10 гадоў служэння а. Вальдэмара Слоты ў Вялікай Бераставіцы: Служэнне Богу лепш за ўсё праяўляецца праз служэнне людзям | Друк |
Інтэрв'ю
30.06.2016 16:57

28 чэрвеня вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы дзякавалі Богу за 10 гадоў святарскага служэння ў гэтай парафіі яе пробашча, дэкана Бераставіцкага дэканату а. Вальдэмара Слоты CSsR. З гэтай нагоды было падрыхтавана інтэрв’ю з а. Вальдэмарам Слотам у «Бераставіцкай газеце».

— Айцец Вальдэмар, скажыце, калі ласка, у якіх сем’ях нараджаюцца святары? Што патрэбна, каб чалавек адчуў Божае пакліканне і адгукнуўся на яго? У якой сям’і нарадзіліся і выраслі Вы?

— Наколькі я ведаю, святар можа нарадзіцца ў любой сям’і. Гэта пакліканне, Божы дар, і мы часта не можам зразумець, чаму менавіта таго ці іншага чалавека Бог выбірае. Я думаю, кожны з прарокаў і святароў ставіў гэта пытанне: чаму я? Некаторыя нават спрабавалі ўцякаць ад свайго паклікання, але Бог так складваў сітуацыю іх жыцця, што яны вярталіся на гэтую дарогу. Святарства — гэта вялікая таямніца, якую людзі зразумець не могуць.

Што датычыць асабіста мяне, то я нарадзіўся і вырас у традыцыйнай каталіцкай сям’і, мае бацькі былі набожнымі людзьмі, не было таго дня, каб мы разам не маліліся, у нядзелю заўсёды хадзілі ў касцёл, вялікі ўплыў на маё духоўнае развіццё і выхаванне аказалі бабуля з дзядулем. Я нарадзіўся ў Польшчы, недалёка ад Кракава. Мае бацькі — сяляне, у нас было многа зямлі, на якой мы ўсе разам працавалі. У сям’і было трое дзяцей: я і двое малодшых братоў. Цяпер адзін брат застаўся жыць з бацькамі, а другі жыве ў Францыі, у Парыжы, у іх свае сем’і, па трое дзяцей.

— Калі Вы адчулі святарскае пакліканне, як яно нараджалася і выспявала?

— Я ўцякаў ад яго, як мог. Але калі сур’ёзна, то Бог вёў мяне добрай дарогай. Я пайшоў у кляштаар, калі мне быў 21 год, можна сказаць, што быў ужо дарослым і свядомым чалавекам.

Да гэтага я скончыў тэхнікум, атрымаў цэлых тры спецыяльнасці: тэхнік-механік, будаўнік і інжынер. Вучыцца я паехаў, калі мне споўнілася 14 гадоў, жыў за 40 кіламетраў ад дому ў інтэрнаце. У Польшчы гэта былі якраз часы так званай «Салідарнасці», калі вялася актыўная прапаганда, што Бога няма, што трэба верыць у партыю, у камунізм.

Але чым больш мне гаварылі аб гэтым, тым больш мой розум і сэрца супраціўляліся. Я збягаў з інтэрната, каб часта быць у касцёле на святой Імшы, там я сустрэў шмат цікавых людзей, у тым ліку і высока адукаваных. Размовы з імі шмат чаму мяне навучылі. У час вучобы я таксама спаткаў аднаго чалавека, які казаў, што змарнаваў сваё жыццё, бо яго Бог паклікаў да святарства, але ён не пайшоў гэтай дарогай і потым вельмі шкадаваў аб гэтым. Усё гэта таксама паўплывала на мяне.

Быў такі момант, калі я скончыў вучобу, атрымаў дыплом і на цэлы месяц застаўся адзін, ні з кім не сустракаўся, маліўся, усё абдумаў і вырашыў, што іду ў кляштар.

