Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв’ю арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча для каталіцкай прэсы
Інтэрв'ю
09.07.2009 14:40

26 верасня 2007 г. новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў эксклюзіўнае інтэрв’ю галоўнаму рэдактару часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» спадарыні Крыстыне Лялько. Прапануем вашай увазе поўны тэкст гэтага інтэрв’ю, якое будзе надрукавана ў часопісе «Ave Maria» № 10 (150) за 2007 год.

Вяртанне. Мітрапаліт вядомы і невядомы

— Шаноўны Эксцэленцыя, хоць Ваша асоба дастаткова добра вядомая на Беларусі, нам хацелася б ведаць пра Вас крыху больш. Таму дазвольце найперш запытаць, з чаго ўсё пачыналася, адкуль карані Вашай веры.

— Карані маёй веры выходзяць з сям’і. Я думаю, што так мусіць быць ва ўсіх. Праблема сучаснага чалавека ў тым, што бацькі, а таксама людзі старэйшага пакалення не перадаюць веры сваім дзецям... Нарадзіўся я ў Адэльску, недалёка ад Гродна. Добра не памятаю, але здаецца, што 4–5 гадоў у нас не было святара, аднак кожную нядзелю мы ішлі ў касцёл, бо ён быў адчынены. Дзіця расло, ведаючы, што нядзеля — гэта Dies Domini — Дзень Панскі, і трэба абавязкова ісці ў касцёл. Ёсць Імша ці няма Імшы, але ісці трэба. Не было Імшы, бо не было святара, але быў Ружанец, былі літаніі, Крыжовы шлях, іншыя малітвы. У тыя часы веру можна было пераняць толькі ад бацькоў, бо не было катэхізацыі. Мама, тата, бабця і мы, дзеці, кожны дзень вечарам усе разам станавіліся на калені; менавіта на каленях, не седзячы, чыталі пацеры, а потым быў катэхізіс, кароткі: «Скажы, колькі ёсць Божых запаведзяў, колькі ёсць касцёльных наказаў, назаві галоўныя грахі...». Так малады чалавек узрастаў у тым, што ён штосьці ведаў. Такія былі карані маёй веры.

Таксама былі ў маім жыцці святары, і іх было шмат. Першыя з’явіліся, калі пасля Сталінскіх часоў пачалі вяртацца з лагераў, з Сібіры. Яны прыязджалі і працавалі з моладдзю. Памятаю і сёння, як з’явіўся ксёндз Пётр Барташэвіч, які каля дзесяці гадоў лагераў правёў у ваколіцах Байкала. Ён адразу арганізаваў футбольную каманду з міністрантаў, разам з намі гуляў у футбол. Ён не толькі гуляў з намі, але і вучыў нас. Яшчэ добра памятаю, як ён казаў: «Пакажы свой дзённік, што ты там атрымаў?» Навука, катэхізацыя і гульня ішлі разам, і ўсё было вельмі важна. Аднак усё пачынаецца ў сям’і, і карані, вядома ж, ідуць з сям’і.

— Напачатку Вы атрымалі тэхнічную адукацыю. Чаму ў маладога паспяховага інжынера ўзнікла жаданне прысвяціць сябе святарскаму служэнню?

— Я не ведаю, ці пайшоў бы я ў інстытут або ва універсітэт, калі б добра ведаў, дзе была семінарыя ў тыя часы. Я заўсёды хацеў служыць Богу, заўсёды быў пры касцёле, служыў міністрантам. Бацькі былі веруючыя. Ды і ўвесь Адэльск насялілі католікі. Але штосьці трэба было рабіць пасля школы. Я вельмі любіў матэматыку і фізіку, гэта было маім захапленнем. Напэўна, калі б была магчымасць, я і ў ядзерны рэактар палез бы. Пайшоў спачатку ў педагагічны інстытут у Гродне, потым мусіў яго пакінуць, каб не рабіць праблемы ні для рэктара, ні для інстытута, бо газеты пачалі пісаць, што хтосьці са студэнтаў ходзіць у касцёл. Я забраў дакументы, працаваў год у Гродне. Потым паехаў у Ленінград, закончыў політэхнічны. Мяне накіравалі працаваць у Вільню. Божы Провід! Там распачаў працу і вучобу ў аспірантуры, здаў кандыдацкі мінімум па філасофіі (дарэчы, марксісцка-ленінскай) і англійскай мове. Разам з іншымі інжынерамі зрабіў вынаходніцтва, атрымаў патэнт. Так што ў гэтыя «Жыгулі», што сёння яшчэ бачым у Мінску і ў іншых гарадах, ёсць нейкі і мой унёсак, бо тады быў зроблены высокахуткасны шліфавальны станок для аўтамабільнага завода. Тады ў Вільні дзейнічала 10 касцёлаў. У параўнанні з сітуацыяй у Гродне гэта было шмат. Потым памёр ксёндз з францішканскага касцёла...

