Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прызёры фестывалю «Magnificat»: зычлівасць вашага народу — найлепшая візітоўка
Інтэрв'ю
14.09.2012 13:54
«Без аднаго дрэва лес застаецца лесам, без адной птушкі вясна таксама прыходзіць, без аднаго чалавека свет не гіне: не прабывайце ў роспачы, маліцеся за вашага Ханіка...» Гэтыя радкі перад сваёй смерцю ў развітальным лісце да бацькоў напісаў польскі святар Ян Маха. 2 снежня 1942 года ён прыняў мучаніцкую смерць ад эсэсаўцаў.


Гэтая гісторыя настолькі ўзрушыла рэжысёра Дагмару Джазга, што яна вырашыла абавязкова распавесці людзям пра святара і гісторыю яго жыцця. Фільм «І без аднаго дрэва лес застаецца лесам» быў адзначаны журы фестывалю «Magnificat» ганаровым дыпломам «За лепшы дакументальны фільм».

Пра свой удзел у фестывалі «Magnificat-2012» у інтэрв’ю для Catholic.by распавялі аўтар фільма Дагмара Джазга і аператар Мечыслаў Худзік.

Дагмара Джазга:

— Мяне завуць Дагмара, я журналістка і рэжысёр польскага тэлебачання (аддзел у Катавіцах). У Беларусі я першы раз. Я не ведала, чаго чакаць, але ўсе мае дадатныя чаканні апраўдаліся.

Мечыслаў Худзік:
— А я нарадзіўся пад Ваўкавыскам. Праўда, гэта было яшчэ да вайны, калі гэтая частка Беларусі належала да Польшчы. Усё жыццё я пражыў у Польшчы. Таму справядліва будзе зазначыць, што ў Беларусі я таксама ўпершыню (усміхаецца — Рэд.). Мы вельмі шмат чулі пра ваш фестываль і я рады, што разам з Дагмарай нам удалося да вас прыехаць.

Верагодна, «Magnificat» не стаў першым фестывалем для вас. У якіх фестывалях вы ўжо прымалі ўдзел?

Дагмара:
— Вопыт удзелу ў фестывалях у нас сапраўды высокі. Фільмы нашай вытворчасці, на шчасце, шануюцца кінематаграфістамі розных краін. Таму нас запрашаюць шмат куды — ад ЗША да Германіі, Славакіі, Італіі, Францыі, Швецыі і ў многія іншыя краіны. Калі казаць пра каталіцкія фествалі, то найперш хачу ўзгадаць фестываль Непакалянаў у Польшчы. Два гады таму наш сумесны з Мечыкам фільм атрымаў Першую ўзнагароду фестываля Непакалянаў у катэгорыі «Адукацыйныя праграмы». Гэта быў фільм пра вядомага рэжысёра Леха Маеўскага і яго кінапрацу пра абраз Пітэра Бройгеля. Сёлета ж фільм, які мы прывезлі на «Magnificat» («Без аднаго дрэва лес застаецца лесам»), на фестывалі Непакалянаў атрымаў першую ўзнагароду ў катэгорыі «Дакументальны фільм». Якой жа была наша радасць, калі на фестывалі ў Беларусі нам прысудзілі прыз у падобнай катэгорыі — «За лепшы дакументальны фільм»!

Як бы вы ацанілі ўзровень сёлетняга фестывалю?
Дагмара:
— Тое, што я паспела пабачыць, мяне ўразіла. Фільмы маюць добрую ідэю і высокую якасць, гэта выдатныя здымкі і ўдалы мантаж. Некаторыя фільмы спадабаліся мне больш, некаторыя — менш. Але калі б мне давялося даваць ацэнку фестывалю, я ацаніла б яго высока.

Мечыслаў:
— У цэлым гэта прафесійны ўзровень.

Дагмара:
— Згодная. Гэта дакладна не з’езд аматараў. Тут вялікая падзяка ў бок арганізатараў і асабіста дырэктару фестывалю Юрыю Гарулёву. Ён рэжысёр і аператар з крыві і косці, ён адчувае матэрыю кіно. Такога не было, што адбіралі фільмы толькі таму, што яны гавораць пра Бога. Адбіраліся фільмы, якія безумоўна распавядалі пра Бога (фестываль усё ж хрысціянскі), але звярталася ўвага на ўзровень прадукта. «Magnificat» не стаў месцам для выпадковай прадукцыі і аматараў. Фестываль сабраў фільмы сапраўды высокага ўзроўню.

Мечыслаў:
— І беларускія фільмы сёлета справядліва былі адзначаны такой колькасцю ўзнагарод.

— Якой вам запомніцца Беларусь?
Дагмара:
— Запомняцца найперш людзі. Такія сардэчныя і адкрытыя. Я нават не спадзявалася на такі прыём. І гэта мае для мяне вялікае значэнне. Яшчэ ў вас прыгожая прырода. А калі мы праязджалі праз населеныя пункты, то я звярнула ўвагу на драўляныя домікі з маляванымі агароджамі і вокнамі — кожны на свой капыл: жоўтыя, блакітныя, блакітна-белыя. Увогуле ў вашых гарадах вельмі чыста, а яшчэ шмат кветак. Калі дзесьці знайшоўся кавалачак зямлі, яго засаджваюць кветкамі. Кожны ранак гэтыя кветкі паліваюць. Любата.

Мечыслаў:
— Магу толькі пацвердзіць словы калегі. Хоць усе гэтыя дні я больш бегаў з фотаапаратам і рабіў здымкі, каб пасля паказаць іх сваім родным і калегам. Казаць пра Беларусь могуць рознае, але зычлівасць вашага народу не заменіць нішто. Гэта найлепшая візітоўка, якая можа быць.

З якімі планамі спадарства вяртаецца дадому?
Дагмара:
— Зараз нашыя думкі скіраваныя на рэалізацыю наступнага фільма. Гэта будзе гісторыя пра несправядліва забытага польскага кампазітара, які быў замардаваны ў канцлагеры Матхаўзэн-Гузэн у 1940-м годзе. Ён быў вельмі здольны кампазітар і перспектыўны музыка, яго называлі другім Шыманоўскім. Але ва ўзросце 28 гадоў ён загінуў. Зараз мы будзем шукаць усё, што магло застацца пасля яго. Яшчэ адно пытанне: што застаецца ў спадчыну пасля такіх выдатных асобаў? Далей будзем думаць над тым, якім чынам адкрыць памяць пра яго і як пабудаваць наш аповед на экране. Такім і стане наш наступны фільм.

Гутарыў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.