Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе | Друк |

МАРЫЯ, ВЯДЗІ НАС У НОВУЮ БУДУЧЫНЮ

1 ліпеня 2017 г.

«Марыя — ты хвала нашага народу»

Дарагія браты і сёстры, прыхільнікі Маці Божай Будслаўскай!

1.    Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй св. Імшы вельмі добра ўпісваецца ў атмасферу святкавання сёлетняга Будслаўскага фэсту ў год Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, калі ў далёкім і адначасова трагічным 1917 г. у Фаціме ў Партугаліі Марыя аб’явілася тром пастушкам — Люцыі, Францішку і Жасінце.

Галоўнай мэтай аб’яўленняў было нагадаць свету вучэнне Езуса аб неабходнасці малітвы і навяртання (пар. Мц 26, 41; Мк 1, 15) перад абліччам атэістычнага рэжыму, які набіраў моц на ўсходзе Еўропы, і яго згубных наступстваў (пар. http://www.vatican.va/roman_curia/congregations/cfaith/ documents/rc_con_cfaith _doc_20000626_message-fatima_pl.html). Праз гэта Марыя імкнулася дапамагчы свету ўспрымаць падзеі таго часу ў святле Евангелля і разумець пагрозы, якія нясе атэістычны рэжым, а таксама, выкарыстоўваючы свабоду дзяцей Божых, выбіраць дабро, а не зло.

У сваім матчыным клопаце Марыя заклікала людзей перастаць абражаць Бога, бо пад пакрозай знаходзіўся лёс яе духоўных дзяцей. Менавіта таму Марыя прасіла фацімскіх пастушкоў маліцца ў інтэнцыі грэшнікаў і складаць за іх ахвяры, бо ніхто іншы гэтага не рабіў, як сказаў св. Ян Павел II 13 мая 2000 г. падчас беатыфікацыі фацімскіх візіянераў Францішка і Жасінты (пар. http://w2.vatican.va/content/ john-paul-ii/it/homilies/2000/documents/hf_jp-ii_hom_ 20000513_beatification-fatima.html).

3.    Чаму для свайго паслання Марыя выбрала простых дзяцей ва ўзросце 7, 9 і 10 гадоў? Гэта Божая таямніца! Але, верагодна, таму, што дарослыя часта ігнаруюць Божы закон, а дзеці яго захоўваюць. І сапраўды, фацімскія дзеці вельмі рупліва выконвалі загад Божай Маці, асабліва маліліся Ружанец за грэшнікаў. Марыя навучыла іх малітве, якая застаецца папулярнай і ў наш час: «О Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас аб агню пякельнага і прывядзі ўсе душы да неба, асабліва тыя, якім найбольш патрэбна Твая міласэрнасць» (пар. https://pl.wikipedia.org/wiki/Modlitwy_fatimskie).

Святы Ян Павел II ставіць фацімскіх дзяцей за прыклад сучаснаму свету і кажа, што, калі дзеці могуць адзначацца гераічнымі цнотамі і дасканаласцю жыцця, то і мы, дарослыя, таксама можам быць такімі (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2000/documents/hf_jp-ii_hom_20000513_beatification-fatima.html).

4.    Адыходзячы ад Бога і маральных прынцыпаў, свет пачатку ХХ стагоддзя згубіўся. Менавіта таму Марыя ў Фаціме выказала сваю заклапочанасць бязбожнасцю і дэмаралізацыяй, якая імкліва распаўсюджвалася. Пры гэтым яна казала, што, калі чалавецтва не навернецца, яго спасцігне страшная кара.

З гэтай мэтай Марыя аб’явіла фацімскім пастушкам тры таямніцы.

