Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю: трэба ўдасканальвацца, але рабіць гэта супольна, дапамагаючы адзін аднаму
Інтэрв'ю
10.11.2013 17:48

На заканчэнне Года веры Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў інтэрв’ю газеце Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця».

- Папа Бэнэдыкт XVI на распачацце Года веры напісаў: “Каб гэты Год веры паспрыяў таму, што наша сувязь з Хрыстом будзе ўсё больш узмацняцца”. Ці жыў беларускі Касцёл гэтым заклікам? Якія найважнейшыя падзеі з жыцця нашага Касцёла ўжо ўвайшлі ў гісторыю?

- Мэтай Года веры з’яўляецца аднаўленне веры ў секулярызаваным свеце. Трэба нанова распаліць яе агонь, каб ён палымнеў, а не тлеў. Сучаснаму свету патрэбны сапраўдныя, а не штучныя хрысціяне, тыя, хто не толькі моцна звязаны з Хрыстом, але і складае з Ім адно цэлае. Касцёл у Беларусі праз розныя душпастырскія праграмы імкнуўся да паглыблення гэтай сувязі, у першую чаргу, просячы аб заступніцтве Марыю.

- Сёння вельмі шмат гаворыцца пра крызіс веры чалавека, сям’і. А якая вера жыхароў Беларусі? На працягу доўгага часу можна было пачуць сцвярджэнне, што Касцёл у Беларусі “перажывае вясну”, што ён “адраджаецца”. На якім этапе мы знаходзімся цяпер?

- Крызіс веры перажывае ўвесь свет. Беларусь не з’яўляецца выключэннем. З аднаго боку, вера ў нашай краіне была вельмі моцна закранута пераследаваннямі, якія трывалі на працягу трох пакаленняў. Але і гэта можна лічыць пэўным парадоксам – нягледзячы на пераследаванне, вера была захавана ў першую чаргу ў сем’ях і ў традыцыйных рэлігійных практыках, а таксама была перададзена маладым пакаленням. На сённяшні дзень мы, безумоўна, перажываем перыяд яе далейшага развіцця, уносячы ў яе перш-наперш тэалагічныя элементы, выкарыстоўваючы новыя літургічныя практыкі. Трэба памятаць, што адраджэнне веры і яе развіццё патрабуе часу і вялікіх намаганняў, тым больш, што новыя выклікі штодзённа ўваходзяць у наша жыццё. Веру ў нашай Айчыне можна ахарактарызаваць як сімбіёз традыцыі і новых трэндаў. Як падаецца, гэта добры напрамак, бо заўсёды трэба будаваць на тым, што было, і не адракацца ад метадаў, якія прайшлі праверку гісторыяй і перыядам пераследаванняў. Але таксама нельга стаяць на месцы, бо хто стаіць на месцы, той адыходзіць назад.
   
- Ваша Эксцэленцыя, Вы часта бываеце ў Рыме. Падчас аднаго з апошніх візітаў да гробу Апосталаў Вы сустрэліся з Папам Францішкам. Пра што Вы размаўлялі з Пантыфікам? Ці ведае ён штосьці пра Беларусь? Які ён – Святы Айцец – пры бліжэйшым кантакце?

- Падчас апошняй сустрэчы з Папам Францішкам я перадаў яму беларускі пераклад яго першай энцыклікі “Lumen fidei” – “Святло веры”. Нечакана ён сам закрануў справу арыштаванага ксяндза Уладзіслава Лазара, выказаўшы пры гэтым вялікую заклапочанасць звязанай з ім сітуацыяй. Папа запэўніў у малітве ў інтэнцыі ксяндза і папрасіў паведамляць пра развіццё справы. Калі я першы раз размаўляў з ім у маі гэтага года і сказаў яму, што я з Мінска, ён адразу сказаў: “Дык мы ж знаёмыя”. І гэта праўда. Калі я працаваў у Расіі, адзін з маіх ксяндзоў паходзіў менавіта з архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс, таму па справах я павінен быў наладзіць кантакт з тады яшчэ кардыналам Хорхе Берголіа. Я таксама некалькі разоў сустракаўся з ім у Рыме. Ён вельмі просты, непасрэдны і адкрыты чалавек, любіць гаварыць і слухаць. Ён проста з’яўляецца бацькам для ўсіх. Такім чынам, усё паказвае на тое, што Папа Францішак добра ведае пра Беларусь.
   
