Кс. Ігар Лашук пра значэнне парафіяльных рэкалекцый | Друк |
Інтэрв'ю
13.10.2010 17:39

10–12 кастрычніка 2010 г. парафія Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат) перажывала дні духоўнага аднаўлення. Пра гэтыя рэкалекцыі, адметнасцю якіх была заступніцкая малітва кс. Яна Рэчэка і спадарыні Станіславы з Кракава аб унутраным аздараўленні, апавядае пробашч парафіі кс. Ігар Лашук SDB.

— Ксёндз Ігар, распавядзіце, калі ласка, перадгіторыю рэкалекцый з кс. Янам Рэчэкам. Думаю, кожныя малітоўныя сустрэчы, арганізаваныя для парафіі, з’яўляюцца клопатам душпастыра аб сваіх верніках...

— У думках я заўсёды разважаў: будуем касцёл, узносім муры, аднак пры гэтым чалавек часам адыходзіць ад спраў Божых з прычыны таго, што больш увагі ўдзяляе справам матэрыяльным. Даводзіцца сустракацца з рознымі людзьмі. Бачыш, што яны цябе падманваюць, становішся сведкам розных сітуацый... І так чалавек чарсцвее. Узгадваю, як сказаў падчас канферэнцыі кс. Ян Рэчэк: бацька кожны дзень павінен маліцца «Ойча наш...» за сваю сям’ю, прасіць не толькі хлеба штодзённана, але і аб тым, каб Бог збавіў ад злога ўсю сям’ю. Так, з гэтымі словамі да мяне прыйшла думка, што я таксама павінен маліцца кожны дзень «Ойча наш...» за парафію, просячы хлеба для кожнага і аб тым, каб Бог збавіў усіх ад злога. Шчыра кажучы, сярод маіх малітваў менавіта гэтай інтэнцыі не было. Думаю, гэта адзін з плёнаў рэкалекцый асабіста для мяне.

Хацелася нейкага духоўнага аднаўлення для парафіі. Было відаць, што неяк усё становіцца штодзённым. Здавалася б, я падчас Імшаў гавару тое ж самае, што і гэты ксёндз. Ён нічога новага не сказаў. Аднак, можа, ён сказаў з большай моцай, даючы шмат прыкладаў. Тым больш, да парафіі прамовіў новы чалавек, вядомы святар, пра якога чулі многія з вернікаў. Я нават жартаваў з яго: ты, як Езус: дзе б ні з’яўляўся, за табою бягуць людзі (смяецца).

— Ці былі запатрабаванымі гэтыя рэкалекцыі? На Вашу думку, ці належным чынам былі яны перажыты, бо асноўная маса ўпершыню сустрэлася з заступніцкай малітвай, што кс. Ян чыніў супольна са спадарыняй Станіславай (у Польшчы яе называюць сястрой Станіславай)?

— Хачу сказаць, што ў гэтыя дні ў нашай капліцы пабывалі вернікі з Ліды, Гродна і з іншых месц. Людзі прыязджалі, каб прыняць удзел у гэтых сустрэчах, паслухаць слова Божае. Не ведаю, ці пачулі яны гэтае слова, ці ўсвядомілі яго. Безумоўна, многія чакалі нечага большага: як кажуць, хаця б дакрануцца да шатаў Езуса. Але тут важна было ўсвядоміць, што благаслаўленне ўдзяляе сам Езус, і праз гэта зведаць Божую моц. Таму я, з аднаго боку, вельмі задаволены духоўным плёнам гэтых рэкалекцый, гэтых малітваў. З іншага боку, які ён, гэты духоўны плён, пабачым у будучыні. Сёння мы, як кажуць,  яшчэ жывём у экстазе першых дзён. Паглядзім праз тыдзень-другі. Захапленне міне, прыйдзе штодзённасць, экстаз пяройдзе да розуму, і мы будзем «пераварваць» тое, што перажылі. Наступіць баланс паміж духоўна перажытым і разумовымі дзеяннямі, тады чалавек па-іншаму на ўсё гэта паглядзіць.

Сам рэкалекцыяніст адзначаў, што не аб’яўляе нічога надзвычайнага, але прамаўляе Божае слова. Можа, людзям трэба чуць многа прыкладаў, як Бог дзейнічае? Мы бачым шмат дрэнных прыкладаў па тэлебачанні: там забілі, там замучылі і г. д. Мы бачым, як зло ідзе па свеце, але чамусьці не бачым дабра ў гэтым свеце. Мы, хрысціяне, не паказваем, як Бог дзейнічае ў нашых сэрцах, душах, у нашым жыцці. Не даем гэтага прыкладу. Таму, шчыра кажучы, я задаволены духоўным пад’ёмам, які прынеслі гэтыя рэкалекцыі.

— Як захаваць гэты духоўны плён? Не толькі кожнаму паасобна, але ўсёй парафіяльнай супольнасці...

— Прашу ўсіх, хто слухаў гэтае слова Божае, задумацца над сваім жыццём, не паддавацца спакусам. Няхай Хрыстус Пан дасць нам ласку і благаслаўляе. «Не нам, Пане, не нам, але імені Твайму дай славу», — можам разам прамовіць гэтыя словы, якія мне вельмі падабаюцца. Калі малюся ў нашай катэдры, шмат разоў прачытваю гэтыя словы, напісаныя над алтарнай часткай на лацінскай мове. Мне вельмі падабаецца гэты заклік.

Жадаю і прашу Бога, каб з дапамогай нашай салезіянскай сям’і, якая тут працуе — ксяндзоў, сясцёр, салезіянаў супрацоўнікаў, якія мне хацелася б, каб больш развіваліся, — парафія ўзрастала ў веры. Варта адзначыць, што малітоўныя згуртаванні, якія дзейнічаюць пры нашай парафіі, не абыякавыя да сітуацыі паўсюднага Касцёла, а перш за ўсё — сваёй парафіі. Вялікая малітоўная падтрымка ідзе з боку такіх груп, як «Легіён Марыі», рух «Маргарытка», «Маці ў малітве», Таварыства Маці Божай, Апякункі добрай смерці, Апостальская справа дапамогі душам чыстцовым, групы «Адкрытыя сэрцы», «Сябры Марыі», аніматары.

Акрамя гэтага, мы арганізавалі малітву за ахвярадаўцаў. Кожны месяц 24 чысла, у гонар Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, мы цэлебруем за іх святыя Імшы. Важна памятаць пра мэту будаўніцтва святыні — збаўленне чалавека. Некалькі дзён таму кардынал Юзаф Томко падчас урачыстай літургіі ў мінскай архікатэдры з нагоды 300-годдзя кансэкрацыі святыні нагадаў, што кожны з нас — святыня Духа Святога. Ксёндз Ян Рэчэк таксама нагадаў, што падчас хросту мы атрымалі гэтае ганаровае званне — быць святыняй Духа Святога. Заклікаю памятаць пра гэта.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

 
© 2003-2024 Catholic.by