Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскупа Клаўдыё Чэллі да ўдзельнікаў І Кангрэса каталіцкіх СМІ ў Беларусі

Мне вельмі прыемна скіраваць да вас сардэчнае прывітанне з Рыма. Асабліва вітаю арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які запрасіў мяне быць сярод вас, але іншыя абавязкі мне перашкаджаюць прыбыць на ваш кангрэс. Таму я вырашыў скіраваць да ўсіх вас маё пасланне. Гэта магчымасць быць сярод вас і раздзяліць з вамі цікавасць, якую маеце да СМІ ў сферы і служэнні евангелізацыі.

Касцёл сёння перажывае вельмі важны перыяд. Гэта звязана з тэмай евангелізацыі, як вы ўсе ведаеце. У кастрычніку гэтага года біскупы з усяго свету, а таксама прадстаўнікі епіскапатаў збяруцца вакол Папы, каб абмеркаваць тэму новай евангелізацыі. Цікава, што падрыхтоўчы дакумент да Сінода прысвяціў чатыры параграфы ролі сродкаў камунікацыі ў вялікім працэсе і выкліку, якім з’яўляецца евангелізацыя.

Я пазнаёміўся з тэмай вашага кангрэса, і ён мне вельмі спадабаўся. Гэтая тэма сведчыць аб свядомасці таго, што новыя тэхналогіі — гэта не толькі прылады, але яны сталі таксама пачаткам новага асяродку, у якім жыве чалавек. Гэта цікава. Бо дапамагае ўбачыць, што на працягу апошніх гадоў адбылося пэўнае развіццё. Як вы памятаеце, Другі Ватыканскі Сабор казаў аб сродках камунікацыі як аб прыладах. Затым новыя тэхналогіі сталі асяродкамі, у якіх чалавек праводзіць сваё жыццё. Але гэта не толькі асяроддзі, але і цэлая сацыяльная сетка. Гэта вельмі важна, бо менавіта з кантэксту рэальнасці, якая была створана з дапамогай новых тэхналогій, мы пачынаем разумець, што ніколі яшчэ чалавек не меў такіх магчымасцяў, як сёння. Не толькі ў сферы інфармацыі ці ведаў, але таксама ў вымярэнні чалавечых адносінаў. Сёння новыя тэхналогіі даюць нам магчымасць устанаўліваць адносіны, нягледзячы на існуючыя нацыянальныя межы. Я б сказаў, што чалавек разумее і ўсведамляе, што праз новыя тэхналогіі яго поле адносінаў з іншымі не мае межаў.

Гэта для нас, католікаў, мае асаблівае значэнне. Таму што з паслання Езуса мы ведаем, што з’яўляемся адной сям’ёй. Калі вы памятаеце, у пасланні Новага Запавету ясна гаворыцца, што Касцёл — гэта не нацыянальная рэчаіснасць. Мы гаворым аб Касцёле ў Іспаніі, у Італіі, у Лацінскай Амерыцы, у Азіі ці Касцёле ў Беларусі. Гэта дапамагае нам зразумець, што ў гэтым новым асяродзі, створаным з дапамогай новых тэхналогій, мы, католікі, пакліканы даць сведчанне веры, якая ёсць у нашых сэрцах. Гэта вялікі выклік, але таксама і вялікая магчымасць.

Можна сказаць: «Я не карыстаюся Інтэрнэтам для таго, каб абвяшчаць Евангелле». Але ў кантэксце, у асяроддзі сацыяльнай сеткі, створанай новымі тэхналогіямі, мы пакліканы быць сведкамі Евангелля, сведкамі Езуса, якога прынялі ў свае сэрцы.

Тут ёсць адзін вельмі цікавы аспект: так, новыя тэхналогіі адкрываюць перад намі бязмежнае поле ведаў і адносін. Аднак, нягледзячы на віртуальнасць сродкаў, гэтыя адносіны маюць і могуць мець чалавечы змест, які характарызуецца павагай. Менавіта праз чалавечыя, асабістыя адносіны можа адбывацца камунікацыя веры, перадача паслання, якое мы прынялі ў сваім жыцці.

Таму гаворка не ідзе пра прапаганду ці празелітызм. Але з нашага боку гэта асабістае абвяшчэнне, ад аднаго чалавека да іншага, аб Езусе Хрысце, якога мы сустрэлі ў нашым жыцці і які змяніў яго. Менавіта таму інтэрнэт з’яўляецца цудоўнай магчымасцю для таго, каб наша сведчанне магло быць перададзена асабіста іншаму, каб пераказаць тое, што я перажыў і сустрэў.

Бясспрэчна, Касцёл мае асаблівае пасланне, якое павінен перадаць, — каштоўнаці, якія паходзяць з Евангелля. Таму мы глядзім з вялікай сімпатыяй на ўсе тыя намаганні, які Касцёл у Беларусі робіць дзеля таго, каб пасланне Езуса гучала як мага гучней. Касцёл можа пераказаць, усім сваім сведчаннем, праўду аб Богу і праўду аб чалавеку.

Бясспрэчна, што чалавек, аб якім мы кажам, жыве ў пэўным сацыяльным кантэксце з усімі праблемамі, звязанымі з гэтым вымярэннем. Мы павінны ўсведамляць гэта, бо не кажам аб гіпатэтычным чалавеку, але аб чалавеку прысутным у гісторыі, які жыве і ўключаны ў розныя асаблівыя чалавечыя і сацыяльныя праблемы. Тое, што мае кожны чалавек у сваім сэрцы, павінна дапамагчы зразумець, што мы павінны наблізіцца да яго з усёй павагай, са здольнасцю ўстанавіць такі дыялог з ім, які будзе характарызавацца павагай, але ўсведамляючы, што з’яўляецца праўдай аб Богу і чалавеку.

Дарагія сябры, сабраныя для таго, каб сур’ёзна і глыбока паразважаць аб гэтых праблемах! Мы, католікі, павінны быць прысутнымі ў сферы камунікацыі. Паўтаруся, што не для таго, каб займацца прапагандай ці празелітызмам, — гэта не наш шлях. Мы пакліканы сведчыць аб Езусе Хрысце, якога прынялі ў наша сэрца, які з’яўляецца прычынай нашага жыцця і радасці.

Жадаю вам усяго найлепшага і маю радасць у сэрцы з прычыны таго, што мог падзяліцца з вамі некаторымі разважаннямі. Жадаю, каб ваша сустрэча была багатай плёнамі для дабра беларускага грамадства. Менавіта для дабра чалавека Касцёл прысутны ў гэтай сферы, каб абвяшчаць Евангелле. Усяго найлепшага.

Адноўлена 27.08.2012 14:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску