Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў у Вялікі чацвер 2010 года

Ці хочаце…

Глыбокапаважаныя святары, законнікі і законніцы, браты і сёстры!

1. Год святарства — гэты святы час — заклікае нас да паглыблення нашай рэфлексіі як над самім святарствам, так і над святарскім служэннем, а таксама над нашым духоўным аднаўленнем.

Касцёл навучае, што кожнае ягонае служэнне нараджаецца з сустрэчы боскай і чалавечай свабоды. З аднаго боку, ніхто не займае ніякай пасады сам па сабе, бо ён пакліканы для гэтага Богам. Нездарма ў Пасланні да Габрэяў сказана: «ніхто сам не бярэ сабе гэтага гонару, апроч пакліканага Богам» (Гбр 5, 4). З іншага ж боку, ясна, што служэнне — гэта заўсёды чалавечае «Я» са сваёй гісторыяй, ідэнтычнасцю, кваліфікацыямі і абмежаваннямі, якое адказвае на Божы заклік.

Гэты дыялог паміж боскай свабодай, якая кліча, і чалавечай, якая адказвае, праяўляецца ў пытаннях, якія задае біскуп і на якія адказвае кандыдат да святарства падчас цырымоніі святарскіх пасвячэнняў. Гэты дыялог павінен быць названы дыялогам любові і свабоды.

Таму тэмай сёлетніх разважанняў на Дзень святарства, які мы святкуем у Вялікі чацвер, прапаную вам, дарагія браты ў святарстве, і таксама сабе, аднавіць у свядомасці сэнс гэтага дыялога.

2. Найперш біскуп пытаецца: «Ці хочаце нястомна выконваць абавязак святарства ў ступені прэзбітэра, каб быць руплівымі супрацоўнікамі біскупаў у кіраванні народам Божым з дапамогаю Духа Святога?». Мы адказваем: «Так».

Свабодны і свядомы адказ базуецца на ясным акце волі, які патрабуе належнага распазнання ўсёй справы і свабоды, каб не сталі прыхільнікамі валюнтарызму ў Божых справах ці нават не здрадзілі з часам свайму пакліканню. Нашае «так» мы кажам на ўсё жыццё. Наша воля прымае абавязак выконваць святарскае служэнне, а не прафесію. Мы пакліканы быць святарамі заўсёды і ў кожных абставінах. Таму мы павінны аднавіць нашае пачуццё, кім сапраўды мы з’яўляемся і кім Хрыстус хоча бачыць нас у Касцёле, а менавіта — святарамі паводле Ягонага Сэрца.

Таму кожны святар павінен з’яўляецца часткай дынамічнай святарскай сутнасці, пакліканай пад кіраўніцтвам Святога Духа да супрацоўніцтва з біскупам і ў паслухмянасці яму.

3. Далей біскуп пытаецца: «Ці хочаце годна і мудра здзяйсняць служэнне слова, абвяшчаючы Евангелле і настаўляючы ў каталіцкай веры?».

Новая евангелізацыя, да якой заахвочваў Слуга Божы Ян Павел II, заклікае кожнага хрыціяніна, а тым больш святара, да сталага аднаўлення ў сабе задання апостальства і абвяшчэння Евангелля. Мандат Езуса Хрыста, які Ён даў сваім Апосталам: «ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсяму стварэнню» (Мк 16, 15) — у гэтым сэнсе яскравы і непараўнальны ні з чым. Таму галоўным заданнем, якое мы прымаем падчас святарскіх пасвячэнняў, ёсць служэнне Божага слова. Гэта азначае, што мы павінны ўсё нашае быццё прысвяціць абвяшчэнню Езуса Хрыста як Уцелаўлёнага Слова, укрыжаванага і ўваскрослага, якое з’яўляецца адказам на ўсе патрэбы чалавека.

Адказнасць за служэнне слова належыць да святарскай паслугі як абавязак навучання — Munus docendi, які мы атрымалі праз Духа Святога ў сакрамэнце святарства.

Сакрамэнт пасвячэння прадугледжвае, што выкананне задання навучання будзе годным і мудрым.

