Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп намінат Аляксандр Яшэўскі: «Адчуваю, што Бог чакае ад нас усіх жыцця, згоднага з Евангеллем, і еднасці»
Інтэрв'ю
16.06.2015 16:23

Папа Францішак прызначыў кс. Аляксандра Яшэўскага SDB дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пра тое, як ён прыняў гэтае прызначэнне, пра свой біскупскі дэвіз “Cui Deus est omnia sunt” (“У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё”) і пра іншае біскуп намінат распавёў Сatholic.by.

– Як Вы прынялі гэтае прызначэнне?

– Калі я даведаўся аб тым, што Святы Айцец прызначае мяне дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, скіроўваючы на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі, я пачаў задумвацца над тым, што прамаўляе за тым, каб прыняць гэты выбар, калі ўжо столькі разоў я казаў Богу, Касцёлу і сваёй Салезіянскай Кангрэгацыі “ТАК”. Калі Бог адарыў мяне ласкай салезіянскага паклікання, я сказаў “ТАК”. Складаючы першыя і вечныя манаскія абяцанні, я зноў паўтарыў сваё “ТАК”. Прымаючы дыяканскае, а праз год прэзбітэрскае пасвячэнне, я яшчэ раз прамовіў сваё “ТАК”. Ці магу я цяпер сказаць - “НЕ”?

Слова Божае мне дапамагло падчас разважанняў, а асабліва радкі з Евангелля паводле Яна 15, 16: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў”. Натхнёны гэтымі евангельскімі словамі і параіўшыся са сваім спаведніком і духоўным кіраўніком, з верай і сапраўдным даверам Богу і Святому Айцу я прыняў гэтую Божую волю.

Гэта заўсёды будзе для мяне таямніцай, чаму менавіта мяне Бог адарыў ласкай паўнаты святарства. Не спакушаюся глядзець на гэта з чалавечага пункту гледжання. Людзі веры глядзяць на кожную рэчаіснасць вачыма веры. З верай трэба чытаць гісторыю нашага асабістага жыцця, нашых супольнасцяў, парафій, груп і ўсяго Касцёла. Святло веры не павінна згаснуць над нашымі думкамі, меркаваннямі, ацэньваннем другога. Гэтага патрабуе нашая хрысціянская сумленнасць. У гэтай перспектыве я гляджу на сваю намінацыю. Пан выбраў мяне, чалавека простага, грэшнага, слабога, як кожны з нас, але ў той самы момант Бог, які абраў, не пакіне, Ён адорыць шматлікімі здольнасцямі, уласцівымі біскупскаму служэнню, якія ў першую чаргу з’яўляюцца дарамі Духа Святога.



– Аб чым Вы прасілі Бога, даведаўшыся пра прызначэнне, і аб чым просіце цяпер?

– У момант прызначэння маё сэрца было напоўнена хваляваннем і ўдзячнасцю добраму Богу, Найсвяцейшай Панне Марыі Успамозе Хрысціянаў, святому Яну Боско і Святому Айцу Францішку. У сваіх малітвах я прасіў і надалей працягваю прасіць Духа Святога адарыць мяне дарам мудрасці, якая праяўляе Божую прысутнасць і ўказвае на першынства Бога; дарам веры ў ласку Божую і чалавечую дабрыню; дарам салезіянскай радасці, якую можна раздзяляць з іншымі і такім чынам сеяць зерне надзеі; дарам адкрытасці, якая дазваляе першаму выцягнуць руку, каб дапамагчы; дарам сардэчнасці, з якой трэба сустракаць іншага чалавека, асабліва моладзь; дарам айцоўства і настаўніцтва; дарам сумленнасці ў апостальскім і братэрскім служэнні.

– Як прынялі гэтае прызначэнне Вашы бацькі?

