Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на адкрыццё канферэнцыі «Новая евангелізацыя ў сучасным свеце» | Друк |


Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 7–8 лістапада 2009 г.


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Слова «евангелізацыя» мае грэчаскае паходжанне і азначае прапагандаванне вучэння аб Езусе Хрысце.

Евангелізацыя — гэта не столькі навучанне і перадаванне ведаў, колькі сведчанне пра асобу Хрыста. Галоўнай мэтай евангелізацыі з’яўляецца пазнанне Езуса Хрыста, а не пераказ абавязковых праўдаў маралі, чым займаецца катэхізацыя. Евангелізацыя скіравана як да няверуючых, так і да веруючых, якія яшчэ не перажылі асабістай сустрэчы з Богам або чыя вера аслабла і якія, хоць і называюць сябе хрысціянамі, тым не менш жывуць так, як быццам Бога няма. Таму часам такое абвяшчэнне  Евангелля называецца новай евангелізацыяй ці рэевангелізацыяй.

Існуе шмат формаў евангелізацыі. Такімі формамі можна назваць усе, якія не выходзяць за рамкі хрысціянскага маральнага і этычнага вучэння. Існуюць евангелізацыйныя місіі, хрысціянскія таварыствы, школы новай евангелізацыі і г. д. У справе евангелізацыі можа быць выкарыстана і музыка як носьбіт евангельскага зместу, канцэрты, даклады, канферэнцыі, дыскусіі і г. д.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі таксама падвяргаецца негатыўным уплывам секулярызму, і ён не можа сядзець склаўшы рукі і чакаць, што яны пройдуць міма яго. Сярод нашых вернікаў таксама шмат тых, хто страціў веру і з’яўляюцца намінальнымі хрысціянамі, якія патрабуюць новай евангелізацыі. У сітуацыі, калі час робіць нам новыя выклікі, мы перажываем дзіўны парадокс. Падчас ганенняў на Касцёл вернікі нашай краіны не толькі захавалі веру, але і перадалі яе новым пакаленням. У наш час свабоды веравызнання людзі самі адракаюцца ад веры ў Бога. На занятках па рэлігіі яны пазнаюць праўды веры, але ў жыцці сустракаюцца з іншым светам, які вабіць іх больш, чым праўда Евангелля. Гэта новыя і вельмі сур’ёзныя выклікі нашага часу, на якія трэба адказаць. А для таго, каб адказаць, трэба быць падрыхтаваным да гэтага.

Спадзяюся, што канферэнцыя, якая распачынаецца сёння, дапаможа нам праз прызму Евангелля паглядзець на існуючыя праблемы з мэтай знайсці дзейсныя лекі ад засілля секулярызму і ад імкнення да абсалютнай свабоды, з якой вынікае ўсёдазволенасць, каб наша вера заставалася непахіснай і каб мы былі яе мужнымі сведкамі, каб людзі ў сваім жыцці кіраваліся не прывабнасцю зменлівага свету, а вечнымі і нязменнымі праўдамі хрысціянскай веры.

З гэтай надзеяй і найлепшымі пажаданнямі аб’яўляю канферэнцыю  «Новая евангелізацыя ў сучасным свеце» адкрытай.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 10.11.2009 13:27
 
© 2003-2024 Catholic.by