Восем дзяцей сям’і Ташціміравых. Разважанні пра бацькоўства | Друк |
Інтэрв'ю
23.03.2012 15:24

Неяк побач у літургічным календары знаходзіцца ўрачыстасць св. Юзафа і Звеставання Пана. Адна з іх кажа пра ролю бацькі ў сям’і, другая ж сцвярджае ісціну аб важнасці мацярынскага цяпла і любові ў выхаванні дзяцей і перш за ўсё — у прыняцці зачатага жыцця. Таму, напэўна, гэта найлепшы час, каб паразважаць пра радасці і складанасці сённяшняга мацярынства і бацькоўства. Гэта мы папрасілі зрабіць бацькоў васьмярых хлопчыкаў Руслана і Наталлю Ташціміравых.

Замест уступу

Надоўга запомню, як убачыла іх сям’ю ў касцёле: ён граў падчас святой Імшы на тамтаме, яна — на гітары. А дзеці — для якіх і лаўкі адной не хапае — спявалі і прыглядвалі адзін за адным. Нават і не паверыш, што гэта бацькі столькіх дзяцей — самі выглядаюць як дзеці. Можа яно і так, але ў 25 гадоў Наталлю ўзнагародзілі ордэнам Маці. Іх старэйшаму, Уладзіку, — 10, а малодшаму, Марку, — год.  А яшчэ ёсць Данік, Хрысцік, Стасік, Дамінік, Эдзік, Рома. Вось такая сям’я. І актыўныя ў ёй не толькі дзеці, але і бацькі.

А калі іх  няма на Імшы, лаўкі пустуюць.


— З чаго распачалася ваша сям’я? Як пазнаёміліся?


— Руслан: Наташа і я наведвалі сустрэчы супольнасці руху «Каштоўная пярліна». Праўда, Ната жыла ў Слуцку, а я ў Мінскім раёне. Калі я быў упершыню на такой сустрэчы ў Чырвоным касцёле Мінска то не меў Бібліі, а Ната дала мне сваю. Тады, напэўна, упершыню звярнулі ўвагу адно на аднаго. Пасля зрэдку бачыліся на рэкалекцыях у Сініло.

— Наталля: Памятаю, як на той сустрэчы ў Чырвоным касцёле падчас малітвы Руслан трымаў мяне за руку. Але на гэтым усё і скончылася. Праз колькі часу, 25 снежня, я ехала ў Мінск (папрасілі «праевангелізаваць» аднаго хлопца) і чамусьці падумала пра тое, што хацела б убачыць Руслана. (Пры гэтым у той час я ўжо расчаравалася ў каханні і падумвала пайсці ў манастыр). Цікава, што Руслан у той дзень таксама захацеў мяне ўбачыць, бо ў сваёй паліцы знайшоў маю паштоўку. Але мабільных тады не было, ды і кантактамі мы не абменьваліся. Таму якім жа было маё здзіўленне, калі ў гэтым вялікім горадзе, сярод многіх касцёлаў і Імшаў, мы пайшлі з ім на адну і тую ж і зноў сустрэліся ў Чырвоным касцёле. Але і на гэты раз толькі прывіталіся і разышліся.

Аднойчы я запрасіла Руслана ў госці да мяне ў Слуцк, а ён узяў і прыехаў. Тады я вучылася ў школе і аб тым, што да мяне прыехаў Руслан, сказала сяброўка. Дагэтуль памятаю, у чым ён быў апрануты ў той дзень. Пачалі сустракацца, перазвоньваліся, пісалі адно аднаму лісты. Калі Руслан прыязджаў у госці, дапамагаў рабіць матэматыку, а калі сустракаліся ў Мінску, то заўсёды разам маліліся ў Чырвоным касцёле. Мабільнікаў не было, але ведалі, што заўсёды можам знайсці адно аднаго ў святыні (наша месца сустрэч).

Так сустракаліся восем месяцаў. І вырашылі ажаніцца. Бацькі Руслана хацелі, каб усё было прыгожа, раскошна, але мы да гэтага не імкнуліся. І падалі заяву ў загс без іх ведама.

Некаторыя кажуць, што, чым маладзей, тым менш думаеш. Магчыма, таму мы так і зрабілі. У нас не было страхаў будучыні, не думалі, што будуць складанасці.

