Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Алег Буткевіч: самае цяжкае – не згубіць асабістую лучнасць з Хрыстом, не прызвычаіцца да служэння, каб яно не стала руцінай
Інтэрв'ю
08.02.2014 16:13

“Мне яшчэ трэба ўсвядоміць тое вялікае заданне, якое ўсклалася на мяне. (…) Мацуе найперш малітва. Без яе ўсё астатняе губляе значэнне. Біскуп - гэта духоўны кіраўнік. І самае цяжкае, як ні парадаксальна, – не згубіць асабістую лучнасць з Хрыстом, не прызвычаіцца да гэтага служэння, каб яно не стала руцінай”, - адзначае віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, пасвячэнне якога адбылося 18 студзеня. Іерарх даў інтэрв’ю tut.by. 

- Як адчуваеце сябе ў ролі біскупа? Пасля прызначэння Вы сказалі, што плануеце рэфармаваць курыю Віцебскай дыяцэзіі. Ці адбыліся ўжо кадравыя ці нейкія іншыя змены?

- Мяне не пакідае дзіўнае адчуванне, што гэта адбываецца не са мной. Я ніколі не планаваў, што стану біскупам. Гэта адбылося нечакана. Таму зараз ідзе творчы працэс саспявання ідэй. Але казаць пра нейкія канкрэтныя рэчы мне зараз цяжка.

Віцебская дыяцэзія сёлета адзначыць 15 гадоў існавання. За гэты час шмат зроблена. І першае маё заданне - утрымаць тое добрае, што ўжо ўзнікла. Да таго ж, каб зрабіць пэўны крок наперад, трэба час – проста агледзецца навокал, больш дакладна даведацца аб існуючых праблемах, паглыбіцца ў жыццё і святароў, і вернікаў, і цалкам дыяцэзіі, бо яе заходняя і ўсходняя часткі маюць сваю спецыфіку. А пазней ужо можна будзе зрабіць нейкія высновы і планы на будучыню.

Кадравыя перастаноўкі - вельмі важная рэч. Канкрэтных рашэнняў, зноў жа, пакуль няма. Аднак маё жаданне - каб на гэтых пасадах знаходзіліся невыпадковыя людзі. Для мяне важна, каб тыя, хто будзе займацца практычнымі пытаннямі жыцця дыяцэзіі, былі звязаны з Касцёлам і людзьмі.

- Вы адзін з самых маладых біскупаў у свеце. Ці атачаеце сябе маладымі і энергічнымі памочнікамі?


- Нехта пажартаваў, што маладосць - такі недахоп, які хутка праходзіць. У кіраванні людскімі душамі вельмі важная такая рэч, як досвед. А яшчэ - вера і вернасць заданню, якое чалавек спаўняе. Таму ў фарміраванні курыі, напэўна, будуць людзі маладыя і энергічныя, але я не адмаўляюся і ад досведу, які маюць старэйшыя святары.

- Падчас кіравання біскупа Уладзіслава Бліна пабудавалі шмат касцёлаў, у тым ліку ва ўсходняй частцы дыяцэзіі - у Шуміліна, Бешанковічах, Гарадку, Лёзна. Аднак парафіян там мала. Што Вы думаеце рабіць, каб збудаваныя касцёлы запоўніліся людзьмі?

- Час адбудовы касцёлаў быў складаным. Святарам нялёгка было ахапіць два накірункі: пабудову жывой святыні – парафіі і пабудову святыні-храма. У большасці месцаў касцёлы знаходзіліся гістарычна. Магчыма, адбудаваны яны не ў тым самым месцы і ў не тым самым выглядзе, як гэта было калісьці, але гэта ўзнаўленне традыцыі, якая існавала ў тых мясцінах.

А зараз у гэтых касцёлах трэба звярнуць больш увагі на душпастырства, каб адбудаваныя святыні спаўнялі сваю ролю - станавіліся сапраўды месцам праслаўлення Бога, дзеяння Ягонай ласкі. Усходнія парафіі пакуль, сапраўды, невялікія, і часта ўзнікае праблема ўтрымання святара. Аднак арганізацыя душпастырства – адно з першых заданняў, якое я бачу перад сабой.