У першай і другой яна паказала пекла як вялікае мора агню з дэманамі і церпячымі чалавечымі душамі, каб папярэдзіць людзей аб яго існаванні. Яна таксама паведаміла дзецям аб хуткім завяршэнні Першай сусветнай вайны і адначасова перасцерагла, што калі людзі не будуць маліцца і навяртацца, то ў час, калі Касцёл будзе ўзначальваць папа Пій XI, распачнецца другая, больш жудасная вайна. Касцёл таксама будзе цярпець вялікі пераслед.

З мэтай ратавання свету ад гэтых няшчасцяў Марыя прасіла прысвяціць Расію яе Беззаганнаму Сэрцу. Такою была ўмова навяртання гэтай краіны. Праз гэта Марыя дала людзям надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Трэцяя таямніца прадстаўляе анёла з вогненным мячом, які  ўсклікае: «Пакаянне, пакаянне, пакаянне!» Дзеці ўбачылі стромы крыжовы шлях праз горад, целы забітых біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх. На вяршыні гары знаходзіўся біскуп у белым адзенні, на якога было здзейснены замах. Гэта вобраз замаху на св. Яна Паўла II на плошчы Св. Пятра ў Рыме 13 мая 1981 года. Адносна яго Папа сказаў, што матчыная рука Марыі накіроўвала кулю так, што ён застаўся жывым.

Варта заўважыць, што аб’яўленні завяршыліся 13 кастрычніка 1917 г. прадказаным Марыяй так званым «цудам сонца». Тады сонца танцавала на небе, сведкам чаго было каля 70 тысяч чалавек. Трэба звярнуць увагу і на прароцтва Марыі аб тым, што Папам будзе Пій XI, у Расіі распачнецца бязбожная дыктатура і запалае агонь Другой сусветнай вайны. Таму фацімскае прароцтва з’яўляецца сапраўдным і пацверджаным гісторыяй   (пар. http://www.catholic.org/news/saints/story. php?id=41174; https://ekai.pl/fatima-glowne-tresci-oredzia-matki-bozej/).

5.    Такім чынам, Марыя падкрэсліла, што лекам ад усіх духоўных хваробаў і няшчасцяў з’яўляецца яе Беззаганнае Сэрца, якое бачыць Бога ва ўсіх жыццёвых сітуацыях і заўсёды згаджаецца з яго воляй.

Такое сэрца мацнейшае за ўсе зямныя кулі і снарады, бомбы, танкі і самалёты. Тут варта ўзгадаць пытанне Сталіна: «Колькі танкавых дывізій мае Ватыкан?» Ні Ватыкан, ні Касцёл не мае зброі, якая разбурае. Наша зброя — гэта Евангелле, якое вядзе па жыцці, будуе і дае надзею.

Варта нагадаць, што сёлета мы таксама адзначаем Юбілей 500-годдзя выдання Францішкам Скарынам першай Бібліі на беларускай мове. Гэта азначае, што наш народ ужо пяць стагоддзяў мае гэтую духоўную зброю і ёю карыстаецца.

Малітва і навяртанне разам з прысвячэннем, аб якім прасіла Марыя і якое здзейсніў св. Ян Павел II 25 сакавіка 1984 г., адносіцца да кожнага з нас, да ўсяго Касцёла і ўсяго свету, бо, як казала фацімская візіянерка сястра Люцыя, грэх не мае нацыянальнасці.

Фацімскія пастулаты Марыі вядуць да пытання, ці кіруемся мы сёння ў сваім жыцці яе просьбай, ці молімся, ці навяртаемся, ці прысвячаем сябе, нашу краіну і ўвесь свет яе Беззаганнаму Сэрцу? Прысвячэнне нельга разглядаць толькі як аднаразовы акт, яно павінна ўспрымацца ў дынаміцы. Усё нашае жыццё павінна стаць актам прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі, каб у поўнай меры стаць вучнямі Хрыста і вернымі сведкамі Яго Евангелля.

6.    2017 год увойдзе ў гісторыю як год двух абсалютна супрацьлеглых па сваім значэнні Юбілеяў, якія нагадваюць пра двухпалярны свет — свет Божага духа і свет злога духа.