А мне і падабаецца, што мы ўсё пачыналі з нуля. Калі ажаніліся, нідзе не працавалі, нічога не мелі. Самі гатавалі ежу на вяселле. Усё, што мы маем, мы запрацавалі самі. Таму і цэнім.

— Руслан: Вялікі плюс у тым, што ўсе цяжкасці мы пераадольвалі разам. Паціхеньку-паціхеньку, сваімі сіламі і з дапамогай бацькоў.

— Наталля: Мы не баяліся, бо нашым фундаментам быў Езус Хрыстус. Цікава, што святар не хацеў удзяліць нам шлюб, бо баяўся, што мы хутка разыдземся, паколькі нам было толькі па 18 гадоў. 


— Ці адразу вы планавалі такую вялікую сям’ю?


— Руслан:
Не, аб гэтым не задумваліся. Хаця, калі Наташа была цяжарная першым, мы ўжо прыдумалі імёны на трох хлопцаў.

— Як успрымалі навіну аб чарговай цяжарнасці?

— Руслан: Я заўсёды ўяўляў сябе татам, заўжды хацеў ім быць, марыў, як гэта будзе.

— Наталля: Спачатку, канечне, усё складана. Складана перажыць першую цяжарнасць, роды (тым больш яны ў мяне былі складанымі). Кожную цяжарнасць прымалі як Божую волю. Так, не ўмелі планаваць. Але і не шкадуем аб гэтым. Цяпер разумеем, што гэта нават наша праца — быць з маленькімі. Шкадуем толькі, што ўжо не можам больш мець дзяцей.

— Руслан: І яшчэ: мы б схлусілі, калі б сказалі, што кожнае дзіця запланаванае. Кожны раз перад намі ўзнікаў выбар: нараджаць ці рабіць аборт, і кожны ў такой сітуацыі, нават мімаволі, задумваецца аб гэтым. Але як бы нам не было страшна, мы заўсёды выбіралі жыццё. На свой страх, проста давяраліся Богу.

— Наталля: Для жанчыны вельмі важна, каб побач быў муж. Бо калі хтосьці з родных супраць дзіця, д’ябал адразу пачынае задаваць пытанні: «А ты пацягнеш? Ты зможаш адна?» А мой муж заўсёды мяне падтрымліваў, заўсёды.

— Ведаю, апошняя цяжарнасць аказалася самай складанай…

— Наталля: Так, шмат мы перажылі з апошнім дзіцём. Напэўна, Бог сам захацеў, каб на ўлік у паліклініку я стала позна, каб мяне менш маральна атакавалі. Пасля ультрагукавога даследавання ўрачы сказалі, што ў нас хворае дзіця і хутчэй за ўсё яно не выжыве. Сказалі ехаць у цэнтр «Маці і дзіця», магчыма, там яшчэ скажуць, што не позна зрабіць перарыванне цяжарнасці (у 26 тыдняў). Я была проста ў шоку, сказалі, што дзіця ўжо амаль мёртвае. Патэлефанавала Руслану, пайшлі разам у цэнтр. Там ужо не настойвалі на аборце. Добра, што ў гэтыя хвіліны нас падтрымалі святары-аблаты.

— Руслан: Памятаю, як Ната сказала, што ўрач на чарговым ультрагуку спытаў у яе: «Вы што, не бачылі, якое ў вас дзіця? Чаму вы яго пакінулі?» Наташа адказвала, што мы веруючыя, таму больш пытанняў не ўзнікала. Разам з тым адна дацэнт сказала сама, што веруючыя людзі не будуць перарываць цяжарнасць.

— Наталля: Калі Марк нарадзіўся (а ў яго быў цэлы шэраг дыягназаў: спінамазгавая грыжа, гідрацэфалія і інш.), праблемаў не стала менш. Нават веруючыя ўрачы пыталіся зноў: «А вы што, не ведалі, што гэтае дзіця можа памерці?» Пасля сямі родаў я скакала, але тут такое перажыла… Марк малайчына: перанёс тры аперацыі за тыдзень (ужо пасля бальніцы).

— Руслан: Мы яго ахрысцілі ў першы ж дзень жыцця, у інкубатары, дзе ён знаходзіўся яшчэ месяц. Пасля хросту Марку стала лягчэй і нават не прыйшлося падключаць да апарату штучнага дыхання.