- Можа быць, гэта будуць нейкія крэатыўныя, незвычайныя захады?


- Перадусім гэта рэгулярная, трывалая праца на месцы. Святар павінен быць сярод людзей і дапамагаць ім знайсці дарогу да Касцёла. У гэтым адрозненне душпастырства ў сталых парафіях у заходняй частцы Беларусі ад парафій на ўсходзе, дзе святар павінен быць місіянерам.

- Якой павінна быць роля свецкіх рухаў і супольнасцяў у жыцці Касцёла? Ці патрэбна штосьці змяняць у пастырскай працы з моладдзю?


- Касцёл - гэта перадусім людзі. У справе евангелізацыі вернікі могуць здзейсніць вельмі шмат, нават тое, што не заўсёды можа зрабіць святар. І важна ўмець выкарыстаць гэты патэнцыял. У нашай дыяцэзіі ёсць парафіі, дзе ідзе праца ў гэтым накірунку. Аднак важна, каб у гэтай справе вернікі больш цесна супрацоўнічалі са святарамі. Бо Касцёл усё ж такі ёсць там, дзе ёсць біскуп. А біскуп у сваю чаргу працуе праз сваіх дапаможнікаў - святароў.

Што тычыцца моладзі, то, мне падаецца, трэба мець крыху больш адвагі, каб выйсці ёй насустрач. Маладосць – гэта часта бунт, пошук уласнай тоенасці. І Касцёл павінен стаць тым месцам, дзе моладзь зможа знайсці адказы на свае шматлікія пытанні.

- Плануеце збліжацца з мясцовай праваслаўнай епархіяй? Магчыма, асабіста сябруеце з кімсьці з праваслаўных святароў?

- Каталіцкі Касцёл заўсёды быў адкрыты для гэтага дыялогу. Адпрацаваўшы тут, на ўсходняй тэрыторыі, 13 гадоў святаром, маю намер і надалей шукаць магчымасці весці гэты дыялог. Напэўна, з Праваслаўнай Царквой магчыма супрацоўніцтва ў розных харытатыўных праектах.

Што тычыцца прыватных кантактаў, то я не адчуваю негатыўнага стаўлення да сябе ці іншых католікаў з боку праваслаўных. Ёсць некалькі праваслаўных святароў, з якімі я знаходжуся ў прыязных адносінах. У бліжэйшы час праную сустрэцца з архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем. Разлічваю на тое, што гэтая сустрэча будзе цёплай, што гэта не будзе сустрэча двух канкурыруючых бакоў, а людзей, якія імкнуцца да дасягнення адной мэты.

Па праўдзе кажучы, працэс паяднання нейкім чынам трывае ўжо даўно. І перадусім на ўзроўні звычайных людзей - на навучальнай лаўцы, у працоўных калектывах, сем'ях.

-
Распавядзіце пра сваю сям'ю. Ці адчувалі Вы з самага дзяцінства нейкае асаблівае пакліканне, кім стаць? Хто са святароў ці іншых людзей зрабіў на Вас найбольшы ўплыў?

- У мяне самая звычайная сям'я. Бацькі зараз на пенсіі. Тата працаваў у апошнія гады ў раённых электрасетках. Маці была пекарам. У мяне яшчэ ёсць дзве сястры.

Дзяцінства і юнацтва прыпала на час атэізму. Аднак, дзякуючы Божай прадбачлівасці, касцёл у Браславе не быў зачынены. Нават быў святар - ксёндз Чэслаў Вільчынскі, якога людзі з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць і сёння. Дзякучы яго намаганням у браслаўскай парафіі ёсць сярэдняе пакаленне вернікаў, да якога належаць і мае бацькі.

Нягледзячы на пераслед, яны шукалі магчымасць, каб, калі не кожную нядзелю, то прынамсі па святах, прысці ў касцёл. З сабой бралі нас, дзяцей. Па сённяшні дзень памятаю той страх, з якім ішлі ў касцёл. І ў той жа час памятаю свой цудоўны ўнутраны духоўны стан пасля набажэнства.

У дзяцінстве перада мной быў прыклад самых звычайных людзей і бацькоў. Яны вучылі быць проста чалавекам. А жаданне прысвяціць жыццё святарскай службе ўзнікла ўжо, калі заканчваў вучобу ва ўніверсітэце, дзе атрымаў адукацыю інжынера-механіка. І сталася так, што адразу пасля Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.

