У каларатцы, але жанаты: хто такія сталыя дыяканы? | Друк |
Інтэрв'ю
23.05.2017 15:08

Падчас знаёмства з Эдгарам Вулпэ заўважаеш адзін нюанс: ён носіць каларатку, а на безыменным пальцы — шлюбны пярсцёнак. Няўжо такое магчыма сярод святароў у Каталіцкім Касцёле?

Але Эдгар не святар, ён — сталы дыякан. Што такое сталы дыяканат і ў чым яго асаблівасці? На гэтыя і іншыя пытанні для Catholic.by адказаў дыякан Эдгар Вулпэ, канцлер Кішынёўскай дыяцэзіі і дырэктар «Карытас» у Малдове.

—  Як выглядае служэнне сталага дыякана: якія яго абавязкі і правы?

— Дыяканат — адна са ступеняў сакрамэнту пасвячэння. Сакрамэнт пасвячэння мае тры ступені: біскупства, прэзбітэрат, дыяканат (прэзбітэраў Рымска-каталіцкага Касцёла ў беларускай мове часцей называюць ксяндзамі — заўв. рэд.).

Карані дыяканату сягаюць самага пачатку заснавання Касцёла. Пра абранне першых сямі дыяканаў сказана ў Дзеях Апосталаў (пар. Дз 6, 1-6). Евангеліст Лука называе паслугу дыяканаў «служэннем пры сталах». Кажучы сучаснай мовай, пад гэтым маецца на ўвазе сацыяльная дзейнасць Касцёла, распараджэнне матэрыяльнымі дабротамі, кіраванне рознымі аспектамі Касцёльнага жыцця.

Айцы Касцёла казалі, што біскуп прадстаўляе Хрыста для мясцовага Касцёла, прэзбітэр — служыць супольнасці, а дыякан у першую чаргу дапамагае біскупу. Дыяканскае пасвячэнне з’яўляецца дапаможным, дыякан ніколі не служыць in persona Christi (ад лац. у асобе/у імя Хрыста — заўв. аўт.).

На Захадзе перманентныя дыяканы праіснавалі прыкладна да V стагоддзя. Потым па розных прычынах дыяканамі станавіліся толькі тыя, хто ў хуткім часе прымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Мінула шмат стагоддзяў, і на Другім Ватыканскім саборы стан менавіта сталых дыяканаў быў адноўлены.

Заданні дыяканскага стану разнастайныя: паслуга Слова, паслуга Божага культу, пастырскія абавязкі і дабрачыннасць. Паслуга Слова азначае магчымасць прапаведвання Евангелля не толькі ў межах літургіі, але і ва ўласным жыцці, сярод сваіх разнастайных заняткаў.

Паслуга Божага культу — гэта, між іншым, служэнне каля алтара падчас Імшы. Гаворка не ідзе пра канцэлебрацыю (саслужэнне) разам са святаром, а дапамогу ў літургіі. Гэта ўсе тыя функцыі, якія звычайна выконвае акаліт і лектар ці міністранты, а таксама чытанне Евангелля і ўдзяленне Камуніі. Таксама дыякан можа хрысціць і асіставаць пры заключэнні сужэнства, здзяйсняць некаторыя сакрамэнталіі, а таксама ўзначальваць абрад пахавання.

Пастырскія заданні і дабрачыннасць канкрэтна ў маім выпадку рэалізуюцца ў тым, што я з’яўляюся кіраўніком некалькіх дабрачынных праектаў, кірую дыяцэзіяльным сацыяльным цэнтрам. Пры гэтым, на мяне ўскладзена заданне быць эканомам і канцлерам дыяцэзіі.

— У выпадку дыяканаў, якія рыхтуюцца стаць прэзбітэрамі, амаль увесь кароткі час дыяканату яны праводзяць у семінарыі. Чым адрозніваецца штодзённае жыццё сталага дыякана?

— Сталы дыякан можа быць жанаты або нежанаты. У Касцёле пераважаюць жанатыя сталыя дыяканы. Аднак, моц і ласка сакрамэнту сужэнства не адмяняецца моцай і ласкай сакрамэнту пасвячэння ў ступені дыяканату. Пакліканне мужа, бацькі з’яўляецца такім жа дзейсным, як і пакліканне дыяканату.

На практыцы гэта выглядае так, што мой «працоўны» дзень пачынаецца з Імшы і да самага вечара ён звязаны з тым, што я раблю як дыякан, як кіраўнік касцёльных структур і арганізацый і па даручэннях біскупа. А ўвечары — я дома, са сваёй сям'ёй.