– Для маіх бацькоў гэтая навіна была вельмі нечаканай і, можна сказаць, як гром з яснага неба. Калі тата пачуў гэтую навіну ўпершыню ад ксяндза Здзіслава Вэдэра SDB, які патэлефанаваў яму, вялікае хваляванне ахапіла яго і матулю. Як апавядалі мне бацькі, тата ледзь стрымліваў слёзы, а матуля плакала. Каля дома, дзе цяпер жывуць мае бацькі, стаіць фігурка Маці Божай Беззаганнай, а за плотам крыж. Спачатку яны памаліліся, даверыўшы мяне і маё новае прызначэнне Маці Божай, а пасля, ушаноўваючы крыж, прасілі, каб Езус даў дастаткова чалавечых сіл і сваю ласку несці ўскладзены Ім крыж біскупскага служэння.



– Чаму cваім дэвізам Вы абралі менавіта словы “Cui Deus est omnia sunt” (“У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё”)?

– У салезіянскім навіцыяце ў Чэрвінсу над Віслай у Польшчы быў такі звычай на распачацце новага каляндарнага года атрымліваць думку нашага заснавальніка ксяндзя Боско. Гэта была Імша апоўначы на пачатак 1992 года. Скончыўшы музычную школу ў Смаргоні, я быў таксама арганістам у навіцыяце. Думкі ксяндза Боско, напісаныя на прыгожых абразках, ляжалі на алтары. Мае сябры навіцыі адзін за адным падыходзілі і выбіралі абразок, а я сядзеў за арганам. Я ведаў, што той абразок, які застанецца, будзе мой. Я ўвесь час прасіў ксяндза Боско пакінуць мне думку, якая стане для мяне дэвізам на ўсё законнае і святарскае жыццё і прынясе мне адвагу на абраным шляху. Пасля святой Імшы я падыйшоў за сваім апошнім абразком і прачытаў такія словы: ““Не бойся, у кім ёсць Бог, у таго ёсць усё”. Ксёндз Боско”. Я быў шчаслівы і ўдзячны за гэтыя словы, бо яны дадалі мне ўпэўненасці ў правільнасці майго шляху.

У мінулым 2014 годзе, падчас урачыстасці ксяндза Боско ў Смаргоні 31 студзеня, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, мы вырашылі таксама пакінуць вернікам, дзецям і моладзі думкі ксяндза Боско. Пераклалі на беларускую мову каля 50 яго думак. Раздрукавалі амаль 1000 штук і, скруціўшы ў маленькую трубачку, змясцілі ў кошык. Падчас гэтай урачыстасці таксама і я выцягнуў думку. Раскруціўшы, прачытаў словы: ““Не бойся, у кім ёсць Бог, у таго ёсць yсё. Ксёндз Боско”.

Менавіта таму, даведаўшыся аб біскупскім прызначэнні, я без ваганняў абраў дэвізам біскупскага служэння словы ксяндза Боско: “Сui Deus est omnia sunt” (“У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё”).



– Што б Вы сказалі святарам, кансэкраваным асобам і вернікам, асабліва ў Магілёўскай частцы архідыяцэзіі?


– Узгадваючы словы святога Аўгустына, біскупа з Гіпоны, я хацеў бы за ім паўтарыць: “Для вас я біскуп, з вамі – хрысціянін”. Вельмі сардэчна прашу прыняць мяне на Магілёўшчыне як свайго. Адчуваю, што Бог чакае ад нас усіх жыцця, згоднага з Евангеллем Хрыстовым, і еднасці: што заўсёды будзем разам змагацца за духоўныя каштоўнасці, што аднадушна будзем вызнаваць сваю веру ў Бога і сумесна адстойваць прынцыпы Евангелля. Еднасць і супрацоўніцтва сярод нас на самой справе магчымыя толькі тады, калі яны нараджаюцца ад Духа Святога, калі мы сапраўды навернемся да Бога і будзем весці жыццё, годнае дзяцей Божых, паводле Евангелля Хрыстовага.

Жыццё, згоднае з Евангеллем Хрыстовым, і дух еднасці патрабуюць ад нас адраджэння сэрца, унутранай чысціні і клопату аб асабістых адносінах з Богам праз малітву і разважанні над Божым Словам. Дзякуючы гэтаму нашыя погляды будуць цвярозымі і біблійнымі, а памкненні - напоўненымі ідэяй шукання выключна волі Божай.

Няхай Бог дапаможа нам дасягнуць гэтых мэтаў будавання Валадарства Божага і еднасці сярод нас усіх.

Дзякую!

Гутарыў кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.