- Ваша Эксцэленцыя, некалькі месяцаў таму мы пачулі радасную навіну, што Каталіцкі Касцёл мае новы, афіцыйна зарэгістраваны Тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля. У інтэрв’ю для Ватыканскага радыё Вы сказалі, што гэта першы крок да стварэння каталіцкай ВНУ. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, ці ёсць нейкія канкрэтныя намеры, дзе гэтая ВНУ размесціцца і як будуць вырашацца кадравыя пытанні?


- Так, сапраўды, у Мінску зарэгістраваны Тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля. Мы плаўна перайшлі ад Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў да Каледжа. На нашу думку, у будучыні ён павінен ператварыцца ў вышэйшую тэалагічную навучальную ўстанову. Так было ў Маскве, калі Каледж каталіцкай тэалогіі стаў афіцыйна зарэгістраваным Інстытутам тэалогіі. Пакуль што гэта толькі нашыя планы. Канкрэтна яшчэ рана штосьці казаць. Пажывём – убачым. Але, як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ, таму мы стараемся яго зрушваць.

- Падчас інтэрв’ю 15 кастрычніка Вы сказалі моцныя словы: “Пры сустрэчы я запытаюся ў крытыка Касцёла: дзе ты быў, калі ў архікатэдры была Імша ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей?” Ці шмат ёсць крытыкаў і крытыкантаў у Касцёле ў Беларусі? Каму перашкаджае Касцёл?

- У пэўным сэнсе мы павінны цешыцца вернасцю нашых вернікаў Касцёлу, яго навучанню і традыцыям. Аднак часам праяўляюцца выразы незадавальнення і крытыкі. З аднаго боку, гэта натуральна. Дасканалы толькі Бог, а нам, іерархіі, святарам і вернікам, трэба ўдасканальвацца. Таму адсутнасць здаровай крытыкі сведчыць пра тое, што справы не ідуць добра і арганізм Касцёла хворы.

Іншай справай з’яўляецца крытыканства. Усё няправільна, нядобра і ўсё трэба змяніць. А калі спытаешся: як? – адказу няма. Напэўна, Касцёл у Беларусі патрабуе ўнутранага і структурнага аднаўлення, новых біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, якія атрымалі адпаведную фармацыю. Але таксама трэба з належнай увагай прыняць тое, што ёсць і што адбываецца, і карыстацца ім. Наведваючы адну парафію, падчас сустрэчы з вернікамі я пачуў дождж крытыкі, які абрынуўся на пробашча. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён не займаецца душпастарствам моладзі. У той жа час вікарый сказаў, што праца з моладдзю адбываецца ўжо на працягу доўгага часу. Акурат у той самы дзень адбывалася сустрэча маладых людзей, якія самі прыйшлі і запрасілі, каб бацькі пасылалі дзяцей на гэтыя сустрэчы. Такім чынам, гэта была не крытыка, а крытыканства. Некалькі тыдняў таму ў мінскай катэдры адбылася св. Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, але тых, хто часта мае прэтэнзіі да Касцёла, што ён мала робіць для абароны жыцця, проста на ёй не было. Бясспрэчна, трэба ўдасканальвацца, але трэба рабіць гэта супольна, дапамагаючы адзін аднаму, а не займаючыся крытыканствам, бо гэта не дапамагае, не яднае, а наадварот – разбівае. Наша моц у еднасці.

- Год таму падчас размовы Вы гаварылі, што ў Беларусі не хапае касцёлаў. Як змянілася гэтая сітуацыя за апошні год? Дзе яшчэ ёсць найбольшая неабходнасць у пабудове святыні?

- Недахоп касцёлаў адчуваецца і сёння. Гэтую праблему нельга вырашыць у адзін момант, бо неабходны адпаведныя дазволы і праекты, што займае шмат часу, а таксама матэрыяльныя сродкі, з якімі дрэнна. Безумоўна, у некалькіх месцах касцёлы ці капліцы былі пабудаваны, але ўсё яшчэ вялікая патрэба ў іх адчуваецца ў першую чаргу ў Мінску, Гродне, Магілёве і Гомелі.

Поўны тэкст інтэрв'ю>>>

(AG)  


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.