Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сястра Алена Громік SM: «Калі я гляджу на хворага чалавека, то бачу ў ім Хрыста»
Інтэрв'ю
11.02.2016 09:20

11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворых. З гэтай нагоды Catholic.by паразмаўляў з сястрой Аленай Громік з супольнасці сясцёр Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, якая займаецца служэннем хворым, бедным і ўбогім людзям.

— Сястра Алена, распавядзіце, калі ласка, пра дзейнасць сясцёр вашай супольнасці ў Беларусі.

— Сёстры нашай супольнасці прыехалі ў Беларусь з Польшчы ў 1990-х гадах. Спачатку ў Брэст. Яны прыязджалі на катэхезу і выязджалі, а потым у Брэсце была створана першая ў Беларусі супольнасць. Гэта былі сястра Барбара, Анеля і Эмілія.

Яны прыехалі ў парафію Маці Божай Каралевы і жылі ў адной хворай бабулі. Адначасова хадзілі да бедных па дамах, а таксама вялі катэхезы для дзяцей і моладзі і арганізоўвалі для іх лагеры («Аазы»). Я таксама пачала ездзіць на такія «Аазы».

Сёстры запрашалі моладзь служыць бедным, і мы хадзілі з імі.

І калі я глядзела на службу сясцёр і бачыла, з якой любоўю яны падыходзяць да хворых, нягледзячы на тое, што ў іх дамах магло быць вельмі брудна, а па сценах поўзалі прусакі, то ўва мне нараджалася думка: чаму сёстры гэта робяць? І толькі потым, з часам, я адкрыла, што яны бачаць у бедных Хрыста.

Я падумала, што калі яны так могуць, то і я таксама змагу.


Потым біскуп Уладзіслаў Блін запрасіў сясцёр шарытак у Віцебск і ў Шуміліна ў парафію Маці Божай Фацімскай.

А пяць гадоў таму мы прыехалі ў Мінск даглядаць адну бабулю, якой было 92 гады. Мы жылі ў яе дома і даглядалі.

Паступова знаходзіліся іншыя людзі, якім патрэбна была нашая дапамога. У Мінску ў нас каля 16 хворых, якіх мы даглядаем. Айцы аблаты ездзяць да іх кожную пятніцу —  паспавядаць і ўдзяліць Камунію. Акрамя гэтага мы праводзім катэхезы і сустрэчы для дзяцей і моладзі.

— Ведаю, што Вы працуеце ў бальніцы медсястрой. Як Вы распачалі такое служэнне?

— Па прафесіі я медсястра. Пасля навіцыяту мяне накіравалі на вучобу ў медвучылішча ў Польшчы. Потым я там працавала ў бальніцы.

Калі прыехала ў Мінск, то таксама захацела тут папрацаваць у бальніцы. З Божай дапамогай мне ўдалося знайсці вакансію медсястры.

Я шукала розныя бальніцы ў Мінску, і не кожная бальніца мяне хацела прыняць на працу. Першым пытаннем было тое, што я хаджу ў габіце. Спачатку я была ў адной бальніцы, дзе мне сказалі: «Ну, вы ж разумееце, могуць змясціць у інтэрнэце, у нас могуць з’явіцца праблемы».

Яшчэ адной прычынай было тое, што ў мяне польскі дыплом. Мне сказалі, што патрэбна скончыць курсы медсясцёр у Беларусі, каб мяне маглі прыняць на працу. І дзякуючы дапамозе сясцёр дамініканак мне ўдалося патрапіць у дзіцячую прыёмную адной з мінскіх бальніц.

Галоўная медсястра адразу згадзілася. Яна мяне толькі спытала, дзе канкрэтна я хачу працаваць. Я ёй сказала, што хачу працаваць з дарослымі. Але ў дарослых аддзяленнях не было вакансій, тады яна мне прапанавала працаваць у дзіцячай прыёмнай і сказала, што калі я раптам перадумаю, яна можа мяне перавесці. Я згадзілася і пайшла працаваць у дзіцячую прыёмную. Я павінна была працаваць з дзецьмі, якія мелі чэрапна-мазгавую траўму, і хадзіць разам з нейрахірургам зашываць раны.

 

— Цікава, як пацыенты і медперсанал рэагавалі на з’яўленне такой незвычайнай медсястры?

— Спачатку рэакцыя людзей была вельмі здзіўленая. Але адначасова і цёплая. Адна з медсясцёр, напрыклад, калі я першы раз прыйшла ў аддзяленне падпісваць неабходныя дакументы, узрадавана ўсклікнула: «Вы да нас на працу прыйдзеце? Як добра!» І ведаеце, пасля гэтых слоў я сябе там адчула як дома.

Спачатку ўсе ўрачы вельмі здзіўлена на мяне глядзелі. Не ведалі, як да мяне звяртацца, ці можна жартаваць пры мне. Але я працую там ужо два гады і адчуваю сапраўдную павагу. І зараз, калі хтосьці з пацыентаў прыходзіць і пытае: «А хто сёння дзяжурыць?» і медсёстры кажуць: «сястра Алена і Юля, ці Таня», то кажуць «а, то сёння будзе добра».

Рэакцыя людзей часам бывае дзіўнай. Бывае, калі прыязджае «хуткая дапамога», глядзяць на мяне і пытаюць: «а ў вас так у шпіталі ўсе ходзяць?» Я ў такім выпадку адразу кажу, што не, і прызнаюся, што я каталіцкая манахіня і працую медсястрой у аддзяленні.

Адзін тата аднойчы спытаў: «А Вы тут прапаганду разводзіце?» А я адказала, што я тут пра Бога не сказала ні слова, а проста раблю сваю працу як медык.