— Наталля: Шмат божых ласкаў перажылі нават у гэты час аперацый. Знаходзіліся шунты, у той час, калі ў краіне быў крызіс, не было валюты і няма за што было набыць іх. А цяпер самі неўролагі ў шоку: дзіця ўсё цудоўна разумее, у той час як казалі, што будзе сляпым і глухім. У яго выразны позірк (прайшоў дыягназ «заходзячага сонца»).

Хвароба сына прымусіла саміх шукаць дапамогу. Так, мы знаходзімся пад апекай Беларускага дзіцячага хоспіса.

Многія ўрачы пыталіся ў мяне: «Навошта вы нарадзілі дзіця, яно ж будзе мучыцца?» Я не ведала, што і сказаць. Але калі трапіла ў нейрахірургічную паліклініку і ўбачыла дзетак, якія сталі інвалідамі, пасля таго, як перахварэлі менінгітам, знайшла адказ: ад хваробаў ніхто не застрахаваны. Калі ваша дзіця (не дай Бог) стане інвалідам, вы што, заб’ёце яго? А Марку ў гэтым плане лягчэй: ён не ведае іншага жыцця, няма з чым параўноўваць. Марк сапраўды быў страшненькі, але цяпер зусім іншы. Галоўнае — любіць дзіця і яно зменіцца. Дзіця павінна адчуваць, што яно патрэбна сям’і.

— Руслан: У людзей не развіта ўяўленне, што аборт — гэта забойства. Думаюць, што калі не бачаць, як робяць аборт, дык нібы там і няма нікога, нібы і не чалавек. Няма розніцы: забіць двухдзённага эмбрыёна ці пяцігадовае дзіця. Тут можна паставіць знак роўнасці.

— А што звычайна рабіў муж падчас родаў?

— Наталля:
Першыя роды былі самымі складанымі і фізічна, і псіхалагічна. Я зразумела, што час прыйшоў, а Руслан быў на працы. Адпрасіўся з яе, на папутках дабіраўся да горада. Быў месяц люты. А Руслан з 9 раніцы і амаль да дзвюх гадзін стаяў на марозе перад вокнамі раддома і маліўся за мяне.

Да родаў мы былі ў магазіне, і я ўбачыла зялёны спартыўны касцюм, які вельмі спадабаўся. А калі мы з сынам прыехалі з раддома дамоў, я ўбачыла ружы і вялікую скрыню, у якой быў гэты касцюм. Гэтага ніколі не забуду.

— Руслан: Калі дзеці першыя — адчуваеш вялізнае хваляванне, каб толькі ўсё нармальна адбылося. Пасля ведаеш, што калі распачынаюцца роды, пачынаеш маліцца, але такога хвалявання ўжо няма. Самыя яскравыя ўражанні, канечне, з першымі дзецьмі: усе хваробы, першыя крокі — нічога не ведаеш, як павінна быць, з якога боку падыйсці. Спачатку, калі дзеці хварэлі, я таксама браў бальнічны і разам з дзіцём і маці ляжаў у бальніцы. Хадзіў па ўсім інстанцыям, каб толькі атрымаць бальнічны.

— Шматдзетнасць — чаму адны на гэта рашаюцца, а іншыя не?

— Наталля: Не рашаюцца, таму што занадта шмат думаюць. Жанчыны баяцца, што не змогуць з вялікай колькасцю дзяцей нікуды ўжо з’ездзіць адпачыць, стануць непрыгожымі, жанчыне складана адыйсці ад першых родаў. Я таксама вельмі перажывала, калі набрала 20 кг пасля родаў, бо жанчына павінна быць прыгожай, але зразумела, што шчасце не ў фігуры. А мужчына баіцца, напэўна, таму, што фінансавы бок ляжыць на яго плячах.

— Руслан: Так, фінансы. Але ў першую чаргу гэта недавер Богу. Бог нам прапануе сваю ласку, сваю дапамогу, сваю Айцоўскую апеку і ўсё-ўсё проста за давер яму. Тут трэба падумаць так: няўжо той Бог, які стварыў сваім словам увесь сусвет і ўсё золата на гэтай зямлі, усе каштоўнасці, няўжо Ён не забяспечыць цябе, калі ты Яму даверышся? Няўжо думаеш, што Ён падмане цябе, калі кажа: «не клапаціцеся, бо Я пра вас клапачуся»?