Аднойчы Міхал Арановіч, дэкан, удзяляючы мне Камунію, кажа: «Зайдзі ў сакрыстыю». Я зайшоў, а ён гаворыць мне, што, маўляў, калі ты не збіраешся жаніцца, то, можа б, у семінарыю пайшоў. Тое самае казалі мне таксама іншыя святары. І бацька не адзін раз казаў, але найлепш мне зрабіла мама. Аднойчы, калі я прыехаў з Вільні дахаты, узяў малітоўнік і пайшоў у касцёл. Аказалася, што я ўзяў мамін малітоўнік: яны былі аднолькавыя. У гэтым малітоўніку ляжаў абразок, на адваротным баку якога была малітва маці аб святарскім пакліканні. Я зразумеў, што мама моліцца ў гэтай інтэнцыі, хоць яна ні разу ніводнага слова мне пра тое не сказала. Пачалася нейкая ўнутраная барацьба: і інжынерам мне падабаецца быць, у аспірантуры вучуся, і ўсведамляю, што святароў становіцца ўсё менш і менш, таксама і ў Мінску. Вучыўся ў Ленінградзе, а дыпломную працу абараняў у Мінску, на аўтамабільным заводзе. Трэба было ездзіць у Краснае ў касцёл, і гэта займала амаль цэлы дзень — раніцай выязджаю, вечарам вяртаюся. Аднойчы падчас урачыстасцяў апекі Маці Божай Вастрабрамскай выйшаў з Вострай Брамы і сказаў сабе: «Я іду ў семінарыю». Гэта пакліканне! Дарэчы, калі, скажам, прыходзіць да мяне нехта з маладых людзей і заяўляе, што яму падабаецца «спецыяльнасць» ксяндза, я кажу: «Ідзі, шукай іншую спецыяльнасць», бо гэта не спецыяльнасць, а пакліканне.

Так я пайшоў у семінарыю. Скончыў вучобу ў Каўнасе ў 1981 годзе. Пяць гадоў служыў у Вострай Браме.

— Хацелася б, Эксцэленцыя, каб Вы прыгадалі сёння той пераломны момант, а менавіта 1988–1989 гады, калі ў Беларусі пачалося адраджэнне веры і Касцёла, у якім Вы актыўна ўдзельнічалі.

— Да 1988 года я працаваў у Літве. За гэты час ужо ліцэнцыят зрабіў, потым дактарат у Каўнасе. Не ведаю, як далей было б, але я хацеў вярнуцца ў Беларусь. Сюды мне не дазвалялі вярнуцца, але ў 1988 годзе ўсё ж дазволілі. Я атрымаў дзве парафіі ў Гродне: францішканскую і святога Францішка Ксавэрыя. Там было вельмі шмат работы, шмат вернікаў. Потым, у 1989 годзе, Слуга Божы Ян Павел ІІ прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі.

— Якая была тая Мінская дыяцэзія, як Вы яе ўзгадваеце?

