Кс. Вячаслаў Пялінак MIC: хвароба — гэта пытанне пра веру | Друк |
Інтэрв'ю
03.03.2011 17:29

Боль, хвароба — звычайныя рэчы. Хто з нас не хварэў? Аднак, калі гэта сур’ёзнае захворванне, якое можа пазбавіць нас калі не жыцця, то яго прывычнана рытму… Нярэдка ў такім выпадку людзей ахолівае страх перад цярпеннем і адсутнасцю нармальнай будучыні.

— Ксёндз Вячаслаў, як сябе паводзіць, даведаўшыся пра сур’ёзную хваробу?

— У жыцці я бачыў розных людзей і розную рэакцыю на хваробу. Кагосьці хвароба можа наблізіць да Бога, іншыя кажуць, што хвароба можа стаць каменем супрацьстаяння, нязгоды з Богам, з Ягонай воляй.

Калі прыходзіць хвароба, чалавек можа па-рознаму рэагаваць: страх, слёзы, нязгода. Я ўпэўнены, што Бог настолькі добра ведае чалавека і яго сэрца, што, калі ў гэтую хвіліну чалавек перажывае расчараванне альбо нават нейкую дэпрэсію, гэта таксама мае нейкі духоўны сэнс у яго жыцці. І на сённяшні дзень, можа, гэта яму больш неабходна.

Гляньце, Хрыстус, стаўшы сапраўдным чалавекам, не хацеў па-геройску падыходзіць да такіх спраў, як смерць. Ён плакаў, адчуваў страх на крыжы, Ён усклікнуў: Божа, нашто мяне пакінуў? Калі б мы хацелі бачыць хрысціяніна волатам, які ідзе насуперак усялякім цяжкасцям, хваробе і смерці, то тады б мы не маглі растлумачыць ані сцэну ў садзе Аліўным, ані крык Езуса з крыжа. Хрыстус, як сапраўдны чалавек, хоча сабраць усе магчымыя эмоцыі і перажыванні чалавека, які стаіць перад сур’ёзным выбарам.

Таму, думаю, ніхто не запраграмуе, як паводзіць сябе ў час хваробы. Галоўнае — знайсці ў гэтым хрысціянскі сэнс, што Бог таксама прысутнічае ў гэтай хваробе. Ён мяне наведвае ў гэтай хваробе. Ён кліча мяне ў гэтай хваробе. Гэта Ён. Гэта не прыйшло ад д’ябла ці невядома адкуль. Бог прысутны. Хоць Ён і не стварыў хваробы, але ў гэтай хваробе я магу з Ім сустрэцца. Так, як калісьці сустрэнуся з Ім у смерці, якой баюся.

— Нягледзячы на цярпенні, якія нясе хвароба, у адных людзей спрацоўвае жаданне жыць. Да іншых можа прыйсці спакуса пусціць усё на самацёк, каб хутчэй завяршыліся і пакуты, і жыццё… Як знаходзіць сэнс у гэтай барацьбе, перамога ў якой часам не так і многа абяцае?

— Ведаеце, у сучаснай духоўнасці Касцёла (Захад гэта, напэўна, ужо перажыў, а да нас гэтая хваля толькі прыходзіць) распаўсюдзілася моцная тэндэнцыя псіхалагізавання нашай духоўнасці, што вялікая маці-псіхалогія можа вырашыць многія праблемы: чалавек можа настроіць сябе, можа пазітыўна думаць (нават аб хваробе), можа змагацца. Часта гэта мяжуе з чалавекам-робатам, які «запраграмавана» ідзе, пазітыўна думаючы, перамагаючы страхі і г.д.

Я адношуся да людзей іншага тыпу. Мне больш падабаецца звычайнае людское змаганне, у якім бывае і слабасць, і трывога. Калі я бачу, што чалавек перажывае і плача з прычыны, напрыклад, хваробы яго блізкага, я з вялікай любоўю гляджу на яго. Калі я захварэў і бачыў, што гэта іншым не ўсё роўна, у маім сэрцы таксама ўзнікала нейкае чыста людское, добрае прагненне любові і спачування.