— Наталля: Многія аргументуюць так: «цяпер цяжкі час». А я кажу: «а калі ён быў няцяжкім»? Войны, рэпрэсіі, развалы. Цяпер затое ёсць памперсы і пральная машына-аўтамат, бясплатнае харчаванне дзяцей да 2-х гадоў. Цяпер усё для дзяцей. 

— Руслан: Справа нават не ў гэтым, і ўвогуле не ў грошах. Паглядзіце на самых багатых людзей свету, так званых алігархаў, якія не тое, што восем, але цэлыя вёскі, гарады дзяцей у стане забяспечыць. І палічыце, колькі ў іх дзяцей. Пальцаў адной рукі будзе зашмат. Так што справа зусім не ў грошах. Проста мы шукаем апраўданняў перад Богам.

— Ці ёсць у вашай сям’і пэўныя традыцыі?

— Руслан: Галоўнае — гэта супольная малітва. Разам бацькі і дзеці. У нас ёсць свая асабістая сямейная малітва, якой мы молімся кожны вечар. («Якую напісаў тата» — дадае Наталля.) Як у Касцёле ёсць Апостальскі сімвал веры, так і ў нас ёсць сямейны сімвал веры. Вядома, словы, якія не пацвярджаюцца ўчынкамі, не маюць плёну. Гэта як з нашай мовай: няма сэнсу разважаць пра яе важнасць, трэба проста на ёй размаўляць. Таму ў нашай малітве тры аспекты — Бог, Бацькаўшчына (месца, дар ад Бога, які даў нам для праслаўлення Яго Імя) і мова (для выказвання пашаны і падзякі Езусу Хрысту). Таму акрамя малітвы, я яшчэ распавядаю дзецям пра культуру і гісторыю нашага народа.

— Наталля: Стараемся больш часу праводзіць разам. Выходзім на пікнік, у кафэ, цырк, пойдзем у заапарк. Ёсць людзі, сябры і валанцёры, якія водзяць дзяцей на каток, у кіно. Трэба, каб пасля дзецям было што ўзгадаць.  

— Большасць сем’яў нават уявіць сабе не могуць такую вялікую колькасць дзяцей, паколькі адно дзіця ўжо прыносіць шмат клопатаў і складанасцяў. Што, па вашым вопыце, насамрэч складана ў вялікай сям’і?

— Руслан: Самае складанае — даць выхаванне. Важна, канечне, забяспечыць іх матэрыяльна. Але самае (!) важнае — выхаванне. Некаторыя не разумеюць: тое, што мы з’яўляемся хрысціянскай сям’ёй, не дае нам гарантый таго, што нашыя дзеці будуць ідэальнымі. З другім нашым сынам мы маем шмат праблемаў у школе, і гэта наш крыж, які нам вельмі цяжка несці. Тым больш, што часам некаторыя любяць папракнуць: «Вось, яшчэ веруючая сям’я». А я веру, што магчыма яго змяніць, бо ў нас ёсць такая падтрымка, як Бог. А Ён і не такіх людзей змяняў. Таму трэба трываць у малітве і надзеі, а Бог пакіруе.

— Наталля: Іх восем, і ў кожнага свой характар, і прытым усе хлопчыкі. Складана. Але трэба пастаянна паказваць, што не трэба сварыцца, а трэба любіць, паважаць, прабачаць.

— Руслан: Так, мы вучым іх прабачэнню. Бо для іх часам большым пакараннем з’яўляецца папрасіць адзін у аднаго прабачэння, чым атрымаць рэмень.

— Што для вас каханне?

— Наталля: Калі прабачаеш, церпіш. Заўсёды прабачыш і прымеш каханага такім, які ён ёсць, з усімі плюсамі і мінусамі. У нас было шмат момантаў, калі б маглі разбегчыся. На нашую думку, крызіс сям’і ў асноўным распачынаецца пасля 5–6 гадоў сямейнага жыцця. Усё раздражняе: дзеці, муж не так выконвае свае абавязкі. І ўсё гэта настройвае супраць мужа. І нават калі ўзнікае пытанне: нараджаць ці не, жанчына ўжо падумае: «А навошта: муж мне не дапамагае, а як я адна?». Але перад нашым 10-годдзем сужэнскага жыцця, калі ізноў пасварыліся, Руслан сказаў, што ніводзін мужчына не вытрымаў бы мяне столькі, як ён. І сапраўды. Я ведаю, што Руслан заўсёды мне дапаможа, падставіць сваё плячо.