У Малдове, Украіне, Расіі, не кажучы ўжо пра Беларусь, інстытут сталых дыяканаў не развіты так, як на Захадзе. Там такія сітуацыі, прадугледжаныя кананічным правам, нярэдкія.

Да служэння сталага дыяканату пакліканы жанатыя мужчыны, якія дасягнулі 35-гадовага ўзросту, маюць нейкую прафесію, род заняткаў, якім яны забяспечваюць свае сем’і.

Напрыклад, у Італіі служэнне ў ступені дыякана часта абмежавана толькі дапамогай у служэнні літургіі. У Францыі і Германіі сталыя дыяканы займаюцца, у асноўным, прыцягваннем свецкіх асоб у душпастырскую, сацыяльную і адукацыйную дзейнасць пры парафіях. У ЗША узровень удзелу сталых дыяканаў у жыцці Касцёла больш актыўны.

Аднак, самае галоўнае ў абавязках дыякана — служэнне ў сацыяльнай дзейнасці, дапамога біскупу, а далей — залежыць ад сітуацыі, магчыма гэта будзе поўнае прысвячэнне сябе касцёльнай дзейнасці, а магчыма — толькі «на дабравольных пачатках», у нейкай канкрэтнай сферы.

— Ці сталы дыякан «замацаваны» за нейкай парафіяй, як у выпадку большасці прэзбітэраў, асабліва дыяцэзіяльных?

— З прыняццем сакрамэнту пасвячэння, дыякан інкардынуецца ў канкрэтную дыяцэзію (уваходзіць у склад яе духавенства — заўв. рэд.). Біскуп можа даручыць дыякану несці служэнне ў канкрэтнай парафіі, як бывае ў Італіі, дзе аспект служэння дыякана біскупу не такі яўны.

Усё залежыць ад сітуацыі, цяжка казаць пра «класічныя» прыклады арганізацыі служэння дыякана. Трэба браць пад увагу, што сталы дыяканат зусім нядаўна быў адноўлены ў Рымска-каталіцкім Касцёле. Мой біскуп у Малдове лічыць развіццё сталага дыяканату прыярытэтам душпастырскай праграмы, бо Касцёл мае такі распрацаваны і правераны часам механізм, які дазваляе прыцягваць свецкіх да разнастайных формаў служэння ў Касцёле.

— Што адбываецца, калі сталы дыякан вырашыць стаць святаром?

— Такая сітуацыя магчымая, калі ёсць нейкія фундаментальныя абставіны. Такое бывае вельмі рэдка. Прыметнік «сталы» ў адносінах да дыякана ўжываецца нездарма.

Сталы дыякан у выпадку смерці жонкі не павінен жаніцца другі раз, ён пакліканы жыць у цэлібаце, але гэта не гарантуе яму доступ да прэзбітэрату. Пакліканне быць прэзбітэрам адрозніваецца ад дыяканскага паклікання, вось чаму дысцыпліна Касцёла на гэты конт менавіта такая.

— Як мужчыны рыхтуюцца да сталага дыяканату? Гэта падрыхтоўка, верагодна, не такая працяглая, як у выпадку з будучымі святарамі?

— Кожная Канферэнцыя Біскупаў мае права выдаваць свае нормы па гэтым пытанні. У маім выпадку фармацыя працяглавася амаль пяць гадоў. Кожны кандыдат у сталыя дыяканы мае духоўнага кіраўніка сваёй фармацыі, які прызначаецца біскупам. Праграму фармацыі я праходзіў дыстанцыйна, перыядычна прыязджаючы ў Тэалагічны інстытут пры дыяцэзіі Лэчэ на поўдні Італіі.

Гэтая праграма прадугледжвае падобны комплекс ведаў і фармацыі, які неабходы таксама і ксяндзу. Так, як і кожны прэзбітэр, дыякан таксама павінен пастаянна развівацца інтэлектуальна, духоўна і расці ў сваёй чалавечнасці.


Прыкладам такой перманентнай фармацыі з'яўляецца абавязак раз на год удзельнічаць у рэкалекцыях для духавенства, ведаць, чым жыве Касцёл, які змест касцёльных дакументаў, выдадзеных у апошні час. Я сказаў бы, што «якасць» дыякана залежыць ад яго сфармаванасці.

— Чаму Вы не вырашылі быць толькі сем’янінам і не ксяндзом? Чаму менавіта сталы жанаты дыякан?