— Тады катэдра ў Мінску яшчэ не была аддадзена вернікам. Быў толькі маленькі касцёл на Кальварыі. Такі маленькі, што мне параілі зрабіць рэзідэнцыю ў Ракаве... Зразумела, гэта было нерэальна. Я пайшоў у катэдру, а там — спартыўная зала. Уваходжу, а дзяжурная мне кажа: «Вход запрещён!». Я сказаў, што хачу паглядзець, маўляў, я спорт люблю, сам спортам займаюся. Угаварыў дзяжурную, яна пусціла мяне. Кудысьці пайшоў бочнаю наваю, адчыніў дзверы, а там якраз барацьбой займаліся. Што было рабіць? Выйшаў, перажагнаў касцёл... Такая была першая сустрэча з катэдраю. Потым, 28 кастрычніка, у Гродне быў інгрэс, а 30 кастрычніка я быў у Мінску, на Кальварыі. Хоць ішоў дождж, людзей было шмаі. Усё адбылося вельмі прыгожа. Прыехаў Мітрапаліт Філарэт, павіншаваў. Вядома, у Гродне вернікаў больш, і было ўсё больш знаёмае, але ездзіць трэба было ўсюды. Вельмі часта прыязджаў у Мінск, спачатку толькі на Кальварыю. Потым вельмі хутка нам аддалі катэдру ў Магілёве. Далей пачаў ездзіць больш, па ўсёй Беларусі. Вернікаў трэба было збіраць літаральна па адным. Вельмі добра памятаю, як каля Чырвонага касцёла мы шмат разоў адпраўлялі Імшу. Помню, як гэты касцёл нам нарэшце перадалі, бо гэта было вельмі важна. Была якраз другая Велікодная нядзеля, нядзеля Божай Міласэрнасці. Мы тады адправілі Імшу, і я кажу ксяндзу Уладзіславу Завальнюку: пойдзем з працэсіяй. У нас не было ні балдахіна, ні харугваў. Мы ўзялі манстранцыю, пайшлі вакол касцёла, і праз пару дзён нам яго вярнулі. Калі мне трэба было ад’язджаць у 1991 годзе ў Маскву, то ў катэдры быў вызвалены трэці паверх, мы ўжо там маліліся. Было відаць, што справа рухаецца. І хоць я мала часу папрацаваў тады ў Беларусі, але нейкі фундамент закладаўся, і я вельмі ўдзячны кардыналу Казіміру Свёнтку, які прыйшоў пасля мяне і тут шмат працаваў, вельмі многае зрабіў для адраджэння Касцёла і веры, удзячны біскупу Антонію Дзям’янку, усім біскупам і святарам.

— У сваім звароце да духавенства, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі з нагоды Вашага прызначэння Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Вы кажаце, што ў Расіі пакідаеце частку свайго сэрца. За што асабліва Вы ўдзячны Пану Богу ў гэты перыяд свайго служэння?

— Калі ў мяне спыталіся журналісты ў 1989 годзе (гэта было ў Рыме), з чаго я буду пачынаць у Беларусі, я адказаў: «З фундаментаў». Калі пазней я прыехаў у Маскву і ўбачыў, што там ёсць, я сказаў, што пачынаць трэба з капання вуглоў пад фундамент. У той час па ўсёй Расіі было зарэгістравана ўсяго 10 парафій, у якіх працавала 8 святароў, і было ўсяго 2 касцёлы і 4 капліцы. На сённяшні дзень мы маем 230 зарэгістраваных парафій, у якіх служаць 270 святароў, ёсць семінарыя, працуе інстытут філасофіі, тэалогіі і гісторыі, створаны розныя камісіі. Найважнейшая — Літургічная, якая вельмі плённа працуе. Вялікая ўвага заўсёды надавалася выданню кніг. Выдавалі кнігі малыя і вялікія, філасофскія і багаслоўскія. Выйшлі два тамы каталіцкай Энцыклапедыі, нядаўна я падпісаў трэці том у друк... Як кажуць, адзін сее, другі жне.

Таксама ўжо з’явіліся свае святары, вельмі шмат стараемся працаваць з фармацыяй свецкіх вернікаў. Па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла ў Маскве праводзіцца вельмі шмат канферэнцый, і прычым дастаткова значных. Хацелася б больш зрабіць, але што ўдалося, тое ўдалося. Шмат увагі надаецца таксама міжрэлігійнаму і міжканфесійнаму дыялогу. Перад намі стаіць шэкспіраўскае пытанне To be or not to be (Быць ці не быць). Усё гэта — сур’ёзныя выклікі нашага часу, асабліва ў тым, што датычыць маральнага рэлятывізму. Таму трэба аб’яднаць усе высілкі для таго, каб супрацьстаяць гэтаму злу. У нас наладжаны вельмі добрыя кантакты з ісламам, юдаізмам, будызмам. Па прапанове галоўнага муфтыя Расіі Равіля Гайнутдзіна мы правялі канферэнцыю з нагоды 40-годдзя Дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору Nostra aetate ў канферэнц-зале саборнай мячэці. Наладжаны адносіны таксама з уладамі. Касцёл у Расіі маленькі, ён налічвае прыкладна 600 тысяч вернікаў, можа трохі больш, але гэты Касцёл стаў інтэгральнай часткай расійскай супольнасці. Ведаеце, адзін святар мне сказаў так: «Працаваў за мяжою, хрысціў у год 200–300 чалавек, тут хрышчу самае большае — 20, але тут я больш шчаслівы, бо ў Расіі людзі 70 гадоў чакалі святара». Кожны, хто працуе ў той ці іншай краіне, павінен прыстасавацца да іншага менталітэту, да іншых людзей, але Касцёл — паўсюдны, і ў гэтым яго сіла.