Годнасць паходзіць ад самога аб’екта абвяшчэння, менавіта ад асобы Езуса Хрыста. Святар не абвяшчае сябе і не дае сваёй асабістай інтэрпрэтацыі Божага слова. Менавіта таму ён пакліканы годна выконваць гэтае заданне. Таму нам трэба пастаянна ўдасканальвацца, найперш паглыбляючы сваё пазнанне Божага слова, напісанага па натхненні Духа Святога (пар. DV 9), як у эгзэгетычным і тэалагічным, так і ў духоўным сэнсе, каб праз разважанне над ім, медытацыю і Lectio Divina мы перамяняліся ў жывое Евангелле. Нездарма папа Бэнэдыкт XVI кажа, што Евангелле — гэта не толькі слова, але на самой справе гэта Хрыстус, і таму мы пакліканы атаясамлівацца з Ім у абвяшчэнні Божага слова.

Разам з годнасцю абвяшчэння Евангелля ў пары ідзе і мудрасць, што прадугледжвае магчымасць так глядзець на сучасны свет з яго выклікамі і праблемамі, каб не чыніць чалавечы погляд абсалютным, але адносіць усё да сапраўднага Абсалюта, якім ёсць Бог. Мудрае абвяшчэнне Божага слова павінна прымаць пад увагу канкрэтныя патрэбы тых, каму яно абвяшчаецца, не дапускаючы пры гэтым арбітральнага суджэння і недастатковай інтэрпрэтацыі, але заўсёды імкнучыся да спаткання чалавека з Богам. Мудрасць здольная прыняць пад увагу абставіны, час і тэндэнцыі, у якіх трэба абвяшчаць Евангелле. Мудры святар не ставіць сябе вышэй Хрыста і не ацэньвае вышэй навучання Касцёла. Ён таксама ўважлівы да дзеянняў самога Бога, бо менавіта Стварыцель рыхтуе сэрцы людзей на спатканне з Богам і вядзе да росквіту кветак навяртання чалавека.

Толькі такім чынам мы зможам адкрыць эфектыўнасць і прыгажосць даручанага нам задання абвяшчэння Божага слова.  

4. Ізноў біскуп пытаецца: «Ці хочаце на хвалу Бога і дзеля асвячэння хрысціянскага народу згодна з традыцыяй Касцёла пабожна і з вераю цэлебраваць таямніцы Хрыста, асабліва эўхарыстычную Ахвяру і сакрамэнт пакаяння?».

Служэнне, якое Езус Хрыстус праз Касцёл даручае нам, называецца асвячэннем — munus sanctificandi. Менавіта яно чыніць рэальнымі ў літургічнай цэлебрацыі таямніцы Хрыста, якія асаблівым чынам акумулююць у сабе энергію апостальства. Дзеянне Бога здзяйсняецца дзякуючы літургічнай цэлебрацыі.

Касцёл просіць святароў цэлебраваць сакрамэнты пабожна і верна. Гэтыя два словы — пабожна і верна — азначаюць унутраныя і знешнія адносіны да літургічнай цэлебрацыі. Пабожнасць вядзе да веры, да прызнання і пашаны святасці, якая павінна праяўляцца ў выкананні задання асвячэння. Пабожнасць і вернасць — звычайныя рэчы для таго, хто сапраўды любіць Пана і карыстаецца Ягонымі рэчамі з пашанай і пачуццём адказнасці.

Вернасць акрэсліваецца пашанай устаноўленых Касцёлам літургічных нормаў і сталасцю ў іх захаванні. Літургія як Божая справа не можа жыць крэатыўным суб’ектывізмам, але верным паўтарэннем літургічных дзеянняў, якія з’яўляюцца знакам вернасці самога Бога ў часе і прасторы. Сапраўдная крэатыўнасць — гэта крэатыўнасць сэрца, якая заўсёды аднаўляецца праз любоў.

Таямніцы Хрыста цэлебруюцца на хвалу Божую і для асвячэння людзей, і на іх здзяйсненне не павінны ўплываць выпадковыя фактары. Мы заўсёды цэлебруем хвалу Пана. Дзякуючы гэтай цэлебрацыі мы ўнутрана вяртаемся да Пана, і ў перажываны намі час уваходзіць вечнасць. Таму святар не можа быць толькі натхняльнікам малітвы, але павінен быць і тым, які сам моліцца, бо на самой справе ён натхняе, калі моліцца і паказвае незаменную ролю малітвы.

