Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Я — SOS-маці: пра жанчыну, якая працуе дома і жыве на працы
Інтэрв'ю
08.06.2013 19:49

У гэтым годзе 8 чэрвеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Марыя прыняла на сябе адказнасць быць Маці Бога, стаўшы праз гэта Маці для ўсіх людзей. Сэрца Марыі — гэта найперш сэрца Маці.

Мацярынства — дар ад Бога. Але, на жаль, не кожная жанчына ўмее яго прыняць. Ва ўсім свеце шмат дзяцей, якіх маці і бацька пакінулі. Існуюць розныя формы дапамогі такім дзецям, сярод іх — дзіцячыя SOS-вёскі. Дзіцячыя вёскі — гэта міжнародная арганізацыя падтрымкі дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэта максімальна набліжаная да сямейнай форма выхавання. Абрэвіятура SOS (англ. social support) азначае не проста сацыяльную падтрымку, але і сімвалізуе сігнал аб няшчасці і вострую неабходнасць у дапамозе і абароне. У Беларусі адна з такіх вёсак знаходзіцца ў Бараўлянах. У асноўным выхаваннем дзяцей у SOS-вёсках займаюцца жанчыны.

Пра нялёгкі, але радасны шлях SOS-маці распавядае Валянціна Андрэеўская — жанчына, для якой мацярынства не толькі пакліканне, але і «прафесія».

— Валянціна Аляксандраўна, як распачаўся Ваш шлях SOS-маці?

— Я прыйшла ў праект амаль 18 гадоў таму. Тут працавала мая сяброўка, якая і параіла мне таксама паспрабаваць. «SOS дзіцячая вёска» стала для нас адкрыццём, раней мы мелі стасункі з дзецьмі (у мяне педагагічная адукацыя), але з такой формай выхавання не сустракаліся. Дзяцей, якіх жанчына бярэ пад сваю адказнасць, трэба выхаваць, стаць для іх сапраўднай мамай. Напачатку я хацела паглядзець, як гэта, таму працавала памочніцай (тры дні ў тыдзень дапамагала маці, даючы ёй адзін дзень адпачынку, а таксама замяняла яе падчас водпуску, а гэта 56 дзён). Памочніцай я працавала 10 гадоў і таму, калі вырашыла і сама выхоўваць дзяцей, то ведала, на што іду.

Ці не цяжка выхоўваць дзяцей, асабліва хлопцаў, без мужчыны?

— У нашай SOS-вёсцы, дзякуй Богу, ёсць мужчыны. Мужчынская частка нашай вёскі прымае ўдзел у выхаванні нашых дзяцей. Той жа  Валерый Міхайлавіч — намеснік дырэктара па апецы — арганізуе летнія праекты, летнікі; разам з Кірылам Анатольевічам — педагогам — яны арганізоўваюць паходы. Дзеці вучацца быць самастойнымі, збіраюць грыбы і ягады, ловяць рыбу, вучацца распальваць вогнішча без запалак і інш. Яны прабываюць разам з мужчынамі, вучацца ў іх пэўным рысам, лічаць іх сваім аўтарытэтам. Дзеці таксама імкнуцца дапамагаць у вёсцы, па пятніцах займаюцца ў кружках і г.д. Яны могуць ужо дома нешта і самі зрабіць — прыемна адчуваць мужчынскую руку дома (усміхаецца — Аўт.).

— Раскажыце, калі ласка, пра сваіх дзетак.

— Перад тым, як маці возьме дзяцей у сям’ю, педагог, псіхолаг і дырэктар вывучаюць іх стан здароўя, сямейную сітуацыю (ці ёсць у дзіцяці біялагічныя сваякі, браты і сёстры). Арцём (13 гадоў) і Жэня (11 гадоў) — мае першыя дзеці, якіх я ўзяла на выхаванне. Калі я набірала дзяцей, то адчувала, што павінна нарадзіцца такое спецыфічнае пачуццё прыхільнасці, я к кажуць «душа павінна легчы». Калі не — будзе вельмі цяжка, таму што гэтымі дзецьмі трэба не проста займацца, з імі трэба жыць, адорваць іх цяплом і ласкай. Сёння я выхоўваю шасцёра дзяцей. Акрамя першых хлопцаў, у нашай сям’і ёсць Слава (13 гадоў), Юля (14 гадоў), Паліна (13 гадоў) і Ангеліна (8 гадоў). Мае дзеці вельмі таленавітыя, спартыўныя. Гэта вельмі добрыя дзеткі. Трое з іх іграюць на піяніна, усе займаюцца ў розных кружках, спартыўных або танцавальных. Арцём і Жэня здымаліся ў фільме «Талаш». Славік пачаў займацца веласпортам, але пакуль, на жаль, ён не мае веласіпеда.

