Акцёры Павел і Ганна Харланчук-Южаковы выступаюць у абарону жыцця праз сваю творчасць | Друк |
Інтэрв'ю
16.05.2012 15:37

Праект «У абарону жыцця!» у чарговы раз заклікае грамадства задумацца над каштоўнасцю жыцця кожнага чалавека, асабліва тых, якія яшчэ не пабачылі святло сонца. Аборт увайшоў у грамадства як норма і трымае свае пазіцыі, дазваляючы вырашаць «нечаканыя цяжкасці». Павел Харланчук-Южакоў, вядомы беларускі акцёр і рэжысёр, ужо не першы год падтрымлівае акцыю «У абарону жыцця!».

У гэтым годзе спектакль Паўла Харланчука-Южакова «Маё сэрца б’ецца», яго рэжысёрская праца, будзе прадстаўлены 1 і 2 чэрвеня ў Маладзёжным тэатры эстрады. Мы пагутарылі з Паўлам і яго жонкай Ганнай, таксама актрысай, пра каштоўнасць жыцця і сям’і, пакліканне акцёра, а таксама пра спектакль.

— Што прымушае вядомага і паспяховага акцёра ўдзельнічаць у сацыяльных праектах кшталту акцыі «У абарону жыцця!»?

Павел Харланчук: Гэта абавязак душы і прафесіі, я гэта павінен рабіць у першую чаргу. Каб была магчымасць, я б заўсёды ўдзельнічаў у сацыяльных праектах. Мы часта бегаем, зарабляем, працуем, а сур’ёзныя пытанні адкладаем на потым, ад чаго і пакутуем. Пытанні душы, духоўныя пытанні павінны стаяць на першым месцы.

Што датычыцца праекта «У абарону жыцця!», мы з Ганнай прынялі рашэнне ўдзельнічаць у ім, таму што зараз каштоўнасць жыцця зневажаецца, яна нівелюецца па ўсім свеце. Перад грамадствам стаіць пытанне для вырашэння: тое, што носіць ў сабе жанчына — гэта чалавек або проста нейкі плод, згустак крыві і матэрыі? Тыя людзі, для каго жыццё не вартае нічога, могуць выдаліць гэты плод; а тыя, якія ведаюць, што гэта жывое стварэнне Божае, з душою, з сэрцам, робяць усё магчымае, каб данесці людзям думку, што гэта — чалавек.

Таму мы і кажам са сцэны: ніхто не мае права ўздымаць на жыццё дзіцяці руку і нават зневажаць яго.

Ганна Харланчук: Па-першае, мяне хвалюе праблема абортаў. Хвалюе тое, што дзіцячае жыццё, якое мы не бачым, не лічаць за жыццё зусім, што з ім так лёгка развітваюцца. Бо кожнае дзіцятка мае права прыйсці ў гэты свет, убачыць яго і стаць тым, кім яго хоча бачыць Бог. Таму што яго сэрца б’ецца. І каб пра гэта казаць, мне не патрэбны грошы, я буду пра гэта казаць, крычаць, і нічога не браць узамен.

— Ёсць столькі розных спосабаў змагацца супраць абортаў. Чаму спектакль, чаму мастацтва?

Павел Харланчук: Трэба працаваць на ўсіх франтах: рабіць фільмы, выступаць на радыё, раздаваць улёткі, праводзіць кансультацыі — усімі магчымымі сродкамі трэба даносіць пасланне.

Ганна Харланчук: Мы ўзяліся за гэты праект, бо бачым, што ў творчай сферы гэтая праблема амаль не паднята, за яе баяцца брацца. Бо слова «аборт» — грубае, медыцынскае. Ды наогул, проста прынята пра гэта маўчаць. А сам спектакль і яго сцэнар — вельмі добрыя. Мы — акцёры, і нам цікава раскрыць ідэю крэатыўна, творча, так, як людзі яшчэ не бачылі, каб яны здзівіліся і былі ўражаны. Бо слова, і мастацкае слова асабліва, мае вельмі моцную сілу кранацца сэрцаў.

— Прэм’ера спекакля адбылася ў 2009 годзе. У гэтым годзе гледачу абяцаюць нешта новае. Што гэта?

Павел Харланчук: Будзе адноўленая пастаноўка, зробленая нанова, з большым паглыбленнем у тэму дзіцячага прызначэння. Зараз мы будзем выкарыстоўваць новыя мастацкія прыёмы і тэхналогіі, каб паказаць дзве паралелі: зямное жыццё і нябеснае жыццё. Хочам паказаць, што неба не так далёка, і Бог вельмі блізка, што ўсё завязана між сабой…

— Вы сямейная пара ў жыцці, і ў спектаклі вы граеце сям’ю. Раскажыце пра вашых герояў.