— Раскажыце, калі ласка, крыху пра Вашу міжнародную дзейнасць і дзейнасць на ўзроўні паўсюднага Касцёла.

Мяне запрашалі на розныя канферэнцыі, сімпозіумы, я арганізоўваў таксама і замежныя пілігрымкі. Удзельнічаў у сямі Сінодах Біскупаў, быў на сямі Днях моладзі. Я не ехаў проста так, пасядзець, паглядзець. Пры такім падыходзе няма чаго ехаць — я ўсюды ехаў працаваць.

За мяжой існуе небывалая цікавасць да Усходу. Гэта асабліва звязана з Фацімскімі аб’яўленнямі і адраджэннем духоўнасці ў краінах былога Савецкага Саюза. І нам трэба актыўна ўдзельнічаць у гэтых кантактах, бо людзі Захаду патрабуюць сведчанняў веры.

— Мы ведаем, што Вы, апроч усяго, уваходзіце ў спецыяльны Савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў.

— Я уваходзіў у камісію, якая рыхтавала гэты Сінод, а потым мяне выбралі ў постсінадальную камісію. Выбралі таксама віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды, я стаў акадэмікам Еўраазіяцкай акадэміі навук. Пахадзіў шмат па універсітэтах і па акадэміях навук. Я адкрыты для добрых справаў, і калі мяне будуць запрашаць, я і тут пайду і ва універсітэт, і ў даследчы інстытут, бо Касцёл павінен быць там, дзе ёсць людзі, і не для таго, каб ствараць канкурэнцыю, я зусім гэтага не хачу, я супраць празелітызму. Чалавек сёння расце без хрысціянскіх каштоўнасцяў. Ён задае шмат пытанняў і шмат з іх пра тое, як спалучыць навуку і веру. Сёння існуе складаная праблема біяэтыкі. Што сёння сказаць чалавеку? Гэта вялікае пытанне. Пачынаючы з Юбілейнага 2000 года, мы распачалі душпастырства інтэлігенцыі, універсітэцкай моладзі. Раз на год, у першую нядзелю Адвэнту, я служыў спецыяльную Імшу для іх, а потым адбывалася сустрэча. Шмат прыходзіла людзей, некаторыя былі нават няверуючыя. Гэтыя сустрэчы таксама вельмі важныя.

На працягу 8 гадоў я быў сустаршынёю Хрысціянскага міжканфесійнага камітэта, мы арганізавалі чатыры канферэнцыі, тры з іх былі ў Маскве, адна была ў Мінску...

— За гэтыя 16 гадоў вернікі Беларусі часта бачылі Вас на Радзіме. Значыць, сувязь не парывалася?

— Сувязь не парывалася, бо як можна парваць такую сувязь? Тут, на Беларусі, — і тыя, з кім я рос, тут жылі мае бацькі, сястра, і цяпер хтосьці з радні яшчэ застаўся. Тут тыя людзі, з якімі распачыналася маё жыццё.

Возьмем, напрыклад, тых святароў, якія працавалі ў Беларусі. Іх было мала, і таму ўдзень і ўначы ім даводзілася ездзіць да вернікаў у розныя куткі Беларусі. Памятаю, аднойчы на Божае Нараджэнне як біскуп я адслужыў Імшу ў Гродне, сеў на цягнік і прыехаў раніцай у Мінск, у Чырвоны касцёл, а вечарам я ўжо быў у Магілёве. Гэта быў першы дзень святаў, а на другі дзень я ўжо быў у Полацку. Вядома ж, хтосьці мусіў вазіць, хтосьці павінен быў ехаць, але ж адзін усяго не зробіш. Немагчыма сёння пры гэтых умовах, якія ставяць свет, Касцёл і нашае жыццё, усё рабіць самому. Трэба падзяліць паміж усімі абавязкі, толькі тады, можа, штосьці выйдзе. Бо калі сам возьмешся за ўсё, усё вельмі лёгка «заваліць». Для кожнай працы трэба падбіраць людзей. На той час такія людзі былі, і яны дапамагалі мне. Тады ніхто не думаў пра Катэхетычную ці нейкую іншую камісію. Хуценька зрабілі пераклад Ordo Missаe — парадку Імшы, і выдалі накладам каля 50 тысяч на беларускай мове, потым падрыхтавалі Катэхізіс, 2 ці 3 выданні яго было, усяго 95 тысяч. Сёння перад намі стаяць ужо іншыя заданні...