— Руслан: Каханне — гэта такая рэч, якая пастаянна развіваецца. Як чалавек нараджаецца і праходзіць этапы станаўлення, так і каханне: спачатку ў ружовых акулярах, трываецца на пачуццях, усё як у дзяцей, а пасля прыходзяць цяжкасці. Пачынаюць адкрывацца штодзённыя рэчы, дробныя недахопы адно аднаго. І ў гэты момант 95% людзей думаюць, што каханне прайшло. Але каханне нікуды не дзелася, гэта толькі новы яго этап. Як чалавек не можа заставацца дзіцём у развіцці, так і каханне не можа не сталець. Як любоў Езуса (самая дасканалая) не скончылася на тым, што рабіў цуды (своеасаблівае шоу), і ўсім гэта падабалася, але ўзяў крыж і тым самым любоў Яго дасягнула сваёй найвышэйшай кропкі. Праблема ў тым, што часта адмаўляемся ад свайго крыжа, не разумеем, што без яго няма збаўлення. Хочам спыніцца на коле ўражанняў.

— Што важнае ў бацькоўстве?

— Наталля: Любоў. І навучыць дзяцей дзяліцца ёю з іншымі.

— Руслан: З асабістага вопыту магу сказаць, што пакаранні не павінны займаць дамінуючую пазіцыю ў выхаванні. З любым дзіцём можна дамовіцца, знайсці падыход. З дзецьмі трэба больш размаўляць, шукаць прычыну дрэнных паводзінаў і перш за ўсё ў сабе. Дзіця — гэта адлюстраванне нас саміх. Таму размовы і любоў (!) зробяць больш за ўсё іншае. Гэта самае галоўнае, хаця, канечне, і самае складанае. Часам нервы не вытрымліваюць і ёсць спакуса проста ўзяць рэмень і паказаць яму, што не мае рацыі. Але такі спосаб не выхоўвае дзіця, а замыкае ў сабе.

— Наталля: Трэба дзецям удзяляць як мага больш часу. Менш часу Інтэрнэту, серыялам, менш сабе — больш дзецям. Калі я хачу, каб маё дзіця жадала дзяліцца са мной сваімі перажываннямі, я павінна стаць яму сябрам. Трэба вучыць дзяцей дабру, дапамозе іншым.

— Руслан: У бацьках дзеці павінны бачыць пацверджанне іх словаў. Каб не працавала выслоўе: «Рабі так, як я кажу, але не так, як раблю». Калі вучыш, каб дапамагалі бліжнім, дапамагай сам. Складана супрацьстаяць таму, што яны прыносяць звонку. Але трэба тлумачыць: так нельга, так можна. У любым выпадку гэта крыж. Людзі не ўсведамляюць, што Бог у любым выпадку дасць ім крыж: не праз дзяцей, дык іншым чынам.

— Наталля: Вельмі важная супольная малітва. Для нас важныя не грошы, а выхаванне дзяцей згодна з хрысціянскай мараллю. І каб дзецям хапала бацькоў.

— А наколькі атрымоўваецца ў шматдзетнай сям’і ўдзяліць увагу і час кожнаму?

— Руслан: Няма нічога немагчымага. Хрыстус сказаў: што немагчыма чалавеку, тое магчыма Богу. І гэта галоўны прынцып.

— Наталля: Няма такога: магчыма/немагчыма. Ёсць альбо няма жадання. Нават калі людзі кажуць, што няма часу схадзіць у касцёл, насамрэч не часу няма, а жадання.

— Як усё паспець?

— Наталля: Зноў-такі: галоўнае жаданне. Калі я хачу зрабіць прыемнае сваім хлопцам, не гляжу кіно, не сяжу «Укантакце», а іду на кухню і гатую што-небудзь смачнае. Усё магчыма.

— Руслан: Так, няма нічога немагчымага. Толькі для дасягнення жаданага адны гатовы выкладацца на ўсе 100%, а іншыя не.