Павел Харланчук: Мой герой — Кастусь — гэта малады чалавек, які на першае месца паставіў кар’еру, а ўжо потым сям’ю. Гэта такая распаўсюджаная думка ў нашым грамадстве, што напачатку трэба стаць на ногі, зарабіць. І мой герой моцна стаіць на гэтай думцы. Але, дзякуй Богу, напрыканцы разам са сваёй жонкай яны прымаюць правільнае рашэнне. Яны вырашаюць, што не маюць права пазбавіць жыцця тое дзіцятка, якое прыходзіць у свет у іх сям’і.

Ганна Харланчук: Нашы героі — звычайная пара, якіх вельмі шмат у свеце, у нашай краіне, у нашым горадзе, якія стаяць перад пытаннем аборту, хочуць пазбавіцца ад дзіцяці. Мая гераіня быццам бы і гатова на гэты крок, але ўсё ж яна адчувае, што ў яе жываце жыццё, а не проста зародак. Як і для кожнай жанчыны, напэўна, аборт — не вельмі просты крок, і трэба шмат што ў сабе перабароць, каб гэта зрабіць. Таму падчас спектакля ідуць разважанні, дзесьці спрэчкі жонкі з мужам. І ёсць пераломны момант — сустрэча з дзяўчынкай, якая яшчэ не нарадзілася. Яна прыходзіць да мяне ці то ў сне, ці сапраўды. Гэты момант кожны глядач зможа асэнсаваць па-свойму. Гэтая дзяўчынка плача над парванай лялькай, якая была для яе жывой. І праз яе расповед да мяне прамаўляе Бог. Лялька для мяне — вобраз жыцця, што ўнутры мяне, якое не лічаць сапраўдным. У гэты ж час з мужам таксама адбываецца цікавая падзея, пасля якой мы прымаем рашэнне нараджаць, чакаць сустрэчы з нашым дзіцём.

— У рэальным жыцці вы — шматдзетныя бацькі, у вас чацвёра дзетак. Ці цяжка гэта?


Павел Харланчук:
Не, не цяжка.

Ганна Харланчук:
Мне здаецца, што тое, што ў нас шмат дзяцей, больш складана зразумець і перажыць нашаму асяроддзю, чым нам. Менавіта чужыя людзі, не разумеючы нас, шкадуюць наш сон, нашы грошы, нашы сілы… Я кажу ім, што дзетак жа ўсяго чацвера! Канешне, у некаторыя моманты бывае цяжка, але ж гэта мая праца, людзі вечарам стамляюцца ад сваёй працы, так і я. Быць мамай — маё прызначэнне, мне гэта падабаецца, і дзеці мае мне падабаюцца. І мы не збіраемся спыняцца, мы хочам яшчэ дзетак.

Некаторыя глядзяць на нас з пагардай, не ўспрымаюць шматдзетнасць. А я даю парады стомленым мамам — прыдумвайце крэатыўныя заняткі для сваіх дзяцей, каб самой адпачыць.

— Праект існуе ўжо на працягу васьмі год. Ці ёсць нейкія канкрэтныя сведчанні, поспех?

Ганна Харланчук: Я чула некалькі сведчанняў, што жанчыны, якія збіраліся рабіць аборты, пабыўшы на спектаклі, адмовіліся ад гэтага рашэння. Але, у прынцыпе, задача праекта — змяніць адносіны грамадства да ненароджаных дзяцей, да абортаў. І зацікаўленасць ёсць вялікая, і яна нарастае з кожным годам. Нас запрашаюць на радыё і тэлебачанне, цікавяцца праектам і праблематыкай, таму вынікі і поспех відавочны. Але трэба працаваць не адзін год, каб данесці грамадству пасланне.

— Скажыце нейкае пажаданне для тых, хто, можа, зараз стаіць перад выбарам.

Павел Харланчук: Трэба слухаць сваё сэрца, трэба адчуць, што ў вас пад сэрцам — жывы чалавек. І гэты чалавек мае шмат планаў, ідэяў, чаканняў. Ён ужо ёсць, хоць, можа, мы яго не бачым. Таму паслухайце сваё сэрца.

Гутарыла Надзея Гарэцкая


На фота: Павел і Ганна Харланчук-Южаковы і іх дзеці Філіп, Івона, Адэля, Алівія.

 

 

 

 
© 2003-2024 Catholic.by