнтаў.

Акрамя ўстанаўлення Эўхарыстыі і Святарства, Пан Езус зрабіў у часе Апошняй Вячэры вымоўны жэст абмывання ног апосталам. Як жа ў гэту падзею ўпісваецца жэст Папы Францішка, які абмывае ногі вязням. Ён паказвае, што служэнне вернікам па сутнасці ўпісана ў структуру іерахічнага Касцёла. Святары ёсць для таго, каб служыць Касцёлу, вернікам.

Будзем жа ўдзячнымі Богу за гэтыя два сакрамэнты — Эўхарыстыю і Святарства,  устаноўленыя ў Вячэрніку. Будзем удзячнымі за кожнае святарскае пакліканне, за кожную адпраўленую св. Імшу і прынятую св. Камунію.

Адноўлена 14.04.2017 10:02
 
© 2003-2024 Catholic.by