Калі я прыязджаю позна вечарам дадому і бачу, што мой старэйшы брат а. Юзаф не спіць, бо перажывае, ці прыехаў я, мне гэта прыемна…

У час хваробы, я думаю, усё з’яўляецца змаганнем. Я не хачу сказаць, што чалавек, які не разумее, чаму Бог спаслаў на яго гэтую хваробу, і кажа, што не мае сіл, менш верыць у Бога, чым той, які абсалютна прымае гэта альбо гатовы змагацца. Вярнуся да прыкладу Хрыста, які з’яўляецца для нас этыкетам сапраўднасці чалавека. Чалавек павінен быць сапраўдным. Ведаем шмат момантаў змагання Хрыста, калі Ён ідзе, пераадольвае ўсялякія цяжкасці, праходзіць праз небяспеку, узносіць да Айца малітвы і славіць Яго: Ойча, дзякую Табе… Я не ведаю, ці будзе на зямлі больш прыгожая малітва за тую, якую Езус узносіў у садзе Аліўным ці на крыжы: Ойча, чаму Ты Мяне пакінуў?.. Гэта была малітва знявечанага пабоямі чалавека, прыбітага да крыжа, з якога сыходзіла толькі адно: Я давяраю! Але як чалавек Ён пытаўся ў Бога Айца: чаму Ты Мяне пакінуў? Давер да Бога я маю, але як чалавек я плачу, сумняваюся, у мяне апускаюцца рукі, я не маю сіл ісці далей. Ойча, забяры ад мяне гэты келіх, хоць у глыбіні я давяраю Табе. Таму, я думаю, тут нельга нешта запраграмаваць.

Вельмі часта хвароба служыць парогам да смерці, рыхтуе нас да яе. Хвароба з’яўляецца часам, калі чалавек павінен правесці ў сваім сэрцы нейкую працу. Часта Бог прымае чалавека без хваробы, бо той ужо падрыхтаваны. А часта вось гэты новы ўрок, новую лекцыю мы павінны прайсці. А ўжо як мы яго пройдзем: з годнасцю, у змаганні за пазітыў жыцця ці, наадварот, паддаючыся слабасці?.. Мне здаецца, галоўнае — быць шчырым і сапраўдным у адносінах да Бога і да сябе.

— Натуральным з’яўляецца тое, што, калі чалавек бязрадны і не можа абысціся без дапамогі бліжняга, узнікае пачуццё прыніжэння, ён не можа прымаць усю дапамогу, ён не жадае, хоча з усім спраўляцца сам, але не можа…

— Гэта ўвогуле праблема ўсяго нашага жыцця. Мы не з’яўляемся Богам і павінны мець пакору і прымаць ласку і дабрыню іншага чалавека паўсюль. Як хрысціяне мы павінны вучыцца жыць з гэтым: я залежу не толькі ад Бога, але таксама ад іншых людзей, якім я вельмі ўдзячны, якія шмат для мяне робяць. Пыхлівая пастава чалавека быць абсалютна самадастатковым, з’яўляцца цэнтрам падзей свайго жыцця супярэчыць логіцы Евангелля, якое паказвае нам зусім іншую мадэль чалавека. Калі мы прааналізуем Біблію, то і ў Старым, і ў Новым Запавеце вернік, адданы Богу, часта называецца ўбогім. Не героем, не волатам, а ўбогім. Грэчаскае слова «герой» ніколі не ўжывалася ў Старым Запавеце. Святы Павел, калі ўжывае яго ў сваім пасланні, хоча ўказаць не на самога героя, спартсмена на стадыёне, а на імкненне, на бег. Аднак св. Павел ні ў якім сэнсе не хоча паказаць, што хрысціянін з’яўляецца кімсьці моцным.

