Пробашч з Палесся: «Па-паляшуцку тут размаўляюць не толькі бабулі, але і моладзь» | Друк |
Інтэрв'ю
03.03.2016 10:07

«Напачатку было цяжкавата разумець усе словы, калі хтосьці нешта хутка расказваў, асабліва пры асабістай размове. Што яшчэ цікава: нават самыя традыцыйныя касцёльныя спевы там спяваюць на свой лад — са сваёй мелодыяй. Пры тым, мелодыя не сапсаваная, а проста свая — палеская».

Пра сваё служэнне ў палескім рэгіёне распавядае ксёндз Чэслаў Ладыка. Прэзбітэрскае пасвячэнне святар атрымаў зусім нядаўна — 13 чэрвеня 2015 года. Сёння кс. Чэслаў — пробашч адразу дзвюх парафій. Адна з іх, парафія Спаслання Святога Духа, знаходзіцца ў Пінску.

— Ксёндз Чэслаў, Ваша парафія стала трэцяй зарэгістраванай у Пінску?

— Так, гэта трэцяя парафія ў горадзе — у новым мікрараёне. Увогуле, Пінск дастаткова багаты ў рэлігійным плане: тры каталіцкія парафіі, шэсць праваслаўных прыходаў і дванаццаць пратэстанцкіх супольнасцяў.

Калі быў пабудаваны другі ў горадзе касцёл св. Бэнэдыкта, то даводзілася чуць: маўляў, адкуль у ім возьмуцца парафіяне? Ці не з пінскай катэдры будуць прыходзіць?

На фота: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас асвячэння новага касцёла св. Бэнэдыкта, 27 кастрычніка 2015, фота Аляксандры Шчыглінскай

Але ў касцёле сёння шмат людзей. І найперш з новых мікрараёнаў. Многія ўспомнілі, што іх калісьці хрысцілі ў касцёле і што яны таксама католікі. Званы святыні ўсё ж па-асабліваму ўздзейнічаюць на людзей і прыносяць свой плён. Многія прыходзяць у касцёл, па нядзелях на святой Імшы можна пабачыць каля 100 чалавек. Мяне радуе, што ў новым касцёле шмат маладых сем’яў.

Увогуле, Піншчына мае добры рэлігійны патэнцыял. Трэцяя парафія ў сталіцы Палесся, якую мы ўжо зарэгістравалі, мае дастаткова вялікі ахоп вернікаў. Я пераканаўся ў гэтым, калі з душпастырскім візітам наведваў сем’і ў новай парафіі.

Будаўніцтва касцёла яшчэ не распачата, мы знаходзімся на этапе чакання — даслалі запыт у мясцовыя органы кіравання з просьбай вылучыць надзел зямлі пад будаўніцтва новага касцёла. Чакаем рашэння.

— Акрамя гэтага, Вы з’яўляецеся таксама пробашчам парафіі ў Крыўчыцах...

— Так, служэнне я нясу таксама ў капліцы ў в. Крыўчыцы (Пінскі раён). Раней у гэтай вёсцы ўжо быў касцёл, але ў камуністычны час яго разбурылі. Раней вернікам з Крыўчыц даводзілася ездзіць на Імшу ў пінскую катэдру (а гэта каля 20 км), пакуль яны не звярнуліся да пінскага ардынарыя з просьбай пабудаваць капліцу ў іх вёсцы. Парафія чакала сваёй рэгістрацыі тры гады...

На цэнтральнай вуліцы ў Крыўчыцах мы выкупілі дом, які прыстасавалі пад каталіцкую капліцу. Рамонт яшчэ трывае, але першыя набажэнствы там ужо праводзяцца.

У нядзелю капліцу наведвае каля 60 чалавек. Капліца гуртуе вернікаў з трох каталіцкіх вёсак — Стаўка, Падбалоцця і непасрэдна Крыўчыц. Чаму каталіцкіх — таму што ў гэтых вёсках жывуць пераважна католікі ў адрозненне ад іншых вёсак Піншчыны.



У капліцы ў Крыўчыцах на Імшы дапамагае пакуль толькі адзін міністрант. Я «знайшоў» яго падчас каляднага адведвання сем’яў.

На маю прапанову дапамагаць пры алтары хлопец адразу пагадзіўся. «З радасцю, — кажа. — Ніхто мне раней гэтага не прапаноўваў». І сёння, нягледзячы на 12-гадовы ўзрост, ён у любое надвор’е прыходзіць у святыню і служыць міністрантам. Нават кажа, што хацеў бы пайсці ў семінарыю.

— Часам так і нараджаецца пакліканне — праз службу пры алтары...

— Сапраўды. І гэта вельмі добра. Мяне ў свой час да міністранцкай службы заахвоціў сённяшні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ён тады быў пробашчам парафіі Св. Міхала ў Навагрудку.