Калі стаў святаром і трапіў сюды - на ўсход Беларусі, дзе вера найбольш знішчана, - у мяне была адзіная мэта: стала працаваць сярод людзей, будуючы храм і парафіяльную супольнасць. Аб чымсьці вышэйшым я проста не марыў. Таму навіна аб тым, што мяне збіраюцца прызначыць біскупам, была для мяне сапраўднай нечаканасцю.

- Ці ёсць у вас хобі, нейкі занятак, які дапамагае адпачываць?


- Хвіліны супакою ўдаецца знайсці рэдка. І бывае, што чалавеку, на якім шмат абавязкаў, трэба мудрасць - умець спыніцца, знайсці час, каб проста адпачыць. Бог даў талент да малявання, і ў свой час я спрабаваў сябе ў гэтай галіне. Праўда, зараз няма часу гэтым займацца.

Пакой у будынку касцёла Езуса Міласэрнага ўпрыгожвае карціна з выявай гэтага храма. Аўтар карціны - вядомы віцебскі мастак Фелікс Гумен, ён падарыў яе на Божае Нараджэнне ў 2012 годзе біскупу Уладзіславу Бліну

Хутчэй за ўсё, адпачынкам для мяне з'яўляецца сустрэча з сябрамі. Асабліва з тымі, хто мае добрае пачуццё гумару. Цудоўны адпачынак дае і прырода. Паколькі сам з Браслаўшчыны, азёры, вада - гэта найлепшы сродак, які вяртае працаздольнасць.

- Ваша стаўленне да спорту? Ці падтрымліваеце фізічную форму і як?


- Цела чалавека - гэта геніяльны твор Божы, не толькі Ім дадзены, але і асвечаны! Таму павінна быць пашана да прылады, з дапамогай якой мы ў гэтым свеце маем магчымасць зрабіць штосьці добрае. Раней займаўся спортам больш, а зараз практыкую ранішнюю зарадку. Улетку шукаю магчымасць паплаваць у возеры – і тут сказваецца маё браслаўскае паходжанне (усміхаецца).

Добра дазваляе трымаць сябе ў тонусе бег. Праўда, не кожная мая раніца пачынаецца з прабежкі – не заўсёды перамагаю ў барацьбе з лянотай (смяецца). А часам нават становіцца адчувальным недахоп фізічных нагрузак, і тады імкнуся заняцца спортам больш інтэнсіўна.

- Што чытаеце, акрамя Бібліі? Што слухаеце, акрамя духоўнай музыкі?


- Памятаю словы аднаго выкладчыка семінарыі аб тым, што трэба чытаць не добрыя кніжкі, але найлепшыя, бо і на найлепшыя можа не хапіць жыцця. І, калі здараецца вольны час, аддаю перавагу класічнай і гістарычнай літаратуры, якая дае шмат матэрыялу і для гамілій. Апошнім часам, напрыклад, перачытваў Булгакава. А музыка… Усё залежыць ад настрою. Часам гэта класіка, часам – рок. Таксама падабаюцца аўтарскія творы.

- Што самае цяжкае ў служэнні біскупа? Як увогуле жыць чалавеку, які пастаянна, можна сказаць, штохвілінна, павінен быць навідавоку і пры гэтым з'яўляцца прыкладам для іншых?

- Гэтае служэнне патрабуе дадатковых вымаганняў. І мне яшчэ трэба ўсвядоміць тое вялікае заданне, якое ўсклалася на мяне, і навучыцца паводзіць сябе згодна з гэтым. Трэба асвоіцца з тым, што ты ўвесь час з'яўляешся публічнай асобай, якую акрэсліваюць як "твар дыяцэзіі". Адно скажу: асвоіцца з гэтым нялёгка.

Мацуе найперш малітва. Без яе ўсё астатняе губляе значэнне. Біскуп - гэта духоўны кіраўнік. І самае цяжкае, як ні парадаксальна, – не згубіць асабістую лучнасць з Хрыстом, не прызвычаіцца да гэтага служэння, каб яно не стала руцінай.

Поўны тэкст на tut.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.