Мне падабаецца быць сярод людзей. Калі мяне запрашаюць, то я ніколі не адмаўляюся... Я пры камп’ютэры люблю пасядзець, паглядзець, што сказаў Святы Айцец, — можа, думку якую ўзяць. Мне падабаецца напісаць які-небудзь артыкул, прамову. Як нічога не робіш, то няма ніякага росту. Але больш за ўсё, як я ўжо казаў, мне падабаецца быць сярод людзей, таму я ахвотна праводзіў і праводжу набажэнствы. У гэтым годзе былі два вялікія ў Беларусі — у Гудагаі і ў Браславе.

— Якім Вам бачыцца сёння Касцёл у Беларусі?

— Ведаеце, я не хачу сёння ставіць які-небудзь дыягназ, бо спачатку трэба паглядзець, трэба тут пажыць. Адно відавочна — Касцёл жывы, Касцёл мае шмат ініцыятываў. Я езджу па свеце і бачу, што ўсюды ёсць дэлегацыі з Беларусі, а гэта сведчыць пра тое, што многа робіцца. Я бачу, што шмат святароў вучыцца за мяжою, і гэта таксама добра. Гэта значыць, што яны выходзяць шырэй паглядзець на свет, яны прывязуць свой досвед з іншых краінаў.

Я ведаў, што ёсць выдавецтва «Pro Christo», ёсць каталіцкія часопісы, але колькі чалавек там працуе, я не ведаў. Напэўна, цяжкасць заключаецца яшчэ і ў тым, што руская мова больш распаўсюджана ў краінах былога Савецкага Саюза, а беларуская мова толькі ў Беларусі, але гэта не значыць, што не трэба друкаваць на беларускай мове. Выданні на беларускай мове павінны быць. Я не ведаю, як ідуць справы з перакладам дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, але гэта таксама павінна быць выдадзена па-беларуску, бо дапаможа Касцёлу ў яго ўзрастанні, а таксама ў фармаванні яго мовы. Я калісьці працаваў з перакладчыкамі і перакладаў Катэхізіс на рускую мову. На рускую мову лягчэй перакладаць: нешта можна ўзяць з праваслаўнай традыцыі, але шмат трэба было і ствараць, бо многіх словаў проста няма ў рускай мове. Касцёл у Беларусі сёння мне бачыцца дынамічным, з добра развітымі структурамі... Мяне радуе, што на ўрачыстасцях, напрыклад, у Будславе, бывае столькі людзей! У гарадах, асабліва ў Гродне, я таксама бачу шмат людзей, моладзі. Ведаю, што арганізуюцца дні моладзі, і гэта вельмі добра. Я бачу, што на Беларусі ёсць вялікі духоўны патэнцыял, таму і маім заданнем, і заданнем іншых біскупаў з’яўляецца выкарыстанне гэтага патэнцыялу. Я ўдзячны ўсім за тое, што ўжо зроблена.

— Якія прыярытэты сваёй дзейнасці як Мітрапаліта Вы сёння можаце акрэсліць?

— Маё першае заданне — прааналізаваць, што я рэальна маю, што я атрымліваю. Але, напэўна, сярод прыярытэтаў будуць душпастырства сем’яў, катэхізацыя, выкарыстанне мас-медыя ў справе евангелізацыі. Але найперш – катэхізацыя, праца з маладымі людзьмі, з інтэлігенцыяй... Трэба далей працягваць стваральную духоўную працу, развіваць адносіны з іншымі канфесіямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой...

— Якімі Вам бачацца гэтыя адносіны з іншымі канфесіямі?