Стаць перад іншым чалавекам у духу пакоры — гэта вельмі прыгожа. Адзін з маіх любімых раманаў — «Хлеб і віно» італьянскага класіка — распавядае пра шлях да Бога аднаго змагара, рэвалюцыянера. Ён пражыў вельмі бурнае маладое жыццё. А цяпер ён цяжка паранены і ляжыць на сене. І аднойчы (гэта мог напісаць толькі класік) ён адчуў раскошу слабасці. Каля яго стаялі толькі хлеб і віно. Які я ўсё ж такі маленькі з-за гэтай хваробы! А ўчора быў такім вялікім! І колькі робіць для мяне гэты чалавек, які прынёс мне хлеб і віно. Як я ўдзячны яму, хоць гэта ўсё, што ён на сённяшні дзень можа для мяне зрабіць. І ўпершыню да параненага рэвалюцыянера прыйшло ўсведамленне, чаму Пан ужыў хлеб і віно для Эўхарыстыі. Гэта як бы алюзія. Аднак слабасць, як кажа нам Біблія, дае чалавеку нейкае пачуццё розуму. У слабасці ж таксама ёсць прыгажосць.

У фільме «Троя» мы бачым размову Ахілеса з яго каханай. Яна пытаецца, як ён сябе адчувае, з’яўляючыся напалову богам. На што ён адказвае: ведаеш, як гэта добра быць чалавекам? Як гэта добра ведаць, што ты заўтра памрэш? Быць богам (у язычніцкай канцэпцыі) — гэта сумна, бо ты будзеш жыць сёння, заўтра, паслязаўтра. А калі ты — чалавек, то ведаеш, што заўтра цябе можа не стаць. І тады жыццё набывае іншы сэнс. Бо менавіта гэты дзень можа быць апошнім. Таму ён павінен быць самым прыгожым. Бог кажа аб гэтым не для таго, каб палохаць, а для таго, каб цаніць гэты дзень. Сённяшні дзень. Таму ў псальме мы кажам: Пане, навучы нас лічыць дні нашыя і мы здабудзем мудрасць сэрца. Я люблю гэтыя словы.

— Калі хварэе чалавек, мы можам назіраць складанае замкнёнае кола: хваробу перажываюць таксама яго родныя і блізкія. Якую паставу павінен прыняць бліжні, каб стаць сапраўднай падтрымкай для хворага?

— Найперш, важна ведаць, што чалавек, які захварэў, павінен перажыць хваробу. Гэта тое, што ён сам павінен прайсці. Ніхто гэтага за яго не зробіць. Ён становіцца ў змаганне з хваробай. Мы можам яму дапамагчы. Але ні ў якім разе не зрабіць гэта за яго. Часта гэта з’яўляецца нашай вялікай памылкай. Мы пачынаем вучыць, суцяшаць, казаць нейкія банальныя словы. Чалавек гэтага не слухае. Адзінае, што ты можаш зрабіць для хворага чалавека, гэта быць.

Памятаю свае першыя крокі ў святарстве, першыя пахаванні… Як цяжка быць сярод людзей, якіх пакінуў малады чалавек, без якога засталіся дзеці, маці, жонка. Страшна ісці на такое пахаванне. Тады ставіш сябе на іх месцы ці на месцы Бога і думаеш, што павінен прайсці за іх гэты шлях. Аднак потым усё ж такі разумееш: не, не павінен, ты нясеш сюды Хрыста, які сам будзе суцяшаць чалавека. І Ён гэта зробіць.

Быць няпроста. Гэта каштуе нам. І мы не можам навучыць, як быць. Але трэба быць і любіць гэтага чалавека. І хоць гэта банальна гучыць, гэтага дастаткова. Нельга рабіць неабдуманыя крокі, бо часам такая дапамога можа сапраўды нашкодзіць чалавеку. А першы крытэрый і любові, і дапамогі, — у тым, што ты любіш. Калі ты любіш чалавека, то ўсё, што б ты не зрабіў, будзе аўтэнтычнае. Ты не ведаеш, як дапамагчы, але дапамагаеш. Колькі разоў мы чулі: ты мне дапамог. Мы думаем: Божа, чым я яму дапамог? А часам, наадварот, хацелі дапамагчы і не маглі нічога зрабіць. Можа, любові не хапіла, шчырасці. Таму трэба быць. Быць і імкнуцца любіць. Так, як умеем.

— Здараецца, што хворы сам становіцца падтрымкай для сваіх бліжніх: наколькі можа, пакідае боль і страх для сябе… Напэўна, гэта і можна назваць годным адыходам з гэтага свету, калі ў цярпеннях ты працягваеш любіць.