— Калі акінуць вокам вось гэтыя 10 гадоў, на працягу якіх Вы ўжо служыце ў Бераставіцы, што лічыце сваім найбольшым дасягненнем як пробашча парафіі?

— Тое, што я бачу, як развіваецца духоўнасць людзей, асабліва ў дзяцей і моладзі. Гэта ўжо не пустыя людзі, яны маюць моцны духоўны стрыжань, могуць за сябе пастаяць, гэта радуе сэрца.

Кранае за душу і тое, што людзі ўжо ўспрымаюць касцёл як нашу агульную святыню, а не кажуць, што гэта толькі мой храм. Ды і выгляд могілак, калі параўнаць, якімі яны былі 10 гадоў таму і цяпер, таксама аб многім кажа. Гэта святая зямля і важна, каб могілкі выглядалі адпаведна, я рады, што людзі гэта зразумелі.

Ужо некалькі гадоў мы арганізуем пры касцёле «Канікулы з Богам», важна, што летам дзеці не бадзяюцца самі па сабе, ёсць ім што прапанаваць, цяпер і сёстры-манахіні, якія прыязджаюць з Ваўкавыска, дапамагаюць весці дзяцей Божай дарогай.

Сваім дасягненнем лічу і тое, што адразу па прыездзе ў Бераставіцу ў касцёле кожны дзень пачаў служыць дзве святыя Імшы: раніцай і вечарам. Спачатку людзі прыходзілі і гаварылі: навошта? Хопіць і аднаго разу на дзень, а раніцай усё роўна ніхто не будзе прыходзіць на службу. Але я прыводзіў прыклад: паглядзіце: раніцай нават маленькія дзеці ідуць у дзіцячы сад, у школу, а чаму я павінен спаць? Я павінен маліцца за іх, за нашы сем’і, за парафію. І ведаеце, яшчэ не было таго дня, каб раніцай не прыйшло на Імшу хаця б чалавек сем-дзесяць, а то і дваццаць.



Напачатку мне ўсё па службе даводзілася рабіць самому. А цяпер ёсць дзве арганісткі, ёсць каму чытаць Божае слова, штодзённа ідзе ружанцовая малітва, ёсць цудоўны музычны ансамбль, які славіць Бога сваімі песнямі. Я вельмі ўдзячны міністрантам, якія служаць пры алтары, гэта годныя хлопцы, якія ўносяць шмат радасці ў нашу супольнасць, на працягу гэтых 10 гадоў яны заваявалі шмат узнагарод для нашай парафіі ў разнастайных спаборніцтвах.

Вельмі важным для мяне з’яўляецца і створанае пры нашым касцёле душпастырства сям’і, дзе парафіяне сустракаюцца на малітве і разважаннях над Божым словам. Ужо тры гады моліцца група Апостальства дапамогі душам чыстцовым, дзейнічаюць 12 колаў Жывога Ружанца.

Кожны месяц мы з айцом Анджэем адведваем хворых. Спачатку бабулькі таксама казалі: а навошта? Трэба рыхтавацца, каб ксяндза прыняць. А я ім адказваю: не мяне прымаеце, а Пана Езуса. У нас у парафіі многа людзей, якія ўжо не дойдуць да касцёла, амаль не выходзяць з дому, часта ніхто іх не праведвае. Толькі я адведваю больш за 30 хворых у кожную першую пятніцу месяца, а яшчэ і айцец Анджэй прыкладна столькі ж. Прыйдзеш да чалавека, паспавядаеш, удзеліш сакрамэнт, потым ён кажа: «Як добра на душы, не забудзьце ў наступным месяцы наведаць мяне». Гэта вельмі важна — памятаць пра хворых парафіян.

Шмат чаго робіцца ў духоўным плане, каб людзі зразумелі, што Бог даў нам шмат сваіх дароў, якія нам трэба раскрыць. Я таксама імкнуся паказваць гэта сваім прыкладам, скончыў універсітэт імя кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве, пачаў доктарскую дысертацыю, і як будзе час, то буду пісаць.