— Цяжка казаць аб’ектыўна пра ўзаемасувязь Божай ласкі і асабістай волі. Пачнём з таго, што я прыняў пакліканне мужа і бацькі, калі ажаніўся ва ўзросце амаль 21 года. А вось дыяканам стаў восем гадоў таму, калі мне было 39 гадоў. Пакліканне да дыяканату я адчуў нашмат пазней за жаніцьбу. Такім чынам, у мяне не было дылемы: быць ксяндзом ці засноўваць сям'ю.

Маё пакліканне развівалася. Калі мне было прыкладна 30 гадоў, тады я адчуў голас, які клікаў служыць Касцёлу, Богу і людзям менавіта ў гэтай ролі. Гэта быў доўгі працэс. Спачатку я даследаваў самога сябе, потым была духоўная праца са святарамі, затым наступіла прыняцце рашэння, якое канкрэтызавалася ў просьбе да біскупа аб распачацці падрыхтоўкі да дыяканату.

— Як Ваша жонка аднеслася да Вашага выбару?

— Рашэнні, якія прымае будучы прэзбітэр, абіраючы свой шлях, цалкам залежаць ад яго. У сітуацыі сталага дыяканату мудрасць Касцёла праяўляецца ў тым, што адным з патрабаванняў да кандыдата ў сталыя дыяканы з’яўляецца наяўнасць пісьмовай згоды яго жонкі для таго, каб пачаць шлях падрыхтоўкі.

Мая жонка была першым чалавекам, з якім я дзяліўся сваімі разважаннямі над дыяканскім пакліканнем. Гэта не азначае, што я атрымаў благаслаўленне ад сваёй жонкі (усміхаецца — заўв.рэд.), аднак сумесная рэалізацыя нашага сужэнскага паклікання патрабуе нейкага саўдзелу жонкі ў маёй паслузе. Рашэнне прыняў я, а мая жонка радзяліла яго са мной.

Хачу падкрэсліць, што мая жонка не з’яўляецца аўтаматычна дыяканісай. Ад яе Касцёл не чакае выканання таго служэння, якое я прыняў.  Для сябе я так вырашыў гэтае пытанне: «Мая жонка з’яўляецца жонкай мужчыны, які з’яўляецца дыяканам, але яна не з’яўляецца жонкай дыякана». Калі мы бралі шлюб, то заключалі сужэнства як свабодны мужчына і свабодная жанчына.

У той момант Бог злучыў нас, і ўсе тыя абавязкі і правы, якія павінна была ўзяць на сябе мая жонка, яна ўзяла ў адносінах да мяне як да мужа і будучага бацькі. Тое што было потым — прыняцце мной дыяканату — нічога не змяніла ў сужэнскай місіі жонкі Эдгара Вулпэ, бацькі яе дзяцей.

— У Вас ёсць дзеці?

— У мяне трое дзяцей. Старэйшай дачцэ — 25 гадоў, сярэдняй — 19 гадоў і сыну 15 гадоў.

— Як асяроддзе ставіцца да Вашага служэння, да Вашай сям’і? Ці не выклікае гэта нейкі дыскамфорт у штодзённым жыцці? Як Вашыя дзеці ўспрымаюць свайго бацьку дыякана?

— Хрысціянскі лад жыцця ўжо сам па сабе звязаны з нейкай адасобленасцю ад свету. Такое жыццё заўсёды будзе нестандартным, нефарматным і нечым новым у нашым грамадстве. З моманту, калі я актыўна пачаў жыць жыццём Касцёла, з’явілася гэтае адчуванне белай вароны. Да гэтага трэба прызвычаіцца, да нашай такой чалавечай слабасці, да адчування сябе не такімі як усе. «Слабое свету выбраў Бог, каб асароміць мудрых».

Дыяканам я служу ўжо дзявяты год. Мне неабходна суадносіць свае паводзіны са сваім статусам і прадбачыць рэакцыі людзей. Возьмем, напрыклад, маю форму адзення, як я гэта называю. Візуальна я выглядаю як святар — чорны касцюм і каларатка. Паколькі я выглядаю як святар, то і людзі чакаюць ад мяне паводзін святара. У той самы час я жанаты. Таму ў некаторых сітуацыях неабходна быць асцярожным.

Напрыклад, калі ўвечары я заязджаю па жонку і мы едзем у краму, а яна спантанна бярэ мяне за руку, то я не згаджаюся, бо я апрануты як святар і людзі могуць няправільна нас зразумець.

Хрысціянін заўсёды можа сведчыць пра сваю сустрэчу з Хрыстом у тым, што ён робіць і як ён гэта робіць. Калі выкананне маіх функцый звязвае мяне з рознымі людзьмі і арганізацыямі, то гэта яшчэ адна магчымасць прапаведвання Евангелля нават не кажучы ні слова пра Бога.

Адна з самых прыгожых кніг Бібліі «Песня песняў» ані разу не ўзгадвае імя Бога, але гэта высокадухоўны твор, натхнёны Богам.
Я вельмі задаволены тым, што я бацька. Я адчуваю, што дзеці ганарацца мной. Гэта звязана не столькі з тым, што я дыякан, а з тым, што яны атрымліваюць у сям’і. У першую чаргу яны адчуваюць сябе ў бяспецы.

Мне здаецца, што роля мужчыны, бацькі заключаецца ў тым, каб забяспечыць сваёй сям’і пачуццё бяспекі. Гэта не толькі матэрыяльны дабрабыт, а ўкараненне цэлага светапогляду, сэнсу існавання, што дазволіць потым дзецям самастойна жыць у грамадстве.    

Пры гэтым, я ўсведамляю, што мая асаблівая вопратка, штодзённы ўдзел у Імшы і актыўнасць у жыцці Касцёла не з’яўляецца гарантыяй развіцця рэлігійнасці ці аўтаматычнай святасці маіх дзяцей. Усё названае не гарантуе нават маю ўласную святасць.  

— Якія Вашыя ўражанні ад Беларусі?

— Вобраз Беларусі і беларусаў у Малдове вельмі пазітыўны. Нягледзячы на нейкія адрозненні, розніцы моў і гістарычных працэсаў, я пераканаўся, што ментальнасць, адчуванне жыцця, тое, што я называю ўнутраным перажываннем рэальнасці, у беларусаў вельмі падобнае да малдоўскага.

Мне здаецца, гэта вынік не столькі нашага агульнага гістарычнага вопыту ў Савецкім Саюзе, колькі наш агульны хрысціянскі вопыт. Я побач з беларусамі магу плакаць пра нейкія рэчы, якія іх турбуюць, і я магу з імі радавацца і смяцца ад таго, што ім прыносіць радасць. Для мяне гэта прыгожа — мець магчымаць быць адзінымі ў духу — і з беларусамі гэта адбываецца ў нас вельмі лёгка.

— Ці можаце зрабіць параўнанне становішча, у якім знаходзіцца Касцёл у Беларусі і ў Малдове?

— Відавочна, Касцёл у Беларусі мае багатую гісторыю, якая налічвае сотні гадоў. Гэта адчуваецца ў межах літургічных дзеянняў і ў размове з вернікамі. У мяне была магчымасць паразмаўляць з католікамі і праваслаўнымі і з людзьмі не вельмі рэлігійнымі — адчуваюцца глыбокія хрысціянскія карані ў грамадстве.

Гэта тое, чаго, магчыма, няма ў Малдове. У нас прысутнасць Каталіцкага Касцёла заўсёды была звязана з міграцыйнымі працэсамі.

Асновай Касцёла былі польскія і нямецкія супольнасці, якія імігравалі ў гэтую частку былой Расійскай імперыі. Гэта вельмі важнае адрозненне. Без уліку той жывой традыцыі, якая перадавалася стагоддзямі ў Беларусі, цяжка пабудаваць адпаведную душпастырскую праграму і арганізаваць абвяшчэнне Евангелля.

Я звярнуў увагу на ўплыў этнічнай самасвядомасці вернікаў на іх рэлігійнае жыццё. У нас, у хрысціян, не толькі ў беларусаў, заўважаецца адстойванне сваёй этнакультурнай ідэнтыфікацыі праз хрысціянскую самасвядомасць.

— У Беларусі некаторыя святары, тлумачачы вернікам, хто такі дыякан, кажуць што «гэта палова ксяндза». Што Вы можаце сказаць пра такое тлумачэнне?

— Першае, што прыходзіць у галаву як рэакцыя на такое пытанне, — такое меркаванне распаўсюджана, таму што само разуменне святарства няправільнае. Святарства — гэта не каста, гэта не нейкія асаблівыя людзі. Свецкім людзям і духавенству неабходна нагадваць пра гэтую праўду.

Калі святар — гэта каставая функцыя, то наступствам такога падыходу і будзе гэты «напалову ксёндз» як дэфініцыя дыякана — ні рыба, ні мяса. Немагчыма падобным чынам коратка акрэсліць, хто такі дыякан, але паспрабуйце сказаць святому Стэфану-першамучаніку, што ён «палова ксяндза».

Гутарыў кс. Кірыл Бардонаў,
фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2019 Catholic.by