Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пра ход і вынікі семінара, прысвечанага СМІ (інтэрв’ю Catholic.by)
Інтэрв'ю
14.07.2009 13:48

9–13 сакавіка 2009 г. у Ватыкане праходзіў семінар на тэму «Новыя перспектывы касцёльнай камунікацыі. Змены тэхналогіі і культуры мас-медыя: тэалагічна-душпастырскае разважанне». Пра ход і вынікі семінара чытайце ў інтэрв’ю з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

— Шаноўны Мітрапаліт Тадэвуш, раскажыце, калі ласка, як праходзіў семінар, прысвечаны СМІ, і якія мэты ставілі яго арганізатары?

— «Убачыць, ацаніць, дзейнічаць», — такімі словамі старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі акрэсліў галоўную мэту семінара для біскупаў, адказных за мас-медыя. З аднаго боку, на семінары была прадстаўлена сітуацыя мас-медыя і іх выкарыстанне ў свеце і Касцёле на сучасным этапе. З іншага — вялікая ўвага была прысвечана развіццю новых мас-медыя, а таксама тым магчымасцям, якія яны ўносяць у жыццё чалавека і Касцёла.


Семінар стаў своеасаблівымі курсамі павышэння кваліфікацыі біскупаў і іх прадстаўнікоў. Лекцыі чыталі ў асноўным свецкія прафесары з розных універсітэтаў Італіі і замежжа. Лектары прадставілі развіццё мас-медыя і іх магчымасці на сучасным этапе. Ад гэтых прэзентацый сапраўды займала дух! З аднаго боку, была радасць па прычыне новых дасягненняў, з іншага — горыч ад таго, што многія з іх яшчэ не выкарыстоўваюцца, асабліва ў жыцці Касцёла ў Беларусі. Былі прадстаўлены магчымасці такіх новых тэхналогій як Podcast, Vodcast, YоuTube, Blog, Facebook, Twitter, Flickr і г. д. Гэтыя новыя мас-медыя часам ужо называюць «пост-медыямі» ў параўнанні з перыядычным друкам, радыё або тэлебачаннем. Цікава, што рэлігія ў блогах займае толькі 13 месца з 18 галінаў жыцця чалавека, якія ўвайшлі ў шкалу даследавання. На першым месцы аказаўся стыль жыцця чалавека.

Падчас семінара было падкрэслена, што мас-медыя павінны не толькі перадаваць інфармацыю з аднаго асяроддзя ў іншае, але таксама выхоўваць гэтае асяроддзе (напрыклад, ад размовы тэт-а-тэт да размовы па тэлефоне).

— Напэўна, новыя тэхналогіі СМІ не толькі адкрываюць новыя магчымасці чалавеку, але і па-новаму адкрываюць яму свет...

— Дзякуючы новым мас-медыя чалавек стаў сведкам сучасных сусветных падзелаў. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе адказнасці, бо мас-медыя заклікаюць прымаць удзел у сусветным жыцці. Такім чынам, старая лацінская прымаўка «Сogito ergo sum» («Думаю, значыць існую») сёння ператвараецца ў новую: «Participo ergo sum» («Прымаю ўдзел, значыць існую»).

Новыя формы мас-медыя ствараюць новыя формы тэрытарыяльнай прыналежнасці: Інтэрнэт, можна сказаць, зменяе свет у малую вёску. Мас-медыя таксама супрацьпастаўляюць глабальныя падзеі лакальным і праз гэта нібы змяняюць грамадзянства чалавека.

З іншага боку, дзякуючы новым мас-медыя сусветныя падзеі вельмі хутка ўключаюцца ў падзеі лакальныя. У сувязі з гэтым нават з’явіўся новы тэрмін: глабалакацыя. Аднак існуе патрэба, каб сусветныя падзеі мелі мясцовую інтэрпрэтацыю, асабліва неабходна інтэрпрэтацыя з маральнага пункту гледжання.

— Ваша Эксцэленцыя, мас-медыя прапануюць сучаснаму чалавеку інфармацыю рознага зместу і характару. Якою павінна быць рэакцыя Касцёла ў гэтым накірунку, бо СМІ аказваюць значны ўплыў на фарміраванне асобы?

