Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Чалавек без Бога становіцца пустым і нялюдскім»: інтэрв’ю з польскім публіцыстам a. Юзафам Аўгустынам
Інтэрв'ю
20.09.2013 19:35
Беларусь днямі наведаў польскі езуіт а. Юзаф Аўгустын SJ — аўтар шматлікіх кніг пра духоўнае выхаванне, які па запрашэнні выкладчыкаў Гродзенскай духоўнай семінарыі праводзіў рэкалекцыі для будучых святароў.
 
«Мая пісьменніцкая дзейнасць мае душпастырскі, а не навуковы характар, — прызнаецца святар. — Тэма залежыць ад канкрэтных патрэбаў людзей, якія хочуць пачуць параду ад святара. Мы павінны ўважліва прыслухоўвацца да людзей, бо яны з’яўляюцца крыніцай нашай мудрасці. Калі мы, святары, гаворым слабыя казанні, то гэта ўказвае на тое, што не размаўляем з людзьмі». (…)
 
— Што б Вы пажадалі святарам і кандыдатам да святарства?
 
— Калі вы штосьці робіце, рабіце гэта салідна! Быць святаром — вялікая справа! Бог запрашае нас менавіта таму, што нам давярае. 
 
Гэтая прыгажосць і велічнасць засноўваецца на даверы, якім нас адорваюць вернікі, адкрываюць перад намі свае сэрцы так, як перад Богам. Мы не можам падмануць іх давер, бо гэта несумленна. 
 
На чым, напрыклад, палягае сексуальнае злачынства — на злоўжыванні і выкарыстанні даверу- Святарства з’яўляецца велічным толькі тады, калі спалучана з ахвярай, а ахвяра ў сваю чаргу са змаганнем. 
 
Мы павінны быць святарамі не з таго, што гаворым, а з таго, як жывём. За нашымі словамі людзі павінны ўбачыць жыццё. Аддаваць самога сябе за іншых — гэта найцудоўнейшая справа. 
 
Кожны святар павінен мець здаровую мужчынскую амбіцыю, каб калі ён адыдзе з гэтага свету, людзі памяталі пра яго. Менавіта такія святары надоўга запісваюцца ў памяці тых, да каго яны пасланыя. 
 
— На што павінны звяртаць увагу будучыя святары, каб выхаваць сябе да жыцця ў цэлібаце, каб ён не быў ярмом?
 
— Гэта вельмі сур’ёзны выклік. У Беларусь таксама даходзяць агульнацывілізацыйныя «трэнды». Распаўсюджанне інтэрнэту перамяніла свет у вялікую глабальную вёску.
 
Аднак, нягледзячы на гэта, трэба прыняць тое бачанне, якое нам прапануе Езус, і менавіта такі погляд я павінен прыняць асабіста. Без веры гэтага немагчыма зрабіць. 
 
Цэлібат пераўзходзіць дар натуры. Цэлібат — гэта імкненне да жыцця ў сексуальнай чысціні, якое дае Святы Дух. 
 
Важна, каб чалавек быў сумленны у гэтым, шчыры, і каб свае сексуальныя памкненні трактаваў з пазіцыі навучання Касцёла. Такі чалавек павінен мець універсальную (паўсюдную) любоў, пераўзыходзіць свой эгаізм і не канцэнтравацца толькі на ўласных патрэбах. 
 
Сутнасць цэлібату — духоўнае бацькоўства, а не адрачэнне ад жыцця ў сужанстве. Святары, для якіх цэлібат не з’яўляецца ярмом, маюць добра развітае духоўнае айцоўства да іншых людзей і гэтым яны вельмі задаволены. Для мяне гэта вельмі блізка. Святары павінны адкрываць у сабе здаровую мужчынскую амбіцыю, каб зрабіць штосьці добрае для іншых. Згодна з воляй Езуса.
 
— На дадзены момант існуюць розныя тэорыі ў псіхалогіі, дзе чалавек, які нe вядзе сексуальнае жыццё, асуджаны на розныя псіхалагічныя захворванні і дэвіяцыі. Што можаце пра гэта сказаць?
 
— Сапраўды такія тэорыі існуюць. Іх ствараюць людзі, якія разглядаюць чалавека спрошчана (рэдукцыянізм). У некаторых тэорыях чалавек разглядаецца выключна з пазіцыі біялогіі (біялагізм), часам — з пункту гледжання сацыялогіі (сацыялагізм) ці псіхалогіі (псіхалагізм). Усе гэтыя тэорыі абмяжоўваюць чалавека да якойсці часткі рэальнасці (дэтэрмінізм). 
 
Чалавек жа — інтэгральная істота. Спрошчаны погляд на чалавека паніжае  яго годнасць і фарміруе яго памылковы вобраз. У кожнага чалавека ніжэйшая сфера павінна быць падпарадкавана вышэйшай. Сфера біялагічных патрэбаў павінна быць падпарадкавана розуму і духу. Той, хто разглядае чалавека з пазіцый біялагізму, не можа прызнаць цэлібату. Касцёл ніколі не будзе дыскутаваць з людзьмі, якія маюць іншы антрапалагічны светапогляд. 
 
— Сучасны секулярны свет прапануе сваю ідэалогію задавальнення, не ўлічваючы хрысціянскія этычна-маральныя прынцыпы. Што Вы парадзіце беларускім вернікам, асабліва моладзі, каб не паддацца на «ідэалогію распусты»?
 
— Я не хацеў бы ўжываць вызначэнне «ідэалогія распусты». Хачу ўжыць іншы тэрмін — чалавек без Бога становіцца пустым і нялюдзкім. У гэтым кантэксце згадваю словы Жана Данілю:  «Горад, у якім няма Бога, з’яўляецца нялюдзкім». Заходняя Цывілізацыя — нялюдзкая, бо яна ставіцца з пагардай да бедных. 
 
Вялікі свет пагарджае беднымі. Сёння прорва паміж багатымі і беднымі вельмі вялікая і вось гэта «распуста». 
 
Слова «распуста» павінна перш за ўсё ўжывацца да багацця. Гэта сапраўдная жорсткасць і распуста гэтага свету. Калі хто сквапны да багацця, кар’еры — хцівы таксама і да сексу. Распуста — браць тое, што хачу, гвалтам. (…) Каб папрасіць, трэба найперш стаць пакорна перад Богам. Калі чалавек не ўмее прасіць, то забірае сілай. 
 
 Кс. Юрый Жэгарын, grodnensis.by
 
 
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.