Калі я быў яшчэ зусім дзіцём, ксёндз за руку прывёў мяне служыць. Увогуле, нас у парафіі было амаль 70 міністрантаў, сакрыстыя ўсіх ледзве змяшчала. Ксёндз Антоні Дзям’янка, сённяшні біскуп, даваў добры прыклад. Ён сапраўды жыве Богам, якога хочацца наследаваць.

— Вы паходзіце з Гродзенскай дыяцэзіі, а Крыўчыцы — гэта палескі рэгіён. Ці доўга прывыкалі да мясцовых гаворак?


На фота: новапрэзбітэр кс. Чэслаў Ладыка разам з аднакурснікамі у дзень прэзбітэрскага пасвячэння

— Мова там сапраўды асаблівая, але зразумелая. Такая адмысловая сумесь украінскай, беларускай і польскай. Мне і самому адна бабулька неяк сказала: «А Вы размаўляеце трохі па-іншаму — больш па-беларуску». Напачатку было цяжкавата разумець усе словы, калі хтосьці нешта хутка расказваў, асабліва пры асабістай размове. Пры тым па-паляшуцку размаўляюць не толькі бабулі і дзядулі, але і некаторая моладзь рэгіёну.

Што яшчэ цікава: нават самыя традыцыйныя касцёльныя спевы там спяваюць на свой лад — са сваёй мелодыяй. Пры тым, мелодыя не сапсаваная, а проста свая — палеская.
Увогуле, там вельмі напоўненыя людзі, адкрытыя на патрэбы Касцёла, якія ахвярна дапамагаюць і шмат робяць.

— Якія яшчэ асаблівасці Вы заўважылі?

— Тут свае адметныя традыцыі. Напрыклад, традыцыя пахавання. Труну апускаюць у зямлю на вышытых рушніках, якія перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне. Пасля пахавання хату абсыпаюць зернем. Абрады, канешне, крыху звязаныя з язычніцтвам, але ў іх адчувальная сямейная векавая традыцыя.

Дарэчы, наконт мовы: Імша на беларускай і на польскай мовах чаргуюцца паміж сабой. Сёння — на беларускай, у наступную нядзелю — на польскай. Людзі так доўга былі пазбаўлены магчымасці маліцца ў сваёй вёсцы, што сёння са з'яўленнем у вёсцы капліцы пагаджаюцца амаль на ўсе новаўвядзенні.

Тое ж было і з беларускай мовай. Яны самі падышлі і прапанавалі: «А Вы нас навучыце, ксёндз, мы будзем маліцца і па-беларуску». Кожную нядзелю пытаюцца: а сёння на якой мове?
Самі падладжваюць спевы, ёсць добра спеты калектыў з чатырох бабуль — яны пеўчыя на ўсіх мясцовых пахаваннях, вядуць спеў на Імшы — у іх няма праблемы перайсці на іншую мову. Толькі часам трэба сказаць: а гэта песня спяваецца, як польская «Бонць жэ поздравёна», — і яны даюць рады.

Моўных спрэчак паміж людзьмі ніколі не было. Яшчэ раз паўтаруся: адчуваецца, што тут доўгі час не было святара — людзі слухаюць духоўніка. Неяк, як мы толькі пачалі абстаўляць капліцу, парафіяне хацелі павесіць у тыльным баку капліцы ажно пяць абразоў Маці Божай.

Я ім і кажу: так не робіцца, каб ажно пяць «матак босак» у нас вісела ў радок, трэба выбраць адзін самы прыгожы абраз. Паслухаліся, пакінулі адзін (усміхаецца — заўв. аўт.).

— Напэўна, ці не кожны будучы святар марыў бы пра такіх парафіян?

— У семінарыі мы молімся і спадзяёмся, што, як станем святарамі, будзем маліцца і навяртаць тысячы людзей. Але рэальнасць не такая прывабная, і разумееш гэта ўжо пасля першай больш-менш сур’ёзнай праблемы, якая паўстае перад табой. Калі, скажам, цябе з адмовай выправаджваюць з кабінетаў выканкамаў і з’яўляюцца праблемы з рэгістрацыяй новай парафіі...

Але што я зразумеў: калі святар моліцца і трывае з Богам, калі ён цэлебруе святую Імшу – не важна дзе, у Крыўчыцах ці ў Рыме — ён працягвае духоўна расці. Насамрэч, гэта вельмі вялікая моц, якую атрымлівае святар падчас святой Імшы.

Таксама вельмі важнымі з’яўляюцца прыклады старэйшых святароў. Для мяне такім прыкладам было служэнне біскупа Антонія Дзям’янкі, які па-сапраўднаму жыве верай і імкненнем данесці Божае слова людзям. Ён перажывае за кожнага святара ў дыяцэзіі і пераадольвае вялікія адлегасці, адведваючы святароў і вернікаў.

Гутарыў Ілья Лапато,
фота з прыватнага архіва святара і адкрытых крыніц

 
© 2003-2024 Catholic.by