— Сёння існуе вялікая праблема этыкі і інкультурацыі мас-медыя. У сувязі з гэтым узнікае праблема іх адказнасці перад выклікамі глабалізацыі інфармацыі. Мы не заўсёды маем магчымасць непасрэднай інтэрвенцыі ў сусветныя падзеі і ў тое, што пішуць мас-медыя, але мы павінны адказна і згодна з маральнымі прынцыпамі дзейнічаць у нашым асяроддзі, бо многія карыстаюцца інфармацыяй, якая часта з’яўляецца спрэчнай. Таму мы павінны быць сведкамі не толькі інфармацыі, але таксама сведкамі нашай веры ў інтэрпрэтацыі гэтай інфармацыі. Гэта значыць — даваць нашу каталіцкую інтэрпрэтацыю сусветным падзеям. Мас-медыя фарміруюць публічнае меркаванне, і Касцёл павінен прымаць актыўны ўдзел у гэтай фармацыі, адказваючы на выклікі часу, бо калі ён не будзе гэтага рабіць, людзі застануцца без вучэння Касцёла, які павінен фармаваць сумленне. Таму асаблівым заданнем Касцёла з’яўляецца духоўная фармацыя як журналістаў, так і людзей, якія атрымліваюць інфармацыю.

— Напэўна, развіццё тэхналогій патрабуе ад чалавека іх ведання і ўмення імі карыстацца ў штодзённым жыцці?

— Дзякуючы новым мас-медыя нараджаецца новая плюралістычная супольнасць, у якой сціраецца розніца паміж знешнімі і ўнутранымі фактарамі, што асабліва заўважальна сярод моладзі, якая сваё прыватнае жыццё праз мас-медыя робіць публічным. У гэтай супольнасці новыя мас-медыя служаць як свабодзе, так і кантролю: людзі свабодна кантактуюць паміж сабой, бацькі кантралююць дзяцей.

Новыя мас-медыя нараджаюць новы тып дэмакратыі — тэле- і інтэрнэтдэмакратыі, дапамагаюць у навучанні (e-learning), заклікаюць да дзеяння, інтэнсіфікуюць міжкультурныя адносіны, дазваляюць хутка атрымліваць і перадаваць дакументы і г. д.

Новыя мас-медыя — гэта рэальнасць сучаснага свету і, каб іх выкарыстаць належным чынам, трэба да гэтага выхоўваць моладзь і дзяцей. Таму неэтычна дэманізаваць новыя мас-медыя. Замест гэтага, варта выхоўваць чалавека да іх належнага выкарыстання.

— Мас-медыя існуюць для грамадства, якое ўвесь час шукае інфармацыі. Якім Вы бачыце заданне касцёльных мас-медыя?

— Удзельнікі семінара шмат увагі прысвяцілі камунікацыі не толькі Касцёла са светам, але і ўнутры самаго Касцёла. Была падкрэслена неабходнасць камунікацыі «аd intra» i «аd extra».

Вялікае значэнне мела сведчанне адносна таго, што мас-медыя стварае само «слова», а не апаратура. Падобна таму, як кніга сама не прамаўляе без удзелу чалавека, таксама і мас-медыя патрабуюць чалавека. Гэта асабліва важна ў працэсе евангелізацыі. З гэтага пункту гледжання трэба сказаць, што падобна таму, як усе мы знаходзімся ў руках Бога, так і Бог знаходзіцца «ў руках» мас-медыя, маючы на ўвазе іх евангелізацыйную ролю.

Каб евангелізацыя праз мас-медыя была больш эфектыўнай, яны павінны быць больш камунікатыўнымі. Таму трэба браць за ўзор Хрыста, які выкарыстоўваў прыклады са штодзённага жыцця. Трэба памятаць, што чалавек не толькі «homo sapiens», але таксама і «homo audiens et videns».

Такім чынам, заданнем касцёльных мас-медыя павінна быць інкультурацыя Евангелля.

Вельмі важнай справай застаецца фармацыя духавенства і кансэкраваных асобаў, а таксама катэхетаў, каб умелі належным чынам карыстацца сродакамі масавай інфармацыі. Тое ж трэба сказаць і пра фармацыю каталіцкіх журналістаў. Не дастаткова мець добрыя цэнтры мас-медыя, у першую чаргу неабходны добра падрыхтаваныя кадры. Далей трэба злучыць практыку з тэорыяй.

Мас-медыя ў пастырскай дзейнасці павінны быць голасам Хрыста ў ХХІ стагоддзі, каб свет паверыў.

Касцёл сам па сабе з’яўляецца найбольш гістарычнай мас-медыйнай установай, бо ўжо больш за 2000 гадоў абвяшчае Евангелле. Таму сучасныя касцёльныя мас-медыя павінны адзначацца пачуццём «sensus Ecclesiae», бо дзейнічаюць ад імя Касцёла. І тут вельмі важную ролю адыгрывае сам камунікатар, бо ад яго залежыць, як ён перадасць змест паслання Касцёла людзям.

— СМІ імкнуцца быць папулярнымі і запатрабаванымі, таму часта шукаюць сенсацыі...

