Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«На думкі пра Бога мяне накіравала музыка»: размова з кс. Сяргеем Бараўнёвым, аўтарам песні «Малюся за цябе, Беларусь»
Інтэрв'ю
23.07.2013 12:56
 Адкрыць у новым акне Download (2Мб)

 — Ксёндз Сяргей, раскажыце крыху пра сябе.

— Я паходжу з Маладзечна. Належу да другога выпуску гродзенскай семінарыі. Лічу вялікім цудам тое, што я стаў святаром, бо ніколі ў школе аб гэтым не думаў, а вырашыў паступіць у семінарыю пасля першага курса палітэхнічнай акадэміі. Навучанне праходзіла на польскай мове, а я не ўмеў ні чытаць, ні размаўляць на гэтай мове. Некаторыя хлопцы чыталі не толькі па-польску, а нават на лаціне, таму я баяўся, што ў мяне нічога не атрымаецца, але даверыў сваё жыццё Богу. Не раз я паўтараў: «Калі Бог гэтага хоча, я стану святаром». Сёння я працую ў Палачанах (Маладзечанскі дэканат) і вельмі радуюся, бо атрымалася пабудаваць там касцёл — гэта маё «дзіця», хутка адбудзецца яго кансэкрацыя.

— Калі Вы пачалі пісаць вершы?

— Вершы пачаў пісаць у старэйшых класах школы. Гэта была лірыка і вершы на патрыятычную тэматыку, а калі паступіў у семінарыю, пачаў пісаць таксама і на рэлігійную тэматыку. Пісаў і музыку. Іграю на гітары і на піяніна.

Як з’явілася песня «Малюся за цябе, Беларусь»?

— Вельмі спантанна. Гэта быў 1996 год. Я памятаю гэта, як цяпер. Напісаў яе за хвілін пятнаццаць: і музыку, і вершы. Быў час вечаровых працэдур, і пакуль была чарга да ўмывальні, я ўзяў гітару і проста пачаў іграць. Мне спадабалася мелодыя, і я прыдумаў да яе словы. На той момант у галаве я чуў песню ў выкананні хору не толькі пад гітару, але таксама са скрыпкамі, флейтамі і іншымі інструментамі; на жаль, яшчэ ніхто не змог так выканаць гэтую песню, як яна гучала ў маёй галаве.

Магчыма, яшчэ атрымаецца пачуць такое выкананне. Як песня «Малюся за цябе, Беларусь» убачыла свет?

— Цалкам выпадкова. Калі я спяваў яе, Марыя Скуратовіч і Алеся Унукоўская ўпрасілі мяне запісаць яе, дзякуючы ім яна і «ўбачыла свет», бо так бы і надалей ляжала ў маіх сшытках. Гэта не адзіная мая песня. Я напісаў таксама мелодыю на словы малітвы «Тваёй абароне», яна трапіла ў Фацімскі малітоўнік. Іншыя мае песні і вершы не выходзяць у шырокі свет, яны гучаць у вузкіх колах, але не больш. Семінарыйны дух супакою і спрыяў таму, што хацелася пісаць песні і вершы. Сёння праз хаос паўсядзённасці натхненне не заўсёды прыходзіць, таму цяпер я пішу рэдка.

— Якія пачуцці Вас перапаўняюць, калі чуеце, як іншыя спяваюць Вашую песню?

— Я вельмі рады, што словы маёй песні і музыка падабаюцца іншым людзям і што песня можа дапамагчы нашаму народу аб’яднацца. Каб мы разам маліліся за нашую Бацькаўшчыну, таксама і гэтай песняй. Вельмі важна маліцца за краіну, у якой ты нарадзіўся, каб усе былі як адна сям’я. Калі я пісаў: «Хай прыйдзе да цябе Божае Слова», я меў на ўвазе Езуса Хрыста. Духоўны і маральны стан нашай краіны патрабуе Езуса, хочацца, каб людзі сталі лепшымі, больш добрымі. Менавіта Слова Божае ратуе нашыя душы.

Ці прымаеце Вы ўдзел у фестывалях аўтарскіх спеваў, ці друкуеце свае вершы?

— Мне прапаноўвалі надрукаваць свае вершы ў зборніку маладых паэтаў, яшчэ даўней, калі я вучыўся ў семінарыі. Але я адмовіўся, бо не хацеў друкавацца з тымі аўтарамі, чые погляды цалкам супрацьпастаўлены маім. У нашых каталіцкіх часопісах таксама не друкую вершы… Пакуль што я не асмельваюся выносіць свае творы на публіку, гэта вялікая адказнасць, ды і крытыкі пабойваюся трошкі. Але таксама разумею, што рана ці позна, як расліна прабівае асфальт, творчасць, калі Бог гэтага прагне, выйдзе на свет. Хаця вельмі часта гэта адбываецца пасля смерці самога творцы. А спяваю я толькі ў вузкіх колах.

Якую ролю ў Вашым жыцці адыгрывае музыка?

— У старэйшых класах школы мяне захаплялі роздумы пра існаванне Бога, хоць нам і казалі, што Яго няма. На думкі пра існаванне Бога скіравала мяне якраз музыка, асабліва творы Баха. Магу нават сказаць, што музыка прывяла мяне да Бога. Калі музыка глыбокая, шчырая, яна можа вызваць і слёзы, і радасць — музыка кранае струны нашай душы, Бог нібыта грае. Так было і са мной.

Жадаю Вам творчых поспехаў і спадзяюся дачакацца моманту, калі Вашыя вершы «праб’юць» асфальт!

 Размаўляла Людміла Бурлевіч


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.