Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў інтэрв’ю ўкраінскаму каталіцкаму парталу: Братэрская для Украіны Беларусь спрыяе міру
Інтэрв'ю
24.12.2015 10:00

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пасля прыбыцця на дыпламатычную службу ва Украіну перад святамі Божага Нараджэння даў сваё першае інтэрв'ю украінскаму каталіцкаму парталу Credo-ua.org.

— У адным са сваіх інтэрв'ю Вы казалі, што місію ва Украіне ўспрымаеце як працяг місіі ў Беларусі. Што гэта адзначае?

— У Беларусі я ўбачыў вялікую сімпатыю і братэрства ў стаўленні да Украіны. Акрамя таго, гісторыя часта аб'ядноўвала гэтыя народы адным лёсам. Гэтаксама і аднаўленне жыцця Касцёла сутыкнулася з падобнымі выклікамі. Мінск стаў месцам, дзе праводзяць сустрэчы некаторыя бакі, якія ўдзельнічаюць у канфлікце. У гэтым сэнсе я бачу пэўную паслядоўнасць маёй місіі.

«Святарскае пакліканне я прыняў у ноч Божага Нараджэння...»

— Якія традыцыі святкавання Божага Нараджэння былі ў Вашым бацькоўскім доме?

— Бацька рыхтаваў ялінку, былі калядныя спевы, вігілія Святой ночы і, не будзем пра гэта забывацца, зімовыя школьныя канікулы. У маім жыцці Божае Нараджэнне мае вызначальную ролю. У ноч Божага Нараджэння 1974 года я вырашыў прыняць пакліканне Пана, каб быць Ягоным спадкаемцам праз прысвечанае Богу жыццё і святарскае служэнне. І праз два дні пайшоў менавіта па гэтай дарозе.

— Што б Вы хацелі пажадаць украінцам на Божае Нараджэнне?

— Мае пажаданні будуць вельмі канкрэтнымі: каб настаў мір, сапраўдная роўнасць, справядлівасць, сумленнасць, праца для ўсіх, справядлівае размеркаванне ўсіх дабротаў. Але, каб гэта адбылося, прашу ў Бога для ўкраінцаў быць пільнымі, як пастухі ў сваёй прастаце. Яны не спалі і, дзякуючы гэтаму, убачылі анёлаў. Іншыя спалі і нічога не ўбачылі. Ірад ведаў, але веды не ўратавалі яго: праз зайздрасць і баязлівасць ён правёў Божае Нараджэнне ў думках, як забіць маленькага Езуса, як забіць Божае Нараджэнне.

Жадаю, каб усе Ірады былі абяззброены, не іншымі, больш моцнымі Ірадамі, але прастатой Бога, які стаў чалавекам у пячоры; абязброены адвагай прабачэння, самай важнай рэччу для таго, хто ёсць ахвярай. «Спакой на зямлі людзям добрай волі!»

Пераклад з украінскай мовы Аляксандра Гелагаева

Поўны тэкст інтэрв'ю — на Credo-ua.org

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.