Словы на хвалу Божую таксама азначаюць прызнанне хвалы Пана, якая праяўляецца падчас набажэнстваў праз клопат аб літургіі, адпаведны падбор песень, падрыхтоўку алтара, прыгажосць літургічных адзенняў і г.д. Таму жыццё і служэнне святара павінна быць сапраўды глыбокакультавым, каб усе ахрышчаныя дзякуючы службоваму святарству маглі прынесці сябе Богу як ахвяру.

Літургія як Божае дзеянне ўкаранёна ў Езусе Хрысце Першасвятары і ажыццяўляецца ў Касцёле. Мы атрымалі багацце літургіі з  двухтысячагадовай гісторыі хрысціянства і пакліканы перадаць яго, узбагачанае нашай верай і сведчаннем, наступным пакаленням. Таму прамая вертыкальная сувязь святара дзякуючы яго анталагічнай еднасці з Езусам Хрыстом, пабожнасць, вернасць і паслухмянасць Традыцыі Касцёла з’яўляюцца аўтэнтычнай гарантыяй ажыццяўлення святарскага служэння ў справе цэлебрацыі таямніцаў Хрыста.

5. Яшчэ далей біскуп пытаецца: «Ці хочаце разам з намі прасіць Божай міласэрнасці для даручанага вам народу, згодна з наказам Хрыста нястомна трываючы ў малітве?».

Слуга Божы Ян Павел II навучае, што надзея сучаснага свету ў Божай міласэрнасці. Яго ідэю падтрымлівае папа Бэнэдыкт XVI, які кажа, што Божая міласэрнасць — гэта не філантропія, а рэчаіснасць. Таму і святар павінен асаблівым чынам прасіць Божай міласэрнасці для сваіх вернікаў. Гэта найперш азначае, што святар павінен часта маліцца за давераны яго пастырскай апецы народ Божы. Кананічнае права прадпісвае пробашчу кожную нядзелю ахвяраваць св. Імшу за сваіх парафіянаў. Трэба маліцца за іх навяртанне і трыванне пры Богу, бо сучасны секулярны свет, поўны спакусаў, асабліва вабіць моладзь. Трэба маліцца, каб яна вяла сапраўднае хрысціянскае жыццё, захоўвала маральныя нормы і была сведкам Евангелля. Трэба маліцца, каб маладое пакаленне не марнавала дабрачыннасці, а праз дапамогу патрабуючым спрыяла евангелізацыі. Трэба маліцца, бо нічога не зможам зрабіць без Хрыста (пар. Ян 15, 15).

6. Наступнае пытанне гучыць так: «Ці хочаце мацней яднацца з Хрыстом, найвышэйшым Святаром, які сябе самога склаў Айцу ў беззаганную ахвяру за нас, і разам з Ім прысвячаць сябе Богу дзеля збаўлення людзей?».

Гэтае пытанне мае свой глыбокі сэнс, бо адзіная слушнасць нашага святарскага служэння і жыцця — гэта Езус Хрыстус. Існаванне святара мае свой пачатак менавіта ў Хрысце, бо Ён ёсць Першасвятар, які адорвае нас сваім святарствам. У Езусе Хрысце, з Ім і праз Яго ажыццяўляецца мэта нашага святарскага служэння, бо, як гэта чыніў Езус, так і мы павінны весці людзей да збаўлення, складаючы ад Яго імя ахвяру нябеснаму Айцу. У Езусе Хрысце таксама ажыццяўляецца нашае святарства, бо мы дзейнічаем ад Яго імя і Ягонаю сілай. Таму асабістыя адносіны з Езусам Хрыстом, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, з’яўляюцца ключавымі для таго, каб святар мог да канца ахвяраваць сябе Богу дзеля людзей.

Дзякуючы пакліканню да святарства Езус Хрыстус спакусіў нас (у добрым значэнні гэтага слова). Яго прывабнасць так нас зачаравала, што мы не змаглі ёй супрацьстаяць, як кажа прарок Ерамія: «Ты намаўляў мяне, Пане, і я паддаўся намове; Ты быў мацнейшы і перамог мяне» (Ер 20, 7). Аднак пакліканне, як і кожная іншая каштоўная рэч, патрабуе няспыннай апекі, абароны і падтрымкі, каб не страціць яго, каб не стала яно ўспамінам, палінялым і не здольным адказваць на выклікі часу. Боская блізкасць — гэта сакрэт, як назаўсёды захаваць зачараванне Хрыстом.