Я таксама ведаю, што для персанала, з якім я працую, гэта вельмі важна. Яны звяртаюцца часам да мяне з рознымі пытаннямі — тэлефануюць або падчас дзяжурства размаўляюць і дзеляцца тым, што перажываюць. Маюць давер да мяне.

Але тэмы размоваў часам вельмі розныя бываюць, і я бачу, што мне таксама патрэбна стаць у абарону, але так, каб не адштурхнуць чалавека. Я проста выказваю сваё меркаванне аб тым, што думаю, што гэта няправільна. Я за іх таксама малюся і думаю, што Бог нездарма мяне туды паслаў — для іх і, канешне ж, для хворых дзяцей, якія прыходзяць з самымі рознымі хваробамі, нават невылечнымі.

Гэта дае мне таксама магчымасць маліцца за такіх дзяцей. Я разумею, што гэта мая місія. Я вельмі рада, што працую ў бальніцы і што там магу несці Хрыста, хоць і не яўна, але мой габіт для людзей таксама шмат пра што кажа. Мой габіт кажа за мяне.

— А Вы толькі адна з сясцёр працуеце?

— Так, але старэйшая медсястра аднойчы сказала мне: «давайце вашых пабольш». Канешне, было б добра, каб нас было больш. Ад персаналу я чула, што атмасфера ў дзіцячым аддзяленні з таго часу, як я пачала працаваць, змянілася. Я разумею, што гэта не я, але іншы погляд людзей. Яны па-іншаму пачынаюць глядзець, таму што з’яўляецца зусім іншы, непадобны да іх чалавек, які па-іншаму размаўляе. Адчуваецца гэтая атмасфера. І гэта мяне радуе. Я спачатку баялася, думала, што могуць быць нейкія насмешкі, але іх не было.

— Ці ўспомніце нейкі цікавы выпадак са свайго служэння?

— Калі мы працавалі ў Шуміліне, то даглядалі адну хворую, якая потым памерла. Яе муж аказаўся ў бальніцы і пачаў распавядаць іншым хворым аб тым, што ёсць такія сёстры, якія даглядаюць хворых, і што яго жонку яны даглядалі да смерці. З ім у палаце ляжаў малады чалавек, які зламаў сабе пазваночнік і не адчуваў ног, а рукамі вельмі слаба мог рухаць. У яго былі вялікія пролежні. І ён запытаў, як можна сустрэцца з гэтымі сёстрамі. А мы проста аднойчы прыйшлі гэтага дзядулю праведаць у бальніцу. І калі ўжо сыходзілі ад яго, то той малады чалавек паклікаў нас і запытаў, ці можам мы яму дапамагчы. Мы спыталі, што здарылася.

Ён распавёў пра свае раны і пра тое, што яго выпісваюць. Мы сказалі, што зможам прыйсці. І на наступны дзень прыйшлі да яго і сталі хадзіць кожны дзень і перавязваць раны па дзве гадзіны. Рабілі неабходную для яго гімнастыку.  

Ён знаходзіўся ў цяжкім становішчы. Двое яго братоў былі алкаголікамі і жылі з ім. Дом гэтага хлопца быў сапраўдным прытонам, дзе ўсе збіраліся. Калі мы прыходзілі туды, то я вылівала ўвесь алкаголь і казала братам, што пакуль мы сюды прыходзім і тут хворы чалавек, то тут ніхто піць не будзе. Але яны мяне ніколі не чапалі. Заўсёды казалі: «сястра Алена, калі Вас хтосьці толькі пакрыўдзіць, Вы скажыце толькі нам». Калі яму было вельмі дрэнна, мы прыходзілі нават позна вечарам. Гэтыя браты мяне праваджалі дадому. Я не баялася з імі хадзіць.

Калі гэтага хлопца выпісвалі, то казалі, што ён будзе жыць тыдзень-два. Ён жыве ўжо больш за 10 гадоў, сам пераварочваецца і можа сесці, яго таксама можна пасадзіць на каляску.

Мы яго вывозілі на вуліцу. Спачатку не хацеў выходзіць. Пару разоў мы яго завозілі ў касцёл, калі было цёпла.

Мы пераехалі, але там зараз іншыя сёстры служаць і заўсёды наведваюць яго. Такія людзі на самой справе ўбогія, таму што Саша (так завуць хлопца — Рэд.) ніколі нічога не прасіў. Мы самі заўсёды ўсё прыносілі. І зараз нам распавялі, што ён клапоціцца пра сваю хворую маці, хоць сам на калясцы.

— Якая дапамога, на Ваш погляд, самая важная для хворых?

— Наш заснавальнік казаў, што чалавеку патрэбна служыць любоўю пачуццёвай і дзейснай. Гэта значыць — не толькі спачуваць, але і рабіць пэўныя ўчынкі міласэрнасці ў адносінах да яго.

Нават у гэтай бальніцы бываюць розныя сітуацыі. «Хуткая» прывозіць хворых пацыентаў і іх кладуць у бальніцу, а ў іх няма з сабой грошай, каб элементарна купіць бахілы. І калі я даю ім грошы на бахілы, яны ў шоку, таму што хтосьці проста так даў ім грошы на бахілы. І гэта таксама служба.

Але найбольш важнай дапамогай з’яўляецца прысвечаны ім час і прысутнасць. Часам для іх не столькі важна тое, што ты прамыеш і перавяжаш рану, колькі тое, што ты прыйдзеш, пасядзіш і паслухаеш, паразмаўляеш. Ім гэтага не хапае.


Гутарыла Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.