— Пытанне «быць ці не быць» хрысціянству стаіць перад усімі намі, і мы разам павінны адказваць на яго... Адным пальцам чалавек нічога не зможа зрабіць, але калі зацісне пальцы ў кулак, то ўжо мае нейкую сілу. Калі мы будзем разам, калі будзем супрацьстаяць усім выклікам сучаснага свету (а іх становіцца ўсё больш і больш), наш голас будзе мацнейшы і мы будзем мець большую сілу. Сярод прыярытэтаў, пра якія мы гаварылі, думаю, што таксама павінна быць сацыяльная праца. Яна вельмі моцна развіта ў Беларусі, як я чуў пра гэта ў Маскве ці калі прыязджаў у Гродна. Але сёння, зыходзячы з энцыклікі Папы Бэнэдыкта XVI Deus Caritas est (Бог ёсць любоў), яе трэба працягваць далей. У гэтай сацыяльнай працы можна добра працаваць усім разам, аб’яднаць высілкі ўсіх канфесій. Ці трэба людзям пытацца ў наркамана, католік ён ці праваслаўны, веруючы ці няверуючы? Ён проста хворы чалавек. Я ўваходзіў у раду пры Арганізацыі па ўзаемадзеянні з рэлігійнымі арганізацыямі пры прэзідэнце Расіі і таму вельмі добра разумею, наколькі важна, каб мы працавалі разам... У Расіі мы маем цэнтры для паміраючых і наркаманаў, напрыклад, у Пецярбургу, у Сібіры і іншых месцах. Мы супрацоўнічаем і з Праваслаўнай Царквой, і з аддзеламі сацыяльнага забеспячэння. Трэба развіваць душпастырства вязняў у турмах, бо там таксама шмат розных людзей, якім патрэбна дапамога святара. Усё гэта душпастырскае і сацыяльнае служэнне Касцёла, і адначасова яго заданне, якое ён можа выконваць таксама разам з іншымі канфесіямі.

— Падчас Вашага служэння ў Расіі там вельмі плённа развівалася выдавецкая дзейнасць, з’явілася шмат каталіцкіх выданняў і літургічных кніг. Якія далейшыя перспектывы развіцця каталіцкага кнігадрукавання Вы бачыце ў Беларусі?

— Гэты кірунак дзейнасці павінен развівацца. Сёння цяжка ўявіць жыццё сучаснага чалавека, напрыклад, без Інтэрнэта. Мне здаецца, што і Катэхізіс трэба там змясціць, і не толькі сам тэкст, але і каментары да яго. Добра было б (не ведаю, ці гэта тут робіцца) даваць перад нядзельнай святой Імшой 15 хвілін агульнай катэхізацыі для людзей. Павінна быць асобная катэхізацыя для дзяцей, моладзі, дарослых. Мне здаецца, што магчымасці мас-медыя яшчэ не ўсюды да канца выкарыстоўваюцца.

— А цяпер, Эксцэленцыя, хацелася б крыху даведацца пра Вашыя захапленні, упадабанні, хобі. Хоць, вядома, што вольнага часу ў Мітрапаліта зусім мала.

— Я вельмі люблю даведвацца штосьці новае пра жыццё Касцёла ў свеце, мушу быць у курсе ўсіх справаў, таму люблю Інтэрнэт. Калісьці я іграў у футбол, хакей, катаўся на лыхах, плаваў. Спортам займаюся і цяпер. Люблю добрую традыцыйную эстраду. Люблю здаровы гумар. Люблю чытаць тэалагічную, філасофскую літаратуру. На мастацкую, на жаль, не хапае часу. Цяпер я зачытваюся Ратцынгерам. Здаецца, прачытаў ужо ўсе яго кнігі, што выйшлі на рускай мове, таксама на польскай, італьянскай. Калі выходзіў новы дакумент Апостальскай Сталіцы, мы ў Маскве адразу давалі да яго каментар. Не ведаю, ці робіцца гэтае тут. Мяне захапляе таксама літургіка, бо Літургія — гэта прадчуванне неба, выяўленне жыцця Касцёла. Кожны знак у літургіцы мае сваё выразнае значэнне, выпрабаванае традыцыяй. Слова святара — тое ж самае слова, якое 2000 тысячы гадоў таму назад пакінуў нам Хрыстус. Гэта трэба ўсвядоміць, бо гэта таксама заданне, якое стаіць сёння перад усімі хрысціянамі. Абвяшчаць Добрую Навіну павінен кожны хрысціянін, не толькі святар.

— Шчыра дзякую Вам, Ваша Эксцэленцыя, за цікавую і змястоўную гутарку. Мы радуемся Вашаму вяртанню на радзіму і жадаем Вам плённага апостальскага служэння на хвалу Хрыста і дзеля дабра Касцёла.

— Дзякуй. Часопіс «Ave Maria» добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Я яго часта там чытаў. Жадаю рэдакцыі плённай і творчай працы, асабліва ў нясенні хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучаснае жыццё і культуру, а чытачам жадаю ўспрымання духоўнай радасці, якую гэты часопіс нясе. Усіх вас давяраю апецы Божай Маці і з надзеяй на плённае супрацоўніцтва ад усяго сэрца благаслаўляю.

— Вялікі дзякуй за благаслаўленне і добрыя словы.

Размаўляла Крыстына Лялько.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.