Адзін юбілей — гэта 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў, якія далі нам надзею на свабоду веравызнання і адраджэння веры, сведкамі і ўдзельнікамі чаго мы з’яўляемся. Другі — гэта 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая стала пачаткам цывілізацыйнай катастрофы і мела негатыўны ўплыў на гісторыю свету.

Таму святкаванне Юбілею стагоддзя фацімскіх аб’яўленняў павінна дапамагчы нам лепш усвядоміць праўду аб сталай барацьбе дабра са злом. Нездарма Езус кажа: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць» (Ян 15, 20).

Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк — жывы мучанік савецкіх рэпрэсій — распавядаў, як падчас святкавання Божага Нараджэння ў лагерны барак нечакана ўвайшоў афіцэр. Убачыўшы, што вязні моляцца і дзеляцца аплаткай, падняў пісталет і сурова забараніў. Тады святар Свёнтэк працягнуў у яго напрамку руку з аплаткай. Сустрэліся дзве рукі: адна з пісталетам — інструментам злачынства, другая з аплаткай — сімвалам міру. Хто каго? Афіцэр не вытрымаў, апусціў пісталет і выйшаў з барака.

Нешта падобнае адбылося і на нашай зямлі. Перамагла не сіла зброі і антыхрысціянскай ідэалогіі, а сіла Бога, які яшчэ раз паказаў, што не памёр, і нават не пайшоў у адпачынак, але жыве і дзейнічае.

Варта ўзгадаць, як падчас сексуальнай рэвалюцыі 1968 г. на сцяне славутага ўніверсітэта Нотр-Дам у Парыжы нехта напісаў: «Бог памёр. Подпіс — Ніцшэ». Аднак знайшоўся нехта іншы, хто перакрэсліў гэты надпіс і напісаў свой: «Ніцшэ памёр. Подпіс — Бог».

7.    Фацімскае пасланне адносіцца перш за ўсё да барацьбы атэістычнай сістэмы супраць Касцёла. Яно прадстаўляе жудасны пераслед веры і пакуты яе сведкаў у мінулым стагоддзі, якое стала іх крыжовым шляхам. У сувязі з гэтым трэба ўспомніць, што менавіта 80 гадоў таму ў 1937 г. распачаўся вялікі тэрор, у выніку якога былі замучаны тысячы і тысячы нявінных людзей, у тым ліку і ў Беларусі. Аднак іх мучаніцкая кроў не была праліта дарэмна, бо яна з’яўляецца насеннем хрысціян, як кажа Тэртуліян.

Сёння, дзякуючы Божай Маці за апеку над намі падчас доўгай цёмнай ночы ганенняў за веру, мы бачым, што Божая праўда перамагла. Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ніколі Божае слова не будзе гучаць на нашай зямлі і сілы зла перамаглі. Але Бог яшчэ раз паказаў, што Ён, і ніхто іншы, з’яўляецца Валадаром гісторыі, дзякуючы чаму мы перажываем працэс навяртання, як прадказала Марыя ў Фаціме 100 гадоў таму.

8.    Аднак злы дух не спіць, і сёння, пасля 100 гадоў, сітуацыя паўтараецца. І ў наш час ёсць краіны, дзе хрысціянства жорстка пераследуецца і зноў ліецца кроў. Дзякуй Богу, у Беларусі гэтага няма і, спадзяёмся, ніколі больш не паўторыцца. Аднак мы ўсё часцей заўважаем, што прыходзяць новыя метады пераследу, якія праяўляюцца ў прапагандзе абыякавасці да веры і бездухоўных прынцыпаў.