— У чым старэйшыя дапамагаюць малодшым і бацькам?

— Наталля: Ужо ўва многім (старэйшаму 10). Могуць пачысціць бульбу, прыгатаваць яйкі, суп ці нават цеста для пірага, уборку самі робяць, глядзяць адзін за адным, забіраюць дзяцей з садка, з прадлёнкі. Раніцай я на кухню ўвогуле не заходжу: старэйшыя робяць бутэрброды сабе і малодшым. У нас самастойныя дзеці. Яны ўмеюць дзяліцца. Старэйшы Уладзік ведае, што такое грошы, што іх складана зарабляць, і таму траціць іх толькі на патрэбнае. З грошаў, якія яму падарылі на дзень нараджэння, ён купіў мне кветкі на 8 сакавіка, а за грошы, якія дала хлопцам на 23 лютага, яны купілі падарунак малодшаму брату. Часам нават грошы, якія даю ім на прысмакі, яны збіраюць і купляюць дамоў садавіну, бульбу. Неверагодна, але так.

— Ці часта сустракаецеся з асуджэннямі вашай шматдзетнасці?

— Наталля: Часта, канечне. Нават маці мужа дагэтуль не разумее нашу шматдзетную сям’ю.

— Руслан: Проста большасць людзей, думаючы пра шматдзетнасць, улічваюць толькі свае магчымасці. І нават у само мысленне не ўпускаюць Бога. А гэта вялікая памылка. Задатак паспяховага сямейнага жыцця — гэта любоў да Бога і да сваёй каханай асобы.

— Наталля: Нашыя дзеці апранаюцца не горш за астатніх. Бог дае людзей, якія нам дапамагаюць, якія хочуць быць з нашымі дзецьмі, гуляць з імі. Затое ім заўсёды весела разам.

— Руслан: Так, станоўчы момант шматдзетнасці ў тым, што гэта своеасаблівае «грамадства ў грамадстве». Яны вучацца дамаўляцца, вырашаць спрэчныя сітуацыі, яны выходзяць у грамадства падрыхтаванымі.

— Наталля: І калі яны вырастуць, ім будзе разам весела. А на дапамогу кожнаму прыбяжыць «талака» братоў.

— Што вы можаце параіць бацькам, у якіх нараджаюцца цяжкахворыя дзеці, дзеткі з асаблівасцямі развіцця?
 
— Руслан: Галоўнае не паддавацца роспачы. Любіць такое дзіця не менш, а нават больш за іншых. Хрысціяне павінны памятаць і пра тое, што з гэтым дзіцём бацькі ўбачацца ў вечнасці і там ён будзе ў адноўленым целе. Але будзе гэта, калі бацькі будуць мець надзею.


— Што параіце маладым сем’ям?


— Наталля: Усе людзі падаюць. Галоўнае — падымацца і ісці далей. Умець падысці першым пасля сваркі. Старацца падымацца з ямаў, а яны будуць. Заўсёды спадзявацца і верыць у Божую любоў. І нічога не баяцца.

— Руслан: Важны момант у жыцці сям’і — з’яўленне першага дзіцяці. І да гэтага моманту трэба рыхтавацца духоўна: удзельнічаць у набажэнствах, у рэкалекцыях для сем’яў. Ніхто так не паяднае вашую сям’ю, як Хрыстус.

Адным словам:

— Што для вас сям’я?

— Наталля: Сям’я — гэта маё жыццё, мая радасць, мая праца.
— Руслан: Сям’я для мяне — гэта шчасце, калі прыходжу дамоў, а насустрач мне бяжыць сын і крычыць: «Тата, тата». Сям’я — гэта месца, дзе мяне любяць і дзе я магу рэалізаваць сваю любоў.

— Вашыя мары:

— Наталля: Пабудаваць свой дом. І з Божым фундаментам, і з фізічным. А яшчэ хачу дзяўчынку.
— Руслан: Калі шчыра, то мару, каб усе сем’і Беларусі былі хрысціянскімі.

— Ваш жыццёвы прынцып:

— Наталля: Ісці за Богам. Рабіць дабро і прыносіць радасць іншым.
— Руслан: Што немагчыма чалавеку, тое магчыма Богу.

Святлана Жылевіч


 
© 2003-2020 Catholic.by