— Я ведаю, што Вы — каталічка, якое месца ў Вашым жыцці займае вера?

— Я лічу, што вера павінна быць у кожнага чалавека, калі няма веры —навошта наогул жыць? Мая мама каталічка, а тата праваслаўны. У часы майго дзяцінства вера ў Бога была забаронена, таму бацькам прыйшлося везці мяне ў Вільнюс каб ахрысціць, і яны зрабілі гэта ў касцёле Маці Божай Вастрабрамскай. З той пары я веру ў Бога і цяпер таксама часта я прыходжу ў Чырвоны касцёл, святкую ўрачыстасці. Але адна з умоў нашай арганізацыі — не навязваць дзецям сваю веру, яны самі могуць яе выбіраць. Мае дзеці амаль усе ахрышчаны ў праваслаўі. Я вучу дзяцей традыцыйнаму святкаванню Божага Нараджэння і Вялікадня. Я хачу, каб яны жылі з Богам у сэрцы, каб захоўвалі сябе згодна з маральнымі прынцыпамі. Тое дабро, якое мы нясём людзям, — яно ад Бога.

Ці бываюць хвіліны крызісу ў Вашай працы?

— Канешне, як і ў кожнай іншай справе, бываюць такія моманты, калі адольваюць сумненні і перажыванні. І бывае вельмі цяжка. Перанесці гэта ўсё мне дапамагае любоў да дзяцей, трэба быць да іх цярплівым, трэба іх разумець. Калі бачу, як дзеці сталеюць, становяцца больш адказнымі, адным словам, калі бачу вынікі сваёй працы — то разумею, для чаго жыву і ў чым сэнс майго жыцця.

Праца з дзецьмі — няпростая: у кожнага свой характар, свой погляд на жыццё. Дзеці, якія засталіся без маці і бацькі, патрабуюць шмат цяпла, ласкі і любові, а гэта вымагае вялікіх душэўных затратаў, таму без самаахвярнасці не атрымаецца. Нярэдка трэба паступацца сваімі інтарэсамі і асабістым часам — на працы я 24 гадзіны ў суткі, жыццё па сутнасці, праходзіць тут.

Вельмі важна ўмець арганізаваць жыццё ў сям’і, трэба прывучаць дзяцей да працы і ўзаемадапамогі. Цяпер, калі дзеці многае ўмеюць самі, мне прасцей. І вельмі прыемна, што яны самі могуць нешта купіць, выконваюць хатнія абавязкі (прыбіраюць ў пакоях, мыюць посуд, укручваюць лямпачкі). Трэба таксама рэальна ўспрымаць здольнасці дзяцей. Напрыклад, наш Слава не надта добра вучыцца, але ў яго «залатыя рукі», ён марыць стаць слесарам. І калі б я патрабавала ад яго добрых вынікаў у навуцы, былі б непаразуменні. Таму я стараюся вучыць дзяцей рэальна ўспрымаць свет і цешуся, што ў жыцці яны маюць мэту.

— Ці можна перастаць быць мамай для выхаваных дзяцей?

— У якасці памочніцы я «выпусціла» ўжо адно пакаленне дзяцей. У SOS-вёсцы дзеці прабываюць да 15 гадоў, потым пераходзяць часцей за ўсё ў моладзевы дом. Арганізацыя і пасля выпуску дапамагае дзецям. Некага гэта можа здзівіць. Але ў кожнай сям’і прыходзіць час, калі дзеці вырастаюць і абіраюць самастойны шлях: ад’язджаюць вучыцца, закладаюць уласныя сем’і, але бацькі надалей клапоцяцца пра дзяцей. Так і тут — сувязь застаецца назаўсёды. Удзячныя дзеці не забываюць, прыязджаюць, на святы дасылаюць віншаванні.

Ці можаце Вы параўнаць сябе з Марыяй, Маці Езуса?

— Гэта надта моцна сказана, я простая жанчына, якая выконвае сваю працу. Я не хачу ўзвышацца над іншымі. Я проста раблю добрую справу. Яна дае мне ўнутраны супакой і сапраўдную радасць.

Размаўляла Людміла Бурлевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.