Святы Айцец Францішак перасцерагае перад пагрозай тленнай культуры, якая часта супярэчыць евангельскім каштоўнасцям. Законы эканомікі замяняюць маральныя прынцыпы, дыктатура матэрыяльных каштоўнасцяў і прыбытку вызначае візію жыцця, у якім непаспяховы адкідваецца (пар. https://ekai.pl/papiez-do-osob-konsekrowanych-o-kulturze-tymczasowosci/).

У такой сітуацыі мы не маем права забываць урокі нашай гісторыі і другі раз наступаць на тыя ж самыя граблі. Ужо не прывід, але наяўнасць секулярызму і нават супрацьстаяння веры адчуваецца таксама і ў нашай краіне.

Нездарма Міністэрства аховы здароўя хацела забараніць урачам і медсёстрам публічна насіць знакі рэлігійнай прыналежнасці! Нездарма, як бульдозер, прабівае сабе дарогу супярэчная з маральнымі прынцыпамі гендарная ідэалогія! Нездарма ўсё часцей выкарыстоўваюцца самыя новыя дасягненні генетыкі з мэтай маніпуляцыі Божым дарам жыцця.

Гэта ўсё звёны аднаго ланцуга, імя якому — супрацьстаянне веры. Гэта таксама новае разуменне свабоды, як свабоды ад Бога і рэлігійных прынцыпаў; свабоды, якая пагражае цывілізацыі жыцця. Здаецца, што сёння можна паўтарыць словы славутай ахвяры Французскай рэвалюцыі Мадам Ралянд: «Свабода, свабода, колькі злачынстваў здзяйсняецца ў імя тваё» (http://www.corrispondenzaromana.it/pasquino-ritorna-a-roma/).

Свабода — гэта вялікі Божы дар і адначасова адказнасць. Свабода без адказнасці вядзе да анархіі, кажа св. Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/speeches/1993/september/documents/ hf_jp-ii_spe_19930906_giovani-lituania.html). Мы не можам кіравацца модным у наш час слоганам, што свабода — гэта наша рэлігія. Наадварот, хрысціянская рэлігія вядзе да сапраўднай свабоды духа.

Штодзённае жыццё сведчыць аб тым, што сітуацыя стогадовай даўнасці паўтараецца. У сувязі з чым паўстае пытанне: «Ці ж сапраўды здзяйсняюцца словы Марыі, што пасля прысвячэння Расіі Беззаганнаму Сэрцу настане перыяд міру?» (пар. http://www.vatican.va/roman_curia/congregations/cfaith/ documents/rc_con_cfaith_doc_20000626_message-fatima_pl.html) Перыяд міру, а не сталы мір!

Ці часам гэты перыяд не мінуў, бо ўжо ідзе Трэцяя сусветная вайна ў фрагментарнай форме? Гэта рэальная вайна ў вобразе ваенных дзеянняў і тэрарыстычных актаў. Гэта вайна, якая выступае супраць Богам устаноўленага інстытуту сям’і і Божага дару жыцця, што вядзе да дабравольнага генацыду народаў і дэмаграфічнага крызісу. Гэта таксама і духоўная вайна, калі сучасная культура ўсё больш становіцца бездухоўнай. Ці яшчэ можна яе спыніць?

9.    Гэтыя і падобныя пытанні мы сёння ставім сабе і шукаем на іх адказ.

Святы Ян Павел II казаў, што фацімскае пасланне заклікае чалавецтва не гуляць са злым духам, бо канчатковая мэта чалавека — гэта неба, дзе Айцец Нябесны ў сваёй міласэрнай любові чакае ўсіх (пар. http//john-paul-ii/it/homilies/2000/documents/hf_jp-ii_hom_20000513_beatification-fatima.html).