— Безумоўна. Я сам, з’яўляючыся па натуры чалавекам хваравітым, рэгулярна наведваю шпіталі. Быў перыяд, калі я хварэў і адчуў у сабе спакусу: мне прыемна, калі мяне шкадуюць людзі. Я адчуў, наколькі рэальна ўчыніць са сваіх капрызаў, са сваёй хваробы нейкі абарончы панцыр. Шмат чаго прабачаецца, калі ты хворы. Важна зразумець, як гэта небяспечна паддавацца такой спакусе: засяроджвацца на хваробе, распавядаць пра яе, упітваць у сябе эмацыйнасць ад іншых людзей, стаць вампірам, які будзе за кошт сваёй хваробы збіраць эмоцыі ці праз гнеў выкідваць гэта на іншых і апраўдваць сябе тым, што хворы.

Праца з хворымі патрабуе ад мяне нейкай спецыфічнай духоўнасці, каб іх зразумець. Калі чалавек хворы і ад гэтага церпяць усе, трэба ўмець сказаць: стоп, так не павінна быць, бо ты хрысціянін. Кожны павінен працаваць над сабой, каб сэрца стала бліжэй да іншага чалавека, каб гэта рабіла нас лепшымі. Хвароба ні ў якім разе не павінна аддаляць мяне ад іншых людзей.

Годнае перажыванне хваробы можна назваць агульнай духоўнай культурай чалавека. Звычайна гэта ідзе ў пары. Наколькі высокі ў чалавека духоўны ўзровень, настолькі ён не будзе ў штодзённасці выкідваць свае эмоцыі, не будзе іх збіраць, не будзе красці чалавечай любові, калі яна яму не даецца. Калі ў штодзённым жыцці мы не атрымліваем любові, то пачынаем яе красці. Тады хвароба становіцца як жабрачая торба, куды мы збіраем усё добрае, што людзі даюць нам ужо з літасці. Аднак гэта не тое, гэта любоў украдзеная, гэта не сапраўдныя пачуцці, яны аддадзены з літасці.

— На жаль, нярэдка сутыкаешся з абыякавасцю ўрачоў. У выніку з’яўляецца недавер і нежаданне да іх ісці. Ці маем мы права адмаўляцца ад кваліфікаванай дапамогі?

— Ні ў якім разе. Хрысціянін не мае права адмаўляцца ад паслугі ўрачоў. Гэта наш абавязак — не шкодзіць уласнаму здароўю. А значыць трэба карыстацца той медыцынай, якую я маю сёння. Гэта мой абавязак.

Асабіста я не сустракаўся ў сваім жыцці з абыякавасцю ўрачоў. Я ведаю, што, можа, гэта і таму, што з’яўляюся святаром, і таму ўрачы часам глядзяць на мяне як на vip-персону. Аднак, прыходзячы на ўколы ці працэдуры, я станаўлюся ў агульную чаргу, каб пабыць з людзьмі, паслухаць, пра што яны размаўляюць. І вельмі часта я акунаюся ў гэтую звычайную бытавую сітуацыю.

Сярод маіх парафіянаў ёсць урачы. Таму я ведаю, што ім таксама складана. Сёння назіраецца агульная абазлёнасць. Людзі патрабуюць здароўя, пануе страх перад смерцю. І таму вельмі часта таксама з боку пацыентаў зыходзіць шмат негатыўнага ў адносінах да ўрачоў. Урачы ж пакутуюць ад загружанасці, ад нявыспанасці, ад пяці ставак. А гэта ўсё сыходзіць у катэгорыі нашага штодзённага жыцця.

Я ўдзячны тым урачам, якія мне дапамагалі і дапамагаюць. Я сапраўды маю толькі шацунак да іх, бо, што там казаць, большасць з іх — гэта людзі ад Бога. Такія, можа, мы стварылі ўмовы для працы. Але кожны ўрач хоча лячыць чалавека. І мы павінны ім давяраць.