— А што яшчэ ў будучых планах?

— Планаў многа, шмат яшчэ што трэба зрабіць. Але, у першую чаргу, трэба зразумець і адкрыцца на Божы план, бо без гэтага нашы планы могуць так і застацца толькі планамі. Так што гаварыць пра іх, бадай, і не варта.

Мая мара — каб касцёл у Бераставіцы быў заўсёды адчынены і даступны ўсім людзям. Але, на жаль, пакуль што гэта немагчыма, бо ўсё яшчэ сустракаюцца выпадкі, калі абкрадаюць храмы і нішчаць іх.

— А з якімі духоўнымі праблемамі прыходзіцца Вам сутыкацца як пробашчу парафіі?


— Духоўныя праблемы ў нас такія ж, як і ва ўсім свеце. У нас моцна раз’яднаныя сем’і, гэта вялікі боль. І гэта дзяленне не ў плане таго, што адзін католік, а другі праваслаўны, гэта якраз-такі не праблема, бо Бог адзін для ўсіх. Праблема ў тым, што няма духоўнасці ў сям’і. Балюча, калі бацька не прыходзіць на такія ўрачыстасці дзіцяці, напрыклад, як Першая Камунія ці канфірмацыя, або наогул не ходзіць у касцёл.

Я спадзяюся, што з нашай моладзі вырасце новае пакаленне людзей духоўна развітых. У мяне ўжо ёсць вопыт Дзевятоўкі, тыя дзеці, з якімі я працаваў, ужо сталі дарослымі, у іх свае сем’і. І ў мяне кожны раз радуецца сэрца, калі яны прыязджаюць да мяне, у іх цудоўныя сем’і, яны жывуць іншым жыццём, вядома, у іх таксама ёсць свае праблемы, але яны маюць цвёрды духоўны фундамент, яны не згубяцца ў гэтым свеце.

У Бераставіцы яшчэ адна праблема ў тым, што дзеці тут затрымліваюцца толькі да заканчэння школы, а потым з’язджаюць у іншыя гарады, і трэба паспець ім даць такую апору, каб яны пайшлі ў вялікі свет, і гэты свет іх не знішчыў. А дапаможа гэта зрабіць толькі моцны фундамент духоўных каштоўнасцяў.

Я стараюся запрашаць на катэхезы, на духоўныя сустрэчы сем’і, якія пражылі добрае жыццё і маюць станоўчы вопыт, каб яны давалі сваё сведчанне, бо сёння патрэбны не столькі словы, колькі прыклады. Папа Павел VI казаў: «Свет сёння патрабуе больш сведкаў, чым настаўнікаў». І заданне Касцёла і бацькоў — даваць сведчанне веры, паказваць дарогу з Езусам Хрыстом. Ведаеце, калі мама скажа дзіцяці: ідзі ў касцёл, а сама не пойдзе, то, можа, дзіця і сходзіць у храм адзін раз, але не больш, бо ўспрыме яе словы як несапраўдныя, не пацверджаныя прыкладам.

— Айцец Вальдэмар, як Вы лічыце, што самае важнае ў Вашым святарскім служэнні?

— Верна служыць Богу і людзям, бо служэнне Богу лепш за ўсё праяўляецца праз служэнне людзям. Мне важна, што людзі прыходзяць да мяне, пытаюць, раяцца ў сваіх справах, прапаноўваюць сваю дапамогу, падтрымліваюць, і ў фінансавым плане таксама, бо яны бачаць, што нешта робіцца для іх дзетак, для парафіі.

Я ўдзячны Богу за ўсе гады майго жыцця, за тое, што пражыў іх у святарстве і на гэтым месцы, у Беларусі. Столькі цікавых, духоўна багатых людзей сустракаеш вакол, яны адкрываюць вочы на тое, што сам часта не бачыш. Я лічу гэта галоўным сваім багаццем.

Поўны тэкст інтэрв’ю>>>

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by