Паводле папы Бэнэдыкта XVI, памылкова думаць, што прароцкая місія Фацімы завяршылася. Ужо першыя старонкі Святога Пісання аб забіцці Каінам Абеля (пар. Быц 4, 9) сведчаць пра тое, што чалавек распачаў час тэрору, якога да сёння не можа спыніць. Дзякуючы фацімскаму пасланню Марыі Бог стараецца ўратаваць чалавецтва (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2010/documents/hf_ben-xvi_ hom_20100513_fatima.html).                                                                  

100 гадоў таму ён праз Марыю заклікаў фацімскіх дзяцей да малітвы ў інтэнцыі грэшнікаў з мэтай іх навяртання. Сёння ён кліча нас.

Марыя, як 100 гадоў таму, так і сёння, чытае знакі часу і заклікае да неадкладнага адказу на іх, бо заўтра можа быць позна. Таму ў наш час новых, вельмі небяспечных выклікаў неабходна запісацца ў «школу» Маці Божай, каб навучыцца быць падобнымі да маленькіх фацімскіх пастушкоў, якія зрабілі ўсё, аб чым яна іх прасіла.

10.    Адна гісторыя распавядае, як Хрыста, які ўзышоў на неба, першым сустрэў арханёл Габрыэль і спытаў Яго, ці ўсе людзі на зямлі ведаюць пра цану іх збаўлення. Езус адказаў, што яшчэ не ўсе. «А што Ты зрабіў для таго, каб яны ведалі?» — спытаў арханёл. Езус адказаў, што выбраў Пятра, Яна, Якуба, выбраў дванаццаць і паслаў іх абвяшчаць Евангелле ўсім людзям. Арханёл скептычна засмяяўся і сказаў, што яны яшчэ, можа, і будуць так рабіць, але іх наступнікі, напэўна, забудуцца, бо яны простыя людзі. Арханёл пацікавіўся: «Напэўна, у Цябе ёсць нейкі іншы варыянт». Езус адказаў, што выбраў Пятра, Яна, Якуба, выбраў дванаццаць, і іншага плану ў Яго няма.

Бог выбраў нас, і ў Яго няма іншага плану.

Сёння, ля ног Маці Божай Будслаўскай, у Юбілейны год фацімскіх аб’яўленняў, мы звяртаемся да цябе, Марыя, наша апякунка і хвала нашага народу!

У пакоры схіляем свае калені перад табой!

Дзякуем табе за ўсе дабрадзействы, якія мы і наш народ атрымаў праз цябе! Перапрашаем за ўсе знявагі і нявыкарыстаныя магчымасці, якія дае нам Божы Провід для нашага духоўнага адраджэння.

Благаславі нас і нашу Радзіму!

Не дапусці, каб перамагла пануючая ў сучасным свеце бездухоўная рэвалюцыя, але рэвалюцыя Божага духа. Выпрасі нам у свайго Сына ласку быць беларускімі фацімскімі дзецьмі, якія панясуць нашаму народу тваё пасланне малітвы і навяртання з мэтай абараніць яго ад уплыву зла. Бо як мы не зробім гэтага, то хто? Калі не сёння, то калі? Амэн.  

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.    http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2000/ documents/hf_jp-ii_hom_ 20000513_beatification-fatima.html.
2.    http://www.catholic.org/news/saints/story.php?id=41174.
3.    http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/speeches/1993/ september/documents/hf_jp-ii_spe_19930906_giovani-lituania.html
4.         https://ekai.pl/fatima-glowne-tresci-oredzia-matki-bozej/.
5.    http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2010/documents/ hf_ben-xvi_hom_20100513_fatima.html.
6.    http://www.vatican.va/roman_curia/congregations/cfaith/ documents/rc_con_cfaith_doc_20000626_message-fatima_pl.html.
7.    https://pl.wikipedia.org/wiki/Modlitwy_fatimskie.
8.    https://ekai.pl/papiez-do-osob-konsekrowanych-o-kulturze-tymczasowosci/.
9.    http://www.government.by/ru/content/7059.
10.         http://www.corrispondenzaromana.it/pasquino-ritorna-a-roma/.

Адноўлена 30.06.2017 20:50
 
© 2003-2019 Catholic.by