Таму нам, святарам, перш за ўсё і дзеля паспяховай пастырскай працы, трэба быць паяднанымі з Найвышэйшым Святаром Езусам Хрыстом, памятаючы аб тым, што менавіта Ён, і ніхто іншы, павінен з’яўляецца нашай моцай, любоўю нашага сэрца, падмуркам, на якім мы будуем нашае святарскае жыццё. Праз сакрамэнт святарства Хрыстус прыцягвае нас да сябе і да ўдзелу ў Ягонай ахвяры. Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што паяднацца з Хрыстом азначае адмовіцца ад самога сябе, сваёй волі і быць паслухмяным Яму, чыніць усё тое, чаго Ён жадае.

Пры ўсім гэтым трэба памятаць, што еднасць з Хрыстом — гэта не наша заслуга, не плод нашай волі, але дзеянне ў нас Божай ласкі. Менавіта Дух Святы анталагічна прыпадабняе нас да Хрыста Святара і нам дае сілу вытрываць да канца ў гэтым удзеле ў Божым жыцці і дзеянні. Такая чыстая ахвяра, якой ёсць Езус Хрыстус, патрабуе належнага ацэньвання дару цэлібату, які заключае ў сабе поўную ўстрыманасць для Валадарства Божага і духоўную чысціню, якая чыніць прыемнай Богу нашу ахвяру дзеля збаўлення людзей.

7. Ці абяцаеш мне і маім наступнікам пашану і паслухмянасць?

Маральнае абавязацельства гэтага абяцання мае вялікае значэнне, бо яно азначае ахвяраванне волі святара волі Божай праз біскупа. Аб гэтым мы павінны асабліва памятаць у наш час, пазначаны аўтаноміяй індывідуалізму і лібералізму, у час рэлятывізму і дэмакратыі, калі паслухмянасць часта разумеецца як парушэнне годнасці і свабоды чалавека.

Святар, які жыве аўтэнтычнай паслухмянасцю, ведае, што гэта не так. Паслухмянасць у Касцёле ніколі не супярэчыць годнасці і павазе асобы. У абрадзе пасвячэння святароў біскуп называе прымаючых святарства сваімі сынамі. Абрад таксама выкарыстоўвае адпаведны парадак слоў для належнага разумення абяцання паслухмянасці. Менавіта пасля слова «пашана» стаіць слова «паслухмянасць». Усё гэта нагадвае пра тое, што паслухмянасць павінна разумецца ў кантэксце пашаны, як, напрыклад, ёсць з паслухмянасцю сына перад сваім бацькам, калі паводле натуральнага права паслухмянасць ўкараняецца ў пашане. Сапраўды, ніхто сабе не выбірае бацькі і ніхто не выбірае сына. Таму святар, як духоўны сын біскупа, пакліканы мець звышнатуральную павагу да біскупа, маючы на ўвазе Добрага Пастыра, якога ён прадстаўляе.

Усе беды чалавецтва распачаліся ад непаслухмянасці нашых першых бацькоў. Таму менавіта паслухмянасць у сэнсе сыноўняй пашаны можа прынесці плён як святару, які жыве гэтай цнотай, так і людзям, якім ён служыць. Паслухмянасць вызваляе нас ад спакусы быць пратаганістамі толькі свайго «я» і паказвае свету, што сапраўды магчыма аддаць усё Хрысту, застаючыся пры гэтым падобнымі да іншых людзей.

8. Ці хочаш… Гэтыя пытанні, узятыя з абраду пасвячэння святара, над якімі мы толькі што разважалі, павінны дапамагчы нам яшчэ раз праз прызму мінулага святарскага вопыту і навучання Касцёла паглядзець на сябе і адказаць на пытанне: кім я з’яўляюся? Святаром паводле Сэрца Езуса ці, можа, аўтаматам па цэлебрацыі літургічных дзеянняў? Кім? Ад гэтага залежыць поспех нашага служэння, каб ва ўсіх нашых справах, паяднаныя з Хрыстом, мы маглі будаваць Валадарства Божае на гэтай зямлі, а ў вечнасці цешыцца радасцю неба разам з тымі, каму служым.

Еднасць з Хрыстом і апека найчысцейшай Дзевы Марыі няхай дапамагаюць нам на нашым шляху ўдзелу ў збаўчай справе Хрыста Першасвятара, які сам ёсць нашае жыццё, і няхай спадарожнічае ўсім нам Божае благаслаўленне ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Адноўлена 01.04.2010 12:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску