Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святкавання чэшскай дзяржаўнасці | Друк |

2 кастрычніка 2012 г., Палац Рэспублікі

Ваша Эксцэленцыя, пасол Чэхіі ў Беларусі спадар Іржы Карас, вашы Эксцэленцыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, прадстаўнікі дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь і грамадства, духоўныя асобы, браты і сёстры!

Ад усяго сэрца вітаю і віншую пасла Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь і ў яго асобе ўвесь чэшскі народ з днём дзяржаўнасці, які адзначаецца ў дзень святога Вацлава — апекуна Чэхіі.

Выхаваны ў хрысціянскім духу, св. Вацлаў быў вельмі рэлігійным чалавекам і, стаўшы каралём, шмат зрабіў для распаўсюджвання хрысціянства ў сваёй краіне. Больш за тое, ён гэта чыніў з павагай да хрысціян як лацінскага, так і візантыйскага абрадаў. Такім чынам, будучы адкрытым для Усходу і Захаду, ён ужо ў Х стагоддзі імкнуўся да аб’яднання Еўропы і на практыцы рэалізаваў ідэю Вялікага Папы Яна Паўла II аб Еўропе з двума лёгкімі — усходнім і заходнім.

Дзякуючы сваёй адкрытасці св. Вацлаў быў вядомы не толькі ў сваёй краіне, але і далёка па-за яе межамі, асабліва на Усходзе. Аб гэтым сведчыць нядаўнае сенсацыйнае адкрыццё ў Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Менавіта там знойдзена ўнікальная фрэска св. Вацлава.

Беларусь і Чэхія, як славянскія краіны, спакон веку сябравалі і развівалі адносіны паміж сабой. Асабліва важнымі з’яўляюцца шырокія кантакты паміж нашымі Касцёламі і іх развіццё як у галіне духоўнасці, так і дабрачыннасці. «Карытас» Чэхіі цесна супрацоўнічае з «Карытас» Беларусі. Мы маем добрыя кантакты з епіскапатам Чэхіі. Упэўнены, што знойдзенная ў Полацку фрэска св. Вацлава будзе спрыяць далейшаму развіццю не толькі рэлігійных, але таксама экуменічных, культурных і агульных адносін паміж нашымі краінамі.  
 
«Святы Вацлаў, ваявода зямлі чэшскай, не дай загінуць ні нам, ні нашым патомкам». Гэтымі словамі папулярнай у Чэхіі малітвы да святога Вацлава жадаю ёй апекі яе нябеснага апякуна і выпрошваю Божае благаслаўленне.

Няхай святы Вацлаў, які дзякуючы знойдзенай у Полацку фрэсцы стаў больш блізкім таксама і жыхарам Беларусі, спрыяе далейшаму развіццю адносін паміж нашымі краінамі на іх карысць і карысць усёй Еўропы.

Дзякую за ўвагу.

Адноўлена 01.10.2012 15:06
 
© 2003-2024 Catholic.by