— Калі з чалавекам здараецца бяда, заўсёды хочацца, каб ён не губляў надзеі і наколькі можа ў веры і гармоніі перажываў тое, што па волі Божай. Ксёндз Вячаслаў, хацелася б пачуць практычныя рэкамендацыі, як у лучнасці з Богам перажываць хваробу.

— Першае пытанне, якое мы павінны паставіць перад сабой, калі да мяне ці да майго блізкага прыйшла хвароба, гэта: чаму? Важна не трапіць у фальшывую рэальнасць хваробы. Так можа здарыцца, калі мы не адкажам на гэтае пытанне або адказ будзе банальным.

Хвароба блізкага чалавека задае мне пытанне: чаму? Гэтае пытанне можа датычыць маёй любові і адносін да яго. Важна таксама спытаць у сябе, што ў гэтай сітуацыі я як хрысціянін магу зрабіць і чаму я стаў перад гэтай праблемай. Чаму менавіта цяпер? Якія мае адносіны да жыцця? Так часам здараецца, што толькі хвароба паказвае нам, якое важнае жыццё. А яшчэ ўчора яно было зусім няважным.

Таму спачатку вельмі важна, каб хрысціянін зазірнуў у глыбіню праблемы. Каб не меў нявырашаных адносінаў з Панам Богам. Без гэтага далей лячыцца нельга. Нават кроку ступіць. Ты павінен зразумець, што ў гэтым ёсць нейкая логіка, што ў гэтым ёсць Бог. Па-другое, ні ў якім разе нельга рабіць з хваробы штосьці дэманалагічнае, што гэта ад д’ябла, ад чорнай сілы. У такім выпадку чалавек адразу ўступае ў канфрантацыю і канфлікт з Богам.

Важна зразумець, наколькі дазваляе людская пакора і вера, што Бог не хоча мне зла, што Ён любіць мяне, любіць аўтэнтычна. І калі штосьці дае, то з любоўю. І калі хварэе мой бацька ці маці, гэта не значыць, што Бог любіць іх менш, чым я. Бог любіць іх больш, чым я.

Адказваючы на пытанне «чаму?», не абавязкова знайсці адказ розумам. У сэрцы павінен быць адказ: я ведаю, што ў гэтым ёсць Бог. І гэта будзе згодай на вынік хваробы. Я думаю, у такія моманты самае важнае — гэта наша вера. Вера можа прынесці мне здароўе. З верай я магу годна адыходзіць на спатканне з Панам, якое чакаю ўсё жыццё як хрысціянін. Што там казаць! (усміхаецца) Але недахоп веры можа кінуць мяне ў бездань негатыўных пачуццяў. Недахоп веры можа паставіць мяне ў канфрантацыю з Панам Богам. Недахоп веры можа ўчыніць для мяне таямнічы пераход з гэтага свету ў вечнасць страшным, дэманалагічным. Таму хвароба — гэта пытанне пра веру.

У такія моманты я раю чалавеку вельмі глыбокі аналіз жыцця і малітву. Я не даю нейкай літаніі, але кажу: падумай пра свае споведзі, падумай пра сваё жыццё. Ці ўсе твае справы з Богам упарадкаваны, ці не маеш ты нейкага моцнага граху, які не аддаў Богу на споведзі, ці сапраўды няма кагосьці, каго ты ненавідзіш, ці няма таго, каго ты мог пакрыўдзіць? І вось у гэтай малітве-размове з Богам расце вера і расце сам чалавек. А потым ён дойдзе да ўсяго: да літаній, да разважання над Мукай Пана Езуса і г.д. Хвароба альбо нейкае няшчасце, боль, страх — гэта перш за ўсё сігнал, што я павінен уважліва трактаваць Бога ў маім жыцці, само жыццё, і калі я сапраўды з адказнасцю адношуся да свайго жыцця і разумею, што яно каштоўнае, то не толькі лячу ў аптэку, але перш за ўсё станаўлюся і размаўляю з Ім. Пане, давай сядзем і паразмаўляем з Табою пра жыццё: ад пачатку да сённяшняга дня. І тады паволі ўсё пачынае вырашацца. Гэта цяжкая задача, але яе трэба вырашаць.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

 
© 2003-2024 Catholic.by