— Так, варта памятаць, што журналістыка не існуе без канфліктаў, аднак яна не можа дзейнічаць паводле прынцыпу: «mors tua vita mea» («твая смерць — маё жыццё»). Палеміка — гэта штодзённы хлеб журналіста. Аднак да палемікі трэба старацца падыходзіць таксама пазітыўна. Напрыклад, вядома, колькі спрэчак выклікаў фільм «Код да Вінчы». З гэтай нагоды быў выдадзены спецыяльны катэхізіс па фільму «Код да Вінчы». Там, напрыклад, на пытанне, ці быў Езус жанаты, даецца адказ: так, Езус быў жанаты з Касцёлам. На пытанне, ці пакінуў Езус нашчадкаў, адказваецца пазітыўна: так, усе вернікі — гэта дзеці Божыя.

Касцёльныя мас-медыя не могуць маўчаць, калі прапануецца амаральнасць, калі публікуюцца артыкулы, якія скажаюць веру, традыцыю Касцёла і г. д.

З журналістамі трэба размаўляць, бо ў іншым выпадку яны будуць пісаць «праўду напалову». Сустрэча з журналістамі дае магчымасць перадаць праз іх грамадству вучэнне Касцёла. Можна купіць час на тэлебачанні або на радыё, але нельга купіць увагі людзей. Для гэтага неабходны пазітыўны настрой, увага і падрыхтоўка. Трэба глядзець праўдзе ў вочы, бо нельга думаць, што Касцёл — гэта клуб толькі добрых людзей. Касцёл — святы і адначасова складаецца з грэшнікаў.

— Якімі ў ідэале Касцёл бачыць мас-медыя і якія ініцыятывы прадпрымае ў гэтым накірунку?

— Пасля ІІ Ватыканскага Сабору Касцёл ідзе поруч з мас-медыя. Асабліва гэта праявілася падчас Пантыфікату Яна Паўла ІІ, калі мас-медыя нібыта ўраслі ў сэрца Касцёла. Гэта ён распачаў дыялог са светам з дапамогай мас-медыя і заклікаў не баяцца новых тэхналогій у камунікацыі. Новыя тэхналогіі і новая мова павінны служыць справе евангелізацыі. Сучасныя мас-медыя не толькі перадаюць інфармацыю, але таксама выконваюць аператыўныя функцыі,  схіляюць да дзеяння і аб’ядноўваюць людзей.

Удзельнікі семінара падкрэслілі неабходнасць новага бачання дакументу, які павінен стаць «road map» («указальнікам шляху») у пастырстве мас-медыя ў час іх рэвалюцыйнага прагрэсу.

Значная ўвага была прысвечана вучэнню Бэнэдыкта XVI, які выказвае сваю занепакоенасць адносна інфаэтыкі. Папа сваё вучэнне базуе на вучэнні святога Апостала Паўла, які абвяшчаў Хрыста і быў прадстаўніком трох культур: габрэйскай — па нараджэнні, грэцкай — па мове, рымскай — па грамадзянству. Таму і сучасныя мас-медыя павінны быць полікультурнымі.

— Ваша Эксцэленцыя, як Вы ацэньваеце вынікі семінара?


— Удзельнікам семінара было прапанавана зазірнуць у будучыню, у віртуальны свет, які ўсё больш завалодвае жыццём чалавека. У гэтым свеце паўстаюць новыя выклікі, аднак адказ на іх вядомы спрадвеку — гэта закон Божы. Такім чынам, душпастырства мас-медыя ў будучым павінна стаць хрысціянствам, якое гаворыць і сведчыць; павінна стаць мастом ад жыцця (з малой літары «ж») да Жыцця (з вялікай літары «Ж»), а гэта значыць — да духоўнага жыцця; павінна стаць прыняццем Божага слова, якое змяняе свет; павінна стаць глабальным вопытам, у якім мы прымаем удзел. Дзякуючы мас-медыя хрысціянства павінна стаць новым дарам чалавецтву.

Семінар завяршыўся сустрэчай з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы кардыналам Тарчызіо Бэртонэ, які звярнуў увагу на тое, што новыя касцёльныя мас-медыя ў час інфармацыйнай рэвалюцыі павінны мець выразны пастырскі характар.

Семінар паказаў неабходнасць развіцця касцёльных мас-медыя, на іх больш актыўны ўдзел у пастырскіх праграмах. Гэта знак нашага часу. Свет і яго выклікі змяняюцца з маланкавай хуткасцю. Паспяваць за імі і даваць на іх адказ традыцыйнымі спосабамі становіцца ўсё складаней. Самы аператыўны спосаб несці праўду Евангелля і вучэнне Касцёла — гэта новыя мас-медыя, бо Касцёл або будзе Касцёлам камунікацыйным, або яго зусім не будзе чуваць.

— Дзякуй за размову.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.