Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Карытас» Віцебскай дыяцэзіі — 10 год. Інтэрв’ю з Віталем Кульпекшам
Інтэрв'ю
21.09.2010 12:43

Ужо на працягу 10 год у Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае рэлігійная місія «Карытас». Праца распачыналася паволі, але добрая справа заўсёды знойдзе падтрымку — Божую і з боку людзей. Дырэктар «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі Віталь Кульпекша распавядае пра гісторыю і дзейнасць дабрачыннай місіі.

— Набліжаецца 10-годдзе «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі. Скажыце, калі ласка, хто стаяў ля вытокаў заснавання дабрачыннай рэлігійнай місіі і як усё пачыналася?

— Адкрыццё «Карытас» адбылося ў 1999 годзе, калі і была заснавана Віцебская дыяцэзія. Першапачаткова офіс місіі знаходзіўся ў Полацку, а дырэктарам быў кс. Аляксандр Чайкоўскі. Пазней для «Карытас» было набыта памяшканне ў Віцебску. Безумоўна, ля вытокаў місіі стаяў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які і адкрыў яе. Дзейнасць распачыналася з гуманітарнага груза. Гэта быў самы першы праект, і на той час ён з’яўляўся найбольш актуальным. Пазней з развіццём «Карытас» мы ахоплівалі іншыя сферы і распачалася рэалізацыя сацыяльных праектаў.

— Якія гэта былі праекты?

— Гэта была дапамога дзецям, людзям састарэлага ўзросту, шматдзетным сем’ям. Таксама вялікую ўвагу мы сталі ўдзяляць клопату аб інвалідах. На дадзеным этапе гэта самы галоўны наш праект, бо на сённяшні дзень яны самыя неабароненыя ў грамадстве.

— Сацыяльныя праекты місія «Карытас» рэалізуе сумесна з дзяржавай?

— Так, з дзяржавай і з нашымі партнёрамі, як з-за мяжы, так і ўнутры краіны. Самы галоўны партнёр місіі — гэта «Карытас» дыяцэзіі Лінц (Верхняя Аўстрыя — Рэд.), які з самага пачатку аказваў нам падтрымку. Затым наладзіліся кантакты з «Карытас» Кёльна (Германія — Рэд.). Сёння мы таксама супрацоўнічаем з «Рэнавабіс» і таварыствам «Бэтэль» (Польшча). Гэта тыя партнёры, якія дапамагаюць нам дапамагаць людзям.

«Бэтэль», напрыклад, займаецца непасрэдна інвалідамі. Гэтая арганізацыя мае памяшканні, дзе рэалізуецца працоўная рэабілітацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчы, такую ж назву — «Бэтэль» — я даў клубам, якія дзейнічаюць у Віцебску, Мёрах, Глыбокім і займаюцца інвалідамі.

У Беларусі мы супрацоўнічаем з сацыяльнымі цэнтрамі абслугоўвання насельніцтва. Гэтым цэнтрам Прэзідэнт Беларусі даручыў пытанне працоўнай занятасці інвалідаў. Такім чынам, яны былі ўтвораны ў кожнай вобласці і займаюцца працоўнай тэрапіяй інвалідаў.

— Хацелася б больш даведацца пра дзейнасць парафіяльных «Карытас»...

— На сённяшні дзень у нашай дыяцэзіі дзейнасць парафіяльных «Карытас» развіта недастаткова. Усё яшчэ толькі пачынаецца. Сёння яны прысутныя ў Мёрах, Глыбокім, Лынтупах, Віцебску.

— У Мёрах, Віцебску і Глыбокім іх дзейнасць заключаецца ў працы з інвалідамі. А як увогуле выглядае праца парафіяльных «Карытас»?

— Напрыклад, людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, прыходзяць да святара па дапамогу і атрымліваюць яе. Мала хто задумваецца, што ўжо гэта і з’яўляецца парафіяльным «Карытас». «Карытас» і Касцёл — гэта адно цэлае. Толькі святары займаюцца душпастырствам, а «Карытас» — дабрачыннасцю. Таму на сённяшні дзень перад намі задача: растлумачыць, чым з’яўляецца «Карытас» у канкрэтнай парафіі, і стварыць сапраўдны парафіяльны «Карытас», які добра развіты за мяжой.

— Хто можа быць задзейнічаны ў дзейнасці парафіяльнага «Карытас»?

— У парафіі за ўсё адказвае пробашч. Менавіта ён вызначае адказнага чалавека за дабрачыннасць, з якім заўсёды можна скантактавацца. Між іншым, згодна з Кананічным правам, дыякан з’яўляецца тым, хто павінен займацца дабрачыннай дзейнасцю.

— Калі адбудзецца святкаванне юбілею «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі і дзе?

— Юбілей будзе адзначацца 2 кастрычніка. Урачыстасць распачнецца святой Імшой а 10 гадзіне ў віцебскім касцёле св. Барбары. Плануецца, што на яе прыбудуць госці з Германіі, Аўстрыі і Польшчы. На святкаванні будуць прысутнічаць біскуп Уладзіслаў Блін, біскуп Антоні Дзям’янка, чакаецца, што прыбудзе і біскуп Аляксандр Кашкевіч. Разам з намі будзе таксама Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. На ўрачыстасць запрошаны прадстаўнікі парафіяльных «Карытас» нашай дыяцэзіі.

З нагоды юбілею таксама Віцебская абласная філармонія робіць нам падарунак — канцэртную праграму для нашых гасцей.

— Дзякуем за размову. Жадаем плённай працы!

Размаўляла Валянціна Крутая

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.